Колькі жанчын-навукоўцаў вы ведаеце. Пяць? А можа, нават дзесяць? Правядзіце такі эксперымент сярод сваіх знаёмых і паглядзіце, што яны вам адкажуць.
На жаль, на працягу стагоддзяў у патрыярхальным свеце жанчыны заўсёды былі ў цені мужчын. Яны не мелі дасягу да адукацыі, а іх роля зводзілася выключна да хатняй працы і клопату пра дзяцей. Французская філасафіня Франсуаза Эрыцье прааналізавала безліч сусветных культур і прыйшла да высновы, што практычна ва ўсіх іх маскуліннае лічыцца вышэйшым за тое, што ўспрымаецца як жаночае.
Вось і атрымліваецца, што жаночае мастацтва, пра якое мы пісалі ў папярэднім артыкуле, даволі доўга лічылася не такім удалым, як мужчынскае. Многія мастачкі абвінавачваліся ў тым, што іх карціны насамрэч намаляваныя іх мужамі.
Тое ж самае адбылося і з жанчынамі-навукоўцамі. Многія з іх усё яшчэ застаюцца ў цені сусветна вядомых фізікаў, хімікаў, біёлагаў. Менавіта таму 11 лютага ў свеце штогод адзначаецца Міжнародны дзень жанчын у навуцы, каб павысіць іх вядомасць і расказаць пра тое, як яны змянялі свет, нягледзячы на гендарную няроўнасць і стэрэатыпы. У гэтым артыкуле расказваем пра 9 выбітных жанчын, якія зрабілі свой унёсак у развіццё сусветнай навукі.

1. Ганна Тумаркіна — першая ў Еўропе прафесарка філасофіі
Ганна нарадзілася ў 1875 годзе ў габрэйскай сям’і ў горадзе Дуброўна, які зараз знаходзіцца ў Віцебскай вобласці. Калі Тумаркіна была маленькай, яе сям’я пераехала ў Кішынёў. Там яна навучалася ў жаночай гімназіі, пасля заканчэння якой пажадала паступіць ва ўніверсітэт. Аднак на той час у Расійскай імперыі жанчыны не маглі атрымліваць вышэйшую адукацыю, што вымусіла Ганну паехаць у Швейцарыю, каб навучацца ва ўніверсітэце Берна.
Там Ганна паспяхова абараніла дысертацыю па філасофіі, што дазволіла ёй стаць першай у Еўропе прафесаркай, заняць месца ў сенаце ўніверсітэта і ў тым ліку прымаць экзамены ў студэнта_к на доктарскую ступень.
На той час гэта было амаль што немагчыма для жанчыны, і дасягненне Тумаркінай сапраўды было выбітным.
Большасць жыцця Ганна Тумаркіна пражыла разам з жанчынай Ідай Хоф, якая была ў тыя часы вядомай суфражысткай і першай школьнай лекаркай у Берне. Таксама Іда была адной з першых жанчын у Берне, якія кіравалі аўтамабілем. Разам з Ганнай яны часта адпраўляліся ў розныя падарожжы па Еўропе, у тым ліку каб наведаць сям’ю Ганны ў Кішынёве.
Калі вы зараз задаліся пытаннем, ці былі гэта рамантычныя адносіны, то дакладных сведчанняў пра гэта няма. Але абедзве жанчыны пражылі разам шмат гадоў і сыходзіліся ў тым, што ніколі не адчувалі неабходнасці выходзіць замуж, таму што былі самаахвярна і бязмежна адданыя працы.

2. Ада Лаўлейс — першая праграмістка, якая стварыла алгарытм для вылічальнай машыны
Аўгуста (Ада) Лаўлейс нарадзілася ў 1815 годзе ў сям’і англійскага паэта лорда Байрана, якога ніколі не ведала пры жыцці і які быў вельмі расчараваны тым, што нарадзілася дзяўчынка. Неўзабаве пасля яе нараджэння бацькі развяліся. Доўгі час яе матуля была пакрыўджаная на свайго мужа, праз што заахвоціла Аду атрымаць матэматычную адукацыю, бо хвалявалася, што яе дачка, як і бацька, будзе захапляцца паэзіяй.
Матуля наймала для Лаўлейс лепшых выкладчы_ц матэматыкі таго часу, сярод якіх была і спадарыня Мэры Сомервіль, шатландская матэматык-наватарка. Менавіта яна расказала Адзе пра матэматыка Чарльза Бэбіджа, які ў той час распрацоўваў праект першай у свеце вылічальнай машыны. Неўзабаве Лаўлейс пазнаёмілася з ім асабіста.
У 1842 годзе Бэбіджа запрасілі прачытаць лекцыю пра свой праект у Турынскім універсітэце. Яна была запісаная па-французску, і сябар Бэбіджа папрасіў Аду перакласці гэты тэкст на англійскую і суправадзіць яго каментарамі. Ада выдаткавала больш за год на гэтую працу і дадала свае падрабязныя каментары, якія па аб’ёме ўтрая перавышалі арыгінальны тэкст.
У адным з каментароў Лаўлейс прапанавала алгарытм для вылічэння лікаў Бернулі з дапамогай машыны, то бок яна распрацавала інструкцыю для аналітычнай машыны Бэбіджа, якая магла б аўтаматычна разлічыць гэтыя лікі. Гэты алгарытм лічыцца першым у свеце кодам, што робіць Лаўлейс першай праграмісткай у гісторыі, нягледзячы на тое, што пры жыцці Ады праект машыны Бэбіджа не быў рэалізаваны.
Падчас працы над кодам Ада таксама зразумела, што машына здольная выконваць значна больш, чым проста матэматычныя вылічэнні: яна можа працаваць з сімваламі і канцэпцыямі, а ў будучым — пісаць музыку, карціны і пакажа «навуцы такія шляхі, якія нам і не сніліся».
Ада памерла ад раку шыйкі маткі ў 1852 годзе ва ўзросце 36 гадоў. Яе імем названая адна з моў праграмавання, а таксама графічны працэсар.

3. Разалінд Франклін — жанчына, якая сфатаграфавала ДНК, а потым гэты здымак скралі яе калегі
Разалінд Франклін нарадзілася ў 1920 годзе ў Вялікабрытаніі. Яна паходзіла з заможнай габрэйскай сям’і, што дазволіла ёй атрымаць выдатную адукацыю. Разалінд навучалася ў Ньюнэм-каледжы Кембрыджскага ўніверсітэта, аднак пасля яго заканчэння не атрымала ступень бакалаўра, бо ў той час жанчынам не прысвойваліся вучоныя ступені. Толькі праз некалькі гадоў яна змагла стаць доктаркай філасофіі Кембрыджскага ўніверсітэта.
Калі яна пачала працаваць у Каралеўскім каледжы Лондана, загадчык аддзялення біяфізікі перанакіраваў яе на вывучэнне структуры ДНК, бо Франклін была адзінай дасведчанай даследніцай у галіне рэнтгенаструктурнага аналізу.

Так, яна засяродзілася на атрыманні высакаякасных рэнтгенаўскіх здымкаў структуры ДНК і ў рэшце рэшт зрабіла вядомую фатаграфію 51, на аснове якой выставіла некалькі ключавых здагадак: ДНК мае форму спіралі і малекула складаецца з дзвюх нітак.
Пазней яе калега Уілкінс без ведама Разалінд паказаў яе здымак Джэймсу Уотсану і Фрэнсісу Крыку, якія выкарыстоўвалі яе дадзеныя для пабудовы сваёй знакамітай мадэлі падвойнай спіралі. У 1962 годзе за адкрыццё структуры малекулы ДНК Джэймсу Уотсану, Фрэнсісу Крыку і Морысу Уілкінсу была ўручаная Нобелеўская прэмія. А ўнёсак Франклін, якая памерла ад раку за пару гадоў да ўзнагароджання, не быў афіцыйна прызнаны.

4. Ту Юю — кітайская даследчыца, якая знайшла спосаб лячыць малярыю і так выратавала мільёны жыццяў
Ту Юю нарадзілася ў Кітаі ў 1930 годзе. У маладым узросце дзяўчынка захварэла на сухоты — гэта перапыніла яе навучанне ў старэйшай школе, але натхніла заняцца медыцынскімі даследаваннямі. Ту вучылася на кафедры фармацэўтычных навук, вывучала кітайскія расліны, іх лекавыя ўласцівасці і практыкавалася здабываць з гэтых раслін актыўныя рэчывы.
Так, пазней Ту Юю адкрыла артэмізінін — рэчыва, якое стала асновай эфектыўных лекаў супраць малярыі. Малярыя была адным з самых цяжкіх захворванняў для вайскоўцаў падчас В’етнамскай вайны. Навукоўцы ва ўсім свеце беспаспяхова спрабавалі вынайсці лекі ад гэтай хваробы. І ў рэшце рэшт в’етнамскі ўрад запрасіў дапамогу ў Кітая па распрацоўцы лекаў. Ту была нанятая як старшыня праекту. Яна аб’ездзіла ўвесь Кітай у пошуках раслінаў, якія выкарыстоўваліся кітайскімі традыцыйнымі лекарамі. Пасля заканчэння экспедыцыі каманда пад кіраўніцтвам Ту пачала праводзіць эксперыменты і глядзець, якія расліны маюць найлепшы эфект у барацьбе з малярыяй. І ў рэшце рэшт такая расліна была знойдзеная — палын. З яе дапамогай навукоўца
змагла сінтэзаваць рэчыва артэмізінін, якое паказала станоўчы вынік у лекаванні малярыі.
У далейшым гэтая знаходка прайшла клінічныя выпрабаванні і была інтэграваная ў клінічную практыку, што кожны год ратавала каля 2 мільёнаў жыццяў. За свае адкрыцці ў 2015 годзе Ту Юю была ўзнагароджаная Нобелеўскай прэміяй у галіне медыцыны.

5. Жанна Вільпро-Паўэр — жанчына, якая стварыла акварыумы для назіранняў, але была вымушаная размаўляць з навуковай супольнасцю праз мужчыну
Жанна Вільпро-Паўэр нарадзілася ў Жуяку (Францыя) у 1794 годзе. Калі ёй было 18 гадоў, яна пешшу адправілася ў Парыж (гэта 410 км шляху!), дзе доўгі час працавала вышывальніцай вясельных сукенак і праславілася дзякуючы строю для шлюбу сіцылійскай прынцэсы. Потым, калі Жанна выйшла замуж, яна пераехала на Сіцылію, дзе занялася вывучэннем археалогіі і геалогіі вострава. Свае адкрыцці яна апісала ў дзвюх кнігах па прыроднай гісторыі Сіцыліі.
У той час навукоўцы былі засяроджаныя на назіранні за наземнымі жывёламі — гэта можна было рабіць адносна лёгка, але вось марское жыццё было значна складаней даследаваць. Навукоўцы маглі вывучаць марскіх істот толькі ў мёртвым стане ці ў вельмі кароткіх эксперыментах. Жанна прыдумала, як вырашыць праблему немагчымасці бачыць пад вадой. Яна распрацавала шкляны корпус — зараз мы называем гэта акварыумам, — што і дазволіла вывучаць паводзіны марскіх жывёл на працягу доўгага часу.
Так, вынаходніца зрабіла некалькі важных навуковых назіранняў. Напрыклад, у той час існавала меркаванне, што васьміногі-арганаўты выкарыстоўваюць знойдзеныя ракавіны, як ракі-пустэльнікі. Вільпро-Паўэр назірала гэтых малюскаў у сваіх спецыяльна створаных акварыумах і даказала, што яны самі вырошчваюць сваю ракавіну. Гэта адкрыццё абвергла ранейшыя тэорыі і стала важным унёскам у вывучэнне галаваногіх.

«Займаючыся прыродазнаўствам у вольны ад хатніх спраў час, я выбрала некалькі марскіх істот для вывучэння, і васьміног Argonauta прыкаваў маю ўвагу больш за ўсё, паколькі натуралісты прытрымліваліся самых розных меркаванняў адносна гэтага малюска»,
— Жанна Вільпро-Паўэр
Паколькі ў тыя часы жанчыны не маглі выступаць з дакладамі аб сваіх адкрыццях, гэтак жа як і працаваць у навуковай супольнасці, працы Вільпро-Паўэр распаўсюджваліся па ўсёй Еўропе праз пасярэдніка-мужчыну.

6. Вера Рубін — дапамагла даказаць існаванне цёмнай матэрыі і змагалася за правы жанчын у навуцы
Вера Рубін нарадзілася ў ЗША ў 1928 годзе ў імігранцкай габрэйскай сям’і. Бацька нарадзіўся ў Вільні, маці была родам з Бесарабіі. З самага дзяцінства Вера Рубін цікавілася астраноміяй і назірала розныя касмічныя з’явы праз самаробны тэлескоп, змайстраваны яе татам.
Вера натхнілася гісторыяй амерыканскай астраномкі Марыі Мітчэл і паступіла ў той самы каледж, дзе навучалася яе кумірка. Сваю доктарскую дысертацыю Вера абараніла ў Джорджтаўнскім універсітэце, дзе працягнула працу як прафесарка і даследчыца.
Яе самае важнае адкрыццё тычыцца руху зорак у галактыцы. Разам з калегам яна
даказала, што на ўскрайках галактык зоркі рухаюцца з амаль такой жа хуткасцю, як і ў цэнтры.
Тады гэтае адкрыццё было рэвалюцыйным, бо па законах гравітацыі гэта немагчыма, вонкавыя зоркі павінны рухацца павольней… калі ўлічваць толькі бачную масу — значыць, павінна існаваць нябачная маса, якая і стварае дадатковую гравітацыю. Цёмная матэрыя.
Да работ Рубін ідэя цёмнай матэрыі была гіпатэтычнай. Яе даследаванні сталі адным з самых пераканаўчых доказаў таго, што большая частка масы ў Сусвеце не выпраменьвае святло і застаецца нябачнай.

Нягледзячы на свае навуковыя дасягненні, вялікую стараннасць і цягу да навукі, Вера Рубін неаднаразова сутыкалася з дыскрымінацыяй у навуковым асяроддзі з-за свайго полу. Так, у 1948 годзе Рубін атрымала адмову ад Прынстанскага ўніверсітэта, дзе хацела вывучаць астраномію: універсітэт не прымаў студэнтак на гэтую праграму. Жанчыны змаглі вучыцца там па гэтай спецыяльнасці толькі амаль праз 30 гадоў.
Таксама Рубін стала адной з першых жанчын у гісторыі, якая атрымала магчымасць працаваць у Паламарскай абсерваторыі. Калі астраномка ўпершыню прыехала туды ў 1965 годзе, у будынку нават не было жаночай прыбіральні.
Але нягледзячы на ўсе гэтыя перашкоды, Вера Рубін працягвала працаваць і стала адной з самых уплывовых астраномак у гісторыі, зрабіўшыся «пуцяводнай зоркай» для тых жанчын, якія таксама хочуць пабудаваць сваю кар’еру ў навуцы.

7. Соф’я Кавалеўская — першая прафесарка матэматыкі з беларускімі каранямі, якая фіктыўна пабралася шлюбам і збегла з Расійскай імперыі дзеля навукі
Соф’я Кавалеўская нарадзілася ў 1850 годзе ў Маскве, але большую частку дзяцінства правяла ў сямейным маёнтку Палібіна ў Віцебскай губерні.
Менавіта ў Палібіне, у адным з дзіцячых пакояў, сцяна якога была абклееная аркушамі з лекцыямі па дыферэнцыяльным і інтэгральным вылічэнні (банальна не хапіла шпалер), у Соф’і ўзнікла цікавасць да матэматыкі. Дзяўчынка падоўгу разглядала гэтую «загадкавую» сцяну, і калі ў 15 гадоў пачала вывучаць дыферэнцыяльнае вылічэнне, шматлікія паняцці здаваліся ёй настолькі зразумелымі, нібыта яна даўно была з імі знаёмая.
Вырашыўшы звязаць сваё жыццё з навукай, Соф’я сутыкаецца з перашкодамі. Жанчыны ў Расійскай імперыі не мелі права атрымліваць вышэйшую адукацыю, і тады Кавалеўская вырашае з’ехаць вучыцца за мяжу. Але бацька адмаўляецца даваць ёй дазвол на атрыманне замежнага пашпарта, таму ў бойкай Соф’і не застаецца іншага выйсця, як пабрацца фіктыўным шлюбам, каб выйсці з-пад уплыву бацькі.
Выйшаўшы замуж у 18-гадовым узросце, Кавалеўская з’язджае ў Нямеччыну, дзе вучыцца спачатку ў Гейдэльбергскім універсітэце, але там таксама ўсё не так проста: па правілах універсітэта жанчыны не могуць слухаць лекцыі. Але матэматык Карл Веерштрас, уражаны здольнасцямі Кавалеўскай, згаджаецца навучаць яе асабіста і на працягу чатырох гадоў дае ёй прыватныя ўрокі.
Потым Соф’я едзе вучыцца ў Гётынгенскі ўніверсітэт, дзе атрымлівае доктарскую ступень па філасофіі, што робіць яе першай жанчынай-дактаранткай у Еўропе і прафесаркай матэматыкі.
Аднак у адрозненне ад Ганны Тумаркінай, пра якую мы расказалі вышэй, Кавалеўская не мела права быць навуковай кіраўніцай іншых студэнтаў і прысуджаць ім доктарскую ступень.
Кавалеўская была не толькі матэматыкам, але і пісьменніцай. Яе паўаўтабіяграфічная аповесць «Нігілістка» расказвае, як розныя жанчыны змагаліся за свае правы, пераапраналіся ў мужчынскае адзенне, коратка стрыгліся, каб паслухаць лекцыі ў тыя гады, калі гэта было забаронена. Аповесць адлюстроўвае барацьбу жанчын за свабоду выбару, удзел у грамадскім жыцці і адмову ад «традыцыйных каштоўнасцяў».

8. Хедзі Ламар — галівудская зорка і вынаходніца тэхналогіі, якая ляжыць у аснове Wi-Fi і GPS
Хедзі нарадзілася ў 1914 годзе ў Аўстрыі ў сям’і банкіра, які паходзіў са Львова. У раннім узросце дзяўчына пачала цікавіцца тэатрам, а ўжо ў 16 гадоў яна сышла з дому і пачала здымацца ў кіно.
У 1933 годзе яна знялася ў чэхаславацкім фільме «Экстаз», які прынёс ёй і поспех, і выклікаў сапраўдны скандал: грамадства было абуранае сцэнай купання аголенай дзяўчыны ў лясным возеры. Фільм забаранілі да паказу ў шэрагу краін, а ў пракат ён выйшаў толькі праз некалькі гадоў і ўжо адцэнзураваны.

У тым жа годзе Хедзі выйшла замуж за аўстрыйскага зброевага магната Фрыца Мандля, ад якога потым збегла з-за яго дэспатычнага характару.
Яна збегла спачатку ў Парыж, затым у Лондан, а адтуль — у ЗША, дзе заключыла кантракт з Metro-Goldwyn-Mayer (той самай, у якой рыкае леў на застаўцы) і стала галівудскай зоркай. Хедзі сыграла ў шматлікіх папулярных фільмах, але так і не змагла ўпісацца ў тагачасныя парадкі галівудскага жыцця і на пэўны час закінула кар’еру актрысы.
Менавіта таму яна абраная ў гэты спіс жанчын-навукоўцаў. Па-за акторскай кар’ерай Ламар была ў тым ліку і вынаходніцай. Свой вольны час Хедзі прысвячала навуцы. Калі пачалася Другая сусветная вайна, разам з кампазітарам Джорджам Антэйлам Хедзі распрацавала сістэму абароненай радыёсувязі для кіравання тарпедамі. Іх метад складаўся ў сталай змене частаты радыёсігналу, што рабіла яго практычна немагчымым для перахопу або глушэння.
Гэты метад, вядомы як «скаканне частот», стаў адной з тэхналогій бесправадной сувязі, якая шырока выкарыстоўваюцца ў Bluetooth, GPS і нават Wi-Fi.

9. Марыя Складоўская-Кюры — першая і адзіная жанчына з дзвюма Нобелеўскімі прэміямі
Пра гэтую выбітную жанчыну вы дакладна чулі. Марыя Складоўская-Кюры нарадзілася ў Варшаве ў 1867 годзе і была малодшай з пяці дзяцей у сям’і. Марыя паказвала выбітныя вынікі ў школе, але, скончыўшы яе, не магла паступіць у тагачасны Варшаўскі ўніверсітэт, бо там мелі права навучацца толькі мужчыны. Так, Марыя была вымушаная наведваць падпольныя жаночыя курсы «Лятучага ўніверсітэта».
У 1891 годзе Складоўская пераехала ў Парыж, дзе паступіла ў Сарбону на прыродазнаўчы факультэт. Марыі прыходзілася несалодка: яна выжывала на хлебе з маслам і гарбаце, што пагоршыла яе здароўе.

У Парыжы Складоўская знаёміцца са сваім будучым мужам П’ерам Кюры. Разам з ім яна пачала сваю працу ў лабараторыі. Адкрыццё радыеактыўнасці Анры Бекерэлем натхніла пару Кюры зрабіць даследаванне ў гэтай сферы. Вывучаючы радыеактыўнасць,
Кюры адкрыла новыя элементы — палоній (названы ў гонар радзімы Марыі — Польшчы) і радый, а таксама ўпершыню выкарыстала сам тэрмін «радыеактыўнасць»,
за што Марыя, П’ер і Анры Бекерэль разам атрымалі Нобелеўскую прэмію па фізіцы ў 1903 годзе. Марыя стала першай жанчынай, якая змагла атрымаць гэтую ўзнагароду. У 1911 годзе ўжо пасля смерці мужа Кюры была ўзнагароджаная Нобелем па хіміі. Дагэтуль яна з’яўляецца адзінай жанчынай у свеце, якая атрымала дзве прэміі Нобеля ў розных сферах.
Марыя Кюры памерла ў 1934 годзе праз хваробу, выкліканую вялікім уздзеяннем радыеактыўных рэчываў. Сёння яе прах спачывае ў Пантэоне — месцы, дзе пахаваныя выбітныя французы і францужанкі.
Аўтар — Ева Л.
Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values — JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.
