Катаванні, што не пакідаюць сінякоў: як у Беларусі сядзяць палітзняволеныя жанчыны

ГендарПравы чалавека
катаванні
5
(2)

Калі мы чуем пра катаванні, то, хутчэй за ўсё, уяўляем фізічныя здзекі: удары, расцяжку на кайданках, электрашок. Але катаваць можна і без дотыкаў. Псіхалагічныя катаванні нябачныя, з іх не здымеш пабояў, але раны іх глыбокія. Яны разбураюць ізаляцыяй, знявагай, страхам, сорамам і бездапаможнасцю.

Згодна з Канвенцыяй супраць катаванняў і іншых відаў абыходжання і пакарання, якія з’яўляюцца жорсткімі, бесчалавечнымі ці прыніжаюць годнасць, катаванне — гэта любое дзеянне, пры якім наўмысна прычыняецца моцны фізічны ці псіхалагічны боль. Мэтай такога дзеяння могуць быць атрыманне інфармацыі ці прызнання, пакаранне за рэальныя ці меркаваныя дзеянні, запалохванне, прымус або дыскрымінацыя. Дзеянне лічыцца катаваннем, калі здзяйсняецца прадстаўнікамі ўлады, па іх указанні ці з іх маўклівай згоды. 

Паводле дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна», 11% з апытаных 1870 рэпрэсаваных у 2024 годзе паведамлялі пра псіхалагічныя катаванні. Адна з асноўных мэт гэтых катаванняў — зрабіць так, каб чалавек прызна_ла віну і напіса_ла прашэнне пра памілаванне на імя Лукашэнкі. Пакуль зняволеная не прызнае віны, ёй не будуць даваць бальнічны — хадзіць на працу на фабрыку давядзецца нават з высокай тэмпературай, будуць трымаць у халоднай камеры ШЫЗА, будуць пагражаць, што адбяруць дзяцей, і будуць жангляваць іншымі спосабамі дэгуманізацыі. Іх у адміністрацыі калоніі досыць.

У гэтым тэксце мы вырашылі засяродзіцца на формах ціску, што ўжываюцца ў жаночых калоніях. Вялікай апорай для гэтага артыкула паслужыла справаздача Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі «Катаванні і жорсткае абыходжанне ў Гомельскай жаночай калоніі № 4», якая дэталёва апісвае гэтыя практыкі дэгуманізацыі.

«Яна зачыняла нам прыбіральні як пакаранне»

Абмежаванне доступу да прыбіральні — гэта адна з формаў прыніжэння чалавечай годнасці. Пазбаўляючы жанчыну магчымасці задавальняць сваю базавую патрэбу, турэмная адміністрацыя падкрэслівае сваю абсалютную ўладу над ёй. Так, напрыклад, на зняволеную Вікторыю Кульшу складалі рапарты за «парушэнне дысцыпліны» за тое, што яна схадзіла ў прыбіральню на фабрыцы не адпрасіўшыся.

Туалеты могуць зачыніць з розных прычын: праз прыезд праверкі, проста ў якасці калектыўнага пакарання з-за адной «вінаватай» ці таму, што ў прыбіральню плануе схадзіць кіраўніца.

«О, я помню зусім цудоўна: калі праверка прыязджае, вы нікуды не можаце ўстаць зусім, а самае выдатнае — тое, што зачыняюць прыбіральню. Ты там сядзі, хоць абасцыся, ты не можаш схадзіць у прыбіральню».

«Заўгасіна ў 13-м, гэтая вось Хаміцкая, яна зачыняла проста нам прыбіральні як пакаранне».

«Нехта крычыць: «Прыбіральню кіраўніцы!» Дзяжурная ідзе выганяць усіх з прыбіральні. Пляваць, што ты там рабіла, ты выходзіш адтуль, дзяжурная ўсё прыбірае, а потым ад хвіліны да паўгадзіны дзяжурны стаіць і дбае, каб ніхто ў прыбіральню не заходзіў. Таму што кіраўніца можа сказаць, што ёй патрэбная прыбіральня, а потым запрацавацца ці нешта яшчэ, забіць і забыцца аб тым, што ў гэты час 90 там ці 100 чалавек не ходзяць у прыбіральню і чакаюць».

Цытаты зняволеных жанчын са справаздачы Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі «Катаванні і жорсткае абыходжанне ў Гомельскай жаночай калоніі № 4»

Да таго ж прыбіральні ў калоніях часта ў такім дрэнным стане, што карыстацца імі цяжка: яны брудныя, пабітыя і пазбаўленыя хоць якой інтымнай прасторы. Так і атрымліваецца, што зняволеныя вымушаныя або ўвесь час цярпець, што, вядома, шкодна для здароўя, або хадзіць у прыбіральню ў непрыдатныя для гэтага месцы, што выклікае стрэс і адчуванне сораму. 

«Думала, як мне памыцца, як схадзіць у прыбіральню, бо гэта 5 унітазаў, што стаяць адзін насупраць другога і размежаваныя звычайнай шторкай. І проста каб зайсці ў прыбіральню, а там ёсць людзі, трэба паспрабаваць не спатыкнуцца аб каленкі іншых людзей. Там размежавальнікі паміж унітазамі не такія шырокія, каб ты не бачыла, што там і каго. І ў прынцыпе ўсё, ты не хочаш гэтага бачыць, але твой бакавы зрок чапляе ўсё, што адбываецца. У прыбіральню проста нерэальна схадзіць было, гэта было вечнае трыванне». 

«Замест пракладак мне даводзілася падкладаць рыззё»

Зняволеным жанчынам дазволена раз на месяц падаваць заяву на атрыманне мінімальнага набору гігіенічных сродкаў: кавалачак гаспадарчага і туалетнага мыла, рулон таннай туалетнай паперы, пачак пракладак. Папера — настолькі дрэннай якасці, што літаральна развальваецца ў руках. Але і яна хутка сканчаецца.

«Калі гігіена сканчаецца, кожная выкручваецца як можа. Нехта крадзе, нехта выносіць са швейнага цэху кавалкі плотара — шчыльнай паперы для выкраек. А ад некага проста вее мачой»,

— успамінае экс-палітвязніца Алёна, якую разам з мужам асудзілі на два гады за ўдзел у пратэстах. Абое цалкам адбылі тэрмін.

Можа падацца, што гэта вырашаецца: гэта ўсё можна купіць у краме пры калоніі ці папрасіць пракладку ў іншай жанчыны. Але на справе ўсё значна складаней. «Гігіену» ў краму часам маглі не прывозіць месяцамі. Да таго ж для набыткаў патрэбныя грошы, а заробкі ў калоніі мізэрныя.

«Заробак у калоніі — ад двух да дваццаці беларускіх рублёў за месяц. Нехта купляў за гэта адзін глазураваны сырок, нехта — яблык, каб проста адчуць смак жыцця. На перадачы спадзявацца небяспечна: могуць на пустым месцы скласці рапарт — і ўсё, пазбаўляюць цябе ўсяго»,

— распавядае Алёна.

Палітвязніцы, якіх прызнаюць «экстрэмісткамі», трапляюць у катэгорыю «злосных парушальнікаў рэжыму», што аўтаматычна абмяжоўвае іх у атаварцы — турэмных набытках. Сума ліміту можа складаць усяго адну ці дзве базавыя велічыні — ад 12 да 24 даляраў за месяц. На гэтыя грошы зняволеная павінна купіць прадукты і «гігіену», калі ёй забароненыя перадачы.

«Я экстрэмістка, якая знаходзіцца ў спісе тэрарыстаў, а гэта значыць, што мне забароненыя грашовыя пераводы. Гэта значыць, што я магу атрымліваць грошы выключна са сваёй працы на фабрыцы. На фабрыцы зарплата маленькая, можна здагадацца, я не атрымоўвала больш за 25 рублёў [прыкладна 7$] на рукі. 25 рублёў — гэта вельмі добры заробак, часцей за ўсё, ты атрымліваеш 5 рублёў [прыкладна 1,5$]. І вось у цябе на месяц 5 рублёў, рэчавая перадача прыйшла. А наступная можа быць толькі праз паўгода, і ў цябе сканчаюцца пракладкі. Дзяліцца нельга, купіць у краме ты, магчыма, не можаш. Што рабіць?»

— са справаздачы Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі «Катаванні і жорсткае абыходжанне ў Гомельскай калоніі № 4».

«Часам пракладак няма, часам няма туалетнай паперы. А часам пракладак і туалетнай паперы няма ў краме. Ну, то бок гэта дадатковы раз цябе пысай у лайно проста акунаюць і паказваюць лішні раз тваё месца. Не аб тым, што нават памыцца, з гэтым ты ўжо неяк змірылася. З тым, што ты проста два гады ходзіш брудная. І размазваеш гэты бруд з адной часткі цела на іншую частку цела. І яшчэ ты там нармальна не можаш паклапаціцца пра сваю менструацыю. І гэта, як па мне, настолькі дзіка…»

— са справаздачы Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі «Катаванні і жорсткае абыходжанне ў Гомельскай калоніі № 4».

* ПКТ — гэта памяшканне камернага тыпу. У адрозненне ад штрафнога ізалятара (ШЫЗА), які прызначаны больш для кароткатэрміновых пакаранняў, ПКТ ужываецца для больш працяглага ізалявання зняволеных. Зняволеныя ў ПКТ утрымліваюцца ў строгіх умовах, блізкіх да ўмоў турмы: камеры з мінімальнымі выгодамі, строгі кантроль і абмежаванне правоў. 

І пра тое, каб «папрасіць пракладку ў іншай жанчыны». У жаночай калоніі дзейнічае правіла ўнутранага распарадку пад назвай «прысваенне/адчужэнне». Па сутнасці, яно азначае, што зняволеным забаронена дзяліцца міжсобку чым бы там ні было — ні прадуктамі, ні сродкамі гігіены, ні цыгарэтамі. Парушэнне караецца пазбаўленнем перадач, тэлефанаванняў, спатканняў ці змяшчэннем у ШЫЗА (штрафны ізалятар). 

Так, адміністрацыя стварае ў атрадах атмасферу недаверу, у якой жанчынам складана праяўляць салідарнасць і падтрымліваць адна адну.

Журналістка Вольга Класкоўская правяла ў зняволенні 791 дзень. Яе двойчы судзілі па палітычных справах, яна прайшла праз 10 этапаў і правяла амаль 5 месяцаў у ШЫЗА і ПКТ*. У турме ў яе пачаўся моцны матачны крывацёк, і яна перанесла дзве аперацыі.

«У ШЫЗА нельга мець пры сабе нават свае пракладкі — толькі тыя, што “ў гуморы” выдасць супрацоўнік. Трэба клянчыць, прасіць. Часам даюць, часам — не. У мяне былі моцныя крывацёкі. У ШЫЗА дазволеныя толькі адны майткі. Адзін раз ахоўнік злітаваўся — дазволіў другую пару. Я мыла адны ў халоднай вадзе і сушыла на батарэі — за гэта на мяне сварыліся, бо “пранне — толькі па раскладзе”. Гэта было пекла».

«Калі мяне перавялі ў атрад, мне даводзілася падкладаць рыззё. Мяне пазбавілі пасылак, а на 24 даляры шмат не купіш. Пракладкі былі жудаснай якасці. Патрэбныя былі ўралагічныя — іх не дастаць. Я адчувала поўную зняважанасць, фрустрацыю. У ШЫЗА стаіш з голымі нагамі, а па іх цячэ кроў. Супрацоўнікі глядзяць, усміхаюцца і кажуць: “А не было чаго парушаць закон”».

«Сілавік дэталёва распісаў шлях маёй дачкі дамоў і намякнуў, што з ёй можа што-небудзь здарыцца»

На 1 сакавіка 2025 года ў беларускіх турмах знаходзяцца 154 палітзняволеныя жанчыны. Шмат у каго з іх ёсць непаўналетнія дзеці, якія чакаюць сваіх мам на волі.

Маці ў калоніях вымушаныя даваць рады не толькі з задачай выжыць і максімальна захаваць сябе ў зняволенні, але і з перажываннямі за сваіх дзяцей, якіх яны не могуць падтрымаць, і з пачуццём віны за тое, што іх грамадзянская пазіцыя прывяла да такіх выпрабаванняў для іх дзяцей.

Рэжым умела выкарыстоўвае гэту ўразлівасць, ператвараючы дзяцей у прыладу шантажу і ціску. Жанчынам пагражаюць, што іх пазбавяць бацькоўскіх правоў, што забяруць дзяцей у дзіцячы дом, што з дзецьмі можа нешта здарыцца ці што намовяць дзіцяці, што «мама іх кінула і больш не вернецца». Ці стануць гэтыя пагрозы рэальнасцю, зняволеная не ведае, але такія маніпуляцыі, вядома, прымушаюць жанчын перажываць моцны страх.

«Маёй дачцэ на момант майго затрымання было 15 гадоў. Мяне дапытвалі некалькі гадзін, але калі зразумелі, што я не хачу з імі размаўляць, нейкі малады сілавік дэталёва распісаў шлях маёй дачкі дамоў і намякнуў, што з ёй можа што-небудзь здарыцца. Калі мяне адпусцілі, я дачку не выпускала з дому некалькі дзён. Яна злавалася, а я сабе ўяўляла абсалютна розныя сцэнары, пра якія мне страшна нават казаць. Дагэтуль я не адышла ад гэтага жаху, мне здаецца, што ён са мной назаўжды»,

— дзеліцца Ганна, якую затрымалі за актыўнасць у суседскіх чатах. 

Ксенія Луцкіна, былая палітвязніца, расказвала, што ёй таксама ўвесь час пагражалі, што адбяруць сына: «Гэта быў асноўны інструмент ціску і прычына, з-за якой я прызнала віну».

«А з чаго вы ўзялі, што пра вас нехта памятае»

Зняволеныя ў беларускіх турмах ізаляваныя ад навакольнага свету. Падтрымліваючы рэжым інкамунікада, адміністрацыя выкарыстоўвае гэта, каб маніпуляваць інфармацыяй, а часам адкрыта хлусіць, каб зламаць чалавека.

Напрыклад, праваабаронцы Насце Лойцы паведамілі, што памёр яе сабака Эрык, якога ўзялі пад апеку яе сябры. Насамрэч Эрык жывы і здаровы.

Вікторыя (імя змененае) правяла ў СІЗА некалькі месяцаў. Пакуль яна знаходзілася пад вартай, памёр яе бацька:

«Мне аддалі ліст з пахаванкай пасля шпацыру — проста ўручылі, без тлумачэнняў. На пытанне, чаму не паведамілі раней, адказалі з усмешкай: “А вось так захацелася”. Лепш бы білі, сапраўды. Ад таго, што я не развіталася з татам, унутры дагэтуль усё баліць. Ужо два гады прайшло, а я дагэтуль з ім размаўляю — у галаве».

Пасля пачатку вайны ва Украіне зняволеным абмежавалі ліставанне. Зараз перадаюць лісты толькі ад блізкіх свая_чак, але нават і іх — не заўсёды. Іх ці рвуць на вачах у адрасаткі, ці хлусяць, што ніхто не піша, дадаючы «А з чаго вы ўзялі, што пра вас нехта памятае?», ці самі чытаюць гэтыя лісты, самавольна трактуючы іх змест. Так, напрыклад, лісты ад родных Вікторыі Кульшы адміністрацыя знішчала, бо яны нібыта напісаныя тайнапісам. 

«Даніла Валянцінавіч Баранаў даведаўся пра маё слабое месца — гэта лісты ад мамы — і пачаў іх сістэматычна знішчаць. Ён прыходзіў у атрад, выклікаў мяне ў адну з секцый і казаў: «Такім чынам — ліст. Я пачытаў, і нешта тут не так». Я: «А што тут не так?» — «Зашмат цынізму. Цытата: «цынізму». Значыць, трэба пісаць без цынізму. Цынізм не выкарыстоўваем». …Значыць, выглядала гэта так: браліся некалькі лістоў, узважваліся, які цяжэйшыя, з фатаграфіямі, паштоўкамі — і гэта на знішчэнне. Было знішчана ў суме больш за 10 лістоў ад маёй мамы запар»,

— са справаздачы Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі «Катаванні і жорсткае абыходжанне ў Гомельскай калоніі № 4».

Магчымасць атрымліваць і адсылаць лісты ў калоніі — адзін з вельмі нешматлікіх спосабаў для зняволеных захоўваць сувязь са светам, са сваёй сям’ёй. Але і яе ператвараюць у інструмент ціску, шантажу і знявагі, змяшчаючы вязніцу ў інфармацыйны вакуум і пазбаўляючы адчування, што пра яе памятаюць і клапоцяцца.  

«Пшанічнікава лісты любіла рваць: “Ці ты там робіш тое, што мне трэба, ці я вось цяпер ірву ліст”».

Для жанчын, у якіх ёсць дзеці, лісты часта з’яўляюцца ўвогуле адзіным спосабам заставацца часткай іх жыцця. Пазбаўленне гэтай магчымасці корміць балючае пачуццё віны: «Я не магу падтрымаць сваё дзіця нават праз словы».

«Садзяць у клетку пад голым небам, як жывёл»

Іллюстрацыя ПЦ “Вясна”

Клетка ганьбы — так называюць клетку на дварэ, у якую садзяць палітзняволеных жанчын за адмову ад выканання патрабаванняў супрацоўні_ц ці на час разбору.

Яна стаіць на тэрыторыі калоніі і размешчаная такім чынам, каб быць на ўсеагульным аглядзе. Жанчыны праводзяць там ад паўгадзіны да васьмі гадзін. Найчасцей, калі зняволеная трапіла ў такую клетку, далей яе чакае ШЫЗА. Былая палітвязніца Дар’я Чульцова параўнала яе з ганебным слупам у Сярэднявеччы:

«Там можна толькі стаяць, у ёй няма нават крэсла, а калі сесці на зямлю, то час знаходжання ў дадзеным «памяшканні» можа павялічыцца. У клетку «ставяць» пры любым надвор’і і любым настроі. Часта наўпрост адтуль адпраўляюць адразу ў ШЫЗА. У ёй няма дзе развярнуцца, дзясяткі людзей праходзяць міма, глядзяць на цябе і думаюць: «Што яна нарабіла?» Адміністрацыя, якая павінна «перавыхоўваць», ходзіць і кпіць».

«У ШЫЗА абгортвалася туалетнай паперай, каб хоць неяк сагрэцца»

Штрафны ізалятар (ШЫЗА) — гэта памяшканне ў турме, куды зняволеных скіроўваюць за парушэнне рэжыму ці ў якасці меры пакарання ці ціску (напрыклад, каб зняволеная прызнала віну). У ШЫЗА зняволеная знаходзіцца ў ізаляцыі, без камунікавання з іншымі людзьмі. Камеры маленькія, каля 3 квадратных метраў, і бетонныя, з-за чаго там увесь час халодна. Асабістыя рэчы, кнігі ці лісты забароненыя. Па радыёкропцы круцяць прапагандысцкія матэрыялы. 

«Штрафны ізалятар — гэта вельмі маленькая камера бетонная і вельмі-вельмі халодная, дзіравыя вокны. Ну, не вокны, а акно. Ты сядзіш усярэдзіне бетону і ты сядзіш на бетоне. І гэтая прыступка бетонная, і яна ж абабітая па тарцах жалезам. На жалезе з’яўлялася шэрань ад холаду»,

— са справаздачы Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі «Катаванні і жорсткае абыходжанне ў Гомельскай калоніі № 4».

Трапіць у штрафны ізалятар лёгка, туды садзяць нават за нязначныя парушэнні: што рыхтавалася да сну раней чым за 30 хвілін, што памыла галаву не па раскладзе, не адпрасілася ў прыбіральню. 

Андрэй Шарэнда, чыя жонка Паліна Шарэнда-Панасюк нядаўна нарэшце выйшла на волю, распавядаў, у якіх умовах трымаюць жанчын у ШЫЗА: 

«Паліна ў ШЫЗА з 13 студзеня. На 21 лютага няма звестак, што Паліна адтуль выйшла. Магчыма, тэрмін карання карцарам быў працягнуты далей. Гэта мінімум 40 сутак бесперапынных катаванняў холадам, голадам і адсутнасцю сну. Жанчыны, што сядзелі раней у ПК-24, кажуць, што вытрымаць больш за дзесяць дзён у мясцовым ШЫЗА ўзімку проста немагчыма. У маразы камера цалкам прамярзае і пакрываецца шэранню. Холад і адсутнасць нармальнага харчавання ператварае кожную хвіліну знаходжання там у невыносную пакуту».

«Адну жанчыну проста не выпускалі са штрафнога ізалятара ў зімовы перыяд. Там такі холад, што яна расказвала, што абгортвалася туалетнай паперай, каб хоць неяк сагрэцца. Гэтыя жанчыны таксама напісалі прызнанне віны, бо яны будуць ціснуць да канца. Трымаюцца, спачатку амаль ніхто не прызнаваў віны». 

Пра катаванні без дотыкаў можна пісаць яшчэ доўга. Гэта і дэпрывацыя сну ў турмах, калі палітычных зняволеных будзяць кожныя дзве гадзіны і прымушаюць шыхтавацца, а ўдзень не дазваляюць нават заплюшчыць вочы і прылегчы; гэта і пакаранне бессэнсоўнай працай кшталту «Тытаніка», калі на падлогу выліваецца некалькі вёдраў вады і зняволеная павінна ўсю яе сабраць; гэта і катаванне музыкай, калі яе ўключаюць вельмі гучна, што замінае спаць, супакоіцца і апрытомнець, і шмат чаго іншага.

«Адзінае пакаранне для асуджанага — гэта пазбаўленне волі»

Гэта фундаментальны прынцып, які ляжыць у аснове сістэм выканання пакаранняў у многіх еўрапейскіх краінах і падкрэслівае павагу да чалавечай годнасці нават тых, хто (часам нібыта) парушы_ла закон. 

Зняволенне само па сабе ўжо з’яўляецца дастатковым пакараннем: яно ізалюе чалавека ад грамадства, абмяжоўвае яе_яго волю і звыклы лад жыцця. Ужыванне дадатковых мер кшталту знявагі, нялюдскіх умоў утрымання ці псіхалагічнага ціску — парушэнне правоў чалавека і несумяшчальнае з гуманнымі стандартамі правасуддзя.

Але, на жаль, пакуль беларускі падыход да выканання пакаранняў у дачыненні да палітзняволеных такі, што грунтуецца толькі на ідэі адплаты. 


Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 2

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
Падтрымаць
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x