«Я думала, гэта выказванне прыхільнасці. Але аказалася — трывожныя паводзіны». Гісторыі гадаванцаў і парады зоапсіхалагіні

Інклюзія
Гісторыі гадаванцаў і парады зоапсіхалагіні
5
(4)

Мы вучымся разумець сябе: ходзім на тэрапію, кажам пра трывожнасць, прызнаём, што псіхіка патрабуе клопату. Але калі гаворка заходзіць пра хатніх гадаванцаў, тэма ментальнага здароўя быццам знікае. Здаецца, што калі кот накормлены, а сабака выгуляны — значыць, усё ў парадку. Але трывога, стрэс, апатыя і іншыя «душэўныя перажыванні» бываюць і ў іх. 

Пра тое, што гэта так, а не выдумкі трывожных апекуноў і апякунак, кажуць факты: жывёлы маюць нервовую сістэму, гармоны, памяць, умоўныя рэфлексы і таксама востра рэагуюць на адзіноту, змены асяроддзя, траўму і страту.

У гэтым артыкуле аповед гераінь — Лены і Алены — пра іх гадаванцаў, якія сутыкнуліся з цяжкасцямі, а таксама меркаванне зоапсіхалагіні: як зразумець, што жывёле патрэбная дапамога, і як яе аказаць.

Сабака Меладзі: пошук бяспекі праз тактыльнасць і падманная цяжарнасць 

Лена знайшла Меладзі шчанюком на трасе — малую выкінулі, разлічваючы, што не выжыве, але яна здолела пратрымацца, паядаючы ўсё запар, нават недапалкі. 

Гэты досвед пакінуў след, і ў Меладзі замацаваўся механізм: каб пераканацца, што яна ў бяспецы, трэба атрымаць тактыльнае пацвярджэнне і доступ да ежы.

Стаўшы хатняй, Меладзі літаральна не адыходзіла ад Лены: прытулялася, абдымалася, патрабавала ўвагі і пацалункаў.

Лена расказвае: «Доўгі час я думала, што гэта асаблівасць яе характару, выказванне прыхільнасці. Але кінолаг растлумачыў, што гэта трывожныя паводзіны: так сабака правярае, ці ўсё ў парадку, ці прыняты ён, ці няма пагрозы. Гэта спроба пераканацца, што ён у бяспецы». 

Разумець гэтую розніцу важна: трывожныя паводзіны — гэта сігнал небяспекі, а не праява «асаблівай любові». Калі блытаць адно з іншым, лёгка замацаваць у сабакі хранічны стрэс замест таго, каб дапамагчы яму адчуць упэўненасць і спакой.

Потым у доме з’явіўся другі сабака — шчанюк Грэта. Меладзі сустрэла яе без запалу. Спачатку выглядала разгубленай, а праз пару месяцаў стала паводзіць сябе дзіўна: стала неактыўнай, перастала саскокваць з канапы, нібы нечага баялася. Лена прыгадвае:

Меладзі. Фатаграфія з асабістага архіва Лены

Я заўважыла, што ў яе павялічыліся малочныя залозы, і спалохалася. Паехала да ветэрынара — высветлілася, што ў Меладзі падманная цяжарнасць! У сабак гэта нярэдкая з’ява, асабліва калі побач з’яўляецца шчанюк. У іх абуджаецца мацярынскі інстынкт, запускаюцца фізіялагічныя змены, аж да лактацыі. Меладзі пачала паводзіць сябе як цяжарная: стала плаўнай у рухах, асцярожнай, трохі раздражнёнай і безуважлівай. Ветэрынар сказаў проста чакаць — і сапраўды, праз нейкі час усё прайшло.

Сабака Грэта: страх адзіноты і галоднае мінулае

Грэта — таксама гадаванка Лены. Яна патрапіла да Лены шчанюком, але да гэтага некалькі месяцаў жыла ў іншага чалавека, дзе і паспела атрымаць свае першыя траўмы. Лена прыгадвае:

Грэта панічна баялася заставацца адна. Варта мне было выйсці з пакою, яна пачынала істэрычна выць, быццам ёй робяць балюча. Я думаю, яе зачынялі дзесьці без ежы: у яе дагэтуль моцная фіксацыя на ежы, яна трасецца і глытае корм у адно імгненне, нібы баіцца, што яго адбяруць.

Нават прысутнасць другога сабакі не дапамагала — страх адзіноты заставаўся. Лена кансультавалася з кінолагам. Той патлумачыў, што такія траўмы можна змякчыць, але гэта патрабуе шмат часу і цярпення, і поўнага ацалення дамагчыся атрымліваецца не заўсёды. Але тое, чым можна і важна падтрымліваць сабаку, — гэта дрэсіроўка. Лена дзеліцца:

Грэта. Фотаздымак з асабістага архіва Лены

Калі заводзіш сабаку, рэдка думаеш, што ў яго могуць быць свае псіхалагічныя траўмы, але такое здараецца. Я лічу, што дрэсіроўка — гэта ў першую чаргу не для зручнасці гаспадара, а для псіхічнага здароўя самога сабакі. Адсутнасць межаў робіць жывёлу эмацыйна нестабільнай. У сабак няма эмацыйнага інтэлекту ў звыклым нам разуменні — яны могуць заблытацца ў сваіх адчуваннях, не спраўляцца з імі. Кантроль і прадказальнасць — гэта іхняя апора.

Марфей: кот, які перажыў чатыры эміграцыі

Алена знайшла Марфея — маленечкае кацяня — у метро Харкава. Адразу адвезла да ветэрынара, аформіла ўкраінскі пашпарт, зрабіла першыя прышчэпкі. Тады нават у галаву не прыходзіла, што неўзабаве ім давядзецца ратавацца ад вайны.

«Калі пачалася эвакуацыя, пытанне, ці браць Марфея з сабой, нават не абмяркоўвалася. Я проста ўзяла яго пад паху, захапіла дакументы, і мы выехалі», — кажа Алена.

З той пары яны разам пераязджалі, спачатку ў Польшчу, потым у Швецыю, Славакію і, нарэшце, спыніліся ў ЗША. З кожным пераездам трывожнасць у ката нарастала:

Кот, які і раней быў трывожным, пачаў прачынацца ў паніцы, рэагаваў на любыя крокі і гукі. Ён пачаў часцей вылізваць сябе, як быццам спрабуючы наладзіць кантакт з целам, супакоіцца. Само па сабе вылізванне — гэта паводзінавы сімптом, але ў нашым выпадку яно стала настолькі частым, што з’явіліся плешыны.

Цяпер Алена з катом у ЗША. Дом, у якім яны жывуць, літаральна картачны: чутна любое ляпанне дзвярэй, кожны крок на лесвіцы. Марфей ізноў пачаў заміраць пры рэзкіх гуках і вылізвацца да аблысення. 

Кот стаў вельмі залежным ад мяне, не адыходзіць ні на крок, баіцца застацца адзін. Я разумела, што серыя пераездаў, змена краін, жытла, людзей — усё гэта магло дэстабілізаваць нават дарослага чалавека, не кажучы ўжо пра жывёлу. Але ж я была побач, мне здавалася, што маёй падтрымкі яму хапае.

Марфей. Фатаграфія з асабістага архіва Алены

Тым не менш трывожнасць не сыходзіла, і давялося звярнуцца па дапамогу да ветэрынара. Пасля кансультацыі стала зразумела: у Марфея сімптомы дэпрэсіі. Пэўны час кот хадзіў у ахоўным каўняры, каб не нашкодзіць сабе. За гэты час Алена змагла аформіць страхоўку для Марфея і пачаць курс прыёму заспакаяльных, якія лекар прапісаў кату.

«Да гэтага я з такім не сутыкалася і не думала, што дэпрэсія ці прыгнечанасць у катоў можа праяўляцца такім чынам. Я лічу, што такія сімптомы нельга ігнараваць ці спісваць на адаптацыю — жывёла патрабуе такой жа падтрымкі і спагады, як і чалавек у стрэсавай сітуацыі», — кажа Алена.

Як зразумець, што жывёле блага: парады зоапсіхалагіні

Мы спыталі Яўгенію Баландзіну, зоапсіхалагіню і аўтарку блога Jane talks pets, як распазнаць трывогу і дэпрэсію ў жывёл-кампаньёнаў.

— Дык атрымліваецца, што і ў жывёл можа быць дэпрэсія?

Жывёлы сапраўды могуць перажываць станы, аналагічныя дэпрэсіі ў чалавека. Гэта можа быць рэакцыяй на стрэс, страту, адзіноту ці рэзкую змену ўмоў жыцця.

У сабак гэта можа праяўляцца ў млявасці ці дакучлівых паводзінах, зніжэнні цікавасці да шпацыраў, ежы і камунікавання. У котак — у адмове даглядаць сябе, нежаданні гуляць, імкненні хавацца, у «промахах» міма латка, гучным і частым мяўканні ці раздражнёнасці.

— То бок калі жывёла ходзіць міма латка ці паводзіць сябе «кепска», гэта не азначае, што яна робіць гэта насуперак?

Жывёлы не маніпулююць у нашым разуменні гэтага слова — яны рэагуюць на стрэс. Калі гадаванец паводзіць сябе «не так» — гэта нагода задумацца, а не караць.

Стэрэатыпы кшталту «не бэсці», «ён маніпулюе» ці «хай павые, потым перастане» замінаюць нам прыслухоўвацца да сваёй жывёлы. У выніку апякункі і апекуны могуць ігнараваць важныя сігналы, баяцца выказаць клопат і не звяртацца па дапамогу. 

— Што мусіць насцярожыць у стане жывёлы?

Зразумець, што з гадаванцам адбываецца нешта нядобрае, сапраўды бывае няпроста. Многія прыкметы можна зблытаць з асаблівасцямі паводзін або ўзроставымі зменамі. Але вось на што заўсёды варта рэагаваць:

  • спіць занадта шмат ці мала, блытае дзень і ноч,
  • адмаўляецца ад ежы ці есць прагна, сутаргава,
  • страчвае цікавасць да раней любімых заняткаў,
  • змяняе звычкі ў туалеце — прамахваецца міма латка, робіць «нечаканыя» лужыны,
  • шмат брэша, вые, мяўкае,
  • зацыкліваецца на нейкіх дзеяннях — напрыклад, можа гадзінамі вылізваць сябе, пакуль не з’яўляюцца залысіны,
  • хаваецца ці, наадварот, не адыходзіць ад апякункі або апекуна.

Спачатку выключыце фізічны боль — часта паводзіны звязаныя не з псіхікай, а з захворваннем. Напрыклад, котка, якая пачала сікаць міма латка, можа адчуваць стрэс з-за канфлікту з іншай коткай, а можа пакутаваць ад цыстыту ці траўмы лапы. Без медыцынскай дыягностыкі і лячэння праца з паводзінамі будзе неэфектыўная.

А яшчэ важна памятаць, што чалавек для жывёлы — апора і крыніца бяспекі. Таму любыя змены ў нашых паводзінах жывёлы адчуваюць нават раней, чым мы ўсведамляем іх самі. Яны ўлоўліваюць тэмбр голасу, рытм рухаў, пах, дыханне і нават гарманальныя змены.

Даследаванні паказалі, што ўзровень картызолу (гармону стрэсу) у арганізме сабакі можа сінхронна падвышацца з узроўнем картызолу ў апекуна ці апякункі. Таму калі мы самі на нервах, жывёла адчувае гэта і змяняе паводзіны: хтосьці лашчыцца і не адыходзіць ні на крок, хтосьці наадварот пазбягае зносін. А ў складаныя перыяды жыцця, накшталт эміграцыі, гадаванец яшчэ мацней «счытвае» свайго чалавека і трымаецца за яго.

— Ці ўплывае адзінота на псіхіку гадаванца?

Так, і даволі моцна. Сабакі — сацыяльныя жывёлы, і доўгае знаходжанне ў адзіноце можа прыводзіць да трывогі расстання: яны могуць брахаць, грызці рэчы, дрэнна спаць ці губляць апетыт. Коткі больш незалежныя, але і ім бывае цяжка без чалавека, асабліва калі яны прызвычаіліся да блізкага кантакту. Тыповыя прыкметы — хаваюцца, пачынаюць гучна і часта «гаварыць», робяцца апатычнымі ці пачынаюць хадзіць міма латка.

Як доўга гадаванец можа заставацца адзін (ніжэй прыведзеныя гранічныя лічбы, г.зн. для адзінкавых выпадкаў. Калі мы кажам аб сталым жыцці, то гэты час павінен быць меншым):

  • сабакі — лепш не даўжэй за 6–8 гадзін. Шчанюкам і пажылым сабакам — яшчэ менш;
  • коткі могуць вытрымаць 8–12 гадзін, але ўсё залежыць ад характару і звычак;
  • больш за содні без увагі і кантакту — ужо рызыкоўна для большасці жывёл.

— Як зрабіць жыццё свайго гадаванца добрым і камфортным?

Ёсць простае правіла: думаць пра жывёлу ва ўсіх сферах яе жыцця, а не толькі пра ежу і выгул. Ёсць тэорыя пяці даменаў дабрабыту. Гэта:

  • харчаванне: доступ да якаснай ежы і вады;
  • асяроддзе: утульнае месца, дзе можна адпачыць, схавацца, пагуляць;
  • здароўе: рэгулярныя візіты да ветэрынара і ўвага да любых прыкметаў болю;
  • паводзіны: магчымасць быць «самім сабой» — гуляць, паляваць, камунікаваць;
  • эмоцыі: калі ўсе базавыя патрэбы забяспечаныя, жывёла пачуваецца больш спакойнай і шчаслівай.

Асабліва для жывёлы важныя прадказальнасць, адчуванне выбару і цёплы кантакт з чалавекам. 

Прадказальнасць
Гэта калі дзень складваецца паводле зразумелых правілаў: адны і тыя ж сігналы, час кармлення і шпацыраў, нязменныя «рытуалы вітання» і «развітання».
Адчуванне выбару
Гэта калі ў гадаванца ёсць хоць маленькая свабода: ля якога дрэва затрымацца на шпацыры; дзе ўладкавацца дома — паляжаць побач ці сысці ў зацішнае месца.
Цёплы кантакт
Гэта спакойны голас, мяккі дотык, пагляд, які заўважае і паважае стан жывёлы; гэта ўвага без ціску і гульня без «трэба».

Мы не можам перапісаць мінулае нашых гадаванцаў, але можам зрабіць іх цяперашняе жыццё зразумелым, бяспечным і добразычлівым. Часам менавіта гэтыя тры простыя рэчы робяцца лепшай «тэрапіяй»: яны вяртаюць цікавасць да жыцця, зніжаюць трывогу і вучаць давяраць.


аўтарка: Саша Камко

Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 4

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x