«Давялося выбіраць паміж камфортам і праўдай». Гісторыя ўсведамлення сваёй негетэрасэксуальнасці

ІнклюзіяГендар
негетэрасэксуальнасць
5
(1)

* Імёны гераінь змененыя.

Часам самыя складаныя рашэнні ў жыцці даводзіцца прымаць не тады, калі ўсё кепска, а тады, калі ўсё нібы правільна. Сённяшняя гераіня — Ліза*, звычайная дзяўчына з Беларусі, якая апынулася ў незвычайнай сітуацыі. Яшчэ нядаўна яна будавала сямейнае жыццё з каханым мужчынам і была ўпэўненая, што ідзе правільным шляхам. Але праз год пасля вяселля Ліза сутыкнулася з пытаннямі, на якія доўгі час не адважвалася адказаць нават самой сабе. Сустрэча з іншай дзяўчынай прымусіла яе па-новаму зірнуць на свае пачуцці, адносіны і ўласную ідэнтычнасць. Мы пагаварылі з Лізай пра сітуацыю, якая змяніла яе жыццё, пра любоў да добрага чалавека, пра складанае рашэнне спыніць звыклае жыццё і пра тое, што адбываецца, калі шчырасць з сабой аказваецца важнейшай за страх перамен.

сэксуальная арыентацыя
Фота ілюстратыўнае: pawel szvmanski || unsplash.com 

Да шлюбу: сігналы, якіх я не заўважала

— Калі азірнуцца назад, ці былі ў тваім жыцці моманты, якія сведчылі пра тое, што табе падабаліся дзяўчаты?

— У школе я захаплялася дзяўчатамі значна мацней, чым мае сяброўкі, але тады мне здавалася, што гэта проста жаданне быць падобнай да іх. Я магла доўга глядзець на нейкую дзяўчыну, думаць пра яе, шукаць нагоду падысці. Але я ніколі не звязвала гэта з рамантычнай цікавасцю, бо нават не дапускала такой думкі. Калі расцеш у асяроддзі, дзе нармальна кахаць толькі хлопцаў, вельмі цяжка дакапацца да сваіх сапраўдных жаданняў.

— Ці былі дзяўчаты, да якіх цябе цягнула мацней, чым да звычайных сябровак?

— На першым курсе ўніверсітэта ў мяне з’явілася сяброўка, з якой хацелася бавіць увесь вольны час. Я вельмі чакала яе паведамленняў, засмучалася, калі яна выбірала бавіць час з кімсьці іншым, і пастаянна спрабавала прыцягнуць яе ўвагу. Тады мне здавалася, што гэта проста сяброўская рэўнасць, бо ва ўніверсітэце ў мяне было не так шмат сяброў. Але пазней я абмяркоўвала гэта з псіхолагам і цяпер разумею, што гэта было больш падобна да закаханасці, чым да сяброўства.

— Калі ты ўпершыню задумалася пра сваю сэксуальную арыентацыю і што тады адчула?

— Напэўна, упершыню гэтая думка прыйшла мне ў галаву гадоў у дваццаць, але яна здалася мне чымсьці абсалютна недарэчным. Як і ў большасці людзей, якія мала ведалі пра гэтую тэму, у мяне быў стэрэатып, што лесбіянка — гэта абавязкова мужападобная жанчына з татуіроўкамі, кароткай стрыжкай і ўсім такім. Я ніколі не цікавілася квір-супольнасцю і была вельмі далёкая ад усяго гэтага, таму была ўпэўненая, што мяне гэта ніяк не датычыць. Але аднойчы я натрапіла ў інстаграме на допіс дзяўчыны, якая расказвала пра сябе і пра тое, як яна ўсвядоміла сваю ідэнтычнасць. Мне нават стала крыху няёмка, бо яна нібыта апісвала мае ўласныя думкі.

Але я добра ведаю сябе: я чалавек, які лёгка паддаецца ўплыву. Мне дастаткова паглядзець фільм пра танцы — і я ўжо загараюся ідэяй прысвяціць гэтаму жыццё. Таму тады я спісала ўсё на сваю эмацыйнасць і вырашыла пастарацца больш пра гэта не думаць. Як на зло, у стужцы стала трапляцца ўсё больш допісаў, якія нагадвалі пра праблему, пра якую я не хацела думаць. Я хадзіла на спатканні з хлопцамі, на вучобе ўсё было добра, і мне вельмі не хацелася падрабязна капацца ў гэтай тэме. Напэўна, я думала, што калі ўпарта ігнараваць свае перажыванні, то яны самі сабой знікнуць.

— Чаму, як табе здаецца, ты так доўга не дазваляла сабе сур’ёзна разглядаць гэтую частку сваёй асобы?

— Таму што ўсё незнаёмае палохае. Мне здаецца, нават чалавечыя інстынкты падказваюць, што вылучацца са статку небяспечна. Я ніколі не любіла быць у цэнтры ўвагі і вырознівацца, а гэта дакладна выбіла б мяне са звыклай зоны камфорту. Да таго ж я вырасла ў даволі звычайнай сям’і, дзе пра такія рэчы ніколі не гаварылі. Мне хацелася быць як усе, і мне заўсёды гэта ўдавалася. Нават калі з’яўляліся сумневы, я старалася знаходзіць ім іншыя тлумачэнні, бо праўда палохала мяне значна больш.

— Якім было тваё асабістае жыццё да знаёмства з будучым мужам?

— У мяне былі адносіны з мужчынамі, але ніводныя з іх не былі па-сапраўднаму сур’ёзнымі. Я закохвалася, мне падабалася ўвага, падабалася рамантыка, але таго самага кахання, пра якое здымаюць фільмы, я ніколі не адчувала. Ніякіх матылькоў у жываце, рэўнасці — нічога такога. Тады я думала, што проста яшчэ не сустрэла «свайго» чалавека. І калі ў дваццаць тры гады пазнаёмілася са сваім будучым мужам, мне падалося, што нарэшце знайшла тое, што так доўга шукала.

Мужчына, за якога хацелася выйсці замуж

Як ты пазнаёмілася з будучым мужам і чым ён цябе прывабіў?

— Мы сустрэліся на дні нараджэння агульнай сяброўкі. Проста разгаварыліся, прасядзелі ўвесь вечар разам. З самага пачатку ў нас усё было проста, камфортна і без праблем, хоць іскраў і матылькоў не было таксама. Мая мама заўсёды казала, што каханне — гэта спакой, а не шалёныя эмоцыі. І гэта менавіта тое, што мяне зачапіла: як спакойна і ўпэўнена я адчувала сябе побач з ім. Я нібыта была ў бяспецы. Ён быў уважлівым, клапатлівым і вельмі шчырым чалавекам. Побач з ім не трэба было нікім прыкідвацца. Я магла жартаваць свае саркастычныя жарты, прыходзіць на сустрэчы без касметыкі і ведаць, што ён нічога ад мяне не чакае. Ён не чакае, што я заўсёды буду ідэальнай, з укладкай, на абцасах і ў добрым настроі.

За што ты яго палюбіла?

— За яго дабрыню. Гэта першае, што прыходзіць мне ў галаву. Ён быў супрацьлегласцю майго ўяўлення пра мужчын, і мне гэта падабалася. Качкі, якія днямі глядзяць футбол і ціснуць патрыярхатам ды маскуліннасцю, — гэта не для мяне. Ён быў мяккім, добрым, даваў мне праяўляцца, нічога не забараняў. З ім было надзейна і лёгка, і ў нейкі момант мне стала здавацца, што менавіта так і павінна выглядаць сапраўднае каханне. У чымсьці я дагэтуль так лічу.

Ці былі ў цябе сумневы перад вяселлем, нават калі тады ты не магла іх патлумачыць?

— Калі шчыра, так. Цяпер мне лёгка гэта прызнаць, але тады я не магла зразумець, адкуль яны бяруцца. Часам мяне накрывала дзіўная трывога, і я лавіла сябе на думцы: «А раптам я раблю памылку? А раптам занадта рана? А раптам развядземся?» Але я думала, што гэта звычайны страх перад такім сур’ёзным крокам. Усе навокал казалі, што сумневы перад вяселлем — гэта нармальна, і я імкнулася верыць у гэта.

Яшчэ адзін момант: у нас ніколі не было шалёнай страсці, але тады мяне гэта асабліва не хвалявала. У мяне не такое высокае лібіда, у яго таксама, гэта не выглядала як праблема. Але калі я сказала пра гэта сваёй блізкай сяброўцы, яна вельмі здзівілася і сказала, што хоча свайго хлопца ледзь не пастаянна. А мне гэта было нібыта не так цікава. Цела і праўда ўсё адчувае.

Якой ты ўяўляла ваша сямейнае жыццё, калі казала «так»?

— Спакойным. Я ўяўляла наш дом, сумесныя падарожжы, святы з сям’ёй, магчыма, дзяцей у будучыні. Мне здавалася, што я стаю ў пачатку доўгай і прыгожай гісторыі. Што дробязі, якія мяне хвалююць, не будуць мець значэння гадоў праз пяць. І што многія мараць пра тое, што ёсць у мяне.

прымусовая гетэрасэксуальнасць
Фота ілюстратыўнае: pawel szvmanski || unsplash.com

Праўда, ад якой больш нельга было ўцякаць 

Раскажы пра дзяўчыну, пасля сустрэчы з якой ты пачала глядзець на сябе і сваё жыццё інакш.

— Для мяне гэта была шалёная гісторыя. Я вельмі люблю падарожнічаць і марыла кудысьці выбрацца, але мой муж шмат працаваў і проста не мог паехаць. І тады я знайшла паездку, куды едуць з незнаёмцамі. Гэта было падарожжа з іншымі людзьмі, у якіх няма кампаніі або якія не хочуць ехаць адны. Там мы і пазнаёміліся. У нас увогуле была вельмі класная кампанія, усе пасябравалі з самага пачатку. Але Насця* адрознівалася: прыгожая, яскравая, жывая. Першае, што мяне зачапіла, — яе энергія. Яна была за любы варушняк, любую экскурсію, любую ідэю. Я хацела паехаць у вінаграднік на дэгустацыю він, але маю ідэю не асабліва падтрымалі ў кампаніі, затое Насця сказала: «Паехалі!»

Што здарылася ў гэтай паездцы?

— Мы выпілі, разгаварыліся і проста выдатна правялі час. Гэта тое пачуццё, калі табе здаецца, нібыта ты ведаеш чалавека ўсё жыццё. У той жа вечар яна сказала, што ёй падабаюцца дзяўчаты, але гэта было не ў кантэксце мяне. Проста мы абмяркоўвалі былых і яна сказала пра дзяўчыну. Тады я адразу ж зачапілася за гэтую думку, і нават узрадавалася. Памятаю, я тады паўночы не спала, усё думала пра гэтую размову. Увесь адпачынак мы правялі разам. У нас нічога не было: мы не спалі і не цалаваліся. Але ўжо тады я дакладна ведала, што проста паездкай справа не скончыцца.

У які момант ты зразумела, што вашы адносіны — гэта не проста сяброўства?

— Калі мы вярнуліся дадому, то працягнулі камунікаваць. У нас з’явіліся свае месцы, свае жарты, нейкі свой свет. Памятаю, муж тады вельмі радаваўся, што я, нарэшце, знайшла сабе блізкую сяброўку. Але мне хацелася праводзіць з Насцяй больш часу, чым з ім. І я стала заўважаць, што мне ўжо не так цікава ведаць, што там у яго адбываецца на працы, ці паедзем мы ў адпачынак разам, ці сходзім у кавярню, пра якую я казала. Мае думкі былі занятыя зусім іншым чалавекам.

Хто першая прызналася ў пачуццях?

— Гэта быў вельмі цяжкі момант. Аднойчы ўвечары, праз паўгода пасля знаёмства, Насця запрасіла мяне ў бар, дзе паводзіла сябе не так, як звычайна. Проста штосьці было не так. У той вечар яна сказала, што наша сяброўства трэба канчаць. У мяне тады аж сэрца ў пяткі сышло, бо гэта было літаральна з ніадкуль. Я спытала, у чым рэч. І тады яна сказала: «Памятаеш, я казала, што мне падабаюцца дзяўчаты? Дык вось, ужо вельмі доўгі час мне падабаешся ты». Потым яна дадала, што ў курсе, што ў мяне ёсць муж, што я не адкажу ўзаемнасцю, а проста сябраваць са мной будзе вельмі балюча.

Я была ў шоку і не думала, што такое ўвогуле магчыма. Яна пайшла, і я яе не спыніла, нічога не зрабіла. Мы не камунікавалі два тыдні, і я ніколі не адчувала сябе так пагана за ўсё сваё жыццё. Мне не хацелася размаўляць ні з кім, акрамя яе, не хацелася ні з кім дзяліцца. Увогуле нічога не хацелася. І ўжо тады я пачала разумець, што гэта адчуваецца як расстанне з партнёрам, хоць мы ніколі не былі разам.

Хто першая выйшла на сувязь? Што вы вырашылі тады?

— У той дзень, калі я ўжо была гатовая патэлефанаваць, яна напісала, што яе бабуля ў бальніцы. А гэта тая сітуацыя, калі бабуля — ледзь не найбольш блізкі чалавек. І я зразумела, што патрэбная ёй, што прыехаць зараз важней, чым разбірацца ў нашай сітуацыі. І я прыехала. А калі ўбачыла Насцю, зразумела, што ніколі больш не хачу яе пакідаць, ніколі больш не хачу бачыць яе ў такім стане. І думка, што я прынесла ёй шмат болю, забівала мяне. Бабуля адужала, але мяне вельмі моцна трыгернула гэтая сітуацыя. Што жыццё можа абарвацца вось так, а ты ніколі і не жыў толкам. І я ведала, што зараз я або сутыкнуся са сваімі думкамі і страхамі, або назаўжды яе страчу.

Што было самым складаным ва ўсведамленні сваіх пачуццяў да яе?

— Прызнаць, што гэта пачуцці сапраўдныя. Што гэта не прыкол, не ўплыў інстаграма, што я не заблыталася, а, хутчэй, наадварот. Я вельмі доўга спрабавала знайсці іншае тлумачэнне. Казала сабе, што проста захапляюся ёй, што мне проста падабаецца быць побач з ёй, што я ўсё прыдумляю. А яшчэ было складана прызнаць, што жыццё не будзе ранейшым, што прыйдзецца шмат што мяняць, і быць нябачнай ужо не атрымаецца.

Што ў той перыяд адбывалася ўнутры цябе?

— Гэта быў поўны кашмар. Мне трэба было пагаварыць з ёй, расказаць усё мужу, але ў галаве было столькі пытанняў. Мне цяпер разводзіцца? Мы з ёй будзем разам? А што, калі расстанемся? А як увогуле быць з дзяўчынай? А калі я не змагу? А калі я памыляюся? Няўжо я разбуру сям’ю? А мае бацькі? Гэта было жахліва. Я па-свойму любіла мужа, паважала яго і разумела, што раблю яму балюча. Мяне мучыла пачуццё віны, бо ён не зрабіў нічога дрэннага. Ні разу не падвёў мяне, ні разу не расчараваў. Мне прыйшлося выбіраць паміж камфортам і праўдай.

кампульсіўная гетэрасэксуальнасць
Фота ілюстратыўнае: pawel szvmanski || unsplash.com

Цана сумленнасці: развод і жыццё пасля 

Як прайшла размова, у якой ты расказала мужу пра тое, што з табой адбываецца?

— Напэўна, гэта была найбольш цяжкая размова ў маім жыцці. Нават цяжэйшая за размову з Насцяй пра мае пачуцці. Я вельмі доўга адкладала яе, бо разумела, наколькі балюча яму будзе гэта пачуць. Па-мойму, я адразу і сказала, што мне ўжо доўгі час падабаецца дзяўчына. Нават больш, чым падабаецца. І яго першая рэакцыя адразу была: «Насця?» 

Я расказала яму пра свае пачуцці, пра тое, што ўжо некалькі месяцаў спрабую разабрацца ў сабе і што больш не магу рабіць выгляд, нібыта нічога не адбываецца. Ён ні ў чым мяне не абвінавачваў, нават не падвысіў голас. Мы прагаварылі ўсю ноч і ў выніку зразумелі, што заўсёды былі больш сябрамі, чым суперзакаханай парай.

Як вы прыйшлі да рашэння пра развод?

— Мы прынялі гэтае рашэнне адразу, той жа ноччу. Марнаваць час на выпраўленне таго, што немагчыма выправіць, — гэта, мякка кажучы, недарэчна. Гэта ж не проста крызіс у шлюбе. Мы вырашылі паспрабаваць застацца сябрамі, але ён сказаў, што не можа нічога абяцаць, і я гэта разумею.

Што ты адчувала да мужа ў той момант?

— Вельмі шмат любові і ўдзячнасці за тое, што не засароміў мяне, што не пасмяяўся, што зразумеў. Але мне было жудасна шкада, што чалавек, які заўсёды быў побач і не зрабіў нічога кепскага, апынуўся ў такой сітуацыі, і я адчувала велізарную віну перад ім. Аднак разам з тым рацыянальна разумела, што і сябе вінаваціць дзіўна. Як я магу вінаваціць сябе за штосьці, чаго сама пра сябе не ведала? Я ўпэўненая, што ён знойдзе чалавека, які зможа пакахаць яго так, як ён заслугоўвае.

Што змянілася ў тваім жыцці пасля таго, як рашэнне было прынятае?

— Першым часам мне здавалася, што жыццё проста развалілася на часткі. Знікла адчуванне стабільнасці, якое я так шукала. З’явілася шмат страхаў, няўпэўненасці, сумневаў. Але разам з тым з’явілася дзіўнае пачуццё палёгкі. Цяпер я магла быць з Насцяй, і тут усё складвалася выдатна. Упершыню ў жыцці я зразумела, што такое сапраўдная жарсць, упершыню адчула, пра што тады казала мая сяброўка. Было шмат новага, але яно адчувалася правільным. Мне яшчэ шмат чаго трэба даведацца пра сябе, але я ведаю, што зараз дакладна на правільным шляху.

Што б ты хацела сказаць людзям у падобнай сітуацыі?

— Не ігнаруйце сябе. Старайцеся зразумець сябе. Не атрымліваецца — паспрабуйце пагаварыць з псіхолагам або чалавекам, якому давяраеце. Не ўцякайце ад сябе толькі таму, што праўда палохае. Яна і вызваляе таксама.


Аўтарка: Martha K. 

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 1

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць