Кожныя дзесяць хвілін, праведзеныя дзе-небудзь у Threads, вы адчуваеце масу эмоцый, і не заўсёды гэтыя эмоцыі пазітыўныя. Сёння «ІншыЯ» разам з гештальт-псіхатэрапеўткай і каўчыняй Агніяй Лойкай, стваральніцай ютуб-канала «Агнія думае ўслых», спрабуюць разабрацца з хэйтам у інтэрнэце. Чаму людзі ў Сеціве такія злыя? Што хаваецца за непрыемнымі каментарамі? І як на іх рэагаваць?
Адкуль бярэцца агрэсія?
У інтэрнэце няма магчымасці сварыцца тварам у твар, але лёгка параніць «праціўні_цу» абразай або пасіўна-агрэсіўным каментаром. І калі з першым усё зразумела, то з пасіўнай агрэсіяй разабрацца складаней, бо парушэнне межаў тут маскіруюць пад самыя цудоўныя намеры: клопат, параду, жаданне дапамагчы. Характэрныя канструкцыі накшталт «вядома, табе вырашаць, але…», «ты малайчына, але…», «проста скажу, як ёсць…», «гэта ўсяго толькі маё меркаванне, аднак…». Часта пасіўна-агрэсіўны каментар завяршаюць смайлікі — маўляў, «я жадаю табе найлепшага».
Чаму людзі дазваляюць сабе такія заўвагі? Часта мы з дзяцінства прывучаныя душыць свой гнеў, але, раз гэта адна з базавых эмоцый, утрымліваць яго ў сабе вельмі цяжка — і гнеў можа знаходзіць больш «легітымны» выхад праз пасіўную агрэсію. У гэтым выпадку чалавек не крычыць і не распускае рукі, але база тая ж, што ў агрэсіі адкрытай:
хочацца зрабіць балюча іншаму, пакараць яго, падпарадкаваць або прынізіць.
Чаму людзі часта агрэсіўныя ў інтэрнэце?
Уся справа ў эфекце растарможвання ў Сеціве — паслабленні псіхалагічных бар’ераў, якія звычайна абмяжоўваюць выхад стоеных пачуццяў і патрабаў, у выніку чаго людзі паводзяць сябе ў інтэрнэце так, як не паводзяць сябе ў рэальным жыцці. Вось адкуль гэтае несупадзенне: бачыш хамскі каментар, заходзіш у акаўнт чалавека, а там — «мама двух анёлкаў» або «ўзорны сем’янін».
Чаму людзі ў інтэрнэце паводзяць сябе не так, як у афлайне:

Ключавую ролю ў растарможванні адыгрывае ананімнасць. Заўважана, што карыстальні_цы, якія хаваюць свае імёны, значна часцей пішуць абразы, пагрозы, расісцкія заўвагі. У адным амерыканскім даследаванні параўналі інтанацыі каментароў на сайтах з навінамі, і працэнт хэйтарскіх каментароў сярод ананімных карыстальні_ц склаў 53%, а сярод неананімных — 29%.
Пры гэтым зусім не абавязкова, што і ў жыцці хэйтар_кі — злыя людзі, якія любяць зняцэньваць і якія ніколі не чулі пра этыкет. Хутчэй за ўсё, яны проста выбралі анлайн-хэйт у якасці бяспечнага спосабу скінуць негатыўнае напружанне. Яны ведаюць, што якія б бесчалавечныя і непрыстойныя думкі яны ні выказвалі, у якой бы хамскай форме яны гэта ні рабілі — усё сыдзе з рук. Пра брыдкія дыскусіі не даведаецца сям’я, калегі, суседзі і іншыя людзі, для якіх яны «добрыя».
Чаму нянавісць так зацягвае?
Напэўна, вы маеце знаёмых, для якіх у інтэрнэце заўсёды хтосьці не мае рацыю. Ці вы ведаеце блогера_к, якія толькі і робяць, што накідваюць на вентылятар, збіраюць тоны хэйтарскіх каментароў і запісваюць адказы на іх. Насамрэч на каментаванне можна па-сапраўднаму падсесці — як на віно ці на казіно. Тут працуюць тыя ж механізмы падмацавання.
Чалавек бачыць, што яго хэйт заўважылі, яго каментар лайкнулі іншыя карыстальні_цы, а адрасат_ка відавочна бы_ла закранут_ая — адбываецца ўсплёск дафаміну ад увагі і «перамогі», а ў выніку мозгу хочацца яшчэ і зноў.

Уцягваюцца і тыя, хто назірае гарачыя «дыскусіі» збоку, і тыя, хто на хэйт рэагуе.
Мы падсаджваемся на эмацыйныя арэлі і маем патрэбу ў іх разгойдванні.
А алгарытмы сацсетак уладкаваныя так, што вельмі ў гэтым дапамагаюць — бо платформы навучаныя на тое, каб утрымліваць людзей бясконца. Няхай нават у пасіўнай агрэсіі.
Хто гэтыя людзі, якія пішуць брыдкасці?
Навукоўцы фіксуюць устойлівую сувязь паміж рэгулярным анлайн-хэйтам і так званай «цёмнай тэтрадай»: нарцысізмам, макіявелізмам, псіхапатыяй і садызмам. Хэйтар_камі часта робяцца людзі, якія атрымліваюць задавальненне ад болю іншых людзей, якія схільныя да маніпуляцый і якія прагнуць улады і прызнання.
На жаль, здараецца і так, што пасіўная агрэсія ідзе ад блізкіх людзей. Напрыклад, чалавек пачынае развіваць свой праект — і тут жа атрымлівае каментары ад родных, сяброў і сябровак, калегаў і каляжанак «навошта табе гэта трэба?», «табе няма чым заняцца больш?», «хіба ты ў гэтым нешта цяміш?». Здавалася б, блізкія мусяць падтрымліваць. Чаму ж некаторыя робяць з дакладнасцю наадварот? Чыннікі бываюць рознымі.
Часта за крыўднымі словамі хаваецца страх страты блізкага чалавека. Раптам вы станеце больш папулярн_ай ці больш багат_ай і перастанеце падтрымліваць дачыненні? Таксама за пасіўнай агрэсіяй блізкіх можа хавацца зайздрасць і пачуццё ўласнай незапатрабаванасці. У выніку зносіны могуць выліцца ў адкрыты канфлікт і нават прывесці да разрыву дачыненняў. Бо блізкія раняць больш балюча, чым ананімы.
Што стаіць за хэйтам?
Многія аматар_кі напісаць жорсткі каментар прыкрываюцца рынкавай логікай: маўляў, выходзіш у публічнае поле — будзь гатов_ая, што цябе абмяркуюць і асудзяць, як каму ўздумаецца. Такі падыход пераводзіць усё, што адбываецца ў інтэрнэце, у рэчышча таварна-грашовых адносінаў і абсалютна выключае фактар чалавечнасці. У логіцы хэйтара_к чалавек з адкрытым акаўнтам — гэта ўжо не чалавек, а брэнд, і значыць, можна ўзаемадзейнічаць з яго допісамі, як з рэчамі і сэрвісамі. Падпісант_кі патрабуюць хлеба і відовішчаў, а наўзамен дазваляюць сабе любыя выразы. Ніякай эмпатыі.
Калі вы заўважаеце, што сталі ўспрымаць кагосьці ў інтэрнэце як функцыю, зрабіце крок назад — успомніце аб тым, што гэта жывы чалавек са сваімі пачуццямі. Можна ўявіць на яго месцы свайго блізкага — і тады наўрад ці захочацца пісаць прыніжальны каментар, а для крытыкі знойдуцца ветлівыя і тактычныя выразы.
Часта хэйтар_кі — няўпэўненыя ў сабе людзі, таму калі яны бачаць нечую ўпэўненасць, прыгожае цела, поспех, багацце, то адчуваюць непрыемныя эмоцыі. Хуткае вырашэнне праблемы — зняцэніць іншага і такім чынам перакласці адказнасць на яго ж («ты мяне справакава_ла», «ты сам_а выкладаеш — вось і атрымлівай»). Праз абразу іншых людзей, хэйтар_ка можа на нейкі час ізноў адчуць сябе «нармальн_ай».
Нарцысічны чалавек успрымае любы знешні стымул (фота, відэа, допіс) праз прызму ўласнай значнасці. Як быццам увесь свет існуе толькі для таго, каб захапляцца ім ці каб яго раз’юшыць. Гэта падобна на светапогляд 4-5-гадовага дзіцяці, але ў такім узросце якраз нармальна лічыць, што ўсё вакол — пра цябе і для цябе. Калі ж дарослы чалавек успрымае свет у такім ключы, то іншыя людзі не ўспрымаюцца ім/ёй асобна: любы допіс у інтэрнэце створаны для таго, каб менавіта ён/яна яго ўхвалі_ла ці адпрэчы_ла. І ён/яна гэта робіць.
Калі хэйтар_ка бачыць чужую прыгажосць, радасць, шчасце, свабоду рабіць тое, чаго б хаце_ла сам_а, узнікае ўнутраная трывога і пытанне: «А я магу сабе гэта дазволіць?» Каб даць рады з гэтым трывожным адчуваннем, ён/яна звяртаецца да зняцэньвальнай пагарды — і боль неадпаведнасці прыглушаецца. Атрымліваецца, што замест таго каб рухацца да сваёй мары, можна проста пісаць атрутныя каментары, падсілкоўваць перакананне, што навакольны свет фальшывы, а людзі ў ім таксама не вельмі.
У любым выпадку важна разумець, што амаль любыя хэйтарскія ці зняцэньвальныя каментары — гэта больш не пра вас, а пра тых, хто іх піша.
Прыгледзьцеся — і вы заўважыце паміж радкамі імкненне апраўдаць сваю агрэсію або зайздрасць, пазбавіцца пачуцця віны, захаваць адчуванне ўяўнага кантролю і ўласнай значнасці.
Чаму гэта ўсё так кранае?
Нават калі мы добра ведаем базу — мы ўсё роўна можам балюча рэагаваць на зласлівыя каментары. Вось некалькі прычын:

Разуменне гэтых механізмаў — першы крок да таго, каб не трапляць у пастку пасіўнай агрэсіі ў каментарах. Наступны крок — навучыцца на яе рэагаваць.
Як рэагаваць на пасіўную агрэсію ў інтэрнэце?
- Як толькі вы натрапіце на абразлівы каментар, зрабіце тры глыбокія ўдыхі і выдыхі. Засяродзьце ўвагу на адчуваннях у целе, калі вы ўдыхаеце і выдыхаеце. Потым зрабіце паўзу, 5-10 хвілін, перш чым штосьці адказваць.
- Назавіце вашу эмоцыю, сфармулюйце пра сябе. «Я зараз злуюся», ці «Мне крыўдна», ці «Мяне раніць гэтае выказванне». Простае прагаворванне эмоцый зніжае інтэнсіўнасць гэтых эмоцый.
- Практыкуйце самаспагаду. Нагадайце сабе аб тым, што кожны чалавек можа сутыкнуцца з несправядлівасцю. Падумайце: калі б гэты канкрэтны каментар быў накіраваны на вашага сябра, што б вы яму сказалі, як бы вы яго падтрымалі? Праявіце такую ж спагаду і да сябе.
Часта каментатар_кі наўмысна выводзяць на эмоцыі, каб эмацыйна разрадзіцца самім. Таму добрая стратэгія — даць не тую рэакцыю, якую чакае каментатар_ка. Напрыклад, адказаць «Шкада, што вы так думаеце» або «Мне б хацелася зразумець вашую думку, можаце яе разгарнуць?»
Сэнс у тым, каб зламаць хэйтар_цы шаблон і не даць тое, што ён/яна хутчэй за ўсё хоча, — узаемнай агрэсіі, спрэчак, пераходу на асобы. Можна напісаць, напрыклад, «Шкада, што вы так думаеце пра мяне» і пажадаць чалавеку добрага дня. Важна, каб такі каментар быў ад чыстага сэрца, інакш гэта пасіўная агрэсія ў адказ, не больш.
Гэта фармат адказу для тых, хто ў рэальным жыцці ўжо практыкуе адстойванне асабістых межаў. Цяпер можна перайсці на ўзровень вышэй і выстаўляць межы таксама на анлайн-тэрыторыі — у сваім блогу або акаўнце сацыяльнай сеткі. Напрыклад, можна адказаць «Я раблю гэты кантэнт, і хамства — не фармат майго канала» або «З задавальненнем выслухаю канкрэтныя прэтэнзіі адносна тэмы роліка, а не агульныя абразы».
Яшчэ адзін варыянт для тых, у каго ёсць час, жаданне і энэргія: патлумачыць нешта ў адказ на крытыку і, магчыма, нават пагадзіцца з нечым, калі ў выказванні ёсць рацыянальнае зерне. Зазвычай навучальныя адказы на пасіўна-агрэсіўныя каментары абяззбройваюць.
Немагчыма падабацца ўсім на свеце, і захэйціць могуць нават фотаздымкі наймілейшых кацянятаў. Разумеючы гэта, мы маглі б проста ігнараваць непрыемныя каментары. Тады хэйтар_кам няма за што ўчапіцца і іх матывацыя згасае. Аднак стратэгія ігнаравання падыходзіць не ўсім і не заўсёды. Калі, прамаўчаўшы, мы не перастаем думаць пра каментары, то выдаткоўваем вельмі шмат энэргіі. Таму, каб не перагараць, лепш адказаць — папярэдне выкарыстаўшы тэхніку самарэгуляцыі (гл. вышэй).
З некаторымі каментатар_камі наогул не варта весці дыялог, бо каментаваць там няма чаго. Блакуйце іх і не забывайцеся паскардзіцца платформе на парушэнне яе правілаў. Гэта клопат і пра сябе, і пра сваю аўдыторыю.

Яшчэ больш пра тое, як мы выяўляемся ў інтэрнэце і чаму робім гэта менавіта так, можна даведацца, падпісаўшыся на ютуб-канал «Агнія думае ўслых».
Аўтарка: МП
Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values — JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.




