«Я шчыра адчуваў да геяў агіду»: гісторыя Вані

ІнклюзіяАсобыГендар
унутраная гамафобія
5
(1)

Калісьці Ваня смяяўся з геяў, асуджаў іх і спрабаваў адпавядаць уяўленням пра «нармальнага мужчыну», але аднойчы сутыкнуўся з тым, ад чаго так доўга бег, — з самім сабой. Сёння Ваню 29 гадоў і ён жыве ў Еўропе са сваім хлопцам. Мы пагаварылі пра ўнутраную гамафобію, страх быць сабой і пра тое, як гэта — усвядоміць, што ты гадамі ненавідзеў у іншых тое, што баяўся прызнаць у сабе.

«Ілжывыя ўяўленні залазяць табе пад скуру»

— Якім ты быў да таго, як пачаў задаваць сабе пытанні наконт сваёй сэксуальнасці?

— Я быў звычайным хлопцам. Займаўся футболам, хадзіў на бокс, не асабліва цікавіўся вучобай. У нас была кампанія з пяці сяброў, мы шмат тусаваліся разам, прагульвалі ўрокі. Абсалютны вецер у галаве. Ніякіх пытанняў адносна маёй сэксуальнасці ў мяне ніколі не ўзнікала. Усім падабаліся дзяўчаты, ды і мне нібыта таксама. Хоць асаблівай цікавасці да іх я і не праяўляў, але мне здавалася, што гэта нармальна для майго ўзросту.

— Адкуль з’явілася гамафобія? Гэта ўплыў сям’і, сяброў, грамадства?

— Думаю, усё разам. Я вырас у прасторы пост-СССР, дзе слова «гей» часта выкарыстоўвалі як абразу і знявагу. Рэлігійная мама, тыповы «баця» з поглядамі, што мужчына не павінен быць слабым і што трэба ў жыцці вырасціць сына і пасадзіць дрэва. Ні пра якую талерантнасць і гаворкі быць не магло.

Тое самае з сябрамі. Калі яны бачылі кагосьці «манернага» або хлопца з доўгімі валасамі — гэта ўжо была нагода пасмяяцца. Спачатку я ставіўся да гэтага роўна, негатыўнага меркавання ў мяне не было, але чым больш круцішся ў такім асяроддзі, тым больш гэтыя лжывыя ўяўленні залазяць табе пад скуру. І вось ты сам не заўважаеш, як смяешся з такіх людзей.

— У чым выяўлялася твая непрыязь?

— У 15-16 гадоў мае погляды сталі даволі радыкальнымі. Мне здавалася, што толькі я маю рацыю, а яшчэ маюць рацыю тыя, хто думаюць, як я, астатнія — ідыёты. Тады мне нават у галаву не прыходзіла, што маё меркаванне, погляды і прынцыпы ад пачатку і да канца навязаныя мне сябрамі, сям’ёй, асяроддзем, і там не было нічога майго.

Так, я шчыра адчуваў да геяў агіду, нават казаў, што не буду вітацца за руку з такім чалавекам. Жарты на гэтую тэму моцна раз’юшвалі. Памятаю, сябар спытаў: «З якім мужыком ты б пераспаў за мільён баксаў?» — і я раскрычаўся так, быццам мне далі поўху. А яшчэ імідж гамафоба быў суперважны ў такіх кампаніях, як мая. Простыя хлопцы з вуліцы такое не падтрымлівалі, і калі ты не з імі — значыць, ты супраць іх.

Самае дзіўнае, што я тады не лічыў сябе жорсткім чалавекам. Я проста думаў, што ў мяне ёсць меркаванне і я маю права яго выказваць.

Мне нават у галаву не прыходзіла, што гэта не акей, настолькі я быў упэўнены ў сваёй праўдзе. І, вядома, я не мог уявіць, што аднойчы мне самому давядзецца пачуць усё гэта на свой адрас.

Цяпер мне сорамна не толькі за тое, што я мог сказаць, але і за тое, што мне было важна, каб іншыя пачулі тое, што я гавару. Гэта павінна было мяне насцярожыць, але мне здавалася, што я вельмі круты.

унутраная гамафобія
Фота ілюстрацыйнае: Jason Rojas || unsplash.com

«Я што, падобны да п***а?!»

— Калі ты ўпершыню адчуў, што тваё стаўленне да мужчын можа быць не зусім такім, як ты прывык думаць?

— Нейкія адчуванні былі заўсёды, але я не называў іх правільнымі словамі. На трэніроўках я часам заўважаў, што адны хлопцы нашмат больш прывабныя за іншых, прычым як знешне, так і ў камунікацыі. Але я не звязваў гэта з сэксуальнасцю. Хутчэй думаў, што проста ацэньваю людзей — як хлопцаў, так і дзяўчат.

Мне падаецца, я вельмі доўга жыў у рэжыме ўнутранай цэнзуры. Думка толькі з’яўлялася — і я адразу спрабаваў яе абвергнуць. Казаў сабе, што магу проста лічыць чалавека прыгожым, што мне падабаецца ягоны характар, што я хачу быць да яго падобным. Што гэта ўвогуле нічога не значыць. Такая адгаворка шмат гадоў выдатна для мяне працавала.

Самае цікавае: я сабе не хлусіў. Я сапраўды верыў уласным тлумачэнням. Гэта цяпер я разумею, што, калі табе страшна нешта пра сябе даведацца, ты вельмі хутка знаходзіш лагічныя аргументы на карысць таго, каб нічога не мяняць.

— Ці быў канкрэтны чалавек або момант, пасля якога ты ўжо не мог ігнараваць верагоднасць таго, што ты гей?

— Я б не сказаў, што ў мяне быў адзін кіношны момант, калі ўсё раптам устала на свае месцы. Была сітуацыя, ужо ва ўніверы, мне было гадоў дваццаць ці каля таго. Мы сядзелі ў аднагрупніка на кватэры, моцна п’яныя. Тады маё асяроддзе ўжо стала нашмат больш талерантным, а хаўрус гамафобаў са школы распаўся. І вось на той кватэры быў хлопец, адкрыты гей, аб чым я ведаў. Хоць гэта і выклікала ў мяне нейкую агіду, я ўжо перарос этап, калі не стаў бы паціскаць яму руку.

Не памятаю, як мы ўвогуле разгаварыліся, але выйшла так, што мы практычна ляжалі ў абдымку, чаго я нават не заўважыў з-за алкаголю. А потым ён пацалаваў мяне, але я адрэагаваў ледзь не імгненна — урэзаў яму па твары. Я быў у такім шоку, што адразу працверазеў. Тады ён сказаў нешта накшталт «Прабач, я думаў, што ты таксама…».

— Цябе гэта абурыла?

— Вядома! Я амаль адразу ўцёк да сябе, мне ледзь не плявацца хацелася. Было столькі абурэння, маўляў, як ён наогул мог такое падумаць?! Я што, падобны да п***а?! Тыдні два гэта не выходзіла ў мяне з галавы. З тым хлопцам мы не размаўлялі, але мяне мучыла пытанне, з чаго ён узяў, што я магу быць геем.

На секунду прамільгнула думка «А што, калі ён мае рацыю?», якую я, хоць і спрабаваў, але адкінуць не мог. Тады я крыху пагугліў на гэтую тэму, нават некалькі тэстаў прайшоў. Але гэта ўсё роўна гучала як лухта, і я яшчэ пару гадоў імкнуўся замяць тэму і жыць далей.

— У той час у цябе былі адносіны з дзяўчатамі?

— Былі адносіны, якія ўзніклі, хутчэй, з-за сімпатыі дзяўчыны да мяне. Яна была сімпатычнай, мілай, клапацілася пра мяне, і я вырашыў, што, мусіць, гэтага дастаткова. Першае слова, якое прыходзіць у галаву, калі я ўспамінаю гэтыя адносіны, — «прэсныя». Здаецца, усё нармальна, але ніякіх эмоцый, проста акей. Пратрымаліся паўгода і разбегліся.

гамафобія
Фота ілюстрацыйнае: Abhishek Rai || unsplash.com

«Кожны дзень думка аб тым, што я гей, рабілася менш непрыемнай, чым учора»

— Як ты зразумеў, што гей? Калі гэта здарылася?

— Выразнае ўсведамленне прыйшло дзесьці ў 25. Напэўна, лобныя долі сфармаваліся. І гэты момант я запомню назаўжды. Я зусім выпадкова сустрэў у горадзе таго хлопца з універа, які мяне пацалаваў. Прайшло ўжо тры гады з выпуску (мы так і не размаўлялі пасля таго выпадку), і пры сустрэчы мне чамусьці захацелася выбачыцца. Ён, на дзіва, пагадзіўся выпіць са мной кавы, мы выдатна пагутарылі, а скончылася ўсё тым, што я пратусіў у яго кватэры ўсе выходныя. Да таго часу ў мяне ўжо былі думкі пра мужчын, але да сэксу не даходзіла. Шмат у чым таму, што я баяўся хоць некаму сказаць. Бо для таго, каб нават кагосьці пацалаваць, важна ведаць, што ён гей і што я яму падабаюся, а мой страх быць заспетым душыў усё ў зародку. Аднак з тым хлопцам усё было проста: я ведаў, што ён гей, што я яму пад густ і што ён будзе не супраць.

Па выніку мой першы сэкс здарыўся з хлопцам, якога я калісьці ўдарыў з-за гамафобіі. Вось такі каламбур.

— Што аказалася страшнейшым за ўсё ва ўсведамленні сваёй сэксуальнасці: рэакцыя людзей, страта звыклага ўяўлення пра сябе ці тое, што ты сам калісьці ненавідзеў у іншых?

— Апошняе. Рэакцыі людзей я баяўся таксама, але да іх яшчэ трэба было дайсці. А вось з сабой я заставаўся кожны дзень. Мне прыйшлося сутыкнуцца з тым, што я гадамі выбудоўваў уяўленне пра сябе на перакананнях, якія зараз абарочваліся супраць мяне. Я не проста баяўся, што мяне не прымуць. Я сам ужо не прымаў сябе, яшчэ да таго, як каму-небудзь штосьці расказаў.

Было адчуванне, быццам я прайграў самому сабе. Я столькі гадоў казаў, што ніколі не буду такім, а потым аказалася, што маё ўласнае жыццё не збіраецца падпарадкоўвацца маім уяўленням аб тым, якім я мушу быць. Але той хлопец моцна дапамог мне, і я нават пачаў думаць, што гэта быў лёс — сустрэць яго і пражыць гісторыю з ім зноў.

— Ці памятаеш ты момант, калі ўпершыню шчыра прызнаўся сабе: «Здаецца, я гей»? Што ты адчуў у тую секунду?

— Не думаю, што ў чалавека з унутранай гамафобіяй такое ўвогуле бывае. Пасля першага разу з хлопцам у мяне настолькі перавярнуўся свет, што я яшчэ паўгода засвойваў гэтую навіну. Акрамя таго хлопца я ні з кім гэта не абмяркоўваў, нават з найлепшым сябрам. Проста кожны дзень думка аб тым, што я гей, рабілася менш непрыемнай, чым учора. Гэта няхуткі працэс, і, магчыма, ён усё яшчэ працягваецца.

«Я ведаю, што мог рабіць людзям балюча»

— Ты змог прабачыць сабе ранейшыя словы і ўчынкі? Ці да гэтага часу адчуваеш віну перад людзьмі, якіх мог закрануць сваёй гамафобіяй?

— Я думаю, што дараваць сабе не значыць зрабіць выгляд, што нічога не было. Я ведаю, што мог рабіць людзям балюча. Але тое, што ў мяне былі ўласныя прычыны для гамафобіі, не адмяняе адказнасці за мае словы і ўчынкі. Мне не хочацца прыдумляць сабе апраўданне ў духу «я проста баяўся, таму ўсё нармальна». Мой страх шмат што тлумачыць, але не апраўдвае мяне.

У той жа час я не хачу правесці рэшту жыцця ў нянавісці да сябе за тое, якім быў у мінулым. Гэта таксама нічога не выправіць. У цэлым, мне здаецца, не важна, ці дараваў я сабе, важна тое, якія высновы я зрабіў. Мусіць, для мяне прабачыць сабе гэта не апраўдаць мінулае, а перастаць яго ўзнаўляць.

— Як цяпер выглядае тваё жыццё? Дзе ты жывеш, чым займаешся, хто з табой побач і што сёння робіць цябе шчаслівым?

— Мне 29, я праграміст і жыву ў Еўропе са сваім хлопцам. Калі параўноўваць маё цяперашняе жыццё з тым, як я ўяўляў сабе будучыню гадоў дзесяць таму, гэта да шоку розныя карціны.

Па шчырасці, я не стаў тым геем, які ходзіць на парады і махае сцягамі. Для мяне гомасэксуальнасць — гэта не нагода як для сораму, так і для гонару. Я ж не святкую тое, што ў мяне русыя валасы, гэта проста частка мяне. Але я не выключаю, што маё меркаванне праз пару гадоў памяняецца і я буду казаць зусім іншыя рэчы. У маім коле зносін шмат розных людзей, і некаторых з іх я дагэтуль не прымаю і не разумею, але я над гэтым працую. Цяпер у мяне хапае мазгоў зразумець, што рэч не ў іх, а ў маёй ксенафобіі, таксічным мінулым і ўласнай неадукаванасці.

Што мяне робіць шчаслівым? Руціна. Мне падабаецца жыццё, якое я выбудаваў, падабаецца вяртацца ўвечары да каханага чалавека, падабаецца, што барацьба з сабой, нарэшце, сканчаецца.

— Як змянілася тваё стаўленне да геяў і да самога сябе? Ці ёсць рэчы, якія ты зараз бачыш зусім інакш?

— Я зразумеў, наколькі лёгка грамадскія ўяўленні аб мужнасці ператвараюцца ва ўнутраную турму. Ты можаш быць дарослым, самастойным, упэўненым у працы і іншых сферах жыцця, але пры гэтым баяцца зусім натуральных пачуццяў, таму што некалі табе патлумачылі, што яны робяць цябе няправільным.

— Як ты сёння рэагуеш на гамафобію?

— Я разумею, што мне было б вельмі лёгка зараз заняць пазіцыю чалавека, які ўсё зразумеў і глядзіць на астатніх зверху ўніз. Але я ведаю, што такія рэчы рэдка ўзнікаюць на пустым месцы. Гэта не значыць, што я лічу гамафобію нармальнай ці хачу апраўдваць людзей, якія прыніжаюць іншых. Проста мне цікава, што за ёй стаіць: страх, жаданне быць прынятым, выхаванне, няўпэўненасць у сабе.

Калі чалавек гатовы размаўляць, я хутчэй паспрабую зразумець, чаму ён так думае. Калі ж ён знарок прыніжае кагосьці, я не лічу, што абавязаны цярпець гэта ці ўступаць у бясконцыя спрэчкі. І яшчэ я стараюся памятаць, што сам некалі быў упэўнены ў сваёй праўдзе.

Часам чалавеку трэба прайсці ўласны шлях, каб пачаць задаваць пытанні. Але гэта не азначае, што людзі, якіх ён крыўдзіць па дарозе, мусяць чакаць, пакуль ён зменіцца.

— Як ты думаеш, калі б ты не быў геем, ты б калі-небудзь перастаў быць гамафобам?

— Шчыра? Не ведаю. І мне не вельмі хочацца даваць прыгожы адказ, быццам я ў любым разе рана ці позна ўсё б зразумеў. Магчыма, я б працягваў жыць з тымі ж перакананнямі, таму што яны былі часткай асяроддзя, у якім я вырас. Магчыма, я б так і не задумаўся аб тым, чаму лічу адных людзей горшымі за іншых.

Але я спадзяюся, што калі-небудзь усё роўна навучыўся б глядзець на людзей інакш. Таму што зараз я разумею: праблема была не ў тым, што я недастаткова добра ведаў геяў. Праблема была ў тым, што я лічыў, што маю права сцвярджаць, як іншым людзям трэба жыць. І мне шкада, што прыйшлося так доўга разбірацца ў сабе, перш чым я здолеў гэта ўбачыць.


Аўтарка: Martha K.

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 1

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць