«Мы разам ужо больш за 17 гадоў». Як лесбійская пара з Беларусі будуе сям’ю, выхоўвае дзяцей у эміграцыі і марыць займець казу

ІнклюзіяАсобы
5
(6)

Пра ЛГБТК±пары дагэтуль існуе процьма стэрэатыпаў. Адзін з самых папулярных — што іх дачыненні нетрывалыя, а сем’і нестабільныя. Маўляў, геі і лесбіянкі заўсёды адкрытыя да новага сэксуальнага досведу, што непазбежна разбурае пары. Але насамрэч гэта не заўсёды так. Гомасэксуальныя пары гэтак жа сама, як і гетэрасэксуальныя, могуць быць абсалютна рознымі.

Мы паразмаўлялі з беларускай Святланай, якая ў стасунках са сваёй партнёркай Машай ужо 17 гадоў. Яны выхоўваюць дваіх дзяцей, а таксама разам прайшлі праз эміграцыю, крызіс у пары і непрыняццё з боку бацькоў.

Святлана расказвае пра самае сумнае ў лесбійскіх адносінах, а таксама пра тое, як іх дзеці прынялі сям’ю з дзвюма мамамі, пра прычыны эміграцыі і пра мару займець казу.

Як вы пазнаёміліся з Машай? Як бацькі паставіліся да вашых дачыненняў?

Пазнаёміліся на працы яшчэ ў Беларусі. Маша была маёй начальніцай. Мы ніяк не афішавалі свае стасункі, бацькі таксама не ведалі — толькі блізкія сябры.

Аднак калі мы зразумелі, што гэта сур’ёзна, то вырашылі ўсё расказаць. Як і меркавалася, бацькі адрэагавалі жудасна і былі супраць. На той момант у мяне ўжо была дачка, а ў маёй партнёркі — сын. Мая дачка павінна была пайсці ў першы клас, а яе сын ужо быў у трэцім.

У выніку мы пастанавілі з’ехаць з Беларусі. Мы зразумелі, што калі не з’едзем, то ўсё жыццё будзем хавацца ў шафе. Будзе дрэнна нам, а гэтым мы яшчэ і траўмуем нашых дзяцей.

Мы падтрымліваем стасункі з бацькамі, але не думаю, што яны ўхваляюць нашыя адносіны. Хутчэй за ўсё, яны проста змірыліся. Цяпер мы жывем далёка адны ад адных, таму практычна не бачымся. Яны ўсё яшчэ жывуць стэрэатыпамі.

Напэўна, самае сумнае тое, што ў нас няма адчування «адзінай сям’і», як гэта часта бывае ў гетэрасэксуальных парах, дзе ёсць сваякі з абодвух бакоў, якія сябруюць і падтрымліваюць адны другіх.

Цяпер вы жывяце ў Азіі. Як там ставяцца да аднаполых пар?

Тут усім усё роўна на замежнікаў. Мясцовыя жыхары глядзяць на нас так, нібыта мы з іншай планеты. З аднаго боку, гэта добра, бо мы робім, што хочам. Калі нехта нешта пра нас і кажа, то мы гэтага не чуем, бо не разумеем мовы. А з іншага боку, у нас абсалютна адсутнічае камунікацыя з мясцовымі і няма пагружэння ў лакальны кантэкст.

Што да мясцовых экспатаў, то ў іх якраз вельмі шырокія погляды. Нашая інтэграцыя ў гэтую супольнасць прайшла досыць мякка.

Калі ў школе нашых дзяцей мы назваліся сям’ёй, гэта не выклікала ніякага здзіўлення. У школьным журнале мы пазначаныя як сям’я.

У новай краіне нашыя дзеці пайшлі ў школу, дзе іх вучаць разнастайнасці і дэмакратычным каштоўнасцям. Іх вучаць, што калі ты нечага не разумееш, то трэба размаўляць. Яны трэніруюцца адстойваць свой пункт гледжання і падтрымліваць адно аднаго. Да таго ж дзеці выхоўваюцца ў сем’ях, дзе ў бацькоў розныя нацыянальнасці. Менавіта таму яны навучыліся разумець, што свет разнастайны.

Гэта якраз тое, чаго так часта не стае шматлікім гамафобным беларусам, якія жывуць у сваёй бурбалцы і не ўяўляюць, што можна жыць іначай. Яны рэдка выязджаюць за межы сваёй краіны і слаба разумеюць, як уладкаваны свет. Такімі людзьмі нашмат лягчэй кіраваць.

А як дзеці паставіліся да вашага саюзу з Машай?

Доўгі час яны не ведалі, што мы з Машай пара. Мы проста жылі ўсе разам і ў нейкі момант прызналіся. Мая дачка была яшчэ малая і ёй у цэлым было ўсё адно. А вось сын Машы, ужо на той момант падлетак, стаў моцна праз гэта пераймацца. Яму было складана яшчэ з-за таго, што ў яго была траўматычная гісторыя з яго бацькам. Той не цікавіўся сваім сынам, аднак дзіця заўсёды ў галаве трымалася за ідэю, што, маўляў, «вось тата хутка прыедзе і мяне забярэ». Магчыма, калі ён даведаўся, што мы яго новая сям’я, то ён засмуціўся.

Ужо на эміграцыі ў школе ён пайшоў да псіхалагіні і расказаў пра свае пачуцці. Яна яму ўсё спакойна растлумачыла і прапанавала паклікаць сяброў, каб тыя яго падтрымалі. Гэта спрацавала, і яму стала істотна лепш.

Праз некалькі гадоў нашыя дзеці пачалі лічыць нас сям’ёй. Цяпер яны ўсім расказваюць, што вось this is my mom and this is also my mom (з англ. гэта мая мама і гэта таксама мая мама). Адно аднаго яны таксама называюць братам і сястрой, што вельмі важна.

Як гэта — будаваць дачыненні, калі вакол так шмат міфаў і ўпярэджанасці?

Калі ты жывеш у гамафобнай краіне, то табе могуць прапісаць проста праз тое, што ты ёсць. Ты пачынаеш баяцца ўсяго і стала пачуваешся дыскамфортна.

Калі ж ты жывеш у камфортным асяроддзі, тое гэта ўсё адыходзіць і табе робіцца ўсё роўна. Нават калі хтосьці нешта скажа ці напіша каментар у сацсетках — гэта ўсё не мае для цябе ніякага значэння.

Я думаю, што самае галоўнае — захоўваць свой унутраны камфорт, а таксама разуменне, што я не раблю нічога няправільнага.

Калі я ўсвядоміла сваю гомасэксуальнасць і стала сустракацца з дзяўчатамі, то пабачыла зусім розныя аднаполыя пары. Я сустракала і тых, хто 20 гадоў жыве разам, нягледзячы на ​​стэрэатып аб тым, што адносіны ў ЛГБТК±парах ненадзейныя, бо гэта ўсё нібыта рана ці позна пройдзе.

Я асабіста сутыкалася са стэрэатыпам, што ўсе лесбіянкі косяць пад мужыкоў. У мяне пыталіся: «Хто з вас у пары мужык?» Хоць якая сувязь з гэтым? Мая партнёрка да мяне сустракалася толькі з мужчынамі. Тое, што мы сталі парай, — проста збег абставінаў. Я адразу зразумела, што гэта каханне і гэта назаўжды.

Мы жывем так, як і любая іншая пара. Мы стараемся размяркоўваць абавязкі без таго, хто з нас «мужык».

Калі нехта здольны і хоча зрабіць задачу, то робіць яе. Калі нашыя дзеці былі маленькія, то Маша больш з імі займалася ўрокамі, а я нават не паглыблялася. Я заўсёды прывучала іх да спорту і да іншых актыўнасцяў. У нас няма такога, што я, напрыклад, плінтус прыбіваю, а яна вышывае.

Фотаздымак носіць ілюстрацыйны характар. Крыніца: Unsplash

А вы афармлялі шлюб у нейкай краіне?

Мы хацелі аформіць шлюб, але не паспелі праз кавід. А потым зразумелі, што гэта фінансава складана. Каб пабрацца шлюбам, спачатку разглядалі Данію. Але каб туды паехаць, трэба аплаціць выдаткі на візы, пералёт, пражыванне, а таксама бюракратычныя працэдуры на месцы. Такое падарожжа каштуе дорага.

Другім варыянтам для нас была Новая Зеландыя. Але калі мы даведаліся, што, каб паехаць туды ў якасці турыстак, трэба заплаціць 15 тысяч долараў, то таксама адкінулі гэтую ідэю. У выніку зразумелі, што зараз гэтым займацца зусім няма сэнсу.

Вы працуеце разам. Ці сутыкаліся вы з цяжкасцямі ў дачыненнях, сумяшчаючы асабістае і прафесійнае?

Мы сапраўды заўсёды працавалі разам. Для нас гэта ніколі не было праблемай. Наадварот, я б нават сказала, што мы класна дапаўняем адна адну і нам камфортна працаваць разам. Але нам не стае людзей у каманду. Мы з жонкай шмат у чым падобныя: любім і не любім адныя і тыя ж задачы. Таму нам патрэбны хтосьці больш «працэсуальны», каб збалансаваць каманду.

Калі казаць наогул, ці можна працаваць з блізкім чалавекам разам, то ў нашым выпадку гэта спрацавала і нават умацавала наш звяз. Цяпер у нас ёсць сумесныя праекты: я дапамагаю ёй, а яна дапамагае мне. На дадзены момант мы працуем у розных кампаніях, але ўсё роўна робім і агульныя справы: разам праводзім мазгавыя штурмы, паляпшаем прадукт, рыхтуемся да праектаў.

Успамінаю часы, калі мы запускалі школу жаночага лідарства: гэта былі класныя гады, мы добра прасунуліся наперад. Потым, праўда, праект давялося адкласці, але досвед усё роўна быў вельмі каштоўным.

Што дапамагае вам быць разам на працягу 17 гадоў?

Самае галоўнае — гэта каханне. Без яго нічога не магчыма. У нашым жыцці было шмат розных сітуацый, і дачыненні нашыя праходзілі праз розныя этапы. Але адна рэч заставалася нязменнай — гэта каханне. Калі яно ёсць, то можна даць рады з любымі цяжкасцямі.

Сью Джонсан «Абдымі мяне мацней»

Маша не асабліва верыць у дапамогу псіхолагаў і сямейных тэрапеўтаў. Калі ў нас быў крызіс, яна не захацела ісці да спецыялісткі, але прапанавала іншы варыянт: яна купіла кнігу канадскай псіхалагіні «Абдымі мяне мацней». Шчыра кажучы, я нават не думала, што кніга зможа рэальна дапамагчы. Але мы чыталі яе разам больш за год, выконвалі практыкаванні, прапрацавалі многія рэчы і адчулі, што сталі іншымі людзьмі. Думаю, калі б не гэты працэс, нам было б нашмат складаней захаваць дачыненні.

Кніга дапамагла нам разабрацца з важнымі пытаннямі: чаму партнёркі часам не чуюць адна адну, чаму пачуцці астываюць, як вярнуць блізкасць і давер. Яна дала нам інструменты, каб палепшыць камунікацыю і зноў адчуць сувязь. І гэта сапраўды спрацавала.

Якія ў вас планы?

Мы пастанавілі займець казу. Сядзелі неяк у лазні і падумалі: а чаму б і не? Ва ўсіх каты і сабакі, а ў нас будзе каза.

Але калі сур’ёзна, я б хацела, каб у нас была невялікая хатка дзесьці за горадам ці на вёсцы. Дом, а побач прырода і нашая каза. Мне падабаецца ідэя невялікай гаспадаркі: сабака, курачкі… Гэта ўсё адгукаецца нам.

Вядома, галоўнае для нас — гэта проста быць разам. Працягваць жыць так, як жывем цяпер: працаваць, хадзіць у спартовую залу, гуляць у выходныя дні, падарожнічаць. Нам добра ў гэтым рытме.


Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 6

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць