Каб ацаніць стан рэчаў у любой краіне і ў любым грамадстве, дастаткова ссунуць фокус з кабінетных мужчын у пінжаках і задаць пытанні: «Ці знойдзе тут паратунак жанчына, якую б’е муж?», «Ці даб’ецца для сябе справядлівасці трансжанчына або трансмужчына?», «З якімі ўстаноўкамі на будучыню жыве тутэйшая моладзь?». Разам з эксперт_камі «ІншыЯ» пашукалі шчырыя адказы. Спойлер: выглядае бязрадасна.
ЛГБТК+: «Многія ў супольнасці адчуваюць пакінутасць»
- адсутнасць прававой абароны,
- сацыяльная ізаляцыя,
- сацыяльная стыгма і варожая рыторыка ўладаў,
- абмежаванне бачнасці і самаарганізацыі,
- пытанні эканамічнага дабрабыту.
Беларус_кі-ЛГБТК+ аказаліся ў такім становішчы, калі не задавальняюцца самыя базавыя чалавечыя патрэбы — быць у бяспецы і не быць ізаляванымі. Сёння ў краіне фактычна не можа легальна працаваць ніводная праваабарончая арганізацыя, якая магла б аказваць падтрымку ЛГБТК+. Больш за тое,
ЛГБТК+ сталі асобнай мішэнню дзяржаўных рэпрэсій,
і ім надзвычай складана атрымаць юрыдычную ці псіхалагічную дапамогу.
У красавіку 2024 года Мінкультуры змяніла афіцыйнае разуменне «эратычных матэрыялаў», і цяпер апісанне аднаполых адносін можа быць юрыдычна падведзенае пад паняцце парнаграфіі, а за распаўсюд такой прадукцыі ў Беларусі прадугледжваецца да 4 гадоў пазбаўлення волі. Пазней, у пачатку 2026-га, быў абноўлены закон «Аб правах дзіцяці», які прызнае шкоднай для непаўналетніх інфармацыю, што «дыскрэдытуе сямейна-шлюбныя адносіны», «прапагандуе» бяздзетнасць і гомасэксуальнасць. А ў красавіку 2026 года быў прыняты закон «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці», які дадаў у КоАП артыкул 19.16 — «Прапаганда гомасэксуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці і педафіліі», які прадугледжвае штраф ад 900 рублёў, а калі інфармацыя дайшла да непаўналетніх, то магчымыя грамадскія працы і нават арышт. Новыя расплывістыя нормы замацоўваюць атмасферу страху і звужаюць прастору для бачнасці і салідарнасці.
Пад пагрозай — выжыванне і свабода людзей.
У даважак — рызыка згубіць працу і заробак, быць адлічанымі з вучэбных установаў, займець праблемы са сваякамі.
Фактычна любая публічная бачнасць — ад сустрэчы па інтарэсах да публікацый пра сябе ў сацсетках — можа ўспрымацца як рызыка. Прадстаўні_цы супольнасці сыходзяць у анлайн, і нават там вымушаныя самацэнзуравацца. Яны абіраюць камунікаваць у цесным коле, дапамагаюць знаёмым, адкрываюцца толькі самым блізкім.
Паводле інфармацыі ILGA-Europe, у Беларусі 40% людзей, якія адносяць сябе да ЛГБТК+, ацэньваюць сваё псіхічнае здароўе як «дрэннае» або «вельмі дрэннае», а 88% сур’ёзна разглядаюць эміграцыю.
Беларус_кі-ЛГБТК+ жывуць паміж маўчаннем і рызыкай, паміж неабходнасцю схавацца і неабходнасцю быць побач адно з адным.
Па сутнасці, цяпер яны змагаюцца за магчымасць захавацца ў асяроддзі, дзе дзяржава ўсё часцей спрабуе зрабіць сам факт іх існавання прадметам кантролю і пакарання.
Аліна Пазднякова, «Прызматыка»:
— Асобны вялікі крызіс — сітуацыя транслюдзей. Доступ да гендарна-афірматыўнай дапамогі амаль разбураны, колькасць адмоваў у пераходзе рэзка вырасла, а самі транслюдзі сталі адной з галоўных мішэняў рэпрэсій і трансфобнай кампаніі дзяржавы. Таму надзвычай важныя бяспечныя кансультацыі, медыцынская навігацыя, дапамога з эвакуацыяй і падтрымка транссупольнасці.
Яшчэ адзін ключавы запыт — адукацыйныя і інфармацыйныя рэсурсы. Унутры Беларусі амаль знік доступ да актуальнай інфармацыі пра правы ЛГБТК+, сэксуальнасць, гендар, бяспеку і ментальнае здароўе. Стварэнне бяспечнага кантэнту, адукацыйных матэрыялаў і альтэрнатыўных крыніц інфармацыі становіцца формай супраціву і выжывання.
Не менш важная падтрымка новых лідара_к і гарызантальных ініцыятыў. Пасля хваль эміграцыі і выгарання рух моцна фрагментаваўся. Многія людзі хочуць дапамагаць супольнасці, але не маюць навыкаў, рэсурсаў і адчування ўстойлівасці. Таму сёння вельмі важна інвеставаць не толькі ў «крызіснае рэагаванне», але і ў доўгатэрміновую ўстойлівасць супольнасці: лідарскія праграмы, ментарства, падтрымку нізавых ініцыятыў, развіццё даверу і сувязяў паміж людзьмі.
І, напэўна, адзін з самых важных запытаў сёння — гэта адчуванне, што беларускія людзі — ЛГБТК+ не забытыя. На фоне вайны, глабальных крызісаў і скарачэння міжнароднага фінансавання многія ў супольнасці адчуваюць моцную пакінутасць і стомленасць. Таму захаванне ўвагі, салідарнасці і доўгатэрміновай падтрымкі цяпер мае не толькі практычнае, але і глыбока чалавечае значэнне для супольнасці.
Дадатковае чытанне: Стэйтмэнт па правах людзей-ЛГБТКІ+ у Беларусі
Жанчыны: «Складана зрабіць любы крок, не баючыся за свой дабрабыт»
- фінансавая нестабільнасць,
- дыскрымінацыя на працы,
- адсутнасць эфектыўных механізмаў супрацьдзеяння хатняму гвалту,
- замацаванне ў законах «традыцыйных каштоўнасцяў», рэпрадуктыўны ціск,
- брак псіхалагічнай і юрыдычнай падтрымкі.
«Фемгрупа Беларусь» адзначае: становішча жанчын з 2020 года не палепшылася, нягледзячы на тое, што дзяржава нават вырашыла абвясціць 2026 год Годам беларускай жанчыны. Яшчэ ў 2023 годзе намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны заявіў, што праблема хатняга гвалту «не стаіць настолькі востра, каб казаць пра неабходнасць прыняцця спецыяльнага закона». МУС Беларусі не публікуе статыстыку па хатнім гвалце: цяпер гэта «службовая інфармацыя абмежаванага распаўсюджання» (аднак любая статыстыка ў бягучых абставінах, вядома, можа быць узятая пад сумнеў). Што дакладна вядома:
жанчыны па-ранейшаму дрэнна абароненыя ад хатняга гвалту, дрэнна інфармаваныя наконт сваіх правоў і магчымасцяў дабіцца справядлівасці,
а праца спецыялізаванай гарачай лініі, куды можна было звярнуцца да 2021 года, так і не аднавілася.
Новыя папраўкі ў адміністратыўны кодэкс (глядзі пункт пра ЛГБТК+) ускладняюць прысутнасць у сеціве жанчынам, чые сем’і адрозніваюцца ад сямей на сацыяльных рэкламных банарах, што створаныя нейрасеткамі і прэзентуюць «поўную чашу»: жонка, муж, дзеці.
Паводле міні-даследавання (усяго 13 адказаў) «Фемгрупы Беларусь» наконт праблем жанчын у Беларусі, галоўныя пункты турботы сёння — псіхалагічны стан і фінансавае становішча, а таксама здароўе; чацвёртым радком ідзе пытанне бяспекі. 38,5% апытаных не ведаюць, куды звяртацца па дапамогу. Людзі разлічваюць найперш на кола блізкіх і сябровак, нехта ідзе ў сацсеткі.
Святлана Гатальская, «Фемгрупа Беларусь»:
— Жанчынам у Беларусі зараз цяжка па ўсіх кірунках. Няма ніводнай сферы, якую можна было б узяць і сказаць, што тут становішча паляпшаецца. Напрыклад, у сітуацыі хатняга гвалту можна дабіцца ахоўнага прадпісання на 15 дзён з магчымасцю падаўжэння да 30, але на гэтым усё. Аб’юзар вяртаецца дадому і яшчэ больш агрэсіўна ставіцца да жанчыны.
Вельмі не хапае псіхалагічнай дапамогі ў шырокадаступным фармаце, не хапае груп падтрымкі. Тыя групы падтрымкі, якія ёсць, вельмі маленькія і не ўпускаюць нікога новага. Праз усеагульнае напружанне і недавер у грамадстве людзі раздзеленыя і варацца ў сваіх добра знаёмых групках, і добра, калі наогул маюць да каго звярнуцца па дапамогу.
Дзяржава называе 2026 год Годам жанчыны, але мы ўсе ведаем, што насамрэч гэта год Каня. Стаўленне, якое дзяржава паказвае да жанчын, — зусім не пра абарону і не пра падтрымку, а пра «выжывайце самастойна так, як вы зможаце гэта зрабіць». Ні ў плане аховы здароўя, ні ў плане падтрымкі ў сітуацыі аб’юзу, ні ў плане кар’ерных магчымасцяў становішча жанчын у Беларусі не палепшылася.
Працягваюцца рэпрэсіі, і людзі разумеюць, што нават за нейкія размовы на іх могуць данесці. Жанчыне складана зрабіць любы крок, не баючыся за свой дабрабыт, дабрабыт дзяцей і іншых блізкіх.
Дадатковае чытанне: 10 рэчаў, якія трэба зрабіць, каб Год беларускай жанчыны быў сапраўдным
Моладзь:
- складанасці з атрыманнем актуальных ведаў і моцных дыпломаў,
- невялікі выбар працы з прыстойным заробкам і перспектывамі,
- адсутнасць магчымасці ўплываць на будучыню сваёй супольнасці,
- брак карысных актыўнасцяў,
- цяжкасці з пашырэннем кола знаёмстваў афлайн.
Праз сітуацыю ў рэгіёне маладыя беларус_кі ўсё больш аказваюцца зачыненымі ў сваёй краіне. Зразумела, што з вандроўкамі сёння зусім складана, але і на вучобу выязджаюць менш, чым дзесяць гадоў таму: расейская завочка страціла былую папулярнасць, а з ЕС — свае замарочкі. Хтосьці застаецца праз фінансавыя ці бюракратычныя складанасці, хтосьці — праз іншыя прычыны, а нехта свядома выбірае заставацца. Пры гэтым адшукаць сваё месца ў родным краі — той яшчэ выклік.
У 2025 годзе Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» пры падтрымцы праграмы Belarus Beehive 2.0 зладзіў сацыялагічнае даследаванне «Ха-ха, мы яшчэ тут» сярод маладых людзей 18–34 гадоў, каб выявіць цікавасці, праблемы і магчымасці моладзі ўнутры Беларусі, узровень інфармаванасці пра арганізацыі грамадзянскай супольнасці, а таксама міграцыйныя настроі.
Адно з найцікавейшых назіранняў: рэспандэнт_кі найчасцей з асабістых прыярытэтаў называлі шчасце і здароўе блізкіх, сям’ю і адносіны, але лічылі, што для іншых на першым месцы — матэрыяльны дабрабыт і асабісты камфорт. Вядома, калі вялікая частка жыцця адбываецца ў анлайне, так сітуацыя і выглядае: навокал меркантыльныя людзі, якія дбаюць пра ўласнае багацце, а ты — «непаспяхов_ая», «адстаеш». Пры гэтым прадстаўні_цы «зэт» і «альфы» ў параўнанні з міленіял_камі да поспеху амаль абыякавыя. У часы лютага капіталізму, памножанага на закаранелы аўтарытарызм, поспех — паняцце эфемернае.
Маладыя людзі намагаюцца здабыць нейкі фундамент пад нагамі — тую самую стабільнасць,
значэнне якой даўно перакруцілася і згубіла першапачатковы сэнс. І паказальна, што для тых, хто хочуць з’ехаць, не клімат і не адчуванне небяспекі — найпершая з прычын, а жаданне атрымаць годную прафесію і добра зарабляць.
У такім кантэксце сапраўды запатрабаванымі сярод моладзі становяцца адукацыйныя магчымасці, якія дазваляюць палепшыць свае шанцы на рынку працы. Бракуе якасных анлайн-курсаў і адукацыі па новых праграмах, без прымусу адпрацоўваць пасля там, дзе ты не хочаш.
Нягледзячы на тое што цяпер людзі прызвычаіліся падтрымліваць адносіны ў інтэрнэце, сустрэчы з сябрамі ўсё яшчэ застаюцца важнай каштоўнасцю для моладзі. Але як правесці час разам — цяпер для гэтага варыянтаў менш, чым у прайм-эру да 2020-га. У Менску і іншых гарадах стала менш канцэртаў, кінапракату, выставак, якія маглі б задаволіць патрэбы моладзі, таму культурны кантэнт спажываецца пераважна з тэлефона, а ў знешнім асяроддзі дафамін прыходзіць з ежы і шопінгу. Гэта ўсё ў цесным коле, бо адшукаць ці ўпісацца ў новую тусоўку — складана. Папулярныя кніжныя клубы, кінаклубы, велапакатушкі, турыстычныя злёты ці этнарэйвы.
Калі хочацца аддаць сваю лепту грамадству, моладзь шукае бяспечныя спосабы:
дапамагаць наўпрост знаёмаму або звязацца з ініцыятывай, якая дапамагае жывёлам, дзецям ці займаецца добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Але такіх магчымасцяў не шмат, або пра іх не досыць шырока расказваюць. Грошай у маладых ніколі не было зашмат, а энергіі заўжды хапала. Куды яе прыкладаць? Гэта пытанне.
Зміцер Герыловіч, Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА»:
— Па-першае, у беларускай моладзі няма магчымасці атрымліваць адукацыю ў сферы бізнэсу і прадпрымальніцтва, развівацца ў бізнэс-сферы. Гэта ў той час, калі не толькі ў шматлікіх краінах Еўропы, але і ў СНД бізнэсовы сектар моцна прасоўваюць, бо гэта працуе на эканоміку і, што самае важнае, — дазваляе моладзі быць самастойнай. Нашы маладыя людзі кажуць, што фінансавае пытанне — самае вялікае пытанне для іх і самая вялікая няўстойлівасць, якая ёсць у іх жыцці, але няма інфраструктуры, якая б дазваляла з гэтым пытаннем працаваць. Да таго беларускай школьнай і вышэйшай адукацыі бракуе кар’ернага і прафесійнага арыентавання.
Другі моцны запыт — на адукацыю, якая будзе актуальнай, з якой зможаш працаўладкавацца і атрымліваць годны заробак. Людзей навучаюць па кніжках, якія былі надрукаваныя ледзь не ў савецкі час, праграмы не актуалізуюцца, абменаў з еўрапейскімі ВНУ не ладзяць, павышаецца ўзровень ідэалагізацыі і мілітарызацыі. Маладыя людзі шукаюць альтэрнатывы за мяжой, і ў лідарах з напрамкаў — Польшча.
Трэцяе — моладзі бракуе магчымасцяў быць карыснымі грамадству. Далучацца да дзейнасці сацыяльных праектаў, НДА, палітычных структур беларускай моладзі амаль цалкам забаронена. Можна рабіць штосьці праз БРСМ, праз нейкія мясцовыя кансультацыі, але гэта настолькі абмежаваныя магчымасці, што пра гэта складна казаць нават у параўнанні з суседняй Літвой, у якой на ўзроўні школы ўжо самакіраванне ёсць, ёсць савет школ, якія абіраюць самі вучні, ва ўніверсітэце дзейнічаюць студэнцкія саюзы і гэтак далей.
Дадатковае чытанне: «Ха-ха, мы яшчэ тут». Вынікі даследавання становішча беларускай моладзі
Аўтар: ОВ





