«Не нейкі капрыз»: як праз гады змянялася разуменне інклюзіі?

ІнклюзіяПадзеі
інклюзія
5
(1)

Што мы маем на ўвазе, калі кажам «інклюзія» і «інклюзіўны»? А якім чынам разумее інклюзію беларуская дзяржава? Дыскусія «Інклюзія па-беларуску. Тры пакаленні адной справы» сабрала актывіста_к розных генерацый, каб паразважаць пра тое, як праз гады змянялася разуменне інклюзіі ў Беларусі, у якім пункце мы знаходзімся цяпер і што можа зрабіць кожн_ая, каб свет стаў хоць на каліўца інклюзіўнейшым.

Удзельні_цы дыскусіі: 

Уладзімер Корж, CSO Fusion, эксперт па развіцці арганізацый грамадзянскай супольнасці, у сектары — больш за 30 гадоў; 

Марына Штрахава, сузаснавальніца «ІншыЯ», амбасадарка скразных каштоўнасцяў, у сектары — з 2011 года; 

Джэйн Базюк, незалежная праваабаронца, квір-актывістка, у сектары — з 2023-га.

Як патлумачыць, што такое інклюзія?

Уладзімер: Ад пачатку асноўны сэнс інклюзіі быў ва ўключэнні, то-бок мы мусім уключыць кагосьці кудысьці. Як уключаць, каго ўключаць, куды ўключаць — гэта ўжо нюансы, і яны змяняліся.

Марына: Я б сказала, што інклюзія — гэта пра тое, што кожны і кожная могуць рабіць тое, што хочуць, без бар’ераў і дадатковых дзеянняў. Калі кажуць пра дасяжныя цягнікі і дадаюць: «Набывайце квіток, а пасля тэлефануйце сюды, каб вам арганізавалі даезд, сюды напішыце e-mail, туды дашліце факс», то для мяне гэта ўжо не інклюзія.

Джэйн: Інклюзія непарыўна звязаная з правамі чалавека. Гэта пра тое, што любы чалавек мае права прысутнічаць у нейкай прасторы: фізічнай, палітычнай, культурнай — з правам быць сабой без дадатковых тлумачэнняў, выбачэнняў за сябе, за тое, кім ён ёсць. І без сустрэчнай дыскрымінацыі.

Інклюзія

Марына: Неяк я была на праграме Community Connections у Штатах, і мы прыйшлі ў арганізацыю, якая займалася працаўладкаваннем людзей з розных уразлівых груп. Пакуль нам распавядалі success stories [гісторыі поспеху], адна з удзельніц доўга слухала, а потым спытала: «Слухайце, я не разумею: дык а кім яны могуць працаваць?» І амерыканец такі: «Што?» Яна кажа: «Ну кім? Якую працу вы можаце знайсці, калі яны да вас прыходзяць?» Амерыканец проста не разумеў, што адбываецца, але нарэшце сказаў: «Любую! Кім хочуць — тым і знаходзім працу». У гэты момант я зразумела, як тлумачыць, што такое інклюзія. Гэта пра тое, каб кожны мог стаць тым, кім хоча.

Як змянялася разуменне інклюзіі ў Беларусі?

Калі каротка:

  1. Тэме інклюзіі ў Беларусі пачалі надаваць сур’ёзную ўвагу са з’яўленнем грамадскага сектара. Арганізацыі пераймалі досвед з-за мяжы і імпартавалі ў краіну добра распрацаваныя практыкі. 
  2. Спачатку інклюзія разумелася ў кантэксце дасяжнасці, але паступова сэнсы паглыбляліся і пашыраліся.
  3. Грамадскія арганізацыі плённа супрацоўнічалі з дзяржавай і ўплывалі на тое, каб інклюзія замацоўвалася на ўзроўні законаў і норм. Паралельна сярод актывіста_к замацоўвалася разуменне інклюзіі як усеагульнай каштоўнасці.
  4. Сёння інклюзія — базавая каштоўнасць пры стварэнні большасці беларускіх грамадскіх ініцыятыў і арганізацый.

Уладзімер: Размова пра інклюзію, інклюзіўнасць фактычна пачалася са з’яўлення сектара грамадскіх арганізацый, у сярэдзіне 1990-х. «Фіяльта», Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА, Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам, «Дзеці. Аўтызм. Бацькі», РАІВ (Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў) — у гэтых арганізацый былі сувязі з замежжам, а за мяжой ужо існавалі розныя падыходы да таго, як уключаць людзей у актыўнае жыццё. І дзякуючы грамадскім арганізацыям пачаў перадавацца досвед.

Дзяржава толькі ўжывала тэрміны, але не моцна цікавілася, што гэта значыць. Але без сістэмы нічога немагчыма ўкараніць так, каб яно заставалася назаўжды, таму нам увесь час даводзілася супрацоўнічаць з дзяржавай. У 2011 годзе прынялі Кодэкс аб адукацыі, дзе інклюзію ўключылі як абавязковы складнік, а ў 2016-м прынялі Канвенцыю ААН аб правах людзей з інваліднасцю, і тады інклюзія з сацыяльнай дапамогі, якая развівалася як утрыманства, стала набываць сэнсы правоў чалавека.

Галоўная эвалюцыя за час маёй працы — ператварэнне інклюзіі ў каштоўнасць і перадача гэтай каштоўнасці ад сябе бліжэйшаму сябру і далей. У гэтым і ёсць прызначэнне грамадскіх арганізацый: інклюзія мусіць стаць каштоўнасцю не толькі для тых, хто ёй займаецца, але і для тых, каго яна так ці інакш датычыцца. А датычыцца яна абсалютна ўсіх.

Марына: У 2014–2016 гадах было адчуванне, што нават сектар, ужо не кажучы пра дзяржаву ці людзей вакол, успрымае інклюзію літаральна ў двух вектарах: гэта пра людзей з фармальна прызнанай інваліднасцю і пра дасяжнасць. З цягам часу гэта супермоцна змянілася. Нядаўна мы рабілі даследаванне пра каштоўнасці ў сектары, у нас было больш за 40 інтэрв’ю, і ўсе людзі, якія ўдзельнічалі ў гэтых інтэрв’ю, сказалі, што інклюзія — гэта пра ўсіх.

Таксама стала важным не толькі працаваць для розных груп і з гэтымі групамі, але і каб каманды былі разнастайныя. Прыйшло разуменне, што не можа выключна мужчынская ці выключна жаночая каманда рабіць штосьці для змешанай групы, а калі мы працуем для ЛГБТК+, павінны быць такія людзі ў камандзе. Падыход «робім штосьці для кагосьці, можа быць, нават не ведаючы нармальна, што гэтым людзям патрэбна», змяніўся на «мы робім штосьці разам з імі, уключаем іх патрэбы, спрабуем лепш даведацца, што канкрэтна патрэбна тут і цяпер». У новых арганізацыях інклюзія, гендарная роўнасць — гэта база-база.

Джэйн: Так, для новага пакалення актывістаў і актывістак інклюзіўнасць — гэта базавая каштоўнасць пры стварэнні любой ініцыятывы і арганізацыі. Гэта закладзена ў ДНК нашай дзейнасці. Акрамя таго, мне здаецца, стаў больш папулярны інтэрсекцыянальны падыход. Цяпер многія арганізацыі, нават калі маюць фокус на пэўную сацыяльную групу, усё роўна ўключаюць у сваю працу людзей з рознымі ўразлівасцямі. Гэта значыць, калі мы працуем з ЛГБТК+-людзьмі, мы ў тым ліку глядзім на ЛГБТК+-людзей з інваліднасцю, вялікую ўвагу надаем гендарнаму балансу, жанчынам.

Як інклюзія пранікала ў мову?

Марына: Камунікацыя змянілася: мы пачалі выкарыстоўваць фемінітывы, заўважаць мову варожасці. «Жывая бібліятэка» 2014 года — гэта бібліятэка з чытачамі, удзельнікамі, арганізатарамі і бібліятэкарамі. «Жывая бібліятэка» 2017 года — гэта бібліятэка з удзельнікамі і ўдзельніцамі, чытачамі і чытачкамі, бібліятэкарамі і бібліятэкаркамі. Гэта змянялася на вачах. [Да стварэння «ІншыЯ» Марына Штрахава развівала ў Беларусі міжнародны фармат «жывых бібліятэк» — мерапрыемстваў супраць дыскрымінацыі і стэрэатыпаў, дзе «кнігамі» выступаюць людзі з уразлівых груп. — заўв. рэд.]

Уладзімер: Я памятаю, як у 1995-1996 годзе мы прыехалі павучыцца ў нямецкіх калег нефармальнай адукацыі. Ва ўсіх іх кніжках усе назоўнікі, якія адносіліся да людзей, былі напісаныя гендарна карэктна, а мы дзіка глядзелі на гэта і казалі: «Навошта? І так усё зразумела». А ўжо ў пачатку 2000-х я як фасілітатар абавязкова казаў «удзельнікі і ўдзельніцы».

Джэйн: Нягледзячы на тое што я з новага пакалення, для мяне многія словы таксама былі ў навінку і мне даводзілася вучыцца. Варта згадаць такую класную штуку, як медыядаведнік, падрыхтаваны «Журналістамі за талерантнасць». Ён падказвае, як пісаць пра розныя групы людзей. Я выкарыстоўвала яго ў якасці «бібліі» на пачатку сваёй працы.

Што робіць беларуская дзяржава і куды варта прыкладаць сілы грамадскім актывіст_кам?

Джэйн: Дзяржава засталася ў далёкіх працэсах на ўзроўні працы з людзьмі з інваліднасцю, з ВІЧ-пазітыўнымі людзьмі. Але дзяржава не заўважае іншыя сацыяльна ўразлівыя групы, не падтрымлівае іх, а часам яшчэ і прыгнятае на заканадаўчым узроўні [у красавіку 2026 года беларускія ўлады прынялі закон, які прадугледжвае пакаранне за «прапаганду» ЛГБТК+, «змены пола» і бяздзетнасці. — заўв. рэд.]. І нават для людзей з інваліднасцю ў Беларусі не з’явілася безбар’ернае асяроддзе, ёсць куды расці.

Мы са свайго боку мусім працягваць займацца асветай, развіваць інклюзіўныя практыкі і перадаваць іх з арганізацыі ў арганізацыю, бо, як высвятляецца, нават арганізацыям, якія працуюць з правамі чалавека, часам бракуе інклюзіўнасці. Нам ёсць што развіваць далей нават ва ўмовах выгнання, каб у будучыні мы маглі гэтыя практыкі прывезці з сабой у Беларусь і ўкараняць іх на дзяржаўным узроўні. Таксама важна, каб людзі ўнутры Беларусі адчувалі каштоўнасць інклюзіі, і мы мусім спрабаваць да іх дагрукацца праз сацсеткі і медыя.

Марына: Вялікую частку сацыяльнай працы дзяржава выконвала толькі і выключна праз арганізацыі грамадзянскай супольнасці, і гэта, у прынцыпе, працягваецца. Традыцыйныя кірункі існуюць і развіваюцца, штосьці змяняецца да лепшага. Напрыклад, скарачаецца спіс забароненых прафесій для жанчын. Калісьці мы з «Жывой бібліятэкай» намагаліся зрабіць мапу дасяжнасці, але для гэтага была патрэбная складаная інфраструктура. Пасля 2020-га дзяржава зрабіла адмысловы рэсурс, на якім усе дзяржаўныя арганізацыі мусяць адсправаздачыцца, што ў іх дасяжнае, што не дасяжнае, і паляпшаць вынікі.

Ясная мова стала дзяржаўным стандартам, але гэту ідэю лабіявала і адвакатавала грамадская арганізацыя. Не дзяржава прыдумала гэтую гісторыю. Усе класныя ідэі прыносіць грамадскі сектар.

Уладзімер: Беларускую дзяржаву да таго, як стала «не да законаў», хвалілі за тое, што напісанае ў законе было святым і ніхто ніколі не меў права нічога зрабіць супраць таго, што напісана ў законе. І мы дамагаліся таго, каб нейкую норму ці стандарт упісалі ў нейкі закон, канвенцыю, кодэкс. Тады гэта гарантавала, што гэта будзе выконвацца і ніхто не зможа гэта парушыць. Таму роля нашага сектара — рабіць так, каб інклюзія і іншае, што нам трэба на ўзроўні каштоўнасцяў, нейкім чынам было зафіксавана ў законе. Тады гэта застанецца ў краіне, пакуль не знойдзецца разумнік, які скажа: «Гэта не для нас».

Праблема ў тым, што для чыноўніка самая галоўная каштоўнасць — гэта яго ўласная бяспека. Калі ў нейкі момант нешта стварае яму рызыку, то, хутчэй за ўсё, яно будзе выкрасленае і ніякіх станоўчых зменаў не здарыцца.

Пра дзяржаву забыцца немагчыма, але гэта не першая мэтавая група. Усё ж трэба працаваць з насельніцтвам, хаця б з яго актыўнай часткай, каб каштоўнасці змяняліся ў лепшы бок. Можа быць, самы лёгкі шлях — гэта не баяцца рабіць заўвагі, калі вы бачыце, што нешта робіцца не так.

Што кожн_ая ў стане зрабіць па-новаму ці інакш ужо сёння?

Марына: Калі мы чуем нейкі новы для нас запыт, асабліва які адрозніваецца ад нашых патрэбаў, то перыядычна можа ўзнікаць такое пачуццё кштатлу «Навошта ім яшчэ і гэта?» Прапаную спыніць сябе на гэтай думцы, зрабіць крок назад і падумаць: «А чаму сапраўды гэта патрэбна чалавеку? Чаму чалавек гэта агучвае? Напэўна, гэта важна». Не абясцэньваць, не думаць, што гэта нейкі капрыз, а прама задумацца. Гэта складана, але гэта суперважна для інклюзіі, каб новыя людзі з новымі патрэбамі ўключаліся і адчувалі сябе ўключанымі.

Джэйн: Інклюзія пачынаецца заўсёды з сябе, і яна пра тых людзей, якія навокал. Не забывайце лішні раз праверыць сябе. Ці не забылася я ўключыць кагосьці ў сваю працу? Ці правільна я кажу пра кагосьці? Чаму мне яшчэ варта павучыцца? Я не сустракала ніводнага чалавека, які быў бы інклюзіўны абсалютна да ўсіх. Ва ўсіх могуць быць свае прадузятасці.

Уладзімер: У кожнага ёсць сваё прызначэнне. Кожная і кожны павінны выконваць тое, што яны лічаць сваім прызначэннем у жыцці. Ніколі не спыняцца. Тады нешта зменіцца.

Што рабіць для інклюзіі

Аўтар: Алік Сяргейчык

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 1

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць