«Зрабіце ўсё магчымае, каб даць майму сыну дазвол на пераход». Марыя пра прыняцце свайго трансгендарнага дзіцяці

ІнклюзіяАсобыГендар
история матери трансгендерного сына в Беларуси
5
(4)

Марыя жыве ў абласным беларускім горадзе. Калі 10 гадоў таму яе дзіця расказала пра сваю трансгендарнасць, у той момант неба і зямля памяняліся месцамі. Першы шок, доўгія размовы, пошук інфармацыі, кансультацыі з псіхолагамі і псіхалагінямі і спробы разабрацца, што наогул адбываецца. 

Марыя кажа, што заднім днём шмат што здаецца відавочным, але тады, не ведаючы пра прыроду трансгендарнасці, яна проста лічыла, што ў яе дачка-пацанка, але прыйдзе час, і яна зменіць гэтыя красоўкі, штаны і банданы на зусім іншыя ўборы. Час прыйшоў — але зусім іншы.

Першы візіт да сэксолага Марыя пачала фразай: «Дапамажыце мне вярнуць маю дачку». Праз год яна ўжо пісала яму паведамленне з просьбай выдаць сыну дазвол на змену полу.

У гэтым інтэрв’ю Марыя расказвае, як праходзіла шлях прыняцця, разбурала стэрэатыпы і як з асабістага болю вырас бацькоўскі клуб — месца, дзе мамы квір-дзяцей вучацца жыць далей і дапамагаюць тым, хто толькі апынуўся на гэтым шляху.

Пра першы год пасля камінг-аўта сына: «Божа, што адбываецца, мне гэта сніцца?» 

Вы распавядалі, што калі пра ўсё даведаліся, то ў вас неба з зямлёй памяняліся месцамі. А калі ўсё вярнулася на свае месцы і вы сталі з лёгкай душой называць сваё дзіця сынам? 

Недзе каля году мне спатрэбілася. Гэта быў самы складаны год у гэтай пераладцы. Сын вадзіў мяне па крамах мужчынскага адзення, дзе абіраў сабе ўсё, што сам хацеў: мужчынскі абутак, адзенне. Яму важна было, каб я была пры гэтым і недзе штосьці параіла. Я спачатку думала: «Божа, што адбываецца, мне гэта сніцца?» — у мяне валасы варушыліся. Але потым паглядзела, з якой радасцю ён абірае сабе мужчынскія чаравікі, як ажывае, як для яго гэта ўсё натуральна. І гэта падкупляла. Было бачна, што гэта па-сапраўднаму, так не сыграеш.

история матери трансгендерного сына в Беларуси
Аўтарка фота: Maria Louceiro. Крыніца: Unsplash

У цэнтры, у якім мой сын рабіў пераход, працаваў сэксолаг. Ён вёў майго сына і са мной таксама камунікаваў, тлумачыў шмат што. Я спачатку пыталася: «Можа, мне ўсё ж не называць яе мужчынскім іменем, можа, гэта яшчэ пройдзе?» А сэксолаг казаў: «Ні ў якім разе. Наадварот, вам трэба менавіта мужчынскім іменем яго называць і ў мужчынскім родзе да яго звяртацца. І каб усе, хто блізка з ім стасуюцца, таксама так да яго звярталіся. Ён павінен адчуць, наколькі яму камфортна ў гэтым — толькі так мы можам зразумець, наколькі гэта праўдзівая трансгендарнасць».

Я чытала ў вашым інтэрв’ю, што абедзве бабулі вашага сына адрэагавалі пазітыўна і адразу паспрабавалі пераладзіцца на слушныя імя і займеннік. Файна! А як у цэлым сваякі ўспрынялі гэтую навіну?

Усе ўспрынялі вельмі адэкватна. Для мяне асабіста гэтая ўся сітуацыя была цяжкай, таму мне было важна, як адрэагуюць мае блізкія: ці не адвернуцца, ці зразумеюць, ці падтрымаюць? Я такі чалавек — мне складана адной, мне трэба быць у супольнасці і адчуваць падтрымку людзей. І проста дзівосна: усё апынулася значна прасцей, чым я сабе ўяўляла. Мае блізкія сяброўкі мяне таксама падтрымалі. 

Ці было такое, што з кімсьці давялося спыніць зносіны з-за гэтага?

Не, са сваякоў няма такіх. Адзіны бар’ерчык быў з маім бацькам. Ён у мяне чалавек добры, але аўтарытарны і катэгарычны. Мая мама ўзяла на сябе місію яму ўсё расказаць, і першае, што бацька сказаў на гэта: «Была ў мяне ўнучка, а цяпер няма». На што мама яму адказала: «Як хочаш, але калі ты адвернешся ад дзіцяці сваёй дачкі, то ў цябе і з ёй могуць стасункі сапсавацца. Табе гэта трэба?» Так, яна яго пераканала, і потым калі мой бацька і сын сустрэліся, яны паціснулі адзін аднаму рукі. А ў астатнім усе ўспрынялі спакойна. Нават мая бабуля, якой на тую пару было ўжо больш за 90 год. 

Пасля камінг-аўта ці змяніліся ў вас стасункі з сынам?

Мне заўсёды хацелася мець блізкія стасункі са сваім дзіцём, і мне здавалася, што так яно і ёсць. Але калі сын зрабіў камінг-аўт, ён мне шмат што распавёў, у тым ліку як ён успрымаў мой мацярынскі клопат і апеку. Аказваецца, з-за таго, што ён проста граў гэтую ролю, якую яму навязала грамадства, ён не ўспрымаў нашага клопату — яму здавалася, быццам мы скіроўвалі яе на іншага чалавека. Ён пачуваўся, як у панцыры, што аддалены ад нас, што мы яго не бачым і не чуем. 

Цяпер, пасля камінг-аўта і доўгіх гутарак пра тое, што ў яго дзеялася ўнутры, нашы стасункі сталі шчырымі і адкрытымі. Цяпер ён адчувае, што я да яго звяртаюся і што бачу ў ім асобу.

трансгендерный ребёнок
Аўтар фота: Lawrence Krowdeed. Крыніца: Unsplash

Успомніла, як аднойчы пакінула сваё дзіця, яшчэ дашкольніка, у бабулі на лета ў вёсцы. Калі я прыехала тыдні праз тры, ён падышоў да мяне і сказаў: «Мама, мы з бабуляй гулялі ў гульню, дзе яна называла мяне мужчынскім іменем. Давай і ты будзеш называць мяне мужчынскім іменем».

Ужо тады ў мяне было нейкае прадчуванне, што я не ўбачу сваю дачку сталай. Я праганяла гэтыя думкі ад сябе, баялася іх, але адчувала, што ў нейкі момант усё пойдзе не так, як у маіх паветраных замках, дзе я ўяўляла замужжа дачкі, як яна народзіць унукаў. Я тады спалохалася і ў адказ на яе просьбу патрэсла за плечы з фразай: «Спадзяюся, ты ў мяне нармальная?»

Як пасля гэтага дзіця можа адчуваць шчырасць у стасунках з мамай, калі тая гэтак рэагуе на яго дзіцячыя фантазіі? Тады сын зразумеў, што лепш стаіцца да пары да часу, і вырашыў, што будзе больш бяспечна гуляць у гэтую гульню, якую яму тут усе навязваюць, але з часам ён разбярэцца, што з ім адбываецца. Ён казаў, што баяўся, што, пакуль ён маленькі, мы возьмем і сілай куды-небудзь яго завядзем, дзе яго пачнуць лячыць.

Ведаю гісторыі, калі бацькі хадзілі да экстрасэнсаў і гіпнатызёраў з добрых намераў.

Я хадзіла ў царкву, ставіла свечкі і малілася. Былі думкі наконт экстрасэнсаў і псіхолагаў, але сын — ужо сталы на той момант, калі зрабіў камінг-аўт — сам заняўся гэтым пытаннем. За што я яму ўдзячная, таму што ён не даў мне нарабіць бяды. 

Пра сацыялізацыю і медычны пераход: «Я зразумела, што дысфарыя значна больш шкодзіць арганізму чалавека, чым тая ж гарманальная тэрапія»

Вы згадалі, што было страшна расказваць сваякам, але выйшла так, што ўсе прынялі. А што сапраўды аказалася страшным?

Як яму з гэтым жыць. Таксама турбавалі гэтыя дурныя стэрэатыпы ў супольнасці, як яму сацыялізавацца, што са здароўем, аперацыямі, гарманальнай тэрапіяй.

Я вычытала, што ў трансгендарных людзей даволі хутка падрываецца здароўе. Я дзялілася з сынам гэтымі перажываннямі, а ён казаў: «Маці, я лепш адзін дзень пражыву ў сваёй шкуры, і навакольныя будуць успрымаць мяне тым, кім я з’яўляюся, чым буду працягваць хадзіць у гэтым панцыры, які штодзень з’ядае мяне ўсё больш і больш». 

* Гендарная дысфарыя — гэта псіхалагічны стан, пры якім чалавек адчувае разыходжанне паміж сваёй гендарнай ідэнтычнасцю і біялагічным полам.

Дысфарыя* ў яго пачалася на фізічным роўні ўжо гадоў у 16. Левая палова цела быццам трохі перакасілася, як пасля нейкіх паралічаў ці інсультаў — не моцна, але заўважна. І я зразумела, што дысфарыя значна больш шкодзіць арганізму чалавека, чым тая ж гарманальная тэрапія.

Я так разумею, ваш сын рабіў медычны пераход у Беларусі? Цяпер гэта няпроста зрабіць.

Так, нам пашчасціла, таму што тады была спрыяльная паласа, калі можна было гэта зрабіць адносна лёгка.

Гэта быў 2015 год, тады сын стаў на ўлік і рэгулярна, раз на месяц-два, хадзіў на кансультацыі да сэксолага, псіхолага, эндакрынолага і іншых адмыслоўцаў. Яму нават давялося паляжаць у псіханеўралагічнай клініцы ў стацыянары для таго, каб адмыслоўцы пераканаліся ў тым, што гэта праўдзівая трансгендарнасць, і выключылі нейкія псіхічныя адхіленні. Усё гэта ён прайшоў, і праз год, як стаў на ўлік, прызначылі камісію. У камісіі было каля 15 чалавек. Я падпісала паперу аб тым, што не буду мець прэтэнзій у выпадку памылкі.

Аўтарка фота: Maria Louceiro. Крыніца: Unsplash

З аднаго боку, падпісваць гэтую паперу было лёгка: я разумела, што так магу дапамагчы свайму дзіцяці, што ён чакае ад мяне гэтай падтрымкі — і я павінна гэта зрабіць. А з іншага боку — цяжка. Мільганула думка, што, магчыма, гэта сапраўды памылка, і я сваёй рукой зараз пастаўлю подпіс і гэту памылку таксама здзейсню.

Першы раз я прыйшла да сэксолага са слязьмі і словамі: «Дапамажыце, калі ласка, мне вярнуць маю дачку». А праз год я напісала гэтаму сэксолагу паведамленне, бо ён таксама быў у складзе камісіі: «Калі ласка, зрабіце ўсё магчымае, каб даць майму сыну дазвол на змену дакументаў, таму што за гэты год я зразумела, што гэта яго шлях і гэта яго прырода».

Я разумею, што наўрад ці нечым паспрыялі мае словы, але так ці інакш сыну далі дазвол з першага разу. І тады ён тэрмінова стаў дзейнічаць. Бо гэтыя 18 год ён як быццам не жыў, як быццам быў звязаны па руках і нагах. І вось ён пачаў наганяць тое, што было ўпушчана. Аператыўна заняўся зменай усіх дакументаў. Дзякуй людзям, якія яму сустрэліся на гэтым шляху. 

Пра змену поглядаў і падтрымку іншых бацькоў: «Свет для мяне адкрыўся ў абсалютна іншых фарбах»

Як вы да гэтага ставіліся да квір-персонаў? 

Мне наогул падабаецца, што людзі розныя. Але раней я лічыла, што гэта, хутчэй, нейкая блазнота, мода, жаданне вылучыцца. Так, ёсць такія людзі, няхай жывуць так, як ім падабаецца: яны мне не замінаюць, а я ім не замінаю. А зараз, вядома, я стаўлюся да іх зусім па-іншаму. Для мяне адкрыўся свет у абсалютна іншых колерах, вясёлкавых (смяецца). Я даведалася пра прыроду трансгендарнасці і пра тое, што ёсць розныя ідэнтычнасці, і гэта наогул не жаданне чалавека, а прыродная дадзенасць. І, натуральна, зараз я стаўлюся да іх з трапяткім пачуццём. 

Таму што на прыкладзе свайго сына я ўжо разумею, як цяжка дамагацца сваіх базавых правоў, якія нам, цысгендарным людзям, выдаюцца пры народзінах дармовым сацыяльным пакетам. А ім даводзіцца свае базавыя правы бараніць. Ды яшчэ добра, калі людзі проста бокам пройдуць — колькі гамафобіі і гвалту. 

каминг-аут ребёнка
Аўтарка фота: Annie Spratt. Крыніца: Unsplash

Вы казалі, што ваш сын дапамагаў вам з інфармацыяй. Можа, вы маглі б адзначыць кнігу ці фільм, якія моцна на вас паўплывалі?

Мы глядзелі з ім фільм «Дзяўчына з Даніі». Гэта гісторыя жыцця і кахання трансгендарнай жанчыны — першага чалавека, якая зрабіла аперацыю па змене полу.

Адна з першых брашураў, што ён даў мне пачытаць, — «Міфы і факты пра транссэксуалаў» сэксолага Дзмітрыя Ісаева. Там развейваецца шэраг міфаў, у тым ліку было пра тое, што «трансгендарныя людзі доўга не жывуць». 

Колькі ні жывуць, але тым не менш жывуць — калі нарэшце яны ў сваім целе і ўсе навокал гэта нармальна ўспрымаюць. А пакуль яны гэта хаваюць — гэта нельга назваць жыццём.

А галоўным чынам гэта была інфармацыя з інтэрнэту, інтэрв’ю вядомых замежных людзей. Яшчэ дапамагло, што ў гэты ж год, як сын зрабіў камінг-аўт, я сустрэлася з псіхалагіняй. У Беларусі тады працавала праваабарончая арганізацыя, якая знаходзіла бацькоў квір-дзяцей і запрашала на кансультацыю. Спачатку мы сустрэліся з псіхалагіняй сам-насам, потым яшчэ адна мама прыйшла, потым яшчэ адна — і так вакол яе ўтварылася група мам. 

Аўтарка фота: Maria Louceiro. Крыніца: Unsplash

Спярша было мора слёз. У нас на стале стаяла вялікая сурвэтніца — адкуль сурвэткі толькі па коле разляталіся. Усё было праз слёзы, праз пражыванне асабістай трагедыі кожнай з нас. За 10 сеансаў мы патрошку сталі ачуньваць, і я не ўяўляю, як жыла б той перыяд без моцнай падтрымкі з боку псіхалагіні і такіх жа мам, як я. 

А потым гэта перарасло ў наш бацькоўскі клуб. Яшчэ дадаваліся мамы, якія знаходзілі нас праз сваіх дзяцей. Так мы працягваем сустракацца да сёння.

Вы прымаеце новых бацькоў, якія сутыкнуліся з гэтым? 

Так, вядома, прымаем. Гэта адна з нашых мэтаў — каб бацькі, якія маюць патрэбу ў прасторы бяспекі і падтрымкі, знаходзілі нас, мы ядналіся, разам развязвалі надзённыя пытанні і проста душэўна камунікавалі. З намі можна звязацца праз міжнародную бацькоўскую арганізацыю «Плюс Голас»

Мы выдатна разумеем, наколькі важная падтрымка. Я памятаю, як 10 год таму сама хацела сысці з жыцця, як было цяжка прыняць і зразумець, як далей з гэтым жыць. У гэты момант аказваць падтрымку бацькам вельмі важна.  

У групе мы камунікуем, абменьваемся навінамі, інфармацыяй юрыдычнага і медычнага характару і рознымі нюансамі, якія дапамагаюць нам і нашым дзеткам выжываць у гэтым свеце.

Здаецца, у такіх суполках заўсёды больш мам, чым татаў… 

Так яно і ёсць. У нас наогул дагэтуль адны мамы. Далёка хадзіць не трэба — наш тата не хоча гэтым займацца. І нават у нашай міжнароднай бацькоўскай групе галоўным чынам мамы, татаў адзінкі.

Таты трошкі адхіляюцца, але я не ведаю, з чым гэта звязана. Перакладаць на мужчынскае і жаночае не хочацца, таму што я ўжо адышла ад гэтага. Вельмі ўжо дбае сынок — як толькі я пачынаю недзе раздзяляць на мужчынскае і жаночае, ён мне: «Зноў прамаўляе сэксізм». Так што гэта ў татаў трэба спытаць, чаму так.

Пра прыняцце: «Здрадніцкія думкі пра “дачку” сышлі — я люблю свайго сына такім, які ён ёсць»

Ужо мінула 10 гадоў. Ці прайшла гэтая разгубленасць, ці яна дагэтуль адчуваецца?

Разгубленасці, вядома, ужо няма. Зямля зноў вярнулася на сваё месца, і я цвёрда стаю на нагах з пачуццём поўнага прыняцця. Цяпер у мяне абсалютна няма такога «ах, калі б усё-такі была дачка». Я нават думаю, што гэта здрадніцкія думкі ў дачыненні да майго сына. Мне здаецца, што ён заўсёды быў менавіта такім, які ёсць зараз, і я яго люблю, менавіта такім. Іншага мне не трэба. У гэтым я цвёрда ўпэўненая. Ён настолькі арганічны ў сваім вобразе, што я проста цешуся, што ён усё-такі выстаяў і што ён ёсць, што ён жыве гэта жыццё наколькі можа паўнавартасна.

Мне каля году спатрэбілася, каб прыйсці ў сябе. Гэта быў такі перыяд, што было страшна ад думак, што жыццё зруйнавалася і я ўжо ніколі не змагу цешыцца гэтаму жыццю, сонцу і свету. Але гэта ўсё мінула. 

Цяпер, калі я бачу чалавека ў дэпрэсіі, я разумею, як складана падабраць слушныя словы. Часам лепш прамаўчаць, чым нашкодзіць нечым кшталту «расслабся», «усё будзе добра», «пацярпі» — гэта, вядома, не тыя словы.

І няхай я не заўсёды магу знайсці патрэбныя словы, але вельмі хочацца данесці свой досвед: у жыцці бывае настолькі цяжка, што здаецца — жыць далей проста немагчыма. Але потым, нейкім дзівам, ты аднаўляешся, падымаешся і зноў адчуваеш поўнасць жыцця. Нават, здавалася б, з бязвыхадных сітуацый можна выйсці, таму што чалавечая прырода дзівосна моцная і глыбокая.


Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 4

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць