Альберт — культурніцкі менеджар. З дэпрэсіяй ён сутыкнуўся яшчэ ва ўзросце 17 гадоў, аднак не звяртаўся па дапамогу і ўвогуле лічыў, што яго стан — рэакцыя на пераезд і месца вучобы, якое яму не пасавала. Сімптомы дэпрэсіі то адступалі, то вярталіся, і праз некалькі гадоў, у 2018 годзе, Альберт быў вымушаны звярнуцца ў медычную дзяржаўную ўстанову і атрымаў накіраванне ў знакаміты РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках.
Пагаварылі з Альбертам пра тое, у якіх умовах адбывалася лячэнне, наколькі яно было эфектыўным і з якімі нечаканымі выклікамі даводзіцца сутыкацца людзям, якія трапляюць у беларускія псіхіятрычныя шпіталі.
Зварот па псіхіятрычную дапамогу: «Я гэта тлумачыў тым, што проста лянівы»
«Першы раз я патрапіў да псіхіятра, калі мне было гадоў 11»
У мяне быў тады нервовы зрыў: бацькі разводзіліся, поўны трэш рабіўся… Я хадзіў на нейкія працэдуры, на кіслародныя кактэйлі — карацей, чыліў у паліклініцы. Мяне адлячылі, і ўсё: у школу гэтая інфармацыя ніяк не прасачылася, ніхто на мяне праз гэта крыва не глядзеў.
Пасля школы я прыехаў вучыцца ў Варшаву. Тады са мной адбывалася нешта незразумелае: я дрэнна сябе адчуваў, пераважна сядзеў дома, нават на вучобу асабліва не хадзіў. Але я гэта тлумачыў тым, што проста лянівы. На лета вярнуўся ў Мінск, і там я адчуваў сябе нармальна. Вярнуўся ў Варшаву на другі год навучання — тая ж халера.
Я рэгулярна глядзеў з балкона і думаў, што, у прынцыпе, скочыць адтуль — добры спосаб вырашэння праблемаў.
Так я прыйшоў да высновы, што мне проста дрэнна ў Варшаве, бо кожны раз, калі я наведваў Мінск, мне станавілася лепей. У Варшаве няма сэнсу жыцця, а ў Мінску — ёсць.
«Тады я вярнуўся ў Мінск»

Фота з асабістага архіва Альберта
У Мінску быў свой варушняк, звязаны з габрэйскай нефармальнай адукацыяй, дзе я шмат валанцёрыў, а пасля працаваў і нават кіраваў. Але ўсё адно я ў Мінску сутыкаўся з трывогай, з праблемамі ў стасунках і ў адносінах з сабой. Але ніяк асабліва з гэтым не разбіраўся: працаваў сабе ў нефармальнай адукацыі і вучыўся паралельна. А пасля мяне пачало моцна накрываць…
У мяне пачалася класічная дэпрэсія — з сімптомамі, як з падручніка. Гэты стан ішоў такімі хвалямі: недзе я яшчэ мог «сабрацца» і нешта зрабіць, а недзе — мяне ўжо жорстка вырубала (маецца на ўвазе пачатак моцнай дэпрэсіўнай сімптаматыкі: калі чалавек адчувае поўную страту сіл, матывацыі і здольнасці выконваць нават простыя паўсядзённыя задачы. — Заўв. рэд.).
У мяне была складаная працоўная задача: мне трэба было арганізаваць летнік на 100 чалавек са складанай лагістыкай праз тры краіны. Да гэтага моманту я ўжо пачаў пікіраваць уніз. Удзень я спаў, а ноччу, калі мне было больш-менш нармальна, я ішоў бадзяцца па горадзе: увесь час падбухваў на Кастрычніцкай, пакурваў наркотыкі, прыліпаў да нейкіх дзіўных кампаній. Паралельна з гэтым на мяне ціснула пачуццё адказнасці за маю працу, і я не ведаў, як гэта ўсё разруліць.
«У нейкі момант я пазваніў па тэлефоне даверу. І там не ўзялі трубку — проста анекдот!»
На гэтым я не спыніўся і ў адзін з маіх начных шпацыраў дайшоў да Бехцерава (Мінскі гарадскі клінічны цэнтр псіхіятрыі і псіхатэрапіі на вул. Бехцерава, 5. — Заўв. рэд.).
Кажу ў рэгістратуры: «Мне херова, дапамажыце». Мне кажуць: «Па месцы жыхарства схадзі». Чорт з вамі — пайшоў па месцы жыхарства, але там не было псіхіятра. Давялося запісвацца ў суседнюю паліклініку. Урэшце прыйшоў да псіхіятра — ён даў мне апытанку Бэка*.
Я запоўніў, ён кажа: «Вам трэба ў шпіталь». Я кажу: «Не магу ў шпіталь, у мяне летнік!» Прыйшоў на працу, патлумачыў, што такая сітуацыя, шмат факапаў, а я не ведаю, што рабіць. Урэшце мне дапамаглі, і летнікі атрымаліся вельмі класныя. Аднак гэтае лета, канечне, прайшло цяжка. Мяне яшчэ і з вучобы адлічылі, хаця я прасіў пераздаць увосень. Карацей, напрыканцы лета мяне зноў моцна накрыла.
Я зноў прыйшоў да таго лекара, які сказаў, што мне трэба ў шпіталь, і ён накіраваў мяне ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Прышпільна — Навінкі! Столькі чуў, але ні разу не быў.
Навінкі: «У душ толькі па цыгарэтах»
«Атмасфера там, канечне, своеасаблівая»
Заходзіш — там стаіць суворы санітар. Ён глядзіць твае рэчы, забірае тэлефон. Правярае, ці не занадта ў цябе «далбанутыя» кніжкі. Было стрэсава, але ўгарна.
Я трапіў у 19-е аддзяленне — крызіснае. Іду па гэтым аддзяленні з санітарам, а побач з намі ідзе нейкі чувак з дзіўнымі слядамі на шыі (імаверна, ад спробы ўдушэння. — Заўв. рэд.). Пасля я даведаўся, што яго называлі Кузнечык, бо ён увесь час хадзіў у зялёным халаце. Такая трагікамічная постаць, якая ўвесь час з цікаўнасцю бадзялася па аддзяленнях.
Мяне адправілі ў назіральную палату, якая без дзвярэй*. Мяне там сустрэлі нейкія мужыкі, што гулялі ў карты. І раптам да мяне падыходзіць чэл — жудасны, капец, — і пачынае расказваць, што тут, на аддзяленні, у іх усё агульнае. Я нічога не разумеў, пакуль не трапіў у звычайную палату.
«Аказалася, што ў гэтым аддзяленні панавала турэмная рамантыка»
У аддзяленні было чалавек 50, і большая частка з іх рабіла нейкі чыфір, мела нейкія «понятия» і «смотрящих». Дагэтуль не разумею, адкуль уся гэтая турэмная рамантыка там узялася.
Той самы чалавек, які расказваў, што ў іх усё агульнае, зноў пачаў да мяне падыходзіць з дзіўнымі размовамі. У нейкі момант ён папрасіў прадаць яму мой тэлефон. Потым падыходзіць, запытваецца: «Я бачу, цябе наведваюць — можа, хтосьці з тваіх на сваё імя зробіць мне сімку?» Я кажу: «Косця, якую сімку — я ж ведаю, чым ты займаешся». Косця, як я зразумеў, займаўся нейкім змрочным крыміналам. Называў сябе «смотрящим» Чэрвеня («Смотрящий» — гэта крымінальны аўтарытэт, які лічыцца галоўным у пэўным рэгіёне. А Чэрвень — гэта горад у Мінскай вобласці. — Заўв. рэд.), ці нешта такое.
У нейкі момант Косця зноў падышоў да мяне, расказаў нейкую слязлівую гісторыю пра сваё жыццё, а потым раптам папрасіў мой нумар тэлефона — маўляў, каб пасля выпіскі падтрымліваць кантакт. Скончылася ўсё тым, што аднойчы Косця папрасіў у мяне два рублі, а я яго паслаў. Больш Косця да мяне не падыходзіў, але дакалупваўся да іншых маладых хлопцаў.
Мяне размеркавалі ў палату на шэсць чалавек, і амаль адразу, як я прыйшоў, мне прапанавалі пакаштаваць чыфір. Там ёсць медсёстры, з якімі можна дамовіцца, каб табе «аформілі» кіпень. А яшчэ ў нас аднекуль была гарбата і судочак з-пад морквы па-карэйску (у судочак засыпалі заварку, бо іншага посуду няма. — Заўв. рэд.).
«Валютай у аддзяленні былі цыгарэты»
Там ёсць душ, за якім прыглядае санітар. Але душ дасяжны не заўсёды, бо ў пэўны момант санітар можа заявіць: «У душ сёння толькі па цыгарэтах».
Аднойчы адзін хлопец папрасіў у мяне пачку цыгарэт — маўляў, за тое, што ён намаляваў мой партрэт. Насамрэч ён перамаляваў з нейкага падручніка партрэт Чэхава ці каго там. У мяне тады была доўгая барада — маўляў, падобна. Я яму пару цыгарынак адсыпаў.
«Тэлефоны забіраюць»
Калі хочаш сазваніцца з блізкімі, трэба чакаць, пакуль яны самі пазвоняць на гарадскі нумар аддзялення. Або можна было прасіць у медсястры свой тэлефон на гадзіну ў дзень, а пасля аддаваць яго назад. Але я зразумеў, што можна дамовіцца: аддаў медсястры свой праязны на тры віды транспарту — навошта ён мне ў Навінках — і тэлефон увесь час быў у мяне.
Праўда, тэлефон даводзілася хаваць ад санітараў. Быў там адзін санітар — самы далбануты, — які любіў нечакана ўрывацца ў палаты і пытацца: «А што тут у вас адбываецца?!» Адзін раз ён так зайшоў, а я акурат размаўляў са сваёй тагачаснай партнёркай. Я яго пабачыў — кінуў тэлефон пад тапак. Санітар кажа: «Не, не пракаціць». Забраў тэлефон і аднёс да медсястры. Я пайшоў да медсястры — і зноў забраў яго.
Была там адна сястра-гаспадыня, якая адчула сваю ўладу і ўвесь час дакопвалася да мяне. Заходзіла штораніцы праверыць парадак у палаце. А ў мяне ў тумбачцы было шмат кніг — я шмат чытаў, і не было такога, каб мяне штодня наведвалі і забіралі ўжо прачытанае. Яна кажа: «У цябе занадта шмат кніг, я ўсё зараз забяру». І пачынае выносіць мозг.
«З аддзялення нельга проста так выйсці»

Калі хочаш, каб цябе пачалі выпускаць, мусіш дзяжурыць — напрыклад, у сталовай дапамагаць з раздачай ежы або падмятаць на вуліцы. Але калі ты ўжо можаш выйсці з аддзялення, то, па сутнасці, можаш і з Навінак з’ехаць. Я так дахаты ездзіў два разы. Мы часта хадзілі ў ларок, што побач. Каля Навінак яшчэ царква стаіць, перазвоны, сажалка — атмасферна, канечне.
Я вялікі авантурыст — ва ўсім гэтым я знаходзіў нейкі прышпіл. Ці спрыяла гэта майму псіхічнаму выздараўленню? Магчыма. Не ведаю. У нейкі момант я нават пачаў «адукоўваць» былых «арыштантаў» пра правы ЛГБТК+, пра дэмакратычныя каштоўнасці. Я, увогуле, досыць адаптыўны, але бачыў хлопцаў, якім у такой абстаноўцы было зусім не весела.
Лячэнне. «Я вельмі хацеў лячыцца: быў гатовы прымаць усе таблеткі, хадзіць на ўсе працэдуры, наведваць тэрапію»
Я трапіў у шпіталь у выходныя, таму да лекара патрапіў толькі ў першы працоўны дзень. Я расказаў яму пра свой стан усё як ёсць. Ён кажа: «Ты нічога не выдумляеш. У цябе насамрэч дэпрэсія — гэта рэальна, гэта здараецца». Я ледзь не расплакаўся.
Калі я трапіў у Навінкі, акурат з’яўлялася «мода» на ментальнае здароўе. Было прышпільна абмяркоўваць з завадчанамі з Барысава панічныя атакі — яны пра гэта расказвалі не як пра складаныя духоўныя матэрыі, а як пра простыя рэчы, якія з імі здараліся. Гэта была вялікая падтрымка. Бо ты разумееш, што панічныя атакі ці дэпрэсія — гэта не для нейкай багемы, груба кажучы.
«Пяць разоў на тыдзень была групавая псіхатэрапія і два разы — індывідуальная»
У нас былі вельмі класныя тэрапеўт і тэрапеўтка — пасля я з адным з іх яшчэ некалькі год займаўся прыватна. Я вельмі хацеў лячыцца: быў гатовы прымаць усе таблеткі, хадзіць на ўсе працэдуры, наведваць тэрапію. Але не ўсе былі гатовыя да гэтага. У нас былі хлопцы, якіх прывозілі на хуткай, бо ў іх была спроба суіцыду. Некаторыя з іх лячыцца зусім не хацелі. У аддзяленні было шмат пацыентаў, якім на лячэнне было пофіг, — незалежна ад таго, як яны сюды трапілі. Па законе яны мусяць адляжаць 10 дзён — і тады іх выпускаюць.
З таблетак мне давалі анксіялітык і антыдэпрэсант. Іх нейкі час падбіралі. Памятаю, аднойчы на ноч мне далі нейкую малую круглую таблетку. Мяне з яе так «папёрла»! Нібы ЛСД-трып пачаўся. Потым я жартаваў з медсёстрамі, ці няма ў іх яшчэ такіх маленькіх кругленькіх таблетачак.
У нас на аддзяленні быў адзін чувак, які добра арыентаваўся, што з чым можна зжэрці, каб атрымаць «прыкольны эфект». І мы мяняліся з іншымі пацыентамі, якія не хацелі піць свае лекі: таблеткі на цыгарэты.
Я некалькі разоў спрабаваў такія таблеткі. Дзіўны эфект: прабівае есці салодкае, быццам цябе абняло, і ты нейкі тупы становішся. Памятаю, як адзін Саня хацеў прадаць нам «цудоўную таблетку» за два пакункі цыгарэт — маўляў, эфект супер. Пасля аказалася, што гэта быў звычайны гліцын.
Аніякім галаперыдолам* мяне не заколвалі. Хаця была адна гісторыя: у назіральнай палаце ляжаў адзін чэл, які на абходзе пачаў нешта бурчаць матам на медсястру. І ўсе астатнія дні ён правёў абколаты — ляжаў, устаць не мог.
Дзве «галіны ўлады» на аддзяленні

Псіхіятры і псіхатэрапеўты — гэта адна галіна ўлады. А медсёстры з санітарамі — другая. І паміж імі, відаць, існуе нейкая дамоўленасць. Не ведаю якая. Але чаму загадчык аддзялення заплюшчвае вочы на тое, што ў нас душ — за цыгарэты і нейкія бандыты ўсталёўваюць свае парадкі? Не ведаю. Можа, яму проста лянота разбірацца.
У прынцыпе, у нас было лайтова. Але я магу казаць толькі за нашае аддзяленне. Што адбываецца ў «псіхатычных» — не ведаю. І тым больш — што ў жаночых. У мяне сяброўкі ляжалі ў Навінках — расказвалі, што медсёстры на іх крычалі, даводзілі да слёз. А калі дадаць пытанне жаночай гігіены, той жа душ — рэч жыццёва неабходная. Мне падаецца, што на мужчын больш складана ціснуць. Медыцынскі персанал усё ж баіцца рамсіць з дарослымі мужыкамі.
Атрымліваецца, што, з аднаго боку, у цябе можа быць добры лекар і нармальная тэрапія, але праз стаўленне медперсаналу і ўвесь гэты побытавы трэш — чалавек можа быць у такім стрэсе, што аніякая тэрапія не дапаможа.
Калі ў мяне запытваюцца, ці класціся ў Навінкі, я кажу, што лепей шукаць прыватных лекара_к. Але праблема ў тым, што шпіталізацыя бывае патрэбная — і што рабіць у такой сітуацыі, незразумела.
Аўтарка: Дар’я Гардзейчык
Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values — JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

