Кажуць, свет уратуе прыгажосць. А мы мяркуем, што калі нешта і здольнае ўратаваць свет — ці хаця б крыху яго палепшыць, — то гэта шчырая цікавасць да Іншых: жаданне пазнаць чалавека бліжэй, не адварочвацца з-за яго_яе адрозненняў і не чапляць стэрэатыпныя цэтлікі.
Фармат Жывой бібліятэкі якраз пра тое. Гэта мерапрыемства, дзе «кнігамі» становяцца людзі і іх асабісты досвед, а «чытанне» адбываецца праз размову, пытанні і ўважлівае слуханне.
Як жыве невідушчы чалавек і як ён арыентуецца ў горадзе? Як гэта — правесці маладосць за кратамі? Што адчуваеш, калі выходзіш з комы і не памятаеш, хто твая маці? Як знайсці сабе месца, калі ты святар у эміграцыі?
Гэтыя і іншыя пытанні можна было задаць «кнігам» у Вільнюсе на Жывой бібліятэцы 8 лістапада і 13 снежня.
Па спасылках ніжэй ты можаш «пачытаць» некаторыя з «кніг», а заадно даведацца, як не прапусціць такія сустрэчы надалей — ці нават арганізаваць іх самастойна.
Няма часу чытаць увесь артыкул? Выбірай цікавае
База: хто арганізатар_кі гэтай Жывой бібліятэкі і як не прапусціць наступную
Гэтую Жывую бібліятэку зладзілі выпускні_цы адукацыйнай праграмы «Рабі смела», якую арганізавалі мы, каманда «ІншыЯ». Для ўдзельні_ц «бібліятэка» была фінальным заданнем курса — магчымасцю выйсці з тэорыі ў практыку і зрабіць сваё першае інклюзіўнае мерапрыемства ў Вільнюсе.
Для ўсёй каманды выпускні_ц гэта было дэбютам: раней ніхто з іх не арганізоўва_ла Жывую бібліятэку. Каманда склалася проста падчас навучання і кожн_ая рабі_ла тое, што ўмее найлепш: студэнтка факультэта медыя і камунікацый адказвала за прасоўванне, дызайнер ствараў візуалы, удзельніца з веданнем ангельскай камунікавала з пляцоўкамі і спрабавала сябе ў ролі каардынатаркі.
✔ Хочаш даведвацца пра такія мерапрыемствы перш_ай — падпісвайся на канал Iншы Вільнюс, дзе мы дзелімся ўсімі мерапрыемствамі і актыўнасцямі, якія ладзім у горадзе.
Адна з ключавых ідэй фармату Жывой бібліятэкі — праца са стэрэатыпамі. Таму арганізатар_кі мерапрыемства пачалі з сябе:
Якія прадузятасці ёсць у нас? Якія з іх мы хочам разбурыць і пра чый досвед пачуць наўпрост? Каго са знаёмых, хто нечым адрозніваецца ад нас, мы маглі б запрасіць?
Анархіст-палітзняволены, трансгендарная жанчына, невідушчы чалавек — якія «кнігі» пачытаць анлайн
Дзве Жывыя бібліятэкі ўжо мінулі, але на нашым сайце ты можаш прачытаць інтэрв’ю з некаторымі «кнігамі» і, магчыма, таксама разбурыць свае стэрэатыпы і крыху пашырыць свой свет.

Акіхіра, «Анархіст-палітзняволены»
«У турме кім я толькі ні быў»: Акіхіра пра беларускую талерантнасць і сваю маладосць за кратамі

Джэйн, «Небінарная персона і квір-актывістка»

Віка, «Дзяўчына з цукровым дыябетам»
«Я больш не цукровая». Гісторыя Вікі, якая перажыла кому і навучылася жыць з дыябетам

Адэса, «Трансгендарная жанчына»
«Гендарныя ролі не ўплываюць на прафесію». Адэса — пра камінг-аўты на IT-працы і ў сям’і

Юрый, «Невідушчы чалавек»
«Я звыкся, што ў мяне словы — каляровыя», — Юрый пра тое, як бачыць не вачыма, а колерамі
Каардынатарка мерапрыемства і выпускніца курса Ганна прыгадвае, што вялікае ўражанне на яе зрабіў аповед Сашы Гушчы — камікесы з інваліднасцю:
«Мне было вельмі радасна, што Саша адчувае сябе ўпэўнена. Мне заўжды здавалася, што людзям з інваліднасцю ўвесь час патрэбная дапамога, што іх трэба апекаваць і засцерагаць. Я нават не задумвалася, што такі падыход можа быць крыўдным. Але гісторыя Сашы паказала: людзі жывуць у сваім целе шмат гадоў, адаптуюцца і часта спраўляюцца са штодзённымі задачамі не горш, а часам і лепш за іншых».

Галоўнай задачай арганізатара_к было стварыць прастору даверу і павагі, дзе кожн_ая пачуваецца ў бяспецы. У «кніг» было права не адказваць на любыя некамфортныя пытанні і не раскрываць сваё сапраўднае імя, калі гэта выклікае дыскамфорт ці пачуццё небяспекі. У інтэрв’ю The EHU Times адна з «кніг» Джэйн падзялілася:
«У Жывой бібліятэцы я брала ўдзел упершыню. Я думала, што магу сутыкнуцца з агрэсіяй і неразуменнем, і настройвала сябе на абарону, але гэтага не адбылося. Чытачы аказаліся вельмі прыемнымі, і ў нас былі цёплыя, душэўныя размовы. Ведаеце, яны былі такімі, як бываюць пры дзіцячых пытаннях пра свет, калі чалавек шчыра хоча зразумець, якім чынам нешта ўладкавана і чаму існуе. Мяне вельмі падтрымала камунікацыя з людзьмі, якім, здавалася б, мой шлях зусім не блізкі. Наступным разам я вельмі хачу ўзяць удзел у Жывой бібліятэцы, але ўжо ў ролі чытачкі».
Што далей
Каардынатарка мерапрыемства Ганна кажа, што ўпадабала фармат Жывой бібліятэкі і мае жаданне працягваць. Таму, каб не прапусціць нічога цікавага, можаш сачыць за ўсімі анонсамі ў нашым тэлеграм-канале Iншы Вільнюс.
А калі раптам ловіш сябе на думцы: «Я хачу таксама такое рабіць!» — запрашаем цябе сачыць за нашымі адукацыйнымі мерапрыемствамі. З аднаго боку, яны ўсе розныя, але з іншага — усе пра тое, што́ кожн_ая з нас можа зрабіць, каб свет стаў хоць на каліўца больш прыязным для ўсіх.І нагадаем, што ты яшчэ можаш далучыцца да нашай каманды валанцёра_к і ў тым ліку дапамагаць з арганізацыяй інклюзіўных імпрэз. Таму на сувязі з розных нагодаў ♡
Артыкул створаны ў рамках праекта, які рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага моладзевага фонду Рады Еўропы



