
У жыцці квір-людзей стае цяжкасцяў, але што рабіць, калі выпрабаванні яшчэ і накладаюцца адно на адно? У нашага сённяшняга героя Максіма ад нараджэння адсутнічае перадплечча і кісць левай рукі. Ён доўга вучыўся жыць з гэтым абмежаваннем, прыстасоўваўся да асуджальных позіркаў, сутыкаўся з упярэджаным стаўленнем незнаёмых людзей. Аднак фізічнае прыняцце сябе сталася толькі першым крокам. Усведамленне сваёй сэксуальнасці ў невялікім беларускім горадзе стала не менш складаным выпрабаваннем для Максіма. Як гэта — быць геем з інваліднасцю ў невялікім беларускім горадзе? Пра гэта — нашая шчырая гутарка.
«Я — унікальны хлопчык»: пра тое, як узнікае жаданне схавацца
Жыццё Максіма з самага маленства адрознівалася ад іншых. Маленькі горад, кансерватыўная сям’я, бацькі-вернікі, якія ўвесь час нагадвалі пра важнасць Бога і Бібліі. Да таго ж яго ўласнае цела ад самага нараджэння дыктавала свае правілы, і кожны дзень быў у нейкім сэнсе выпрабаваннем: як спакойна схадзіць у краму, як прыняць свае адрозненні, як гуляць з іншымі дзецьмі, каб не выдзяляцца.
Максім з малых гадоў вучыўся старанна хаваць сябе і свае адчуванні.
— Раскажы пра ўспрыманне сябе ў маленстве.
— Нягледзячы на строгасць, у сям’і заўсёды было шмат жалю да мяне з мамінага боку. Яна старалася не даручаць мне хатніх справаў, не аддавала ў гурткі, глядзела, што са мной ды як, нават калі я гэтага не хацеў.
Я адразу ведаў, што адрозніваюся, бацькі пагаварылі са мной пра гэта ў раннім веку. І зрабілі гэта максімальна экалагічна для тых часоў: маўляў, рукі няма, але ты нічым не горшы. Растлумачылі, што ёсць іншыя дзеці з такой асаблівасцю, але яна рэдкая, а таму я — унікальны хлопчык. І да пачатку школы мяне гэта ўвогуле не турбавала. Рукі ніколі не было, таму я не ведаў, як гэта — мець яе. Навучыўся апранацца, гатаваць.
У школе з часам усё часцей заўважаў позіркі, пытанні, здзіўленне, кпіны. Тады гэта было вельмі дзіўна і страшна, бо мяне выкінула са звыклай бурбалкі.
— Як гэта было: расці з гэтым у маленькім горадзе?
— Часам вельмі цяжка. Мне хацелася быць «звычайным», не вылучацца. У той час я б усё аддаў за гэта. Часам хаваў руку пад адзеннем, стараўся не прыцягваць увагі, але гэта было бессэнсоўным — у школе мяне ўсе ўжо ведалі. У крамах ды іншых грамадскіх месцах было не так дрэнна. Я, вядома, лавіў позіркі і здзіўленне, але актыўнай нянавісці, агіды ці страху ў мой бок не выяўлялі.
Затое ў мяне было месца спакою. Я не адзінае дзіця ў сям’і, і брат з сястрой заўсёды ставіліся да мяне як да роўнага, за гэта ім вялікі дзякуй. І адпачывалі на роўных, і біліся на роўных. Атрымліваў ад іх па поўнай, без спуску праз адсутнасць рукі. З імі я не адчуваў, што хоць неяк адрозніваюся.
— А па-за сям’ёй такія людзі ў цябе былі?
— Так. Гадоў з дзесяці я сябрую з дзяўчынай, якая прайшла са мной пекла і вярнулася назад. Пазнаёміліся ў школе, ёй стала цікава, дзе рука, яна спытала. Мне не было непрыемна, цікаўнасць — гэта акей. Я расказаў, мы разгаварыліся і з тых часоў амаль не расставаліся. Мая мама вельмі любіць яе і дагэтуль марыць, што аднойчы мы пабярэмся шлюбам.
— Ці памятаеш ты свае першыя адчуванні «інакшасці»?
— Думаю, гэтае пачуццё прыходзіла паступова. Спачатку пафігізм, бо ты ўсяго толькі дзіця і не разумееш, як гэта працуе. Потым здзіўленне, сарамлівасць, сорам, нянавісць, жаданне схавацца. Плюс унутры з’яўлялася ўсё больш і больш сакрэтаў і думак, якімі я не дзяліўся вельмі доўгі час.
З маленства я маляваў або пісаў нататкі, якія ніхто не бачыў, — гэта было маім спосабам быць сумленным з сабою. Нават запісваў маленькія перамогі накшталт умення завязаць шнуркі або ехаць на ровары без дапамогі. Яны давалі адчуванне кантролю, хоць і часовага.
«Імкнуся ўсё адаптаваць пад сябе»: пра звычкі, якія дапамагаюць даваць рады
Для Максіма яго цела — гэта не проста абалонка, а спадарожнік, які ад самага нараджэння вучыць жыць паводле сваіх правілаў. Адсутнасць часткі рукі робіць звычайныя рэчы незвычайнымі: зашпіліць гузікі, купіць прадукты, заняцца спортам і гэтак далей. Кожны дзень патрабуе фізічнай і разумовай засяроджанасці, часам нават вынаходлівасці, і маленькія перамогі тут асабліва неабходныя.
Максім усё яшчэ вучыцца чуць сваё цела, разумець яго сігналы і паважаць яго магчымасці, замест таго каб змагацца або хаваць абмежаванні.
— Якія простыя для іншых рэчы былі для цябе сапраўдным выклікам?
— Напрыклад, граць на гітары. У маленстве мяне заўсёды цягнула да музычных інструментаў. Звычайнае дзіця за адзін занятак можа вывучыць некалькі простых акордаў і лёгкіх мелодый. А я без левай рукі толькі брынкаў па струнах.
Мне дагэтуль складана, калі на абутку ёсць шнуркі. Калі трэба самому сабе надзець гадзіннік або бранзалет — заўсёды пакутую. Не магу гатаваць дзве стравы адначасова. Цяжка рэзаць слізкія прадукты, напрыклад, сырую курыцу. Увогуле праблем стае, але я даю рады. Часта прыдумляю свае спосабы: трымаць рукой інакш, выкарыстоўваць левую частку цела і гэтак далей.
— Раскажы пра свае звычкі або рытуалы.
— Я імкнуся ўсё адаптаваць пад сябе. Напрыклад, планую нейкія рэчы загадзя. Калі іду ў кіно, то думаю пра тое, што не занясу і папкорн, і напой, значыць, трэба браць шопер. Катаюся на ровары — значыць, загадзя рэгулюю вышыню седала, каб пры патэнцыйным падзенні стаць на ногі. Наогул проста выкарыстоўваю планаванне і падрыхтоўку, і ў большасці выпадкаў гэта вырашае мае праблемы.
«Мне не было брыдка ад сябе»: пра першыя рамантычныя пачуцці да хлопцаў
Усведамленне сябе як гея для Максіма сталася яшчэ адной складанай дарогай пасля таго, як ён навучыўся жыць з інваліднасцю.
У маленькім горадзе быць іншым — значыць заўсёды быць навідавоку.
І жыццё сапраўды не становіцца лягчэйшым, калі да інваліднасці дадаецца яшчэ адзін «знак адрознення».
— Калі ты ўпершыню адчуў, што твае пачуцці да хлопцаў не зусім сяброўскія?
— Моманты і перадумовы былі гадоў, мусіць, з 12, але паўнавартасна я ўпершыню закахаўся ў выпускным класе. Тады ў мяне нават пачыналася нешта накшталт стасункаў з адной дзяўчынкай. Я памятаю момант, калі мы пацалаваліся, але ў мяне перад вачыма выразна стаяў мой аднакласнік.
Гісторыя скончылася сумна. Тады я вырашыў кантактаваць з ім больш, мы нават былі ў мяне дома пару разоў — гулялі ў прыстаўку. Неяк ён сцягнуў у старэйшага брата піва, мы выпілі і я адважыўся прызнацца яму. Ён сказаў, што я яму таксама падабаюся, і мы пацалаваліся. Тады я дакладна зразумеў, што хачу цалаваць толькі хлопцаў. Мне нават здавалася, што ў нас нешта атрымаецца, але… Ён, відаць, спалохаўся, што я раскажу ўсяму класу, што ён гей, таму зрабіў гэта першым. Назваў мяне п*дзікам пры ўсіх. Мяне пацкавалі і пакінулі ў спакоі, бо доказаў не было. Ён спрабаваў звязацца са мной праз нейкі час пасля гэтага, але я нават размаўляць з ім не стаў.
— Як гэтая сітуацыя змяніла тваё ўспрыманне сябе?
— Нейкі час было складана. Але той пацалунак быў такі… натуральны. Мне не было брыдка ад сябе ці нешта такое. Але я адразу пачаў думаць: мала мне праблем з інваліднасцю, дык я яшчэ, мабыць, гей, ну зашыбіся! І тады прыйшло ўсведамленне, што жыццё стане яшчэ больш складаным, чым было.
— У цябе былі дачыненні пасля гэтага?
— Так, дачыненні ў мяне былі, але цяпер я адзін. З былым разышліся, бо ў нас розныя мэты. Ён хоча застацца ў Беларусі, я хачу з’ехаць. Яшчэ больш закахацца ў яго, а потым разыходзіцца мне не хацелася, таму мы завяршылі на добрай ноце.
Знаёміцца ў цэлым складана: у маленькім горадзе і так амаль няма дзе, а калі ты яшчэ і інвалід*, шанцаў мала. Плюс у Беларусі страшна быць геем. Калі ўсталёўваць праграмы — ніколі не ведаеш, ці піша табе гамафоб, ці мент, ці яшчэ хто. Руку там стараюся не свяціць, каб мяне не ідэнтыфікавалі, твар таксама. Таму пры асабістых сустрэчах людзі рэагуюць па-рознаму, але не заўсёды дрэнна. Другая рука ў мяне ж працуе!
«Быць сабою — значыць быць шчырым»: пра адзіноту і пра планы на будучыню

Цяпер Максіму — 23 гады, ён айцішнік, працуе анлайн. Кожны дзень для яго — гэта баланс паміж тым, каб быць сабою, і тым, каб не зламацца пад ціскам грамадства. Ён памятае, што шлях да прыняцця сябе быў доўгім, і гэтая барацьба працягваецца дагэтуль.
Быць сабою для Максіма — значыць шукаць магчымасці, вучыцца давяраць сабе і адначасова не забываць на ўласныя мары.
— Якія ў цябе мэты і планы на бліжэйшы час?
— Прафесійныя — расці ў IT і шукаць цікавыя праекты, пашырацца, расці ў даходзе. Асабістыя — знайсці сваю прастору і людзей. Крыху пазней, калі вырасту фінансава, буду думаць пра пераезд у Еўропу. Думаю, там прасцей быць адкрытым чалавекам, лягчэй знайсці сваё месца і не адчуваць перманентны страх. І, вядома, хочацца сустрэць свайго чалавека. Але я веру, што гэта здарыцца само сабою, не праз дэйтынг-праграмы.
— Ці пачуваешся ты самотным?
— Часам так. У маім горадзе вельмі складана знайсці людзей, якія разумеюць мяне цалкам. Бывае, хочацца проста кагосьці побач, каб можна было расслабіцца, але з такіх у мяне толькі сяброўка, а ў яе ёсць сваё жыццё, і мы не можам быць побач увесь час. Яшчэ ў мяне ёсць інтэрнэт і кам’юніці, дзе я бяру сілы, калі адчуваю сябе зусім дрэнна.
— Як ты даеш рады цяжкасцям і страхам?
— Імкнуся факусавацца на тым, што магу кантраляваць, і на тым, што прыносіць мне радасць. У мяне ёсць спіс рэчаў, якія мяне напаўняюць, і калі ў мяне кепскі дзень, я праглядаю яго і раблю нешта са спіса. Абавязкова складзіце сабе такі. У дрэнныя дні здаецца, што нічога не радуе, і цяжка знайсці, як абстрагавацца ад дрэнных думак. Але калі спіс зроблены загадзя, ён сапраўды дапамагае. Маленькія перамогі, праца, хобі, зносіны з блізкімі людзьмі таксама дапамагаюць не губляць упэўненасці ў сабе.
— Што для цябе значыць быць сабою сёння?
— Быць сабою — значыць быць шчырым, нават калі гэта складана. Казаць тое, што думаеш, рабіць тое, што хочаш, і не баяцца заставацца «іншым», нават калі ты такі адзін. Я працую з дому, і мне бывае самотна, але я не хлушу сабе, не хаваюся перад калегамі, не пражываю чужое жыццё. Я — гэта я, і я не збіраюся за гэта прасіць прабачэння.
— Якія парады ты можаш даць людзям, якія цяпер праходзяць стадыю прыняцця сябе?
— Галоўнае — не хавацца цалкам. Знайдзіце хаця б адно месца або аднаго чалавека, з якім можна быць шчырым. І будзьце. Хоць бы анлайн, хаця б у асабісты дзённік, але выражайце сябе дзесьці, каб ваш агеньчык не пагас. Нават маленькія крокі да бачнасці — гэта ўжо перамога.
Аўтарка: Martha K.
Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values — JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.
