Вітаем! Мы шукаем валанцёр_ак
Часта ў людзей узнікае ўражанне, што валанцёрства — гэта абавязкова пра працу «ў палях», або недзе з пінгвінамі ў Арктыцы, ці з дзецьмі ў Афрыцы. Але гэта зусім не заўжды так. У грамадскім сектары ёсць шмат іншай, не такой экстрэмальнай працы — арганізацыя івэнтаў, камунікацыі, дапамога з тэкстамі, перакладамі, дызайнам. Праца не такая відавочная, але без яе нічога не адбудзецца.
Зараз нам патрэбныя менавіта такія людзі — тыя, хто гатовы дапамагчы развіваць інклюзіўную і талерантную супольнасць. Маленькімі, але вельмі важнымі крокамі. Калі адчуваеш, што гэта табе блізка — запаўняй анкету, каб далучыцца да нашай каманды. А калі сумняваешся, адказы на папулярныя пытанні ніжэй дапамогуць зразумець, падыходзіць табе гэта валанцёрства ці не.
Адказы на частыя пытанні пра валанцёрства
Не знайш_ла адказ на сваё пытанне? Пішы на пошту [email protected]
У нас няма абмежаванняў паводле ўзросту, краіны жыхарства, гендару ці яшчэ нечым. Галоўнае вось што:
- табе цікава і блізка тое, што мы робім,
- у цябе ёсць як мінімум 2 гадзіны вольнага часу на тыдзень.
Калі тут мы супадаем, запаўняй анкету!
Зараз мы ў першую чаргу шукаем валанцёр_ак, якія дапамогуць нам з такімі задачамі:
- адміністраванне анлайн- і афлайн-івэнтаў;
- напісанне анонсаў, вычытка тэкстаў і пераклады;
- дызайн афіш і вокладак для артыкулаў;
- вядзенне задач у Moodle: дапамога ў напаўненні платформы анонсамі адукацыйных мерапрыемстваў, вёрстка html-старонак; дызайн і стварэнне візуалаў для платформы;
- побытавыя задачы для паляпшэння офіса;
- вёрстка і публікацыя артыкулаў на сайце: праца з WordPress.
Але калі ты не бачыш тут менавіта таго, што табе цікава, усё роўна падавай заяўку! Мы ўвесь час пашыраем кірункі працы, і раптам у нас ёсць задачы, якія будуць табе даспадобы.
Не бяда! Ёсць задачы, якія не патрабуюць спецыяльных навыкаў. А калі ў цябе будзе жаданне развівацца ў нейкім пэўным кірунку, мы цябе падтрымаем і ўсяму навучым.
Ты сам_а вызначаеш, колькі часу можаш прысвяціць валанцёрству. Будзе выдатна, калі атрымаецца працаваць з намі хаця б 2 гадзіны на тыдзень.
Таксама ёсць задачы, якія патрабуюць дапамогі толькі на адзін раз — можна выбраць тое, што зручна менавіта табе.
Не, валанцёрства — гэта безаплатная дапамога. Але яна сапраўды для нас важная. Акрамя таго, валанцёрства дае магчымасць атрымаць новы досвед, развіць навыкі, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі і стаць часткай супольнасці.
Слушнае пытанне! Ты знойдзеш супольнасць аднадумцаў, далучышся да крутой каманды, атрымаеш каштоўны вопыт і магчымасці для асабістага росту.
Акрамя таго, мы з радасцю прадастаўляем рэкамендацыі, якія могуць спатрэбіцца табе ў будучыні пры ўладкаванні на працу альбо ўдзеле ў актывісцкіх праграмах.
Вядома! Ты можаш пачаць з задання на адзін раз, каб пазнаёміцца з працэсам і камандай, і тады ўжо вызначыцца канчаткова.
Гэта абсалютна нармальна. Здараецца рознае, і ты заўсёды можаш узяць паўзу, абмеркаваць з каардынатаркай змену задач або, калі спатрэбіцца, пакінуць валанцёрскую каманду. Мы ставімся да гэтага з разуменнем.
Запоўні гэтую форму, пасля чаго з табой звяжацца каардынатарка і вы пачнеце работу.
Вось пошта для пытанняў-адказаў: [email protected]

«Мне стала цікава даведацца, які гэты свет за межамі майго пункту гледжання» – гісторыя Арышы, былой валанцёркі Іншых, а цяпер PR-менеджаркі
Чаму ты наважылася стаць валанцёркай?
Там жа ў мяне адбылася размова з жанчынай, якая дапамагала іншыям жанчынам, што сутыкнуліся з хатнім гвалтам. Я запытала «А чаму яны проста не сыдуць ад сваіх мужчын, не здымуць кватэру або не пераедуць да сям’і?». На што яна задала сустрэчнае пытанне «Як часта ты чуеш “Я цябе кахаю?”». – «Кожны дзень». – «А яны ніколі». І ў гэтую секунду я ўсвядоміла, што абсалютна не разумею, як жывуць іншыя людзі, з якімі праблемамі сутыкаюцца і ў чым матыў іх учынкаў. І мне стала цікава гэта даведацца, яшчэ нават не дапамагчы, а проста зразумець – які гэты свет за межамі майго пункту гледжання.
Так у мяне з’явілася ідэя прыйсці ў арганізацыю, якая праводзіць такія мерапрыемствы, і стаць там валанцёркай.
Што табе дало валанцёрства?
Мая карціна свету пашырылася, я пазнаёмілася з дзівоснымі людзьмі – усё гэта дапамагло мне вырасці, паглядзець новымі вачыма на свет і на сваё ў ім месца.
Ці былі цяжкасці? І калі так, то як ты іх пераадолела і на што гэта табе паказала?
Цяжкасці здараюцца, валанцёр_ка заўсёды аддае сваю энэргію, не заўсёды атрымліваючы нешта ўзамен. І трымаешся толькі на матывацыі адносна агульнай вялікай справы. Таксама дапамагаюць людзі побач, з якімі гэта можна абмеркаваць і якія падтрымаюць у цяжкі час. Я заўсёды кажу, што людзі – самае важнае, што з’явілася ў мяне дзякуючы валанцёрству.
Чаму, на тваю думку, варта паспрабаваць?
Я лічу, што ў жыцці варта паспрабаваць шмат чаго, гэта дапамагае знайсці сябе. Калі нешта зачапіла, то трэба спрабаваць, заўсёды можна адмовіцца.
Якую адну параду ты дала б навічку і таму, хто сумняецца?
Парада – будзь адкрыт_ая да новага, але не губляй сябе. І гэта не толькі пра валанцёрства. І не сумнявайся! Не атрымаецца – халера з ім, але паспрабаваць сапраўды варта.
У чым самы галоўны бонус быць часткай нашай арганізацыі?
Цябе будуць атачаць цудоўныя людзі, у якіх шмат чаму можна навучыцца, якія прымаюць цябе так_ой, як_ая ты ёсць і з якімі можна рабіць гэты свет лепшым.
«Валанцёрства дало класных людзей побач, якія падзяляюць тыя ж каштоўнасці, што і я» – гісторыя Сашы, былой валанцёркі і цяперашняй партнёркі, менеджаркі праектаў і дызайнеркі

Чаму ты наважылася стаць валанцёркай?
Гэта быў 2019 год, і я патрапіла на «Жывую бібліятэку». Прыйшла амаль выпадкова: проста ўбачыла афішу і зарэгістравалася. А ў выніку гэтае мерапрыемства перавярнула маё жыццё (напэўна, гэта гучыць пафасна, але гэта сапраўды так). Слухала гісторыі Кніг, пра іх праблемы і перажыванні, я зразумела ў якіх ружовых акулярах жыла да гэтага.
Ці былі ў цябе сумневы або страхі? Як ты дала ім рады?
Хвалявалася. Я не зусім разумела, у чым будзе праяўляцца валанцёрства. Ды і сіндром самазванкі нашэптваў, што я н.е дам рады.
З часам атрымалася разабрацца з гэтымі страхамі дзякуючы сталай падтрымцы ад каманды і разгорнутай зваротнай сувязі. Узровень задач таксама рос, што надавала мне ўпэўненасці. Напрыклад, я спачатку рабіла ў асноўным афішы для мерапрыемстваў у сацсеткі, пазней ужо вярстала справаздачу аб дзейнасці арганізацыі, якую і рыхтавала да друку. І нават у нейкі момант курыравала валанцёр_ак дызайнер_ак.
Што табе дало валанцёрства?
Па-першае, класных людзей побач, якія падзяляюць тыя ж каштоўнасці, што і я. Па-другое, шмат прыняцця і падтрымкі. З часам нават атрымалася заткнуць сіндром самазванкі. Па-трэцяе, шмат прасторы для творчасці і самарэалізацыі.
Прывядзі адзін самы запамінальны момант ці гісторыю за ўвесь час твайго валанцёрства.
Успомнілася адна афіша, якую я зрабіла ў супрэматычным стылі, і яе зацвердзілі. Памятаю, што мне моцна спадабаўся працэс яе стварэння і вынік. Таму для мяне было каштоўным, што яна падышла, і было прыемна бачыць яе ў сетцы.
Ці змяніла валанцёрства тваё ўяўленне пра штосьці: пра сябе, супольнасць, праблемы, якімі мы займаемся?
Я дакладна раней не глядзела так пільна на дыскрымінацыю і яе праявы ў грамадстве. Удалося пабачыць больш розных людзей і даведвацца пра розны досвед.
Якія эмоцыі з’яўляюцца, калі ўспамінаеш свой валанцёрскі досвед?
Мяне ахінае цеплыня, і з’яўляецца натхненне. Там было шмат энэргіі, шмат новага і цікавага.
Што б ты сказала таму, хто толькі думае стаць валанцёрк_ай, але сумняецца?
Прыходзь спрабаваць — гэта не страшна. Прыходзь, калі хочацца творчасці, зносін з рознымі людзьмі і падтрымкі.

Марына, партнёрка, сузаснавальніца, мэнэджарка праектаў
Валанцёрыла ў студэнцкай суполцы «Студэнцкая Рада», вяла курсы кампутарнай пісьменнасці «Сети все возрасты покорны», валанцёрыла ва ўласнай ініцыятыве, а пасля ў арганізацыі «Жывая Бібліятэка»
Чаму ты вырашыла стаць валанцёркай?
Я хацела і магла дапамагаць. У мяне былі веды і навыкі, якія маглі палепшыць жыццё іншых людзей. Валанцёрства стала прасторай, дзе я магла быць карыснай і адначасова развівацца.
Ці былі ў цябе сумневы ці страхі? Як ты давала ім рады?
Я была поўная рашучасці. Але, вядома, перажывала: ці змагу я ўпісацца ў каманду, ці хопіць маіх ведаў і навыкаў, ці змагу сумяшчаць адукацыю і валанцёрства? Пераадолець усе страхі і сумневы дапамагло вельмі цёплае знаёмства, структураваны анбордзінг і прапісаныя правілы і працэдуры для валанцёр_ак. І, вядома, паспяховае выкананне першых валанцёрскіх задач паказала, што ўсё добра і я дарэмна хвалявалася.
Што табе дало валанцёрства?
Я стала той, хто я ёсць. Толькі праз валанцёрства я сапраўды пазнаёмілася з грамадзянскай актыўнасцю, зразумела як працуе грамадскі сектар, знайшла сваё месца ў гэтай дзейнасці. Я змагла ўпэўніцца ў тым, што маю дастаткова ведаў і навыкаў, каб перадаваць іх іншым і мяняць свет да лепшага. Стаць валанцёркай – адна з маіх найлепшых пастановаў у жыцці.
Прывядзі адзін найбольш запамінальны момант ці гісторыю за ўвесь час твайго валанцёрства.
Як валанцёрка, сярод іншага, я вяла курсы кампутарных навыкаў для людзей старэйшага ўзросту. І пасля некалькіх заняткаў адна з вучаніц сказала мне: «Вы так цудоўна і спакойна тлумачыце ўсё па некалькі разоў! Вы проста прыроджаная настаўніца!». Гэтая простая фраза для мяне была вельмі важнай і кранальнай. Я з дзяцінства марыла стаць настаўніцай. Вядома, да гэтага моманту, мару я ўжо змяніла і пастанавіла, што магу быць трэнеркай нефармальнай адукацыі. Але такое прызнанне маёй працы было вельмі важным для мяне.
Ці былі цяжкасці? Як ты іх пераадолела і што гэта табе паказала?
Самым складаным заўжды было сумяшчэнне адукацыі і валанцёрства. Я навучылася добра планаваць свой час і шукаць магчымасці сумяшчэння двух розных актыўнасцяў. Галоўнае, што я зразумела: калі чалавек хоча нешта рабіць, то заўжды знойдзе магчымасць гэтым займацца. А калі матывацыі няма, то будзе 100500 прычын чаму не атрымліваецца.
Ці змяніла валанцёрства тваё ўяўленне пра штосьці (пра сябе, пра кам’юніці, пра праблему, якой мы займаемся)?
Валанцёрства дапамагло мне зразумець, на што я здольная, што мне падабаецца і не падабаецца рабіць, якія задачы я магу выконваць, а якія – дакладна не для мяне. Дзякуючы яму я змагла знайсці тую дзейнасць, якая прыносіць мне задавальненне і радасць.
Якія эмоцыі ты адчуваеш, калі ўспамінаеш свой валанцёрскі досвед?
Радасць, цяпло, пачуццё супольнасці і падтрымкі. Гэта класны досвед, негледзячы ні на якія складанасці, бо ўсе іх можна было пераадольваць разам з іншымі валанцёр_камі.
Што цябе найбольш здзівіла ў працэсе валанцёрства?
Што гэты працэс настолькі дапамагае развівацца самім валанцёр_кам! Бо я заўжды думала, што валанцёрства – гэта пра дапамогу іншым людзям і карысць для іх. Але на практыцы сталася, што валанцёрства прыносіць карысць усім, хто ўключаны ў гэты працэс.
Што б ты сказала тым, хто толькі думае стаць валанцёр_кай, але сумняваецца?
Проста паспрабуй! У любым выпадку ты атрымаеш досвед. Так, магчыма, ён будзе адмоўным. Але і з такога досведу можна будзе зрабіць высновы пра тое, што табе не пасуе ці не падабаецца. Але калі ўсё складзецца і досвед будзе станоўчым, то ты зможаш атрымаць новыя навыкі, пазнаёміцца з класнымі людзьмі, адчуць сябе карысн_ай і стаць часткай класнай арганізацыі!
Чаму, на твой погляд, варта паспрабаваць? Якую адну параду ты б дала навічку?
Гэта той досвед, які можа змяніць тваё жыццё да лепшага. Дык навошта адмаўляцца ад такой магчымасці? Смела выбірай задачу, якая табе падабаецца і ўключайся ў працу арганізацыі!
У чым галоўны бонус быць часткай нашай арганізацыі?
Быць у супольнасці людзей, з аднолькавымі каштоўнасцямі, якія спрабуюць разам змяніць свет да лепшага.
Зміцер, дырэктар «ІншыЯ»
Далучыўся да валанцёрскай каманды Жывой Бібліятэкі ў 2016 годзе, каардынаваў падрыхтоўку мерапрыемстваў, а праз некалькі гадоў стаў дырэктарам арганізацыі «ІншыЯ»

Чаму ты вырашыў стаць валанцёрам?
У 2015 годзе я прыйшоў на сваю першую Жывую Бібліятэку як удзельнік і адразу ж шалёна натхніўся гэтым фарматам. Фармат выглядаў проста, але пры гэтым геніяльна: розныя людзі камунікуюць, слухаюць і пазнаюць адзін аднаго ў прыемным і інклюзіўным асяроддзі. Я вельмі хацеў быць хоць неяк датычны да стварэння такога мерапрыемства і ў 2016 годзе, калі праводзіўся набор, далучыўся да валанцёрскай каманды.
Ці былі ў цябе сумневы ці страхі? Як ты даў ім рады?
Я баяўся, што ў мяне не знойдзецца ніякіх карысных навыкаў – раней я не займаўся нічым падобным. Плюс тады я быў жудасна замкнёным, “асацыяльным” — а тут фармат, які прымушае ўзаемадзейнічаць з людзьмі. Але мяне падтрымала каманда і такія ж людзі, хто вырашылі далучыцца да працэсу. Памятаю, як на першай сустрэчы валанцёра_к мне стала крыху лягчэй, калі я зразумеў, што вакол такія ж людзі, як і я — без досведу і з абсалютна іншымі навыкамі.
Што табе дало валанцёрства?
Валанцёрства ў прынцыпе змяніла маё жыццё, бо я даволі хутка знайшоў сябе ў падобнай дзейнасці і стаў усё глыбей і глыбей пагружацца ў актывізм. Праз пару гадоў я ўжо каардынаваў падрыхтоўку першых мерапрыемстваў. Спачатку гэта дапамагала мне з сацыялізацыяй – я знайшоў прастору, дзе мяне атачалі людзі з блізкімі мне поглядамі, дзе я мог быць адкрытым і адчуваць падтрымку і бяспеку. Гэта ж дало мне шмат для самаразвіцця і ўсведамлення, што я магу ўплываць на важныя змены ў свеце.
Прывядзі адзін самы запамінальны момант ці гісторыю за ўвесь час твайго валанцёрства.
У галаву прыходзіць першае мерапрыемства, на якім я быў не проста ў ролі памагатага, а каардынаваў яго. Здаецца, гэта была Жывая Бібліятэка ў Галерэі TUT.BY. У працэсе падрыхтоўкі ўсё было добра, а вось у дзень мерапрыемства, асабліва ў самым пачатку, я сутыкнуўся са стрэсам, якога раней не адчуваў. Раней я заўсёды мог звярнуцца да каардынатар_к па дапамогу і параду, а цяпер сам апынуўся ў гэтай ролі. Перажываў, што нешта забыўся, што ўсё пойдзе ня так і я ня буду разумець, што рабіць. Увогуле, панікаваў трохі.
Але ўсё прайшло добра. Каманда мне дапамагла (як заўсёды) і супакоіла. Пасля гэтага я быў упэўнены, што разам мы заўсёды ўсяму дамо рады.
Ці змяніла валанцёрства тваё ўяўленне пра штосьці (пра сябе, пра кам’юніці, пра праблему, якой мы займаемся)?
Да валанцёрства я зусім не быў знаёмы з актывістскай супольнасцю і з яе дзейнасцю. Таму сувязь з гэтай супольнасцю вельмі моцна паўплывала і на мяне асабіста, і на разуменне таго, што адбываецца навокал. Я часта разважаў пра нейкія сацыяльныя праблемы зыходзячы са свайго асабістага досведу ці досведу знаёмых. Але зараз я змог убачыць значна шырэйшую карціну і тое, як шмат людзей і якімі спосабамі імкнуцца нешта з гэтым зрабіць.
Якія эмоцыі ты адчуваеш, калі ўспамінаеш свой валанцёрскі досвед?
Галоўная эмоцыя — гэта натхненне. Тады гэта было маё асноўнае адчуванне і ўспаміны могуць вяртаць мяне да гэтага стану. Заўсёды была кіпа ідэй і бура эмоцый ад удала рэалізаваных мерапрыемстваў і зваротнай сувязі ад удзельні_ц.
Што б ты сказаў таму, хто толькі думае стаць валанцёрам, але сумняваецца? Чаму, на твой погляд, варта паспрабаваць? Якую адну параду ты б даў пачаткоўцу?
Не баяцца і паспрабаваць. Валанцёрства — гэта адзін з самых камфортных і бяспечных спосабаў паспрабаваць зрабіць нешта новае для сябе. Гэта сфера, дзе можна ўключыцца на камфортным для сябе ўзроўні і заўсёды можна атрымаць падтрымку ў працэсе.
У чым галоўны бонус быць часткай нашай арганізацыі?
Людзі. Магу дакладна сцвярджаць гэта, таму што гэтая каманда дапамагла мне стаць тым, хто я ёсць зараз.
Людзі тут — не толькі шматгранныя эксперт_кі ў розных сферах, яны пры гэтым адказна ставяцца і да камунікацыі з іншымі людзьмі. Адчуванне адкрытасці і прыняцці ўнутры каманды захоўваецца заўсёды. А дапамагаць маладым людзям спрабаваць сябе ў розных актыўнасцях і рэалізоўвацца — наш галоўны прыярытэт.



