Чаму нас раздражняюць інклюзіўныя персанажы?

Інклюзія
инклюзивные персонажи
5
(4)

Усё болей разнастайнымі становяцца героі кіно і кніг. Гэта вельмі прыемна, бо можна пабачыць сябе не толькі ў эпізадычнай ролі, але і ў эпіцэнтры мастацкага сусвету. Памятаю, у маім дзяцінстве ў 90-я даводзілася ўяўляць сябе збольшага Айвенга, Більба Бэгінсам ці капітанам Нэма. Ну не пакаёўкай жа са 135-й старонкі або прынцэсай, якая проста сядзіць у замку! Між тым, не ўсё, што нібыта пра нас, можа нам падабацца. Чаму некаторыя «іншыя» персанажы выклікаюць у нас адно нуду ці раздражненне? Прапаную над гэтым паразважаць.

Таварышы, у вас такенізм

Аўтарка тэксту «”Чорная русалачка” vs “сапраўднае мастацтва”: пра разумны сэнс і сацыяльныя трэнды ў кіно» элегантна і дашчэнту разносіць аргументы людзей, якія выступаюць супраць «павестачкі» ў культуры. Мяркую, усім даводзілася чуць, быццам бы інклюзіўныя персанажы псуюць «сапраўднае мастацтва» сваёй «залішняй палітычнасцю», але зразумела, што «сапраўднае мастацтва» ў такіх дыскусіях заўсёды роўна «тое, што мне падабаецца», а «залішняя палітычнасць» роўна «ідэі, якія мне няблізкія». Насамрэч палітыка і грамадскія трэнды адлюстроўваліся ў кіно заўсёды — нават калі ніхто не карыстаўся такімі мудрагелістымі словамі, як «інклюзія». Таму аргументы пра «сапраўднасць» — чыстая густаўшчына. А вось пра меркаванне, што «гэтая вашая інклюзія ўся ненатуральная!» хочацца паразважаць усур’ёз. 

Сапраўды, часам глядзіш кіно — і ловіш сябе на адчуванні, што нейкія персанажы ўведзеныя ў сюжэт адно толькі дзеля інклюзіі. У іх няма жывога характару, а часам нават уцямнай лініі.

Менавіта такое адчуванне ў мяне ўзнікала падчас прагляду квіровага серыяла «Слова на літару Л: пакаленне К» (The L Word: Generation Q), дзе некаторыя персанажы, відавочна, былі прыдуманыя дзеля разнастайнасці: знешняга выгляду, сэксуальных упадабанняў і гэтак далей. Напружвала не тое, што яны іншыя, а тое, што яны адыгрываюць іншых. Такія героі і гераіні або выконвалі шаблонны сюжэт, або ўвогуле функцыянавалі для павелічэння хранаметражу, як філер для галоўных гісторый. Імаверна, прычына таму — такенізм.

Такенізм (англ. tokenism) — гэта фармальнае, сімвалічнае ўключэнне прадстаўні_ц уразлівых груп у нейкі працэс, каб стварыць бачнасць разнастайнасці і справядлівасці без рэальных спраў, накіраваных на сістэмныя змены. Прасцей кажучы, для галачкі: «Глядзіце, у нас тут транслюдзі з эмігранцкай супольнасці!» або «Мы паказалі чалавека з інваліднасцю!» Нібыта тое, якім чынам паказалі і чаго гэтым меліся дасягнуць, значэння не мае. Але акурат у гэтым і сэнс.

Вы напэўна бачылі не адно кіно, дзе нябелых персанажаў забівалі першымі, у лепшым выпадку — пасля парачкі, якая занялася сэксам. І гэта літаральна ўвасабленне таго, як некаторыя творцы ставяцца да інклюзіі: «Дадамо разнастайнасці — і хуценька яе заб’ем, каб не мазоліла вочы!»

Больш замаскіраваная гісторыя — калі ў галоўнага белага персанажа ёсць нябелы сябар, але ў таго акрамя гэтага сяброўства па сюжэце — дзірка абаранка: ні біяграфіі, ні інтарэсаў, ні адметнасцяў (прыклад — Ру ў «Галодных гульнях» (The Hunger Games)).

Іншы выпадак — калі персанаж_ка існуе толькі вакол сваёй адметнасці. Напрыклад, гей-сябар галоўнай гераіні. Але якім пазітыўным зменам будзе спрыяць тое, што ўся лінія гэтага гей-сябра будзе зведзеная да яго стэрэатыпнай «гейскасці»? Ці лінія лесбіянкі — да праблем у асабістым жыцці? 

«Секс в большом городе» (Sex and the City)
Героі серыяла «Сэкс і горад» (Sex and the City) — Кэры Брэдшоу і Стэнфард Блэтч

На стэрэатыпн_ую персанаж_ку, калі іншых з гэтай супольнасці ў фільме ці кнізе няма, лёгка скінуць вагу адказнасці за супольнасць агулам. І гэтая адказнасць непрыемная з абодвух бакоў. Тут і сам_а актор_ка рызыкуе зламіцца пад вагой, і шматлікія глядачкі і гледачы будуць расчараваныя, бо персанаж_ка, як_ая прадстаўляе родную ім супольнасць, адыграе нейкі фрагмент рэальнасці — і стэрэатыпы толькі замацуюцца. А культура як была неінклюзіўная, так і застанецца.

На хвалях хайпу (і хэйту)

Няма нічога дрэннага ў трэндзе на разнастайнасць у кінематографе, тэатры, літаратуры ці коміксах. Дрэнна, калі на трэндзе вырашаюць зарабіць людзі, якія глядзяць на іншых без сапраўднай зацікаўленасці.

Уявіце, што вы здымаеце фільм пра мексіканскага наркабарона, які зрабіў транспераход, пачаў новае жыццё і намагаецца выправіць шкоду, якую прычыніў сваёй дзейнасцю. Выглядае дужа прагрэсіўна! Да варожкі не хадзі — насыплюць «оскараў». А што, калі гэты фільм пра Мексіку будзе зняты пад Парыжам? Што, калі галоўную ролю сыграе акторка з расісцкімі поглядамі? А вы самі — рэжысёр, які не мае дачынення ні да Мексікі, ні да транссупольнасці, ні да чалавечых трагедый наркабізнэсу? Менавіта такі расклад атрымаўся ў выпадку з мюзіклам «Эмілія Пэрэз» (Emilia Pérez) французскага рэжысёра Жака Адзіяра. Фільм узяў ганаровыя прызы, але людзі, пра якіх ён быў нібыта зняты, былі раз’юшаныя. У Мексіцы нават знялі пародыю на «Эмілію Пэрэз» — пра забароненае каханне паміж спадкаемцамі імперый круасанаў і багетаў, з абавязковымі берэтамі, цяльняшкамі і мім-грымам.

JOHANNE SACREBLU
Пародыя JOHANNE SACREBLU транслюе стэрэатыпы пра французаў у адказ на стэрэатыпны паказ мексіканцаў у «Эміліі Пэрэз» 

Шквал крытыкі выклікаюць і апошнія праекты амерыканскага рэжысёра Ітана Коэна. Разам з жонкай-сцэнарысткай Трышай Кук ён стварыў фільмы «Уцякачкі» (Drive-Away Dolls) і «Хані, не трэба!» (Honey Don’t!), у якіх Маргарэт Кўолі грае персанажак-лесбіянак. Лесбійская супольнасць крытыкуе фільмы за сэксуалізцыю лесбіянак і стандартна мужчынскі погляд на жанчын агулам. 

Напрыклад, у Honey Don’t! персанаж-мужчына неаднаразова заляцаецца да персанажкі Кўолі, хоць тая кажа, што яна «па дзяўчатах». Незразумела, што мусіць данесці гэтая сцэна і ў чым тут гумар, бо негетэрасэксуальныя жанчыны рэгулярна сутыкаюцца з ігнараваннем сваіх жаданняў і памкненняў. Узнікае пытанне: чаму творчая гетэрапара ўвогуле ўзялася маляваць такія вобразы? На гэтае пытанне Коэн і Кук адказваюць, што нейкім чынам таксама датычныя да супольнасці ЛГБТК+. І хто ім забароніць?

Drive-Away Dolls
У Drive-Away Dolls Ітана Коэна лесбійскія сэксуальныя сцэны выглядаюць стэрэатыпна або карыкатурна

Больш увагі, больш павагі

І што, людзям нельга здымаць ці пісаць пра тое, што ім хочацца? Некаторыя супольнасці з аб’ектыўных прычын не маюць досыць гучнага голасу — у іх не хапае грошай, часу, чалавечага рэсурсу. Зразумела, што чалавек, які жыве на вуліцы, або шматдзетная маці на вёсцы занятыя выжываннем, а не пісаннем кніг. Хто раскажа пра іх праблемы?

Здаецца, добры рэцэпт дае фільм Корда Джэферсана «Амерыканскае чытво» (American Fiction). Галоўны герой Монк — чалавек нябедны, пісьменнік і прафесар. Яго кнігі падабаюцца знаўцам, але яны выходзяць невялікімі тыражамі, а новы раман Монка нават не хочуць друкаваць — кажуць, «недастаткова чорны» па змесце. У той жа час кнігарні навадніла кніга пра гарадское гета, яна б’е рэкорды продажу, а ў зале на сустрэчах з яе аўтаркай Сінтарай поўна народу. Монк непрыемна ўражаны і шукае сатысфакцыі: ён бярэ псеўданім і піша сатырычны раман, нашпігаваны стэрэатыпамі. Але выдаўцы гатовыя шмат заплаціць за такую кнігу ўсур’ёз! 

American Fiction
У American Fiction прафесар-інтэлектуал хаваецца за маскай крымінальніка ў росшуку

Потым жыццё зводзіць Монка і Сінтару ў адным пакоі, і яны размаўляюць пра тое, дзе знаходзіцца мяжа выдумкі, куды можна заходзіць, не маючы адпаведнага досведу. Сінтара кажа, што яна не гуляецца стэрэатыпамі, а грунтуе свой аповед на даследаванні сітуацыі і размовах з людзьмі, якія маюць такі вопыт. 

Калі ты зацікаўлен_ая ў тым, каб расказаць гісторыю іншага чалавека, ты зможаш расказаць яе без фальшу — але табе спатрэбіцца жаданне даследаваць і ўменне слухаць.

Падступіўшыся такім чынам да тэмы, у якой непасрэднага досведу няма, можна выразіць думкі і пачуцці іншых, узмацніўшы іх сваім талентам, а не нашкодзіўшы, як шкодзіць лесбіянкам Ітан Коэн. Што да выпадкаў, калі ў сюжэт уключаецца персанаж_ка з нейкай супольнасці, таксама не лішне звярнуцца да крыніц і ўласна прадстаўні_ц гэтай супольнасці, каб зразумець, наколькі аб’ёмна і рэальна выглядаюць персанажы. Гэты чалавек у тэксце — функцыя ці дыхае на ўсе грудзі? Дона Тарт не ўжывала наркотыкі, каб напісаць «Шчыгла», але яе персанажы жывейшыя за некаторых рэальных людзей.

Калі нас раздражняе інклюзіўн_ая персанаж_ка, то рэч не ў тым, што «гэтая вашая інклюзія ўся ненатуральная!», а ў тым, што персанаж_ку або стварылі для галачкі, або выпісалі без сапраўднай цікаўнасці да яго ці яе прыроды, стрыжня і матывацыі.

Звезды_перебівка
«Эйфория»

Напрыканцы падзялюся ўласным досведам: у працы над маёй дэбютнай кнігай «Эйфарыя» мне дапамагала не толькі рэдактарка, але і сэнсітыўная чытачка, якая шмат гадоў працуе ў тэме інклюзіі і стварае з камандай фестываль фемінісцкага кіно.

Да сэнсітыўнага рыдынгу (англ. sensitivity reading — «чуллівае чытанне») можна звярнуцца, каб непрадузята паглядзець на тэкст і заўважыць у ім ненаўмысныя шкодныя згадкі ці выразы. Карысная штука! Пасля выніковага абмеркавання з маёй кнігі знік эпізадычны персанаж з фізічнай адметнасцю, у якога было нуль гісторыі і нуль актыўнасці. Усяго толькі парачка рэплік. Ён прыйшоў ні для чаго, і развітацца з ім было гэтак жа сама проста. Паралельна зніклі нядробныя дробязі кшталту мізагінных шпілек або абагульненняў, якія выдаюць ува мне не на 100% чулага белага чалавека.

Дапускаю, што нехта назаве такое самацэнзурай. А я назаву такое глытком свежага паветра. Бо асабіста мне даўно задушна ў кнігах, дзе людзі 90+ кілаграмаў абавязкова прасцякі і/ці непрыемныя; той, хто кульгае, — або геніяльны злодзей, або геніяльны дэтэктыў; усякая ромская жанчына валодае гіпнозам; любы турыст з Азіі — «кітаец»; а ў лесбіянкі дрэнныя валасы і яна памрэ. Ёсць, дарэчы, такая беларуская кніжка — «Смерць лесбіянкі». Але мне больш падабаюцца лесбіянкі жывыя. 

Пазбаўленне ад стэрэатыпаў — гэта не цэнзура. Гэта пошук новых слоў — бліжэйшых да жывой рэчаіснасці.


Аўтарка: Марыя Пархімчык

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 4

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць