Маша — фатографка з рэгіянальнага горада Беларусі. Пасля родаў Маша часткова страціла слых на абодва вухі і ў гэтым інтэрв’ю расказвае пра прыняцце дыягназу, новыя асаблівасці зносін, пра тое, як працягвае здымаць і чаму навучылася ў свеце, дзе гукі робяцца цішэйшымі: «Не абавязкова разумець праз словы».
Пра сям’ю і пра тое, як усё пачыналася
Раскажы пра страту слыху. Гэта ў цябе з маленства?
Не, у маленстве ў мяне не было ніякіх праблем са слыхам. Я і музычную школу скончыла. Гэта выявілася пазней, пасля другіх родаў, калі мне было 27. Я не адразу заўважыла, што нешта змяняецца — ды і ніхто не заўважаў, — але пазней гэта рабілася ўсё больш відавочным. Нейрасэнсарная тугавухасць* часта развіваецца паступова.
* Нейрасэнсарная тугавухасць — гэта пагаршэнне слыху, выкліканае пашкоджаннем унутранага вуха (слімака) або слыхавога нерва, якое парушае перадачу гукавых сігналаў у мозг. Яна можа быць прыроджанай або набытай, развівацца паступова або ўзнікаць раптоўна.
Я дрэнна чую на абодва вухі — так, быццам моцна зменшылі гучнасць. Да таго ж у мяне прапалі высокія гукі: нізкія я чую амаль без асаблівасцяў, а вось высокія — прапалі. Таму мне цяжка дзяцей чуць, я ўвогуле не разумею, што яны кажуць.

А якія ў цябе дачыненні з музыкай?
Я скончыла музычную школу. Муж вельмі любіць музыку слухаць, і я слухаю разам з ім. Проста ўключаем крыху гучней звычайнага. У мяне і фано ёсць, граю трошку, успамінаю.
У мяне страта слыху менавіта адносна сілы гуку, а не адносна якасці. А раз у мяне быў досвед адрозніваць вышыню, тэмбр і іншыя асаблівасці гуку, гэты навык у мяне не знік.
Страта слыху — гэта спадчыннае?
Так. Мая сястра не чуе ад нараджэння. На адно вуха не чуе ўвогуле, а на другое ў яе даволі моцная страта. Бабуля, калі пастарэла, таксама страціла слых. У іншых сваякоў па бабулінай лініі таксама моцная страта слыху.
Калі ўсё здарылася, было цяжка прыняць новае ўзаемадзеянне са светам?
Так, было цяжка. Бо я па жыцці ўвесь час з людзьмі. Асабліва адчувальна гэта стала тады, калі я ў 33 гады пасля дэкрэта ўладкавалася ў бібліятэку — сядзець на рэцэпцыі, выдаваць білеты чытача. Тады стала відавочна, што мне складана, увесь час даводзілася перапытваць.
Але ў мяне, на шчасце, асяроддзе вельмі ўважлівае, і я асабліва не сутыкалася з нейкім грэбаваннем. Напэўна, калі б я была першай у сваёй сям’і, хто з гэтым сутыкнуўся, было б больш складана і напружана. Але я глядзела на сястру — і ёй было цяжэй.
Раскажы пра сястру
У яе страта слыху ад нараджэння. Адпаведна, і маўленне ў яе кульгала. Яна нешта чула і паўтарала, але было відавочна, што не ўсё добра. І калі ёй было недзе паўтара года, яе павялі да доктара і ўсё даведаліся.
Асабліва цяжка ёй было ў садку, з гэтымі саўковымі выхавацелькамі. Яна там яшчэ і без апаратаў была, дрэнна разумела, і яны жорстка сябе з ёй паводзілі. На шчасце, маці шмат займалася з сястрой і шмат для яе зрабіла. Потым сястру перавялі ў нармальны садок, дзе ўлічвалі асаблівасці дзяцей.
Мне здаецца, у садках павінны працаваць людзі калі не з вышэйшай адукацыяй, то як мінімум вельмі далікатныя і клапатлівыя, бо яны маюць зносіны з дзецьмі ў іх самым трапяткім узросце. А часта бывае так, што хто пагадзіўся дупу падціраць, той і працуе.
Пра дачыненні з іншымі

Як ты пачала карыстацца слыхавым апаратам?
Мне было цяжка прыняць, што мне патрэбны слыхавы апарат. Купіць яго мяне намовіла сястра, і нават часткова праспансавала гэтую пакупку. Яна рашуча і без сантыментаў настояла. І мела рацыю. Такім чынам, абследаванне і апарат адбыліся, калі мне было 40 гадоў — праз 7 гадоў пасля складанасцяў на працы.
Надзець слыхавы апарат было адным з самых цудоўных рашэнняў, бо гэта вярнула якасць жыцця, якасць разумення людзей.
Не ў поўнай ступені, вядома, — я дрэнна чую на абодва вухі, а апарат у мяне толькі на адным, бо дорага.
Але калі я ў цэнтры слыху надзявала два апараты, то для мяне гэта было ого, ніфіга сабе, гэта рэальна крута! Але паўтаруся, гэта досыць дорага. Можа, пазней. Цяпер гэта такі кампрамісны варыянт, і я ўжо з адным апаратам нашмат лепш чую, не ідэальна, але шмат якія рэчы сталі прасцейшымі.
Ты сказала, што дрэнна чуеш дзяцей. А як было гадаваць сваіх дзяцей і дрэнна чуць, што яны гавораць?
Сваіх дзяцей разумееш па-іншаму. Не абавязкова праз словы. Адзінае, раз я ў прыватным доме жыву, то заўсёды баялася, што не пачую дзіця, мне было страшна пакідаць яго, адысці па справах. У той час яшчэ не было радыёняняў. Часам я прыходзіла, а яно плача. Гэта было балюча.
А з чужым дзіцем са слыхавым апаратам мець зносіны камфортна?
Усё роўна цяжка. Бо ў дзяцей яшчэ і дыкцыя дрэнная, не вельмі зразумела, што яны кажуць. Я на працы часта з дзецьмі сутыкаюся — і з досыць маленькімі — і мне трэба спусціцца да іх, часам глядзець у рот, каб зразумець, што яны кажуць.
Ты арыентуешся на вусны, каб зразумець, што дзіця кажа?
Так, не толькі дзіця, але і дарослы. Калі ёсць шумавыя перашкоды, то візуальны кантакт проста неабходны. Гэта вельмі важна.
Ёсць яшчэ такі момант: у людзей з парушэннем слыху з часам выпрацоўваецца звычка ігнараваць звароты, бо часта незразумела, ці да цябе яны. Гэта не праз няветлівасць, проста надта стамляе кожны раз напружвацца, каб разабраць гаворку.
Напрыклад, я еду ў транспарце, чую чыйсьці голас, але не ўпэўненая, ці да мяне гэта сказалі. Каб гэта зразумець, мне трэба значна больш намаганняў, чым чалавеку без парушэнняў слыху. Мне трэба павярнуцца, угледзецца ў чалавека, у ягоны рот — і гэта можа выглядаць досыць дзіўна.
Таму ў цёмным пакоі чуць больш складана?
Так, гэта праўда так. Калі гэта родны голас, да якога я ўжо прывыкла і разумею яго вымаўленне і ўсе адценні, там усё адно: можна і ў цёмным пакоі. Але, вядома, калі я бачу чалавека, мне нашмат лягчэй зразумець, што ён кажа.
Як я разумею, табе цяжка камунікаваць у вялікіх кампаніях?
Цяжкавата, так. Трэба адсочваць, адкуль ідзе гук, хто гаворыць. Калі кампанія вельмі добрая і цёплая, я магу знайсці іншы спосаб узаемадзеяння — праз клопат, ці неяк іначай выказаць удзячнасць, якую адчуваю. Але калі я не адчуваю нічога такога цёплага, я проста адседжваюся. Маўчу і ўсё.
А што можна зрабіць, каб табе было камфортна ўзаемадзейнічаць у кампаніі?
Казаць па чарзе, прынамсі. Гэта было б крута, бо разумець адначасовую гутарку вельмі складана. А больш, відаць, і не зробіш.
Я яшчэ заўважыла, што глухія могуць размаўляць гучна, а могуць, наадварот, вельмі ціха. Часцей за ўсё ціхая гаворка звязаная з тым, што чалавек не чуе адказ суразмоўцы. Таму ён гаворыць цішэй — каб пакінуць «гукавы запас» і пачуць хоць нешта, акрамя ўласнага голасу.
А мне здавалася, што гавораць ціха, бо не разумеюць, ці гучна яны гавораць, ці не гучна.
Гэта таксама. Я часта не адсочваю, ціха я кажу або гучна. Для мяне гэта як быццам не гучыць — я не адчуваю гучнасць. Я абапіраюся на тое, ці ўпэўнена я кажу або не. Цяпер я кажу больш-менш упэўнена і для мяне гэта значыць гучна. А калі я баюся, то гучнасць голасу адразу вельмі моцна падае. Прычым незалежна ад абставін.
Пра работу фатографкай

Фотасесіі — гэта часта зносіны. Як ты з гэтым даеш рады?
Так, тут ёсць складанасці. Да таго ж, я шмат дзяцей фатаграфую. Але раз я ўсё ж дарослы чалавек і статус у нас розны, то я магу арганізоўваць фотасесіі так, як мне зручна.
Бывае цяжка, калі трэба зрабіць калектыўны здымак. Я дырыжую, але часам нехта кідае рэплікі, а я не заўсёды чую. І хоць зносіны часта адбываюцца на больш тонкім узроўні, гэтыя падказкі бываюць вельмі каштоўнымі. Я спрабую кампенсаваць гэта тым, што бачу, але гэта не заўжды працуе. Часам нешта можна не ўбачыць, і гукі важныя. Я не чую нейкія выклічнікі накшталт «пффф», «фух», «хмммм» і магу не зразумець, што чалавек стаміўся ці незадаволены, або наадварот. І вось гэта добра было б разумець.
Я часам здымаю ў клубе. Можна ўявіць, якая там абстаноўка: людзі танчаць, гучная музыка. І вось нехта хоча сфатаграфавацца і кліча мяне. Часцей за ўсё я нічога не чую. Таму яны падыходзяць ці па плячы паляпаюць, ці крычаць.
Але ўвогуле ў мяне ў жыцці так склалася, што часта прыходзяць людзі, якія ўжо ведаюць, і з імі лёгка ўзаемадзейнічаць. Яны проста ўлічваюць гэта, і гэтага дастаткова. А калі чалавек не ў курсе, то я досыць часта напаўжартам кажу, што я глухая, дрэнна чую, гаварыце гучней.
Табе так падабаецца з дзецьмі ўзаемадзейнічаць? Я бачыла, што ты яшчэ ходзіш у лякарні і там здымаеш бальнічных блазнаў і іх сцэнкі для дзяцей.
Я з імі хаджу некалькі разоў на год максімум. Звычайна гэта здараецца пад Новы год. І мы ходзім не па палатах, а запрашаем дзяцей у фае. Там і адбываецца паказ, які я і здымаю.
З дзецьмі мне нармальна ўзаемадзейнічаць, бо гэта адбываецца нядоўга. Нядоўга мне нармальна. Я нават спрабавала быць педагогам, але зразумела, што гэта зусім не маё: бесперапыннае напружанне і трывога праз падвышаную адказнасць. Прафесія, відаць, мае пад сабою тое, што ты як галоўны карабель пракладаеш дарогу ў моры шуму, зносін, кантактаў і ўвагі, ідзеш да сваёй мэты і паказваеш дарогу іншым. А тут карабель троху паламаны. У прынцыпе, неяк можна спрактыкавацца і плыць, але колькасць намаганняў вялізная.
А вось кароткія эпізоды — іншая справа. Мусіць, і з блазнамі мяне родніць тое, што ў іх таксама ўсё адбываецца эпізадычна. Іх задача — выкласціся ў гэты кароткі момант, паўзаемадзейнічаць, пакінуць яркую пляму і пайсці. Хоць, вядома, іх праца і намаганні сталыя і мэтанакіраваныя, але ўзаемадзеянне з канкрэтным дзіцем можа быць разавым. Гэтак жа і з фатаграфаваннем дзяцей: я імкнуся ў гэтыя кароткія хвіліны пакінуць добрае ўражанне, дамагчыся большай разняволенасці, падарыць больш прыемныя эмоцыі.
І для гэтага не заўсёды патрэбныя словы.
Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values — JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.
