«Мы не зламаныя». Хто такія асэксуалы і як ім жывецца ў свеце, апантаным сэксам

ІнклюзіяВедыГендар
асексуальность
4.2
(5)

У масавай культуры сэкс падаецца як абавязковая і неад’емная частка жыцця. У фільмах, кнігах і серыялах гераіні і героі амаль заўсёды знаходзяцца ў рамантычных або сэксуальных стасунках — ці ўсімі сіламі да іх імкнуцца. Нават у падлеткавым кантэнце сюжэт часцей за ўсё круціцца вакол таго, як галоўн_ая гер_аіня намагаецца пачаць стасункі з аб’ектам свайго кахання.

Сэкс-асвета і каханне ў маскультуры — гэта крута і важна. Але калі такія гісторыі становяцца амаль адзіным сцэнаром, яны міжволі ствараюць уражанне, што сэксуальнае прыцягненне — гэта норма для ўсіх без выключэння.

У рэальным жыцці гэта ператвараецца ў прадузятасць: калі чалавек не займаецца сэксам і не імкнецца да фізічнай блізкасці, то высокі шанец, што яе/яго палічаць «зломлен_ай», западозраць у няшчырасці і паспрабуюць «выправіць».

Але насамрэч асэксуальнасць — гэта не хвароба, а паўнавартасная арыентацыя.

У гэтым артыкуле разбіраемся, хто такія асы, чаму іх так шмат сярод зумера_к і чаму нам усім трэба забыцца пра слова «фрыгіднасць».

Для пачатку: што такое асэксуальнасць

Асэксуальнасць — гэта варыянт сэксуальнай ідэнтычнасці, пры якім чалавек не адчувае (або адчувае вельмі мала) сэксуальнага прыцягнення да іншых людзей. Гэта не тое ж самае, што цэлібат або ўсвядомленая адмова ад сэксу па нейкіх прычынах.

Асэксуальнасць — гэта не выбар, а арыентацыя. 

Асэксуальнасць — не нешта аднамернае. Унутры супольнасці прынята казаць пра асэксуальны спектр (ace-spectrum або A-spectrum) — дыяпазон ідэнтычнасцяў, якія аб’ядноўвае зніжанае або адсутнае сэксуальнае прыцягненне. 

Людзей асэксуальнага спектру называюць асэксуал_камі або скарочана — асамі.

* Так, разам з асэксуальнасцю існуе панятак аласэксуальнасць — ён апісвае людзей, якія адчуваюць сэксуальнае прыцягненне да іншых. «То бок аласэксуалы — гэта звычайныя людзі, якія займаюцца сэксам? І навошта ўвогуле патрэбны гэты тэрмін?» — можа, спытаеш ты. Ён патрэбен, каб нейтральна казаць аб розных арыентацыях без асуджэння або супрацьпастаўлення, што адны «нармальныя», а іншыя — «адхіленыя ад нормы».

Асэксуальнасць — гэта не тое ж самае, што часовае зніжэнне лібіда з-за гарманальных працэсаў у арганізме, стрэсаў, псіхічных захворванняў і траўмаў. У аласэксуальных* людзей такое зніжэнне праходзіць і не змяняе іх ідэнтычнасці. Дарэчы, сэксуальны досвед таксама не вызначае ідэнтычнасць:

асэксуальныя людзі могуць атрымліваць сэксуальны досвед на працягу жыцця. Але ён не з’яўляецца для іх цэнтральнай або неабходнай часткай жыцця і стасункаў. 

Таксама побач з асэксуальнасцю часта згадваюць арамантычнасць — з’яву, калі чалавек увогуле не адчувае рамантычнага прыцягнення да каго-кольвек.

Можна быць адначасова арамантычн_ай і асэксуальн_ай, але не абавязкова.

Шмат якія людзі адчуваюць рамантычнае прыцягненне, але ніколі не адчуваюць сэксуальнага, і наадварот: адчуваюць сэксуальнае, але ніколі не адчуваюць рамантычнага. Як і наша гераіня Ліз, з якой мы нядаўна паразмаўлялі пра арамантычнасць:

«Часам мне хочацца сэксу, і я займаюся ім — са згоды, паводле жадання. І для мяне рамантыка і сэкс — гэта зусім розныя рэчы. Я магу хацець мужчыну ў сэксуальным плане, але катэгарычна адмаўляцца ісці з ім на вячэру і трымацца за рукі».

То бок асэксуальнасць — гэта не нешта пра «фрыгіднасць» і «імпатэнцыю»?

Так. Па-першае, асэксуальнасць не звязаная з фізіялогіяй і не з'яўляецца захворваннем. Асэксуальнасць — гэта не пра «я не магу», а пра «мне гэта не трэба і не цікава».

У асэксуальнага чалавека можа быць усё ў парадку з фізіялагічным узбуджэннем, але пры гэтым не ўзнікаць сэксуальнай цягі да іншых людзей. Такі чалавек здольн_ая да сэксу, але не адчувае жадання ім займацца.

Больш за тое, некаторыя асэксуалы мастурбуюць, але, як правіла, не з-за сэксуальнай цягі, а проста таму, што гэта прыемна або дапамагае зняць стрэс.

Па-другое, тэрмін «фрыгіднасць» — гэта не дыягназ, а састарэлы і шкодны ярлык, які гістарычна выкарыстоўваўся для таго, каб абясцэніць, прысароміць або «выправіць» нязручных у ложку жанчын.

І нарэшце, паводле дзейнай Міжнароднай класіфікацыі хвароб, сэксуальная дысфункцыя — гэта няздольнасць удзельнічаць у сэксуальнай актыўнасці так, як чалавек сам_а гэтага жадае. То бок калі ў чалавека няма цікавасці да сэксу і гэта яго не турбуе, — гэта не сэксуальная дысфункцыя.

Чаму асэксуальныя людзі лічаць сябе часткай квір-супольнасці?

Здавалася б: у масавай культуры квір-супольнасць найчасцей асацыюецца з разнастайнымі і яскравымі сэксуальнымі стасункамі, а не з іх адсутнасцю.

Так склалася, бо квір-супольнасць часта заўважаюць менавіта праз прайды — яе найбольш бачныя, гучныя і яркія праявы. Фотаздымак Ilia Bronskiy, Цюрых, Швейцарыя, 2023

Але насамрэч квір-рух не зводзіцца да дэманстрацыі сэксуальных адносін — ён ахоплівае ўсё, што выходзіць за межы традыцыйнага (гетэрасэксуальнага, цысгендарнага і г.д.). І паколькі досвед асэксуальных людзей таксама адрозніваецца ад гетэранарматыўнага, шмат хто з іх лічаць сябе часткай квір-супольнасці, бо сутыкаюцца з тымі ж механізмамі выключэння — ціскам, нябачнасцю і недаверам да сваёй ідэнтычнасці.

Ну і, вядома, сярод асэксуальных людзей таксама ёсць геі, транс- і небінарныя персоны: тое, што сэкс не займае цэнтральнае месца ў іх жыцці, не азначае, што яны не хочуць блізкасці, кахання, сумеснага побыту ці сям’і.

Праўда, што асэксуальных людзей больш за ўсё сярод зумера_к?

Паводле шматлікіх апытанняў і даследаванняў, найбольшая доля людзей, якія ідэнтыфікуюць сябе як асэксуальных, сапраўды прыпадае на пакаленне Z — то бок на людзей, народжаных прыкладна пасля 1997 года.

Чаму так? З’явіліся словы і веды. Часта, каб пра сябе нешта зразумець, нам патрэбныя для гэтага адпаведныя словы. Пакаленне Z жа вырасла ў асяроддзі, дзе ёсць доступ да гэтай мовы, тэрмінаў і бачнасці.

Да таго ж павялічылася свабода самавыяўлення. Зумер_кі менш прывязаныя да гетэранормы. Яны больш ахвотна прызнаюць: «Мне нецікавы сэкс», — і не адчуваюць сябе «непаўнавартаснымі» з-за гэтага.

Але ўсё гэта не абавязкова азначае, што асэксуала_к стала больш і што асэксуальнасць — гэта нейкі «трэнд» або «новая мода». Гэта проста тое, што раней было нябачна і не мела назвы, а цяпер стала часткай мовы і нормы. Сярод старэйшых пакаленняў таксама ёсць шмат асэксуальных людзей, проста яны ніколі не звалі сябе так ці не мелі магчымасці жыць адкрыта.

Асэксуалы не любяць фарбавацца і прыбірацца?

Існуе стэрэатып, што асэксуальныя людзі не імкнуцца выглядаць прывабна — маўляў, навошта, калі яны не зацікаўленыя ў сэксе і не хочуць нікога «завабіць». У гэтым кантэксце, калі дзяўчына фарбуецца і кажа, што яна асэксуальная, ёй часта не вераць: раз «паляпшаеш» сваю знешнасць, значыць, усё ж хочаш спадабацца мужчынам.

Такая логіка заснаваная на культуры male gaze — поглядзе, пры якім жаночая знешнасць успрымаецца выключна як аб’ект мужчынскага задавальнення. У гэтай сістэме не прадугледжана, што нехта можа прыбірацца проста для сябе.

Асэксуальная актывістка Ясмін Бенуа запусціла ў сацсетках хэштэг #ThisIsWhatAsexualLooksLike, каб разбурыць гэты міф і паказаць: асэксуальныя людзі могуць выглядаць як заўгодна — ярка, проста, гламурна, нефармальна ці ўвогуле не фіксавацца на знешнасці.

«Людзі думаюць, што калі ты асэксуал, то табе не варта насіць прыгожае адзенне, фарбавацца ці рабіць прычоску, — кажа Бенуа. — А я думаю: мне што, надзець мяшок з-пад бульбы? У брытанскіх навінах пра мяне выйшаў цэлы рэпартаж, прысвечаны маёй знешнасці і таму, што я нібыта „недастаткова асэксуальная“. Яны заявілі, што ў мяне занадта пульхныя вусны».

Ці праўда, што асэксуалы больш няшчасныя?

Не, гэта няпраўда. Асэксуальныя людзі могуць быць гэтак жа шчаслівымі, задаволенымі і рэалізаванымі, як і людзі з любымі іншымі арыентацыямі.

Гэты стэрэатып паходзіць з сэксанарматыўнай культуры, дзе мяркуецца, што без сэксу немагчымая «сапраўдная» блізкасць, каханне і шчасце. Але асэксуальныя людзі могуць мець рамантычныя адносіны, моцнае сяброўства, эмацыйную блізкасць, самаразвіццё і яркае жыццё. Проста іхні ўзровень шчасця і задаволенасці не залежыць наўпрост ад сэксуальнай актыўнасці.

«Мне разбівае сэрца, калі людзі як унутры, так і за межамі супольнасці ЛГБТК+ называюць людзей асэксуальнага і арамантычнага спектраў зламанымі ці тымі, якім чагосьці не хапае. Наша грамадства настолькі запраграмаванае разглядаць фізічную блізкасць, сэкс і рамантычныя адносіны як адзіныя формы кахання і быцця. Думаю, людзі часта забываюць, што існуе платанічная любоў паміж сябрамі. Любоў, якая можа быць у сям’і. Любоў да нашых захапленняў. Любоў да нашых гадаванцаў. Не, нам не патрэбны сэкс ці адносіны, каб стаць «цэласнымі». Мяне спрабавалі выправіць, што пазбаўляла мяне цялеснай аўтаноміі і маёй ідэнтычнасці — упэўнена, што іншыя асы могуць сказаць тое ж самае. Мяне ванітуе ад жалю. Мяне ванітуе ад людзей, якія прымушаюць нас пачувацца недачалавекамі. МЫ НЕ ЗЛАМАНЫЯ. Мы цэласныя, жывыя і любімыя ў шматлікіх адносінах»,

піша Крысцін у каментарах да публікацыі асэксуальнай актывісткі Ясмін Бенуа. 

Калі асэксуальныя людзі і адчуваюць пакуты, то не ад адсутнасці сэксуальнай цягі, а ад рэакцыі грамадства.

Прага да сэксуальных і рамантычных стасункаў падаецца такой неад’емнай часткай жыцця, што асэксуальным людзям часта прыпісваюць разлады сэксуальных паводзінаў або пераконваюць іх, што асэксуальная ідэнтычнасць — проста перыяд, які пройдзе, калі яны сустрэнуць «правільнага чалавека». 

Так, паводле даследавання 2025 года, траціна апытаных лічаць, што асэксуальнасць можна вылечыць з дапамогай тэрапіі. Чвэрць (26%) лічаць, што асэксуальныя людзі проста яшчэ не сустрэлі таго самага чалавека.

Не дзіва, што асэксуальныя людзі часцей перажываюць сімптомы трывожнага і дэпрэсіўнага разладаў, чым іншыя прадстаўні_цы супольнасці ЛГБТК+.

«Я ас, і тыя рэдкія разы, калі я казала аб гэтым іншым… яны аўтаматычна меркавалі, што з маім целам нешта не так, што мне трэба пагаварыць з сэксолагам. Ім было вельмі цяжка зразумець гэта. Як быццам мая асэксуальнасць падрывае іх уласныя ўяўленні пра сэксуальнасць»,

піша Эма.

У 2025 годзе Джоан Роўлінг перапосціла ў X публікацыю, прысвечаную святкаванню Дня асэксуальнасці, напісаўшы «З Днём міжнароднага фэйкавага прыгнёту ўсіх, хто хоча, каб зусім незнаёмыя людзі ведалі, што ім не падабаецца сэкс». У каментарах салідарныя з яе меркаваннем тут жа змянілі паштоўку, напісаўшы замест слова «Асэксуальнасць» — «няшчасныя людзі з нізкім тэстастэронам»

І што нам з гэтым усім рабіць

Час навучыцца прымаць каханне не толькі «як у кіно», але і тое, што не ўпісваецца ў сцэнар. Асэнсоўваючы з’яву асэксуальнасці, мы можам упершыню шчыра задумацца: а ці сапраўды патрэба ў сэксуальных і рамантычных стасунках — гэта і маё ўласнае, глыбіннае памкненне? Ці, можа, гэта тое, што ад мяне чакаюць?

І нават калі адказ «Так, гэта мне важна», — у любым выпадку нам варта перастаць успрымаць асэксуальнасць як нешта, што патрабуе выпраўлення. Яна не патрабуе апраўданняў ці лячэння. Яна патрабуе павагі.


Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 4.2 / 5. Колькасць галасоў: 5

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x