Сінглізм — гэта прадузятае стаўленне да людзей, якія жывуць без пары. Яно выяўляецца ў перакананні, што «адзіночкі» няшчасныя, інфантыльныя, з імі нешта не так і іх жыццё-без-пары непаўнавартаснае. Тэрмін увяла амерыканская сацыяльная псіхалагіня Бэла ДэПаўла ў 2006 годзе.
У гэтым артыкуле мы пагаворым аб праявах сінглізму ў грамадстве, аб пачуцці ўласнай недарэчнасці ў Дзень святога Валянціна, разбярэм, да чаго тут усё ж «звар’яцелыя кашатніцы», і паглядзім, ці ёсць у нас іншыя шляхі да шчасця.
Гэты артыкул пішацца не для таго, каб зняцэніць шлюб і рамантычныя адносіны, і не для таго, каб зняцэніць жаданні іншых людзей знайсці «свайго чалавека» і быць з ім назаўсёды ў шчасці. Мы пішам гэты артыкул дзеля іншай мэты: расказаць, чаму адзінота часта ўспрымаецца як праблема, якую трэба вырашыць, а не як выбар, які варта паважаць. І жадаем паказаць вам другі бок.
Кірунак на традыцыйныя каштоўнасці, або Як праяўляецца сінглізм з боку дзяржавы
У Савецкім саюзе з 1941 года дзейнічаў «падатак на бяздзетнасць» (адменены 1 студзеня 1992 года, калі СССР ужо не існаваў). Яго павінны былі выплочваць адзінокія і сямейныя грамадзяне старэйшыя за 20 гадоў, якія не маюць дзяцей. Складаў ён 6% ад заробку. І хаця тыя часы ўжо мінулі, дзяржава па-ранейшаму знаходзіць спосабы, як пакараць рублём і законам тых, хто не збіраецца планаваць сям’ю.
Патрыярхальная культура зацікаўленая ў сям’і, бо менавіта сям’я служыць асноўным інстытутам, праз які ўзнаўляюцца і перадаюцца «традыцыйныя каштоўнасці», выгадныя гэтай сістэме. Але сям’ю гэтая культура разумее ў вызначаным і вузкім праяўленні. Таму крыху адыдзем убок і паглядзім, што ж з’яўляецца сям’ёй у патрыярхальнай сістэме:
Гэта замацавана і ў артыкуле Кодэкса аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь, на гэта паказвае і законапраект, які прадугледжвае пакаранне за так званую прапаганду ЛГБТ-адносін.
На гэты конт таксама ўжо падрыхтаваны законапраект аб адміністрацыйнай адказнасці за жаданне быць чайлдфры.
Дзяржава мае патрэбу ў працоўных руках, прыросце насельніцтва і войску. Менавіта таму адзін са слупоў, на якім трымаецца паняцце сям’і, — гэта не дабрабыт усіх яе ўдзельні_ц, як можна было б падумаць. (Бо дагэтуль няма нармальнага закона супраць хатняга гвалту.) Гэта жанчыны, якія будуць нараджаць і выконваць дэмаграфічную палітыку дзяржавы. Папулярны фасад гэтага вобраза — жанчына-гаспадыня, захавальніца агменю і галоўная фігура ў выхаванні дзяцей, якая павінна вучыць дзяцей быць патрыятычнымі і паважаць дзяржаву.
«Маці, якая сядзіць у дэкрэце з дзецьмі, чакае мужа і вячэру гатуе ад душы, ад вялікага кахання. Усё гэта накіравана на людзей, на краіну, на наш агульны дом, на Бога. Усё іншае — другаснае», — протаіерэй Фёдар Поўны, аўтар праграмы для беларускіх школьнікаў «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму» для 8-х і 9-х класаў | «Жанчына-маці не толькі захавальніца сямейнага агменю, але і традыцыйных асноў нашага грамадства. Выхоўваючы дзяцей патрыётамі, вы ўмацоўваеце дзяржаву, закладваеце надзейны падмурак будучыні нашай Беларусі» З даследавання ролі жанчыны вачыма дзяржаўных СМІ |
Так, імкненне займець сям’ю на падмурку ідэалагічнай канцэпцыі «традыцыйных каштоўнасцяў» — гэта адзіна правільны шлях паўнавартаснага жыцця, да якога трэба імкнуцца, на думку патрыярхальнай сістэмы. Адзінота ж прадстаўлена як праблема для насельніцтва і як тое, што патрабуе ўмяшання.
«Беларусь культывуе і працягне культываваць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, бо гэтае пытанне вельмі важнае ва ўсіх сэнсах, у тым ліку ў кантэксце забеспячэння нацыянальнай бяспекі», — кажа палітолаг Аляксей Бяляеў. А міністр працы і сацабароны Ірына Касцевіч анансуе, што кожн_ая беларуск_ая школьні_ца да 2025 года «будзе ахоплен_ая» факультатывам пра сямейныя каштоўнасці.
У Расіі з верасня 2024 года ў школах ужо ўвялі курс «Сям’язнаўства», дзе дзяцей рыхтуюць да будучага сямейнага жыцця і нараджэння дзяцей. Таксама нядаўна ў расійскім Мінасветы заклікалі стварыць умовы для рамантычных адносін сярод школьні_ц, каб у іх з’явілася жаданне заводзіць сям’ю. І прапанавалі ўвесці льготу: калі школьніца народзіць на працягу года да моманту падачы дакументаў у ВНУ, налічваць ёй дадатковыя балы пры паступленні.
І зноў жа зразумела, што пра дабрабыт гэтых дзяцей, якіх у школах будуць рыхтаваць да рамантычных адносін, гаворка не вядзецца. Праз такія вось фінансавыя, сацыяльныя льготы і законапраекты дзяржава стымулюе шлюб і нараджэнне дзяцей — бо дзяржава мае патрэбу ў арміі, працоўных руках і прыросце насельніцтва. Усё, што не служыць гэтаму плану, мае патрэбу ў карэкціроўцы або, як мінімум, у асуджэнні.
«Не маеш хлопца? Не называй мяне мамай!», або Што адбываецца з сінглізмам у рэкламе
Грамадства часта разглядае самотнае жыццё як нешта ненармальнае, як нешта, з чаго хочацца як мага хутчэй выйсці, каб не затрымлівацца ў гэтым статусе. Тым не менш тэндэнцыя кажа, што быць без адносін — гэта новая норма. 25% міленіялаў, паводле прагнозаў, ніколі не пабяруцца шлюбам. Паводле статыстыкі, людзі цяпер пазней бяруцца шлюбам, часцей разводзяцца і ўсё часцей жывуць наогул без рэгістрацыі адносін. У Беларусі колькасць зарэгістраваных шлюбаў таксама зніжаецца (у 2024 годзе зарэгістравана 32,6 тысячы шлюбаў, у 2023 годзе — 56 тысяч шлюбаў), а колькасць разводаў павялічваецца.
Колькасць шлюбаў на 1000 чалавек з 1886 да 2020 гг.
Сярэдні ўзрост жанчын пры ўзяцці шлюбу
Людзі без адносін уяўляюць сабою велізарны і перспектыўны рынак, які аб’ядноўвае мільёны чалавек. У іх няма абавязацельстваў перад партнёр_камі ці дзецьмі, таму яны часта маюць большую фінансавую свабоду. Тым не менш мы дагэтуль часам бачым такую рэкламу ад буйных міжнародных брэндаў:

Напэўна, адна з самых яркіх праяваў сінглізму ў бізнэсе за апошні час — гэта кейс IKEA. У 2017 годзе IKEA выпусціла ў Кітаі рэкламны ролік, паводле сюжэту якога маці кажа дачцэ: «Не называй мяне мамай, калі не можаш прывесці дадому хлопца». Затым у дзвярах з’яўляецца малады чалавек з кветкамі, а задаволеныя бацькі накрываюць абедзенны стол посудам і ўпрыгожваннямі IKEA. Сцэна заканчваецца фразай: «Святкуйце паўсядзённае жыццё». Вось такая вось дыскрымінацыя адзінокіх людзей і адзінокіх жанчын у прыватнасці. Маўляў, калі ў цябе няма хлопца, уласная сям’я будзе пагарджаць табою. Натуральна, пасля хвалі крытыкі IKEA выбачылася і выдаліла ролік.
Бізнэсу даўно пара перабудавацца і перастаць адлюстроўваць людзей без пары як няшчасных або як тых, з кім лепш не мець справы. Дзякуючы грамадскай рэакцыі на праявы сінглізму і праз усведамленне таго, што людзі, якія не заводзяць сем’і, таксама з’яўляюцца фінансава забяспечанай аўдыторыяй, кампаніі паступова пачынаюць улічваць і паважаць інтарэсы і запатрабаванні гэтай групы.
Вобраз няшчаснай «звар’яцелай кашатніцы»
У 1880 годзе журналіст Dundee Courier напісаў: «Сталыя дзевы і каты здаўна асацыююцца адно з адным, і, справядліва ці не, значная частка чалавецтва ставілася да гэтых істот з пэўнай доляй падазрэння і агіды».
Прайшло амаль 150 гадоў, а вобраз няшчаснай «звар’яцелай кашатніцы» застаецца папулярным і эксплуатуецца дагэтуль.
У масавай культуры, гумары і рэкламе часта можна ўбачыць тую самую кашатніцу. Яна можа мець розную знешнасць, розны ўзрост, у яе можа быць розная адукацыя, але тое, што будзе нязменным, — гэта вобраз самотнай трагічнай фігуры, чые спробы завесці раман былі няўдалымі: ці праз тое, што яна была занадта пераборлівая, ці таму, што з ёй «нешта не так». І цяпер яе адзіная кампанія — гэта коткі.
Існуюць нават страшылкі, што пазней гэтыя ж коткі аб’ядуць ёй твар, калі яна раптам памрэ ад няшчаснага выпадку. (Пахлынулася, і не было нікога побач, каб дапамагчы, бо што? — Ды таму, што была занадта пераборлівая.) Гэта было абыграна і ў серыяле «Сэкс у вялікім горадзе», дзе быў такі эпізод нават з устойлівай да стэрэатыпаў Мірандай.

Карані гэтага стэрэатыпу вядуць у Сярэднявечча, эпоху інквізіцыі і палявання на ведзьмаў, калі ўдоваў і незамужніх жанчын часта вінавацілі ў вядзьмарстве. Іх сацыяльнае становішча супярэчыла ідэалу жанчыны таго часу — паслухмянай жонкі і маці, цалкам залежнай ад мужа. Незалежнасць удавы ці незамужняй жанчыны («векавухі»), якая больш не знаходзілася пад апекай мужчыны, выклікала недавер і раздражненне, бо выбівалася з патрыярхальных нормаў.
Да таго ж у такіх жанчын часта былі коткі. Гэта былі ідэальныя хатнія жывёлы: яны не патрабавалі асаблівага догляду, займалі мала месца і лавілі мышэй. Так, паміж жанчынамі і коткамі хутка ўсталявалася сувязь: і тыя, і іншыя незалежныя і адмаўляюцца падпарадкоўвацца (мужчыну, гаспадару). Гэта раздражняла і ўспрымалася як пагроза.

Паляванне на ведзьмаў засталося ў мінулым, але сувязь адзінокіх жанчын і катоў не знікла, а трансфармавалася ў стэрэатып «вар’яткі-кашатніцы», які служыць спосабам кпіць і прысаромліваць жанчын, якія выбіраюць жыццё без партнёра і дзяцей. Тыя, хто адыходзіць ад традыцыйных сацыяльных роляў жонкі і маці, таўруюцца як эксцэнтрычныя, дзіўныя ці няшчасныя, як быццам каштоўнасць жанчыны вызначаецца толькі яе сямейным статусам, а не асабістымі дасягненнямі, інтарэсамі або выбарам.
Вы можаце запярэчыць, што ў пэўныя перыяды самотнае жыццё можа заахвочвацца грамадствам. Так, але толькі як нешта часовае, як прэлюдыя перад адносінамі, як частка сцэнара, у якім мы «шукаем сябе», каб потым прысвяціць сябе шлюбу, мужу і здабыць «сапраўднае» шчасце. А інакш — «прывід векавухі» ніколі не спіць і маячыць у агульным уяўленні.
«Абяцанне шчасця»
Такім чынам у грамадстве адзінота ўспрымаецца як «антытэза шчасцю». Быць не ў адносінах — значыць пацярпець няўдачу, дзесьці павярнуць не туды, зрабіць няправільны выбар. А сказаць «я самотн_ая» — значыць стаць аб’ектам жалю.
У сваёй кнізе «Абяцанне шчасця» (The Promise of Happiness) вучоная і феміністка Сара Ахмед піша, што грамадства выкарыстоўвае ідэю шчасця як інструмент кантролю і як бы кажа нам: «Калі ты адчуваеш шчасце ад правільных рэчаў, то ты свой/свая. Калі ты не адчуваеш шчасця ад правільных рэчаў — ты чужы/чужая».
Лічыцца, што людзі, якія выбіраюць не быць ні з кім у працяглых рамантычных адносінах або знаходзяцца ў гэтым статусе праз знешнія абставіны, «недаатрымалі» шчасця. Да іх ставяцца як да тых, хто не да канца рэалізаваўся — з прычыны «няздольнасці» знайсці партнёра або праз нежаданне прытрымлівацца традыцыйных роляў.
Адстойваць жа сваё права быць няшчасным у традыцыйным сэнсе гэтага слова або быць шчаслівым па-свойму (што адно і тое ж для грамадства) — азначае займацца палітычным актывізмам, а значыць, і змагацца супраць шчасця.
«Нашыя актывісцкія архівы, такім чынам, — няшчасныя архівы. Толькі ўявіце ўсю працу крытыкі за нашымі спінамі: фемінісцкая крытыка фігуры «шчаслівай хатняй гаспадыні», разбурэнне цемнаскурымі актывісткамі міфа пра «шчаслівых рабоў», квір-крытыка сентыменталізацыі гетэрасэксуальнасці як хатняга шчасця. Барацьба вакол шчасця адкрывае перад намі гарызонт палітычных спрэчак. Мы атрымліваем у спадчыну гэты гарызонт».
Сара Ахмед
Грамадства нібы абяцае нам шчасце, калі мы пойдзем гэтай дарогай. Але ў колькіх з нас шлях быў пройдзены, але шчасця не атрымалася? І калі шлюб — гэта шчасце, тады чаму з кожным годам расце колькасць разводаў і самая вялікая колькасць забойстваў адбываецца менавіта ў шлюбе*?
Мы не гаворым, што шлюб — гэта абавязкова зло. Проста ён не адзіная дарога да шчасця. Шчасце магчымае не толькі праз адносіны. Шчасце не абавязанае быць калектыўным ці сямейным. Шчасце — гэта нешта індывідуальнае, а не ўніверсальнае, і важна прызнаць адзіноту як законны, каштоўны стан, здольны таксама прыносіць радасць і свабоду.
«Няма ніякай магчымасці вымераць шчасце іншага чалавека, затое заўсёды лёгка можна абвясціць шчаслівай сітуацыю, якую хочаш яму навязаць: асуджаных на застойнае гібенне, у прыватнасці, аб’яўляюць шчаслівымі на падставе таго, што шчасце — гэта адсутнасць руху», — піша Сімона дэ Бавуар у сваёй кнізе «Другі пол».
Тая ці той, хто не мае рамантычных адносін, не абавязкова самотныя
Права быць без партнёр_кі або, калі хочаце, права быць няшчасн_ай — гэта не проста пытанне індывідуальнага выбару, але і частка барацьбы за прызнанне рознага чалавечага вопыту.
Калі чалавек не ў адносінах — гэта не азначае, што ён/яна самотн_ая і абавязкова пакутуе праз тое, што ў яго/яе няма сацыяльных сувязяў. Людзі без рамантычных сувязяў таксама сябруюць, падтрымліваюць блізкія адносіны са сваякамі і вядуць насычанае сацыяльнае жыццё — часам нават больш насычанае, чым тыя, хто мае стасункі, бо ў іх больш вольнага часу.

Культавы серыял «Сэкс у вялікім горадзе» расказвае пра свабодных і паспяховых жанчын, якія любяць сваю працу і вядуць насычанае жыццё. Аднак іх размовы круцяцца толькі вакол мужчын, а фінал надыходзіць толькі тады, калі кожная з іх знаходзіць партнёра для «доўгага і шчаслівага» жыцця.
З дзяцінства нам чыталі казкі і паказвалі фільмы, галоўны сэнс якіх — шлях да «таго самага/той самай». Таму і фінал іх нязменна завяршаўся вяселлем і фразай «і жылі яны доўга і шчасліва». Праз гэта часам можа здавацца, што і жыццё пачнецца па-сапраўднаму толькі тады, калі з’явіцца той самы чалавек — каб таксама можна было напісаць сваю «правільную» гісторыю.
Але жыць доўга і шчасліва можна не толькі пасля шлюбу. А шлях героя/гераіні можа складацца не толькі з пошукаў сваёй «палоўкі». І пісаць гісторыі можна іншыя. Яны нам усім вельмі патрэбныя.
Мы паважаем жаданне «знайсці свайго чалавека» і пражыць з ім доўгае і шчаслівае жыццё. Проста ў эпоху гісторый пра шчасце-толькі-ў-адносінах гісторыя пра тое, як можна быць адн_ой, але не быць самотн_ай, па-ранейшаму мае вострую патрэбу ў тым, каб яе расказалі.
Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values — JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.
