Эйджызм, то-бок дыскрымінацыя на падставе ўзросту, застаецца адной з самых распаўсюджаных праблем на рынку працы, але гісторыі пра гэта часта замятаюць пад дыванок. З эйджызмам сутыкаюцца ўжо пасля 30 гадоў, а далей ціск толькі ўзмацняецца: магчымасцяў становіцца менш, а патрабаванняў — больш. Але і да 30 бывае няпроста: маладыя спецыяліст_кі кажуць, што ім увесь час даводзіцца даказваць сваю кампетэнтнасць і права на магчымасці, бо нехта лічыць, што ім «яшчэ рана».
«ІншыЯ» пагутарылі з дзвюма беларускамі, якія сутыкнуліся з эйджызмам на працы ў розным узросце — пасля 40 і ў 20+. Іх досвед паказвае, як па-рознаму, але аднолькава несправядліва можа працаваць узроставая дыскрымінацыя.
Чытаць артыкул у Беларусі без VPN«На пасаду адміністратара мяне не прымалі менавіта праз узрост»
Пяць гадоў таму, пасля разводу з мужам, Ніна* вярнулася ў Беларусь і праз некаторы час пачала шукаць працу, бо разумела, што трэба нанова ўладкоўваць жыццё і фінансавую стабільнасць. На той момант ёй было 43 гады, і яна даволі актыўна цікавілася рознымі магчымасцямі працаўладкавання.
«Я разглядала вакансіі адміністратаркі гатэлю ці лякарні, уважліва праглядала аб’явы і спрабавала ацаніць свае шанцы, але ва ўсіх прапановах, якія я бачыла, былі абмежаванні па ўзросце: патрабаваліся супрацоўнікі да 30 гадоў. Нягледзячы на тое што ў гатэльным бізнесе важным крытэрыем з’яўляецца веданне замежных моў (а я добра ведаю ангельскую і магу размаўляць па-нямецку), на пасаду адміністратара мяне не прымалі менавіта праз узрост, без асаблівага ўліку іншых маіх навыкаў і досведу», — згадвае Ніна.
У выніку, не маючы іншых варыянтаў, спачатку яна пайшла працаваць у пакаёўкі (прыбірала і абслугоўвала нумары), хоць гэта не зусім адпавядала яе чаканням і магчымасцям. Пры гэтым ейныя каляжанкі-адміністратаркі заўсёды выклікалі яе, калі трэба было паразмаўляць з іншаземцамі, бо ейныя моўныя навыкі аказваліся канкурэнтнымі.
«Толькі пабачыўшы гэта на ўласныя вочы і ацаніўшы сітуацыю, наш кіраўнік нарэшце даў мне гэтую адміністратарскую пасаду», — кажа яна, адзначаючы, што гэта адбылося не адразу, а праз пэўны час.
Ніна прызнаецца, што адчувала сябе няёмка і крыўдна, бо фактычна павінна была працаваць на ніжэйшай ступені толькі праз узрост: кваліфікацыя і веды ў такіх сітуацыях часам не маюць ніякага значэння або проста ігнаруюцца.

«Але, калі шчыра, то мне яшчэ пашчасціла. Я ведаю шмат прыкладаў, калі мае знаёмыя ў Беларусі ўвогуле не маглі знайсці працу па спецыяльнасці пасля 40 гадоў, і ім прапаноўвалі толькі нізкакваліфікаваныя вакансіі без перспектыў росту. Але я думаю, што і маладым таксама вельмі цяжка знайсці працу, асабліва калі няма дастатковага досведу ці патрэбных сувязей», — разважае беларуска, параўноўваючы розныя сітуацыі.
Паводле ейнага меркавання, у краінах Еўразвяза цяжкасці з працаўладкаваннем часцей звязаныя не столькі з узростам, колькі з моўным бар’ерам і неабходнасцю адаптавацца да новага асяроддзя. Ніна цяпер жыве ў Польшчы і назірае, што жанчыны пенсійнага ўзросту там даволі часта працаўладкаваныя і ў цэлым да іх ставяцца з павагай і разуменнем.
«Мне на працы неяк сказалі, што я маю вялікі патэнцыял — а мне ўжо праз пару гадоў 50!» — адзначае Ніна, успрымаючы гэта як важную ацэнку свайго досведу і магчымасцяў.
«Загадзя думалі, што я не спраўлюся»
У Марыі* была адваротная сітуацыя: яе абмяжоўвалі ў прафесійных магчымасцях праз «надта малады» ўзрост. У той перыяд яна яшчэ не да канца асэнсоўвала, што гэта таксама могуць быць праявы эйджызму.
«На адной з прац мне проста не давалі нешта зрабіць, бо загадзя думалі, што я не спраўлюся, бо занадта маладая. А як я ўвогуле магла навучыцца чамусьці, калі мне не давалі нават паспрабаваць?» — задаецца пытаннем Марыя.
Аднойчы яна праявіла ініцыятыву і прапанавала арганізаваць невялікае мерапрыемства, якое, на яе думку, было цалкам рэалістычным і пасільным.
«Кіраўнік адказаў даволі катэгарычна: “Ты не зможаш, бо яшчэ маладая і зялёная — і нават калі мы загадзя падрыхтуемся разам, ты не зробіш гэта так, як іншы супрацоўнік 35+”. А мне на той момант было дзесьці 22–23 гады», — успамінае яна.
Марыя адзначае, што падобныя сітуацыі адбываліся ў калектывах, дзе працавалі беларусы і беларускі (хоць гэта ўжо было па-за межамі Беларусі). З замежнымі працадаўцамі ў яе такіх выпадкаў не здаралася. Дзяўчына згадвае і сітуацыю па-за працай, якая таксама яе зачапіла:
«Неяк мы былі ў кампаніі мужчыны, якому за 50, і закранулі тэму вядзення бізнесу. Я задавала пытанні, хацела разабрацца, але ён пачаў адказваць у даволі абясцэньвальнай манеры: “Што ты можаш ведаць, калі табе толькі 24 гады?” Я разумею, што ў мяне сапраўды не такі вялікі жыццёвы досвед, але ёсць тэмы, у якіх я не разбіраюся не праз узрост, а таму што гэта проста не мая прафесійная сфера ці зона глыбокай цікавасці», — тлумачыць Марыя.
Яна прызнаецца, што ў такія моманты адчувала сум і расчараванне, але з часам выпрацавала для сябе пэўную стратэгію паводзінаў.
«У выніку я або сыходзіла з працы і рэалізоўвала задуманае ўжо ў іншым месцы, або проста пераставала камунікаваць з людзьмі, якія дазвалялі сабе такія паводзіны», — кажа яна.

Разважаючы пра прычыны такіх паводзінаў, Марыя спрабуе глядзець на сітуацыю шырэй і не зводзіць усё да асабістых канфліктаў.
«Магчыма, людзі сапраўды не верылі ў мяне і думалі, што нехта іншы зробіць лепш. А можа, хтосьці баіцца, што маладыя людзі з часам могуць іх замяніць», — разважае яна.
Таксама дзяўчыну юшыць, калі старэйшыя людзі абясцэньваюць яе праблемы і жыццёвыя сітуацыі, кажучы нешта кшталту: «Ой, ну ты маладая, у цябе ўсё наперадзе, ты павінна горы варочаць, у цябе ж усё цудоўна!»
«Але што значыць “усё наперадзе”? Людзі сутыкаюцца з рознымі цяжкасцямі ў розным узросце, і гэта не робіць гэтыя цяжкасці менш рэальнымі, — кажа яна. — Я таксама прайшла і праз рэпрэсіі, і праз эміграцыю, і шмат чаго давялося перажыць. Мне таксама бывае складана знайсці працу і проста цягнуць гэтае жыццё, як і многім іншым, незалежна ад узросту», — падсумоўвае яна.
Афіцыйна эйджызм у найме забаронены, а што на практыцы?
Афіцыйна ў Беларусі ўжо даўно забароненая дыскрымінацыя паводле ўзросту пры працаўладкаванні, а пару гадоў таму забарона пазначаць узрост закранула і апісанне вакансій. Але на практыцы, на жаль, стэрэатыпы перашкаджаюць рынку з абодвух бакоў.
Як піша выданне probusiness.io са спасылкай на апытанне партала rabota.by, у 2024 годзе 53% апытаных працадаўцаў прызналіся, што адмаўлялі ў працаўладкаванні людзям праз іх узрост. 64% з апытаных спашукальніц і спашукальнікаў лічаць, што дыскрымінацыя паводле ўзросту пры працаўладкаванні ў Беларусі існуе. У 80% выпадкаў людзей не бралі на працу праз сталейшы ўзрост, у 12% — праз маладосць.
Паводле досведу эксперткі ў сферы рэкрутынгу, з якой паразмаўляла выданне, эйджызм распаўсюджаны ў сферах, дзе вялікае значэнне надаецца вонкаваму выгляду і фізічнай актыўнасці — напрыклад, у індустрыі забаў і спорту. «Важна адзначыць, што эйджызм можа праяўляцца не толькі ў адносінах да спецыялістаў сталейшага веку, але і да маладых, якім часта адмаўляюць у магчымасці займаць кіраўнічыя пасады з-за меркаванняў пра недахоп досведу», — пракаментавала сітуацыю дырэктарка рэкрутынгавага агенцтва Надзея Губанава.
Тым часам кар’ерныя кансультанты, наадварот, раяць кампаніям наймаць супрацоўніц і супрацоўнікаў рознага ўзросту, што дапамагае збалансаванасці і ўстойлівасці бізнесу. «Максімум можна атрымаць, ствараючы змешаныя калектывы, у якіх старэйшыя супрацоўнікі могуць падзяліцца досведам і разумна ацаніць рызыкі, а больш маладыя — прапанаваць новыя і нестандартныя рашэнні», — адзначае ў інтэрв’ю выданню Onliner кар’ерны коўч Дзяніс Патрубейка.
У той жа час важна адзначыць, што праблема мае глабальны характар: на гэта актыўна звяртае ўвагу ААН і прапануе метады барацьбы з эйджызмам. На думку экспертак і экспертаў арганізацыі, узроставыя стэрэатыпы прыводзяць да эканамічных страт у дзясяткі мільярдаў долараў. «Каб перамагчы прадузятасці, звязаныя з узростам, эксперты прапануюць распрацоўваць і прымаць комплексныя меры, у тым ліку ўносіць змены ў заканадаўства, асветніцкую працу з насельніцтвам і ўмацаванне ўзаемадзеяння паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў», — гаворыцца на сайце ААН.
* Імёны і некаторыя дэталі гісторый змененыя з мэтай бяспекі суразмоўніц.
Аўтарка: Мадам Цімкевіч



