Раздражняльны, шумны, часам нават абсурдны экалагічны акцыянізм рэдка пакідае тых, хто з ім сутыкнецца, абыякавымі. Калі на карціну Ван Гога ляціць таматны суп, гэта здаецца выклікам не толькі музейным ахоўнікам, але і самаму цвярозаму розуму. Навошта яны гэта робяць?
У гэтым артыкуле разбіраемся, чаму для адных радыкальны экаактывізм — гэта адчайная спроба выратаваць планету, а для іншых — вандалізм, як звязаны суп на карціне Ван Гога і кліматычны крызіс і ці можна лічыць такія акцыі апраўданымі, калі іх мэта — скалануць грамадства.
Змест:
Навошта наогул экалогіі акцыянізм?
Пратэстоў_кі з банарамі на дахах будынкаў або людзі, якія перакрываюць дарогі ці выліваюць суп на карціны, могуць падацца нам далёкімі ад экалогіі і клопату пра прыроду. Пакуль адны праводзяць даследаванні, публікуюць справаздачы, лабіююць змены, даюць рэкамендацыі і ціха працуюць над паляпшэннем прыродаахоўнай палітыкі, іншыя — шумяць і ствараюць нязручнасці. Як у іх наогул можа быць агульная мэта?
Але, на жаль, калі навукоўцы ціха і ветліва папярэджваюць пра надыход экалагічнай катастрофы, свет часта толькі ветліва ківае і працягвае жыць як раней. Тады на сцэну выходзяць тыя, каго складана не заўважыць. Іх мэта — зрабіць тое, што ў сухіх справаздач і лістоў у міністэрствы рэдка атрымоўваецца: скалануць грамадства, прымусіць загаварыць пра праблему і не даць ёй згубіцца ў бюракратычных тэчках.
На пытанне журналіста «Зялёнага парталу», чаму экаактывіст_кі абіраюць менавіта грамадзянскае непадпарадкаванне, а не асвету ці лабізм, прадстаўнік экаруху Extinction Rebellion (XR) Polska адказвае:
Таму што лабізм і адвакацыя не спрацавалі. Мы ўсё глыбей загрузаем у крызісе, а часу ўсё менш. Метады XR абапіраюцца на шматгадовыя даследаванні, што выяўлялі, якія формы дзеяння найболей эфектыўныя. І гэта — грамадзянскае непадпарадкаванне.
Далей у артыкуле мы разгледзім аргументы праціўні_ц і прыхільні_ц экаактывізму, але перш давайце ўспомнім некалькі акцый, якія страсянулі грамадства больш за ўсё.
Неадназначныя акцыі экаактывіста_к
Прыкоўванне сябе да дрэваў
Гэты метад асабліва пашырыўся ў 1980–1990-х гадах у ЗША, Канадзе і Аўстраліі. Актывіст_кі, якія баранілі лясы, літаральна жылі на платформах, замацаваных на галінах, ці прыкоўвалі сябе металічнымі ланцугамі да ствалоў, каб перашкодзіць высечцы.


Разліванне фарбы на помнікі ці карціны

14 кастрычніка 2022 года актывісткі з Just Stop Oil Фібі Пламер і Анна Холанд адкрылі дзве бляшанкі таматнага супу каля карціны Ван Гога «Сланечнікі» (1888) і аблілі шкляное пакрыццё, пад якім знаходзіўся твор мастацтва. Пасля чаго прыклеілі сябе да сцяны і задалі публіцы пытанне: «Што важнейшае — мастацтва ці жыццё?»
Карціна не пацярпела (актывіст_кі выбралі яе ў тым ліку і таму, што ведалі, што палатно абароненае шклом), але тым не менш Пламер і Холанд былі асуджаныя за шкоду маёмасці. Пламер прызначылі пакараць 2 гадамі турмы, а Холанд — 20 месяцамі. Супраць рашэння суда выступіў шэраг маста_чак, куратара_к, актывіста_к Greenpeace і Last Generation, але прысуд не быў скасаваны.
Блакаванне дарог, мастоў і іншай інфраструктуры
З 2018 па 2021 год актывіст_кі міжнароднага экаруху Extinction Rebellion (XR) арганізоўвалі масавыя акцыі, блакуючы ключавыя масты і вуліцы буйных гарадоў. Актывіст_кі прымацоўвалі сябе да транспарту і лавак, арганізоўвалі «сіт-ін», дэкларавалі экалагічныя патрабаванні і стваралі пратэставыя лагеры.
Пратэсты выклікалі сур’ёзныя перабоі ў руху: у акцыях бралі ўдзел тысячы чалавек, грузавікі захрасалі ў заторах, а агульная колькасць закранутых дасягала паўмільёна.
Рэакцыя грамадства была неадназначнай: адны захапляліся рашучасцю актывіста_к, іншыя — асабліва кіроўцы і гараджан_кі, якія спяшаліся па справах, — раздражняліся. Паліцыя арыштавала сотні ўдзельні_ц.

Калі актывіст_кі залазяць на будынкі, помнікі ці нафтавыя платформы
Greenpeace неаднаразова ўчыняў акцыі непасрэднага дзеяння, пракрадаючыся на нафтавыя платформы і ў офісы карпарацый.

Былі і акцыі ў штаб-кватэрах нафтавых гігантаў, напрыклад, Shell, BP і ExxonMobil, дзе актывіст_кі патрабавалі спыніць фінансаванне лабістаў, якія адмаўляюць змену клімату. Гэтыя дзеянні выклікалі шырокі рэзананс: прыхільні_цы бачылі ў іх адважны спосаб прыцягнуць увагу да экалагічных пагроз, праціўні_цы — парушэнне закону і рызыку для бяспекі.
Вандалізм ці выратаванне планеты: хто мае рацыю ў экаактывізме
Магчыма, увесь свет падзяляецца на тых, хто падтрымлівае такія акцыі, і тых, хто лічыць іх бессэнсоўнымі і шкоднымі. Давайце разбяромся больш дэталёва ў аргументах адных і другіх.
Крытыкі радыкальных экалагічных акцый:
На думку праціўні_ц радыкальнага экаактывізму, больш эфектыўна распрацоўваць новыя тэхналогіі, падтрымліваць «зялёны» бізнэс і лабіяваць экалагічныя законы.
Некаторыя скептыкі сцвярджаюць, што радыкальныя акцыі могуць быць нават выгадныя нафтавым карпарацыям, бо псуюць рэпутацыю ўсяго экалагічнага руху і адштурхваюць «памяркоўных» прыхільні_ц, якія не хочуць быць датычнымі да гэтай «агіды».
«Штораз, калі вы пратэстуеце ў Лондане, усе мае супрацоўні_цы не могуць выйсці на працу»
Масавае блакаванне дарог і мастоў (як, напрыклад, падчас акцыі Extinction Rebellion у Лондане) ствараюць сур’ёзныя заторы. Тысячы людзей не могуць трапіць на працу, медыкі — да пацыента_к, школьні_цы — у школы. Пацярпелыя часта не маюць дачынення да экалагічных праблем, але робяцца закладні_цамі пратэсту, што злуе яшчэ больш.
Часта людзі асабліва абураныя тым, што цярпяць творы мастацтва. Нават калі карціны не пашкоджаныя, яны лічаць падобныя акцыі вандалізмам і злачынствам. «Музеі і карціны — грамадская выгода, а не “вінаватыя” ў крызісе».
Прыхільні_цы экалагічнага радыкалізму:
Страціць магчымасць паглядзець карціну Ван Гога з-за таго, што яе шкло аблілі супам, — гэта часовая нязручнасць, якая ніяк не пагражае вашаму жыццю і дабрабыту.
А вось дзейнасць нафтавых карпарацый ужо сёння прыводзіць да наступстваў, з якімі жывуць мільёны людзей у меней прывілеяваных рэгіёнах: забруджаныя вада і паветра, разбураныя экасістэмы, страчаныя дамы з-за паводак ці засух, хваробы, выкліканыя прамысловымі выкідамі. Для іх экалагічны крызіс — не абстракцыя і не прадмет музейных дыскусій, а суровая штодзённасць. На гэтым кантрасце актывіст_кі і будуюць сваё пасланне:
каштоўнасць чалавечага жыцця і прыроды невымерна вышэйшая, чым камфорт і спакой наведанні_ц музея.
Важна разумець: у заходніх краінах людзі жывуць, маючы перавагі. Мы амаль не бачым наступстваў кліматычнага крызісу: смецце вывозіцца ў іншыя краіны, нафта здабываецца і разліваецца недзе ўдалечыні, і наступствы разграбаюць людзі таксама недзе там, у іншых рэгіёнах.
Раз праблема не адчуваецца так востра, можа здавацца, што яе няма ці яна надуманая. Ад гэтага і акцыі раздражняюць яшчэ больш, быццам нагоды для іх высмоктваюцца з пальца.
Але праблема ёсць — проста мы яе не адчуваем наўпрост. У Еўропе і Паўночнай Амерыцы экстрэмальныя метэаз’явы адбываюцца, але інфраструктура, тэхналогіі папярэджання і адаптацыя змякчаюць іх уплыў. Для параўнання, краіны Афрыкі, Паўднёвай Азіі і Лацінскай Амерыкі пакутуюць ад засух, паводак і ўраганаў значна мацней і маюць менш рэсурсаў для абароны.
Шмат якія буйныя музеі і галерэі атрымоўваюць фундатарскую падтрымку ад нафтагазавых кампаній ці звязаных з імі фондаў. Вядома, што Брытанскі музей, «Тэйт Мадэрн», Нацыянальная партрэтная галерэя (Лондан) і «Луўр» супрацоўнічалі з нафтавымі кампаніямі BP, Shell і Total.
Для экаактывіста_к гэта важны аргумент: культурныя інстытуцыі, што заяўляюць пра сваю місію «служыць мастацтву і грамадству», адначасова дапамагаюць «адмываць» рэпутацыю карпарацый, чыя дзейнасць бурыць экасістэмы і пагаршае кліматычны крызіс.
Апроч таго, самі арт-інстытуцыі пакідаюць заўважны экалагічны след: ад пералётаў і раскошнага ладу жыцця заможных калекцыянера_к да выдаткоўных і экалагічна няўстойлівых выставачных праектаў.
У вачах прыхільні_ц радыкальных дзеянняў усё гэта — элементы адной і той жа сістэмы, якая ставіць прэстыж і прыбытак вышэй за здароўе планеты.
Актывіст_кі прызнаюць, што іх метады — крайнія, але лічаць іх патрэбнымі, бо звыклыя формы дыялогу, на жаль, не прыцягваюць увагі і хутка губляюцца ў бясконцай плыні навін.
Некаторыя з актывіста_к кажуць, што, вядома ж, іх турбуе, што такая колькасць людзей іх ненавідзіць, але яны праводзяць акцыі не для таго, каб спадабацца некаму, а каб прымусіць грамадства і СМІ казаць пра праблемы*.
І, на жаль, толькі радыкальныя акцыі дапамагаюць трапіць экалагічным пытанням на першыя старонкі газет. Так што, калі для гэтага патрэбна дзейнічаць гучна і неардынарна, хай нават выклікаючы раздражненне ў часткі публікі, — гэта, на іх думку, апраўданая цана за шанец данесці праблему да мільёнаў.
Ці дапамагаюць акцыі вырашаць экалагічныя праблемы?
Мы ведаем пра кліматычныя рызыкі, пра паводкі, засухі, знікненне відаў, але ўрады і эканоміка рэагуюць на гэтыя праблемы вельмі марудна. Гэта адбываецца таму, што
карпарацыі і палітычныя дзяяч_кі супраціўляюцца, ёсць страх перад радыкальнымі рэформамі, а таксама людзі не хочуць змяняць свой звыклы спажывецкі лад жыцця дзеля доўгатэрміновых змен.
Акцыі не вырашаюць праблемы наўпрост, але ставяць іх у цэнтр увагі. Яны могуць паўплываць на грамадскую думку і палітычны парадак дня (прыкладам, у некаторых краінах уключэнне экалагічнай тэмы ў выбары ці прыняцце новых законаў пра выкіды стала магчымым менавіта пад ціскам масавых пратэстаў і медыйнага шуму). Але для ўстойлівага эфекту патрэбныя сістэмныя змены і ўключанасць масаў.
Акцыянізм у экаруху — гэта не толькі пра шок гледачоў і глядачак. Гэта і пра роспач актывіста_к. Калі людзі бачаць, як парушаецца клімат, знікаюць лясы і разбураюцца жыцці людзей, а ў адказ — цішыня, хочацца крычаць. І нехта сапраўды пачынае крычаць: на вуліцах, у музеях, нават у офісах карпарацый.
Пытанне не толькі ў форме дзеянняў, але і ў тым, чаму грамадства інакш не рэагуе на відавочны крызіс. І магчыма, нам варта перастаць пытацца: «Чаму яны так робяць?» — і пачаць пытацца: «А што зрабілі палітычныя эліты, каб ім не давялося крычаць?»

Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values — JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.
