У ліпені 2025 года на канцэрце Coldplay камера пацалункаў злавіла пару, якая абдымалася. Звычайна людзі цешацца, трапляючы на вялікі экран, але гэтыя павялі сябе нечакана: мужчына схаваўся, а жанчына закрыла твар рукамі. «Ого, ды вы паглядзіце на гэтых дваіх. Або ў іх раман, або яны вельмі сарамлівыя», — сказаў вакаліст Coldplay. У сеціве завірусілася гэтае відэа з канцэрта, і карыстальні_цы хутка высветлілі, што мужчына — гендырэктар IT-кампаніі Astronomer Эндзі Байран, а жанчына — кіраўніца HR гэтай жа арганізацыі Крысцін Кэбат. І ў Байрана, і ў Кэбат ёсць сем’і, так што грамадскасць вельмі абурылася. Сотні тыктокаў, артыкулаў і доўгіх выкрывальных відэа — публічная здрада стала актыўна асуджацца, а Эндзі Байран пакінуў свой пост у кампаніі.
Журналістка «Іншых» Саша Камко прапануе паразважаць пра маралізатарства ў сеціве і пра тое, дзе праходзіць мяжа паміж асабістым жыццём і важнай для грамадства сітуацыяй, якую трэба каментаваць.

Збег абставін
Мы ўсё часцей назіраем, як прыватныя моманты робяцца здабыткам публікі. Часам для гэтага досыць секунднага фрагмента, выдранага з кантэксту. Нехта можа зняць незнаёмых людзей на вуліцы, у аэрапорце, на імпрэзе — і тое, што яшчэ нядаўна было асабістым, раптам робіцца часткай калектыўнай увагі. Так адбылося і з відэа з канцэрта Coldplay.
Праз некалькі гадзін пасля таго, як запіс трапіў у сеціва, карыстальні_цы ўжо высветлілі імёны, пасады, сямейнае становішча. Пачаліся абмеркаванні, абвінавачанні, з’явіліся мемы. Сітуацыяй скарыстаўся шмат хто: псіх_алагіні выпусцілі разборы ў духу «вось да чаго прыводзіць здрада» (напрыклад, адзін са шматлікіх рылсаў па тэме); блогер_кі разабралі сітуацыю па костках, правялі ўласныя «расследаванні» ці запісалі эмацыйныя рэакцыі (як у гэтым тыктоку); камерцыйныя кампаніі прарэкламавалі свае паслугі, ужываючы гісторыю як інфанагоду (прыклад — па спасылцы). У выніку Эндзі Байран пайшоў у адстаўку, а асабістая гісторыя двух чалавек ператварылася ў грамадскую падзею.
Але ўсё гэта працуе не само па сабе, у гэтых працэсаў ёсць логіка.
Серыял у рэальнасці, ці Чаму такія моманты робяцца віруснымі?
- Інтэрнэт-карыстальні_цы часта інтэрпрэтуюць кароткія фрагменты відэа як эмацыйныя наратывы. Людзі схільныя дадумваць тое, што падкінула стужка: «чаму ён так паглядзеў», «што яна зараз адчувала». Гэта не аналіз, а рэакцыя. Такая пастка мыслення — эмацыйна ўкладацца ў незнаёмых людзей і рабіць здагадкі, грунтуючыся на сваім досведзе і пары секундаў візуалу.
- Алгарытмы сацсетак узмацняюць самыя рэзанансныя версіі і закідваюць нас гарачымі інфанагодамі. У дадатак яны падтрымліваюць той наратыў, які атрымлівае больш лайкаў і каментароў. Нават калі гэта не самая дакладная думка, яна робіцца «афіцыйнай» версіяй проста таму, што лепш пашыраецца.
- Назіральні_цы ў сеціве бяруць на сябе функцыю маральнага суда. Карыстальні_цы не проста каментуюць, а бяруць удзел у публічнай ацэнцы чужых паводзін. Часам наступствы могуць быць сумнымі для «абвінавачанага» боку. Але ў сеціве няма часу на нюансы, няма паўзы на падумаць. Хуткасць рэакцыі тут робіцца ключавым фактарам, што запускае снежны камяк.
Прыватная сітуацыя ператвараецца ў інфанагоду не таму, што яна асабліва важная, а таму, што яе лёгка ўспрыняць, хутка абмеркаваць, зручна трансляваць. Інтэрнэт-культура, дзе кожн_ая можа стаць бачн_ай, размывае межы паміж асабістым і грамадскім. Але важна разумець: усё гэта працуе ў кантэксце, дзе няма гвалту ці грубага парушэння межаў.
Вядома, калі ў публічнае поле трапляюць гісторыі пра дамаганні, сістэмную дыскрымінацыю, аб’юз — гэта ўжо не проста пытанне ўспрыняцця ці занадта хуткай рэакцыі грамадскасці на яскравую навіну. Гэта іншае поле — прававое, а не проста «не вынось смецце на вуліцу». Тут мы маем права і нават абавязак углядацца больш уважліва, называць рэчы сваімі імёнамі і казаць пра наступствы. Часам гэта значыць падтрымліваць культуру адмены, не як інструмент цкавання, а як спосаб акрэсліць межы дапушчальнага. Таму што ў сітуацыі шкоды маўчанне не нейтральнае.
Але вернемся да гісторыі з СЕО і HR Astronomer. Яна атрымала чаканае развіццё, бо прыцягнула павышаную ўвагу з-за высокага статусу дзейных асобаў і наяўнасці ў іх сем’яў. Дэталі асабістага жыцця людзей са статусам яшчэ цікавей абмяркоўваць і нават асуджаць. Гэта амаль серыял, толькі ў рэальнасці (і калі сканчаецца адзін, заўсёды можна пераключыцца на іншы).
Эфект белага паліто
Самая яркая рэакцыя інтэрнэту на інцыдэнт на канцэрце — асуджэнне. Калектыўнае асуджэнне ў сацсетках часта маскіруецца пад змаганне за справядлівасць. Людзі транслююць абурэнне як маральную пазіцыю, але за гэтым жэстам нярэдка стаіць не рэфлексія, а звыклы сцэнар — заняць слушны бок і тым самым зацвердзіцца ва ўласнай ідэнтычнасці. У навуковай літаратуры гэты працэс апісваецца як форма лічбавага маралізатарства, ці дыгілантызму*:
Сам акт прысаромлення робіцца відовішчам, у якім маральная перавага зацвярджаецца публічна з дапамогай каментароў, рэпостаў і мемаў (Digilantism Practice, 2023)
Тое, што пачынаецца як абурэнне, хутка ператвараецца ў рытуал — змясціць складаную сітуацыю ў кароткую схему, дзе ёсць «тыя, хто мае рацыю», і «вінаватыя». Умоўна, калі яны хаваюць твары на відэа, значыць, адчуваюць, што іх злавілі, і таму — вінаватыя. Здрада — гэта жудасна, здраднікі кепскія, жонка Байрана і муж Кэбат — ахвяры. Публічная думка патрабуе не толькі абазначыць вінават_ую, але і навязаць сцэнар слушных паводзін астатніх удзельні_ц. Пасля выкрыцця аднаго боку ўвага пераключаецца на іншы: грамадскасць цісне на жонку здрадніка — ці падасць яна на развод? Сеткавыя каментатар_кі навязваюць разрыў адносін як абавязковы крок: калі жонка Байрана на яго не адважыцца, яе таксама асудзяць.
Пачынае працаваць эфект белага паліто, і гэта не асабісты выбар заняць бок дабра, а сацыяльны механізм. За ім не заўсёды праглядаецца цяга да справядлівасці, куды часцей — імкненне хутка зарыентавацца ў складанай інфармацыі, пры гэтым захаваўшы адчуванне асабістай рацыі. На жаль, такая аднабокасць успрымання інфармацыі лёгка можа справакаваць цкаванне «вінаватага» боку, а потым і публічную адмену чалавека.
Вельмі важна бачыць, дзе праходзіць мяжа паміж прыватным жыццём і сітуацыямі, якія выходзяць за рамкі дапушчальнага. Асабістыя гісторыі, у якіх няма гвалту ці парушэння закону, не патрабуюць умяшання грамадскасці. Іншая рэч — калі гаворка ідзе пра крымінал ці сістэмны гвалт. Як, напрыклад, у выпадку з рэперам Аксіміронам: у падкасце-расследаванні Насці Красільнікавай «Творчы метад» тры жанчыны распавялі пра грумінг і сэксуалізаваны гвалт з яго боку. Тут крытычна важны грамадскі ўдзел, і культура адмены можа працаваць як інструмент абароны пацярпелых, прыцягнення ўвагі да праблемы і ціску на структуры, якія схільныя замоўчваць такія гісторыі.
Адмена — гэта не цкаванне пэўнага чалавека, а публічны інструмент, які можа ініцыяваць расследаванне, змяніць стаўленне да падобных інцыдэнтаў і даць падтрымку пацярпелым. Там, дзе гэта неабходна.
У выпадку на канцэрце Coldplay пакуль немагчыма зрабіць выснову, ці патрэбнае ўмяшанне грамадскасці. Але ва ўмовах дэфіцыту кантэксту ўзнікаюць імгненныя інтэрпрэтацыі, якія ўзмацняюцца алгарытмамі: сацсеткі паказваюць усё больш эмацыйна зараджанага кантэнту, узмацняючы эфект. І, вядома, маленькі фрагмент з канцэрта тут жа абрастае процьмай «дэталяў»: яны спалохаліся і разбегліся ў розныя бакі (= «нават калі пойдуць з сем’яў і будуць разам, то нядоўга»), ён не закрыў яе сабой, а схаваўся (= «не кахае яе насамрэч»), «чаму яна выбрала каханка, які бяднейшы за мужа?» і гэтак далей.
Як увага ссоўваецца ад «вінаватых» да «невінаватых»
Калі карыстальні_цы ў сеціве пачынаюць кагосьці асуджаць, гэта можа закрануць і іншых людзей. Першая хваля накрывае фігурантаў і фігурантак (тут — Эндзі і Крысцін), але потым падымаецца другая: публіка шукае іншых удзельні_ц гісторыі. Асабліва тых, хто выклікае эмацыйны водгук і можа стаць новым аб’ектам спагады, злосці ці маральнага ціску. У выпадку з інцыдэнтам на канцэрце такімі ахвярамі публічнасці сталі жонка і дзеці Байрана, муж Кэбат. У сацсетках сталі з’яўляцца разборы знешнасці жонкі і каханкі (і іх параўнанні), сямейныя фатаграфіі, факты пра мужа Крысцін. Асабліва цікава, што некаторыя артыкулы акцэнтуюць увагу на ацэнцы багацця Байрана і мужа Кэбат: нібыта дзіўна, што Крысцін стала каханкай таго, у каго капітал меншы.
Але найбольш актыўна інтэрнэт перакінуўся на жонку Байрана: ад яе сталі чакаць «патрэбных паводзін»: сысці, выказацца, пакараць. Кожная яе рэакцыя разглядаецца як публічная пазіцыя, а маўчанне — як знак слабасці ці саўдзелу.
З-за павышанай цікавасці жонка Байрана спачатку змяніла прозвішча ў Facebook, што карыстальні_цы палічылі за разрыў адносін з мужам, а потым выдаліла старонку. Цікава, што ніякай афіцыйнай інфармацыі ад жанчыны яшчэ не паступіла, але ў сеціве ўжо актыўна абмяркоўваецца развод і мільёны, якія экс-жонка атрымае пасля скасавання шлюбу. Пры гэтым ніхто не ведае, якія правілы былі ўсталяваныя ў гэтым шлюбе і якія адносіны былі паміж мужам і жонкай на момант інцыдэнту. Грамадскасць зыходзіць з меркавання, быццам шлюб — гэта аднолькавая для ўсіх канстанта.
У працы Shame in a Digital Age («Сорам у лічбавую эпоху») Джанна Анцалоне адзначае:
Аўдыторыя сацыяльных сетак схільная ўскладаць маральную адказнасць на ўсіх, хто эмацыйна звязаны з фігурай, якая асуджаецца, нават калі гэтыя людзі не маюць прамога дачынення да падзеі. Ад іх патрабуюць публічна заняць пазіцыю: устаньце на чыйсьці бок, інакш вы — саўдзельні_ца.
Або ты дыстанцыюешся ад «вінавата_й», або цябе ўцягваюць у варонку асуджэння. Парадаксальна, але пры гэтым такіх «невінаватых» таксама пачынаюць ацэньваць па тых жа павярхоўных прыкметах: знешнасць, лайкі ў сацсетках, падпіскі, тое, як апранут_ая, каго цытуе. На змену асуджэнню здрады прыходзіць конкурс за спагаду і знешнюю перамогу: «жонка прыгажэйшая», «яна больш годная», «ён яе не заслугоўваў». І, вядома ж, гэта не пра рэальных людзей, а пра здагадкі, таму што мала хто ў інтэрнэце аперуе рэальнымі пацверджанымі фактамі.
Даследчыца лічбавай культуры Зізі Папахарысі кажа, што «анлайн-аўдыторыя ўспрымае далёкія асабістыя гісторыі як эмацыйныя падказкі — быццам гэта частка ўласнай гісторыі». Не ведаючы жонкі Байрана асабіста, шмат хто пражывае вакол яе фігуры свае фантазіі: як бы зрабілі яны, што б сказалі, што б адчувалі, апынуўшыся на яе месцы. Гэта ўжо не пра здраду, а пра маральны сцэнар, у які ўцягваюць старонніх.
! Важна: у такіх гісторыях, як з камерай пацалункаў на канцэрце Coldplay, рэпутацыйны ўдар атрымліваюць не толькі тыя, хто сталі «героямі» відэа, але і тыя, каго ўплялі ў наратыў назіральні_цы. І чым даўжэй гісторыя цыркулюе ў стужцы, тым мацней размываецца мяжа паміж тымі, хто нешта зрабілі, і тымі, хто проста былі (ці ёсць) побач.
Анлайн-лінчаванне як форма забавы
Калі ў публічнае поле трапляюць падобныя гісторыі, у першыя гадзіны здаецца, што рэакцыя сеціва заснаваная на імкненні да справядлівасці. Людзі асуджаюць хлусню, патрабуюць адказнасці, бароняць ашуканы бок. Але вельмі хутка робіцца заўважным тое, што рыторыка маралі саслізгвае ў рыторыку публічнай кары. Здрада тут — толькі нагода для асуджэння. З пункту гледжання аўдыторыі, кара справядлівая, таму што здзейснілася нешта маральна недазволенае. Але па факце пакаранне робіцца некантраляваным, часта неадэкватным і адрасаваным не толькі тым, хто «вінаватыя», але і тым, хто апынуліся ў гэтую гісторыю ўцягнутымі.
Масавы ўдзел у анлайн-пакаранні рэдка скіраваны на аднаўленне справядлівасці. Часцей гэта магчымасць публічна атрымаць сваю хвіліну маральнай перавагі і адчуць прыналежнасць да «нарматыўнай большасці», прытым нават не важна, чым гэтая большасць захопленая — абаронай ці помстай.
Мы можам думаць, што ўдзельнічаем у нармальным працэсе асуджэння нядобрага ўчынку. Але калі з эпізоду робяць мем, а з чалавека — мішэнь, варта задаць іншае пытанне: ці сапраўды гэта абарона нечых межаў?
Калі вы заўважаеце, што ўцягваецеся ў чарговы інтэрнэт-скандал, паспрабуйце спыніцца і спытаць сябе:
- Навошта я гэта каментую — каб падтрымаць пацярпел_ую ці каб адчуць сваю рацыю?
- Ці адчуваю я зараз злосць, зайздрасць, крыўду, і наколькі гэта звязана з самой сітуацыяй?
- Ці хачу я, каб гэты чалавек змяніўся, ці мне важней, каб яго зняважылі публічна?
- Калі б гэта адбылося з маімі знаёмымі, я б пісал_а тое ж самае?
- Што зменіцца ў маім жыцці і жыцці маіх блізкіх ад таго, што я дадам гэты каментар?
Такія пытанні дапамагаюць аддзяліць рэальную спагаду і падтрымку ад жадання паўдзельнічаць у цкаванні.
Ці маем мы права асуджаць?
Інтэрнэт прызвычаіў нас да празрыстасці. Мы глядзім сторыс незнаёмых людзей, абмяркоўваем чужыя вяселлі, разводы, адпачынкі і здрады так, як быццам гэта частка нашай рэальнасці. Але што дае нам права рабіць гэта? Часта — адчуванне, што раз нехта трапіў у публічнае поле, значыць, дазвол на ўдзел ужо дадзены. Кейс з канцэрта Coldplay — яскравы прыклад. Людзі, знятыя камерай, нічога не казалі, не пісалі і не выступалі публічна, але сталі цэнтрам увагі і гучнай інфанагодай.
З іншага боку, публічнасць можа рабіцца важным інструментам справядлівасці, калі гаворка ідзе пра гвалт, дыскрымінацыю ці злоўжыванне ўладай. Калі чалавек зазнае хатні гвалт, харасмент на працоўным месцы ці робіцца ахвярай злачынства, а афіцыйныя структуры не рэагуюць ці пакрываюць вінаватых, грамадская ўвага часам застаецца адзіным спосабам абароны.
Рухі #MeToo, #BlackLivesMatter ці выкрыцця карупцыі сталі магчымымі менавіта дзякуючы гатоўнасці людзей выносіць праблемы на публічнае абмеркаванне. У такіх выпадках культура адмены працуе як механізм грамадскай абароны, а права на прыватнасць адступае перад правам на бяспеку і справядлівасць. Розніца ў тым, што тут мы кажам не пра цікаўнасць да чужога жыцця, а пра калектыўную адказнасць за стварэнне бяспечнага грамадства — і тут варта вярнуцца да пытанняў, якія дапамогуць аддзяліць удзел у важным працэсе ад жадання паўдзельнічаць у самым сапраўдным цкаванні.
Аўтарка: Саша Камко