Наша сённяшняя гераіня Даша расказвае пра сябе ў TikTok, Instagram, Telegram і YouTube. Яна здымае відэа пра жыццё ў Варшаве, адносіны і каханне. Нічога незвычайнага, калі не ўлічваць адну дэталь: Даша адкрыта гаворыць пра тое, што ў яе ёсць дзяўчына, і адказвае на пытанні, якія многія дагэтуль баяцца задаць уголас. «ІншыЯ» пагаварылі з Дашай пра публічнасць, хэйт і асабістыя межы. Як яно — гаварыць пра каханне, якое дагэтуль не ўсе гатовы прыняць?
«Мне захацелася стаць прыкладам»: як з’явілася ідэя блога
— Калі ты ўпершыню падумала: «Хачу публічна гаварыць пра адносіны»?
— Мне вельмі падабаецца здымаць сябе, нешта расказваць на камеру, і ў мяне ў жыцці было вельмі шмат спробаў весці блог. Да гэтай старонкі я паўтара года вяла б’юці-акаўнт: расказвала пра лайфхакі па макіяжы, догляд за валасаміоў і рабіла іншы б’юці-кантэнт. У нейкі момант мне гэта вельмі надакучыла, я зразумела, што спажываю велізарную колькасць касметыкі, у якой не маю патрэбы. І тады я вырашыла пашукаць іншы фармат, і мая партнёрка вельмі мяне падтрымала ў ідэі весці ЛГБТК+- блог.
Напэўна, мне захацелася ствараць рэпрэзентацыю. Калі я толькі ўсведамляла сябе, мне вельмі не хапала лайфстайл-блогерак, хацелася сачыць за іншымі адносінамі і знаходзіць адказы на нейкія свае «дурныя» пытанні — я зусім не разумела, як выглядаюць адносіны паміж дзвюма дзяўчынамі. І вось мне захацелася стаць прыкладам. Так і з’явіўся мой блог.
— Якім быў водгук, калі заляцела тваё першае відэа?
— Вельмі шмат хэйту. Тэма была кшталту «гамафобія — прыкмета неадукаванасці», дзе я расказвала пэўныя факты пра аднаполыя адносіны. Туды наляцелі мужчыны-гамафобы: «Навошта ты гэта выкладваеш? Сядзі дома і не высоўвайся! Што скажуць бацькі? Гэта супраць Бога!» Але менавіта таму відэа і заляцела: вялікая колькасць каментароў добра прасоўвае.
Праз некалькі месяцаў я пачала заўважаць і пазітыўную аўдыторыю. Некаторыя людзі каментуюць кожнае маё відэа. Часта пішуць: «А дзе новае відэа?», кажуць, што мой блог дапамагае ўсвядоміць і прыняць сябе. Але так, напачатку было вельмі шмат хэйту. Ён і цяпер застаецца.
— Наколькі ў блогінг уцягнутая твая партнёрка?
— TikTok, тэлеграм-канал і Instagram — гэта мае асабістыя старонкі, і Каця не мае да іх ніякага дачынення. А на YouTube у нас з самага пачатку быў сумесны канал — DASHA x KATYA. Фактычна яго вяду я, бо я манцірую, але мы разам здымаем і прыдумваем ідэі. Самыя лепшыя ідэі звычайна прыдумляе Каця, хоць яна гэта і не прызнае!

«Пачала адчуваць адказнасць»: як усё ўладкавана
— Як ты сама фармулюеш, пра што твой блог?
— Мой блог — пра адносіны дзвюх дзяўчын і наша жыццё ў Польшчы.
— Ты больш хочаш дзяліцца жыццём ці нешта тлумачыць?
— У мяне цяпер такі пераходны перыяд, калі я больш сыходжу ў лайф-кантэнт, у наша жыццё: раблю влогі, распакоўкі, паказваю пакупкі. Але спачатку блог рос менавіта на тлумачэнні таго, што такое аднаполыя адносіны. Я рабіла шмат квір-кантэнту, дзе нешта тлумачыла, расказвала — у асноўным пра лесбійскія адносіны. То-бок спачатку я рабіла актывісцкі кантэнт і бачыла, што гэтыя відэа дапамагаюць іншым. Але цяпер я больш расказваю пра нашы адносіны і не так шмат выказваюся пра тую ж гамафобію, бо ўжо зняла пра гэта вельмі шмат відэа.
— Ці ёсць адчуванне, што ты не проста вядзеш блог, а ўжо робіш працу? Колькі часу гэта займае?
— Гэта займае велізарную частку часу. Сёлета ўжо тры гады, як я вяду блог, калі лічыць ад б’юці-акаўнта, і мой мозг прызвычаіўся бачыць ва ўсім кантэнт: гэта будзе класнае відэа, гэта круты кадр, гэта выдатны загаловак. Я заўсёды думаю пра кантэнт, але не ўспрымаю гэта як працу.
Хаця з YouTube я пачала адчуваць адказнасць, бо гэта доўгія ролікі, якія займаюць шмат часу: і здымкі, і мантаж. Я магу здымаць влог тры тыдні, потым яшчэ два тыдні мантаваць гэтыя кадры. У такія моманты гэта больш адчуваецца як праца, — гэтаксама жа як і тады, калі мне пішуць у каментарах: «Калі чакаць новыя відэа?» Гэта значыць, што ўжо ёсць людзі, якія чакаюць відэа!
«Нярэдка пішуць пагрозы»: пра аўдыторыю і водгук
— Як ты цяпер адчуваеш сваю аўдыторыю? Хто гэтыя людзі?
— Мне здаецца, 95% маёй аўдыторыі — гэта жанчыны, і мяне гэта вельмі цешыць. Каментары ў асноўным пішуць дзяўчаты прыкладна 16–20 гадоў. Але я ведаю, што ў маёй актыўнай аўдыторыі ёсць і жанчыны 45–50, напрыклад у тэлеграм-канале. TikTok паказвае, што асноўнай аўдыторыі 20–30 гадоў.
— Што цябе найбольш здзівіла ў рэакцыі людзей, калі ты пачала выкладваць відэа?
— Мяне здзівіла такая вялікая колькасць гамафобіі, здзівіла, што людзі настолькі ненавідзяць ЛГБТК+- супольнасць. Нярэдка мне нават пішуць пагрозы, але такое я адразу выдаляю і блакую такіх каментатараў.
Было нечакана, што я дапамагаю такой колькасці дзяўчат, што дапамагаю прыняць сябе, што на нашы адносіны глядзяць і думаюць: «У мяне таксама могуць быць такія». Гэта вельмі прыемна, я нават цяпер сяджу і ўсміхаюся.
Мне вельмі часта пішуць падзякі, што мой блог дапамагае ўсвядоміць сябе. Нават калі б мой блог дапамог толькі адной дзяўчыне стаць больш упэўненай і не перажываць, што пра яе падумаюць, — выдатна, значыць, я ўжо дала рады сваёй задачы.
— Як ты рэагуеш на гамафобныя каментары?
— Шчыра? Я іх высмейваю. Я ўжо на той стадыі прыняцця, калі проста пішу «так, вы маеце рацыю» на чыстае глупства. Адказваю нешта абсалютна недарэчнае, бо мне сапраўды ўсё адно. Чаму мяне павінна хваляваць меркаванне людзей, якія ненавідзяць кагосьці проста за сам факт існавання? Раней у мяне на старонцы была рубрыка, дзе я агучвала і высмейвала такія каментары. Яны вельмі добра набіралі прагляды. Цяпер мне абсалютна ўсё адно, і я амаль ніколі не адказваю.
— Як ты спраўляешся з эмацыйным бокам блога?
— Спачатку ў мяне былі адкрытыя асабістыя паведамленні ў TikTok, і мне маглі пісаць абсалютна ўсе. Мне вельмі часта пісалі з прапановамі пазнаёміцца, хоць я вяду блог пра свае адносіны. Гэта адчувалася так, быццам да мяне дадому прыйшлі з няпрошанай прапановай.
Я закрыла асабістыя паведамленні, і цяпер у асноўным у каментарах пішуць толькі добрае: што мы з Кацяй класныя, што ў нас крутыя адносіны. Я заўсёды рэагую на гэта з усмешкай. Без такіх каментароў я, напэўна, закінула б блог праз тры гадзіны. А на хэйт мне ўсё адно.
— Што ты хочаш данесці сваім блогам? У цябе ёсць пэўная мэта?
— Мая першапачатковая мэта — ствараць якасную рэпрэзентацыю wlw-пар. Я ўспамінаю сябе ў 21 і тое, як мяне шакавала, што мне падабаюцца жанчыны. І я захацела, каб людзі бачылі: такія адносіны існуюць, мы — звычайная пара. Мне хацелася нармалізаваць гэта ў грамадстве, каб такія пары, як наша, не выглядалі «асаблівымі».
Акрамя таго, у грамадстве дагэтуль лесбіянак часта ўяўляюць вельмі маскуліннымі, з кароткімі валасамі і без касметыкі. Нават у XXI стагоддзі людзі так думаюць! І мне таксама было важна змяніць гэты стэрэатып і данесці, што кожная жанчына можа выглядаць так, як ёй падабаецца. Я проста не хачу, каб грамадства ўспрымала лесбіянак шаблонна.

«Ніколі не прымушаю»: пра сумесную публічнасць
— Твая дзяўчына адразу была не супраць здымацца? Ці прыйшлося ўгаворваць?
— Звычайна я дагэтуль удакладняю ў Каці, ці можна выкласці нейкае фота, ці можна расказаць нейкую гісторыю пра нас. Яна ніколі не супраць, але я ўсё роўна пытаюся.
Каця не заўсёды хоча здымацца ў блогу, і я гэта выдатна разумею і паважаю: калі ў яе няма жадання — гэта абсалютна нармальна. Нядаўна я хацела зняць з ёй трэнд, але яна не захацела, а я ніколі не прымушаю. З таго часу, як у нас з’явіўся YouTube, яна часам сама нешта здымае, нават калі я не прашу. Доўгі час я адна была ініцыятаркай нешта зняць, а цяпер Каця таксама прыдумляе класныя ідэі, уносіць геніяльныя праўкі ў мантажы, якія я б не заўважыла.
— А ці абмяркоўвалі вы межы: што можна паказваць, а што не?
— Мне здаецца, я сама больш вызначаю межы, чым Каця. Напрыклад, у мяне быў жорсткі загон, што нельга паказваць від з акна. Каця значна прасцей да гэтага ставіцца, а ў мяне была параноя. А ў цэлым мы нібыта аднолькава адчуваем межы — што хочам расказваць, а што не.
— Сумесныя здымкі вас збліжаюць?
— Мне вельмі падабаецца, што мы робім нешта творчае разам. Напрыклад, як выглядае мантаж: я мантую блог, але перад тым як яго выкласці, мы з Кацяй разам яго праглядаем, уносім праўкі. І я часта выступаю як «працоўныя рукі», пакуль яна прапануе класныя ідэі, які эфект дадаць і гэтак далей.
Часам Кацю раздражняе, што я здымаю, бо я магу здымаць цэлыя суткі, і мяне гэта не стамляе. У нейкіх паездках я здымаю кожны крок, бо разумею, што потым буду мантціраваць влог, а Каця ўжо такая: «Калі мы перастанем здымаць? Я ўжо хачу проста гуляць». У нас бываюць такія моманты.
«Навучылася максімальнаму пафігізму»: як блог уплывае на самаадчуванне
— Дзе ў цябе праходзіць мяжа паміж «дзялюся» і «занадта асабістае»?
— У момант сваркі я настолькі сканцэнтраваная на Каці, што мне зусім не да кантэнту. І я дакладна не з тых людзей, хто паставіць камеру і будзе гэта запісваць. Гэта адназначна асабістае.
Напэўна, мне хочацца дзяліцца толькі добрым, хаця я і разумею, што гэта можа скажаць рэальнасць. Я часта кажу ў блогу, што мы паказваем не ўсё наша жыццё, і бываюць крызісы, сваркі, праблемы. Некаторыя ўсё роўна ідэалізуюць нашу пару, але я стараюся хаця б словамі прагаварыць, што ў нас таксама не ўсё ідэальна.
— Як змянілася тваё жыццё з-за гэтай адкрытасці?
— Я навучылася максімальнаму пафігізму, стала значна больш упэўнена сябе адчуваць, спакойна гавару пра сваю арыентацыю. Мне стала ўсё адно на няпрошанае меркаванне або меркаванне, з якім я не згодная. Я яшчэ больш зацвердзілася ў сваёй пазіцыі.
— Ці быў калі-небудзь страх за сябе і сваю бяспеку з-за кантэнту, які ты публікуеш?
— У нас быў страх летась ісці на прайд, бо мы прыбраліся, былі ў бліскаўках — усё як трэба. Мы ішлі праз наш спальны раён, і было вельмі трывожна. Ішлі ледзь не подбегамтрусцой і марылі як мага хутчэй дайсці да метро. Усё ж Польшча — даволі гамафобная краіна, і раён у нас не новы, таму былі перажыванні за сваю бяспеку. А вось страху з-за блога, напэўна, няма.

— Ці адчуваеш ты сябе ў цэлым у бяспецы ў Варшаве як квір-чалавек?
— Хутчэй так, але гэта залежыць ад таго, у якія месцы я хаджу і з якімі людзьмі. На прайд ісці было страшна, але калі я ў кампаніі сяброў, то адчуваю сябе камфортна. У беларускіх месцах адчуваю сябе абсалютна камфортна, магу трымацца за руку. Увогуле на вуліцы мы заўсёды ходзім, трымаючыся за рукі.
— У далейшым вы хацелі б застацца ў Варшаве ці рухацца кудысьці далей?
— Гэта тэма, якую мы абмяркоўваем апошні год. Цяпер, здаецца, магчымыя нейкія змены ў легалізацыі аднаполых пар у Польшчы, і гэта важны крытэрый. Да гэтых змен мы на сто адсоткаў думалі пра пераезд, бо хочам сям’ю і дзяцей. Я ні пры якіх умовах не буду заводзіць дзяцей у Польшчы, улічваючы, якое тут стаўленне да абортаў і да квір-людзей. Тут мы не зможам быць дзвюма маці, а для мяне гэта прынцыпова важна, гэта пытанне бяспекі.
Паўгода мы кожны дзень думалі, куды пераехаць, але так нічога і не вырашылі. Цяпер мы не так часта пра гэта гаворым і думаем. Я ўжо перажыла эміграцыю, і нібытабыццам яшчэ адну перажываць не хачу. Але перспектыва пераехаць у менш гамафобную краіну мяне ўсё яшчэ вабіць.
Фота перадала гераіня прадастаўленыя гераіняй матэрыялу
Аўтарка: Martha K.



