На носе — восень, час кінапраглядаў, і таму мы вырашылі падзяліцца з табой фільмамі, якія дапамагаюць зазірнуць у сусветы іншых людзей, адчуць эмпатыю і знайсці тэмы для глыбокіх размоваў (а можа, і дыскусій) з блізкімі.
Паводле свежага даследавання GLAAD, буйныя кінастудыі ўсё радзей уводзяць у свае праекты персанажа_к — ЛГБТК+. Не думаем, што з іншымі «нябольшасцямі» справы ідуць лепш, і гэта шмат кажа пра наш час, бо безумоўна важна, хто атрымлівае права быць галоўнымі гер_аінямі і распавядаць свае гісторыі. Але важна і тое, каб «інклюзіўныя» гер_аіні выяўляліся складанымі, супярэчлівымі, цікавымі людзьмі, а не проста «прадстаўні_цамі» пэўнай групы, якіх прыдумалі для галачкі. Фільмы з нашай падборкі — узоры шчыра зробленай працы, калі пра важныя рэчы размаўляюць мовай пачуццяў і дзеяння, а не адукацыйнымі метадычкамі.
«Іншы чалавек», 2024
Галоўны герой Эдвард мае нейрафібраматоз і выконвае ў кіно ролі, да якіх пасуюць адметнасці яго знешнасці. Калі Эдвард пачынае адчуваць нешта да сваёй новай суседкі, яму выпадае шанец прайсці эксперыментальную медыцынскую працэдуру, якая дасць яму больш «стандартнае» аблічча. Цяпер Эдвард даволі прывабны для жанчын і кліентаў на яго новай працы. Але ці дасягне ён свайго шчасця? Праблема была ў яго твары ці ў тым, як яго ўспрымалі? Класнае кіно, каб паразважаць пра тое, як глядзіць на нас грамадства і што мы самі бачым у люстэрку. Адну з ключавых роляў у фільме бліскуча выконвае артыст з нейрафібраматозам — Адам Пірсан.
«Анімаванае жыццё», 2016
Вельмі кемлівы хлопчык Оўэн у тры гады пакрысе развучваецца размаўляць, выказваць эмоцыі і будаваць зносіны з людзьмі навокал. Пасля даследаванняў лекары вызначаюць, што ў хлопчыка рэгрэсіўны аўтызм. Ідзе час, сям’я паволі страчвае надзею на вяртанне Оўэна ў застольныя размовы, але зусім выпадкова адкрываецца ўнікальны спосаб зносін з сынам — бацька знаходзіць «тэлепорт» у сусветы дыснэеўскай класікі, ад якой Оўэн у захапленні. Гер_аіні казак становяцца правадні_цамі ў рэальнасць і магчымасцю вытлумачыць, што ў цябе на душы.
«Я б дала табе выспятка, калі б магла», 2024
Псіхатэрапеўтка Лінда выснажаная доглядам дачкі, якая пакутуе ад педыятрычнага разладу харчовых паводзінаў. Ноччу дачку трэба карміць праз гастранамічную трубку, а днём сачыць за тым, каб дзяўчынка з’ядала дастаткова для аднаўлення і росту. Муж-бацька недзе за краем свету, а на дом тым часам абрынаецца катастрофа — патоп праз дзірку ў столі. За ролю Лінды ў гэтым незвычайным і нязручным кіно Роўз Бірн атрымала «Срэбнага мядзведзя» і была намінаваная на «Оскар». У яе фенаменальна выйшла перадаць бясконцую матчыну стомленасць ад жыцця і разам з тым — даць глядачкам і гледачам запамінальны ўрок эмпатыі.
«Хлопцы з “Нікеля”», 2024
Героі — два хлопцы-афраамерыканцы — адбываюць пакаранне ў папраўчай школе з вельмі жорсткімі парадкамі, дзе нічога добрага іх не чакае. Рэжысёр падыходзіць да тэмы расізму па-новаму, ён не баіцца смелага эксперыменту і робіць кіно амаль цалкам у фармаце POV, то-бок мы глядзім на свет вакол ад першай асобы (і асоба гэтая мяняецца: то адзін герой, то другі). Аўтары зрабілі гэтую фармальную штуку так тонка, што зможаш адчуць пахі, смакі, тэмпературу, грыву каня, а галоўнае — усе эмоцыі. Фільм зняты па кніжцы, за якую Колсан Уайтхэд узяўся ў першы тэрмін Трампа. «Куды мы рухаемся як краіна» — вось у чым ён хацеў разабрацца.
«Я бачыў святло тэлевізара», 2024
Аднакласніца знаёміць Оўэна з таямнічым тэлешоу — бачаннем звышнатуральнага свету, які знаходзіцца пад іх уласным, і вось рэальнасць вакол Оўэна пачынае надломвацца. Гэты фільм адзначаны шматлікімі кіназнаўцамі як трапная спроба перадаць досвед маргіналізаванай квір-ідэнтычнасці не ў лоб, а праз метафары, вобразы, намёкі. «Я бачыў святло тэлевізара» — літаральна пра тое, як адчуваецца, калі ты жывеш «не сваё жыццё». І табе гэта не расказваюць, а паказваюць. Застаецца толькі адключыць галаву і зайсці ў гэты фільм з аголенай скурай.
«Прыходзьце паглядзець на мяне ў добрым святле», 2025
Дакументальнае кіно пра апошні год сумеснага жыцця вядомых у Амерыцы паэтак Андрэа Гібсан і Мэган Фэлі. Рэжысёр фіксуе гісторыю кахання на тле будучай страты: Гібсан дазнаецца, што хворая на рак, і разам з партнёркай Мэган яны даследуюць жыццё, каханне, смерць, праходзяць праз лекаванне, знаходзяць нагоды пасмяяцца, рыхтуюцца да канцэрта. Фільм сумны, але вельмі кранальны, чалавечны і дадае разумення, як быць побач з тым_той, хто можа сысці ў іншы свет, але вы разам жывіцеся надзеяй.
«Summer Qamp», 2023
Гэты дакументальны фільм распавядае пра незвычайны лагер fYrefly у Канадзе. У яго запрашаюць выключна квір-, небінарных і трансгендарных падлеткаў, каб яны маглі адчуць сябе ў бяспецы і пабыць проста дзецьмі ў прасторы прыняцця. У лагеры працуюць эксперт_кі, якія могуць зразумець іх досвед і, вядома, дапамогуць прыгатаваць ідэальныя маршмэлаў — куды без таго! Госці лагера распавядаюць свае гісторыі, паціху адкрываюцца адно аднаму, і іх пакрысе звязваюць нябачныя, але такія моцныя нітачкі сяброўства.
«Уцёкі», 2021
Анімацыйны фільм па рэальнай гісторыі бежанца Аміна, які жыве ў Даніі і рыхтуецца пабрацца шлюбам са сваім партнёрам. У падлеткавым узросце ён разам з сям’ёй уцёк з Афганістана і толькі праз дваццаць гадоў адважыўся распавесці пра тое, што з ім адбывалася. У досведзе Аміна перакрыжоўваюцца розныя ўразлівасці: ён афганец, мігрант, чалавек, які перажыў гвалт, гей, які доўгі час быў вымушаны хаваць сваю сэксуальнасць. «Уцёкі» добра ілюструюць, як гэтыя рэчы ўплываюць адна на адну. І так, калі табе трэба выжыць, твая ідэнтычнасць можа адыходзіць на другі план, жыццё больш складанае, чым можна ўявіць.
«Прабач, дзетка», 2025
Галоўная гераіня Агнэс перажыла сэксуалізаваны гвалт, але злачынца — выкладчык яе каледжа — не быў пакараны. Агнэс пакутуе ад дэпрэсіі з суіцыдальнымі думкамі і вядзе пустэльніцкі лад жыцця. Стваральніцы фільма Ева Віктор з незвычайнага ракурсу падыходзяць да тэмы траўмы: сюжэт адыходзіць ад трывіяльнага спрашчэння «ахвяра і яе аднаўленне», глядачкам і гледачам дазваляюць зазірнуць у глыбіню, пабыць побач з чалавекам, які/якая жыве са сваім досведам далей. Пры гэтым кіно насычанае прыемным гумарам і ўражвае свежасцю інтанацый.
«Лэдзі», 2025
Адзінокая багатая арыстакратка запрашае ў свой палац кіношні_ц, каб тыя знімалі кіно пра кожны яе крок і чых. Вельмі хутка іх дзівацкая дакументальная праца прымае сюррэалістычны абарот: гаспадыня асабняку пачынае рабіцца нябачнай. «Лэдзі» ў лёгкім камедыйным стылі ўздымае пытанні эйджызму. На жаль, нават у самым прасунутым грамадстве пасля пэўнага ўзросту жанчын часцяком перастаюць заўважаць, іх думка ўжо не такая важная, іх прыхільнасці не варта дабівацца. Згадваецца крынжовы бюракратычны тэрмін «узрост дажыцця». Што рабіць, каб такіх тэрмінаў не існавала і цяперашні парадак рэчаў быў перакулены?
«Чатыры маці», 2024
Эдвард, пісьменнік-гей, абцяжараны клопатам пра сваю пажылую маці, нарэшце апынаецца на парозе літаратурнага поспеху: трэба толькі абавязкова выправіцца ў кніжны тур па Штатах. Аднак тут узнікае раптоўная перашкода: сябры Эдварда паляцелі тусіць у Іспанію, пакінуўшы на ягоным парозе (літаральна) сваіх матуль. Да кампаніі далучаецца яшчэ адна жанчына, і небараку Эдварду даводзіцца шукаць кампраміс за кампрамісам. Класны фільм пра праблемы сталага веку і выбудоўванне адносін, калі надыходзіць час пераглядаць ролі ў доме.
«Праект “Авэ Марыя”», 2026
Шматлікія фільмы пра іншапланетнікаў выяўляюць іх пагрозай чалавецтву: у іх «іншы» значыць «зло». Шчасце, што ўсё часцей з’яўляюцца альтэрнатыўныя гісторыі, як, напрыклад, «Мікі 17» ці «Праект “Авэ Марыя”», у якім адрознасць зусім не з’яўляецца прычынай, каб знішчыць адно аднаго. У «Авэ Марыя» школьны настаўнік мусіць аб’яднаць свае веды і ўменні са стварэннем, якое візуальна нагадвае камень, каб уратаваць Зямлю і родную планету «каменьчыка». Тое, што Грэйс і Рокі па-рознаму размаўляюць, харчуюцца, жартуюць і праяўляюць сваю сімпатыю, не мусіць стаць перашкодай. Кіно надзеі і добрага настрою. Можна, расчуліўшыся, пусціць слязу.
Аўтарка: МП



