Гендарныя квоты: неабходнасць або дыскрымінацыя?

ГендарПравы чалавека
Гендерные квоты
4.4
(7)

Разбіраем, як гендарныя квоты спрацавалі ў скандынаўскіх краінах, у Руандзе і ў Афганістане, а таксама ўзгадваем скандал з квотамі ў Беларусі.

Памятаеце, некалькі гадоў таму Міністэрства аховы здароўя Беларусі нарабіла шуму ўказам, які ўводзіў гендарныя квоты ў медыцынскай субардынатуры? Указ абмяжоўваў колькасць месцаў для «студэнтаў жаночага полу» на некаторых спецыяльнасцях. Напрыклад, у Гомельскім медыцынскім універсітэце на анэстэзіялогію і рэаніматалогію для дзяўчат выдзелілі 5 месцаў з 45, а на хірургію — 13 месцаў з 70. Гэтае рашэнне выклікала крытыку і абвінавачанні ў дыскрымінацыі. І адначасова аднавіла спрэчкі аб гендарных квотах — ці патрэбныя яны? Паспрабуем разабрацца.

Што такое гендарныя квоты?

Гендарныя квоты (ГК) — гэта інструмент, які зазвычай накіраваны на павелічэнне прадстаўленасці жанчын у тых сферах, дзе гендарны дысбаланс відавочны. Найчасцей гэта кіруючыя пасады у буйных кампаніях, дзяржаўных органах, палітычных аб’яднаннях. Да гендарных квот тут звяртаюцца дзеля падтрымання жанчын, якія сутыкаюцца з гістарычна і сацыяльна абумоўленымі бар’ерамі на шляху кар’ернага росту.

* Дарэчы, існуе тэрмін «пазітыўная дыскрымінацыя» (англ. affirmative action) для абазначэння захадаў па прадастаўленні пераважных правоў або прывілеяў для пэўных груп насельніцтва, якія прымяняюцца для дасягнення роўнасці на пасадах, узроўні адукацыі, даходах для прадстаўнікоў розных полаў, рас, этнасаў, канфесій, сэксуальных арыентацый і іншых груп.

Ідэя простая: заканадаўча або добраахвотна рэзерваваць пэўную колькасць месцаў для прадстаў_ніц недастаткова прадстаўленага полу, каб пазбавіцца структурнай няроўнасці. У гэтага падыходу ёсць мноства прыхіль_ніц (што пацвярджае наяўнасць гендарных квот у розных сферах шматлікіх дзяржаў) і крытыкаў, якія лічаць іх дыскрымінацыяй*.

Трэба адзначыць, што гендарныя квоты — толькі адзін з інструментаў. Існуюць і іншыя метады гендарнай гарманізацыі. Напрыклад, гендарнае бюджэтаванне, гендарны аналіз заканадаўства, праграмы павышэння дасведчанасці і гендарнай асветы, ментарства і падтрымка кар’ернага росту жанчын, гнуткія ўмовы працы. Гэта важна разумець, бо часта пад гендарным балансам маюцца на ўвазе менавіта квоты — але не толькі яны здольныя эфектыўна працаваць.

Указ Міністэрства аховы здароўя, відавочна, пераследваў іншыя мэты. Ён не быў накіраваны на выраўноўванне становішча жанчын і мужчын. Наадварот, ён зменшыў шанцы студэнтак медыцынскіх ВНУ засвоіць некаторыя прэстыжныя спецыяльнасці. Дык, можа, указам хацелі абараніць мужчын? Але ў хірургіі і рэаніматалогіі іх і так большасць, а стэрэатып «жанчына не можа быць хірургам» жыве не толькі ў беларускіх медыцынскіх колах. Дыскрымінацыя, атрымліваецца.

Якімі бываюць гендарныя квоты?

1. Абавязковыя квоты (цвёрдыя)

Уводзяцца дзяржавай для палітычных партый, кампаній або арганізацый. Напрыклад, партыя павінна мець пэўны працэнт жанчын сярод кандыдатаў на выбарах. Для Беларусі гэта неактуальна, але, напрыклад, у еўрапейскіх дзяржавах, такіх як Бельгія, Італія, Германія, Аўстрыя, Партугалія, Грэцыя і Нідэрланды, такія квоты ўведзеныя.

2. Рэкамендацыйныя квоты (мяккія)

Кампаніі ці арганізацыі самі бяруць на сябе абавязкі дасягаць пэўнага ўзроўню гендарнай разнастайнасці. І самі ж могуць адмовіцца ад гэтых абавязкаў, як зараз робяць McDonald’s, Meta, Walmart, Boeing, Ford і іншыя амерыканскія карпарацыі.

3. Квоты для спісаў

Распаўсюджваюцца на выбары, напрыклад, абавязваюць партыі ўключаць жанчын у спісы кандыдатаў. Так, у Аргенціне заканадаўча замацавана, што жанчыны павінны складаць 30 працэнтаў у выбарчых спісах палітычных партый.

Як выглядаюць гендарныя квоты ў розных краінах?

Гендарныя квоты — гэта распаўсюджаная сусветная практыка. Яна актыўна працуе ў скандынаўскіх краінах: Нарвегіі, Швецыі, Даніі. Там гендарная роўнасць у палітыцы і бізнэсе стала не толькі нормай, але і культурнай каштоўнасцю.

Нарвегія адной з першых зацвердзіла жорсткія гендарныя квоты. З 2003 года там дзейнічае закон, які абавязвае буйныя кампаніі ўключаць у раду дырэктараў мінімум 40% жанчын. Парушэнне гэтага патрабавання пагражае ліквідацыяй кампаніі, што матывуе бізнэс выконваць баланс. У Швецыі сістэма квот актыўна выкарыстоўваецца ў палітыцы: большасць партый добраахвотна прытрымліваюцца прынцыпу «зебры», чаргуючы мужчын і жанчын у партыйных спісах праз што жанчыны займаюць каля 47% месцаў у парламенце. У Даніі дзейнічае больш мяккі варыянт квот: кампаніі заахвочваюцца да павелічэння колькасці жанчын у кіраўніцтве, але строгіх санкцый за невыкананне патрабаванняў няма.

Финский кабинет министров с 2019 по 2023 год
Фінскі кабінет міністраў з 2019 па 2023 год. У цэнтры — прэм’ер-міністарка Санна Марын. Жанчыны побач з ёй — кіраўніцы партый, якія ўвайшлі ва ўрад. © Laura Kotila / Prime
Кабинет министров Финляндии, сформированный в 2023 году
А вось так выглядае кабінет міністраў Фінляндыі, сфармаваны ў 2023 годзе © Fanni Uusitalo, valtioneuvoston kanslia Kuvassa Petteri Orpon hallitus

У Францыі закон патрабуе, каб мінімум 40% месцаў у карпаратыўных радах займалі жанчыны.

Адзін з найбольш уражлівых прыкладаў паспяховага ўкаранення гендарных квот — Руанда. Пасля генацыду 1994 года краіна зрабіла значныя крокі для аднаўлення грамадства, у тым ліку ўвядзенне гендарных квот, якія забяспечвалі мінімум 30% месцаў для жанчын у парламенце. Гэтыя захады прывялі да гістарычнага выніку: у 2008 годзе Руанда стала першай краінай у свеце, дзе жанчыны склалі большасць у парламенце — 56%. Цяпер гэты паказнік перавышае 60%, што робіць Руанду сусветным лідэрам па долі жанчын у заканадаўчай уладзе.

Не менш адметны вопыт Аргенціны. У 1991 годзе яна стала першай краінай, якая ўвяла гендарныя квоты на нацыянальным узроўні. Згодна з прынятым законам, жанчыны павінны былі складаць не менш за 30% у выбарчых спісах палітычных партый. Вынікі адпаведныя: жаночае прадстаўніцтва ў парламенце значна ўзрасло, а сама ініцыятыва натхніла іншыя краіны Лацінскай Амерыкі ўзяць прыклад з Аргенціны.

У Албаніі, Ірландыі, Казахстане і Кыргызстане ўстаноўленыя квоты не менш як 30% для жанчын у выбарчых спісах. У Грэцыі, Партугаліі і Сан-Марына гэтая квота складае не менш за адну трэць (33%).

У ЗША пасля другой перамогі Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах многія кампаніі сталі згортваць захады і праграмы DEI (diversity, equity and inclusion — разнастайнасць, роўнасць і інклюзіўнасць), у тым ліку адмаўляцца ад практыкі квотаў. На федэральным узроўні ў Штатах адсутнічаюць законы, якія замацоўваюць абавязковыя гендарныя квоты ў палітыцы ці бізнэсе. Аднак на ўзроўні асобных штатаў ініцыятывы па павышэнні гендарнай разнастайнасці раней рабіліся. Напрыклад, у 2018 годзе Каліфорнія прыняла закон, які патрабуе ад публічных кампаній уключаць у раду дырэктараў пэўную колькасць жанчын. Але ў 2022 годзе гэты закон быў прызнаны неканстытуцыйным — гэта прывяло да яго скасавання.

А як справы ў Беларусі?

* Індэкс гендарнага разрыву (Gender Inequality Index) складаецца Праграмай развіцця ААН. Ён абапіраецца на тры паказнікі: рэпрадуктыўнае здароўе жанчын, пашырэнне іх правоў і ўдзел у рынку працы.

У Беларусі гендарныя квоты не практыкуюцца. Былая міністарка працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна заяўляла, што ўвядзенне гендарных квот у Беларусі немэтазгодна, паколькі краіна ўжо мае высокія паказчыкі гендарнай роўнасці. У апошняй справаздачы для ААН Міністэрства замежных спраў Беларусі паведаміла, што краіна займае «ўстойлівую высокую пазіцыю» ў Індэксе гендарнага разрыву* і, напрыклад, доля жанчын у парламенце ў 2023 годзе склала 36%. Паводле сусветных лічбаў гэта добры паказнік. На ключавых пастах ці ў прыватным бізнэсе жанчын значна менш. Цяперашняя сістэма мае на ўвазе тое, што жанчыне часта даводзіцца пераадольваць больш бар’ераў, каб дасягнуць высокіх пасад, а гендарныя квоты маглі б стаць інструментам для паскарэння гэтага працэсу.

Аднак покуль што квоты ў кантэксце Беларусі фігуруюць толькі ў такіх выпадках, як указ Міністэрства аховы здароўя, з якога мы пачалі гэты артыкул. Начальніца ўпраўлення кадравай палітыкі Міністэрства аховы здароўя Вольга Калюпанава тады пракаментавала, што «добрыя спецыяльнасці для жанчын» — гэта гінекалогія і акушэрства, а «хірургічныя спецыяльнасці — доля мужчын. Анестэзіялогія і рэанімацыя —  у тым ліку». Чыноўніца падкрэсліла, што Міністэрства аховы здароўя «мае права размеркаваць месцы ў субардынатуру так, як лічыць патрэбным» і ў сваёй дзейнасці арыентуецца на СНД, а не на краіны Еўропы.

У чым плюсы гендарных квот і ці ёсць мінусы?

Часта сустракаецца меркаванне, быццам гендарныя квоты — гэта дыскрымінацыйны інструмент, які стварае штучную роўнасць. Важна падкрэсліць, што ключавое слова тут — «роўнасць», а гендарныя квоты існуюць менавіта для ліквідацыі дыскрымінацыі. Дзеля аб’ектыўнасці зірнем на абодва бакі медаля.

Плюсы и минусы гендерных квот
* Спасылка на даследаванні

Пазітыўны (але часовы) вопыт Афганістана

Увядзенне гендарных квотаў у дэмакратычных еўрапейскіх дзяржавах — збольшага заканамерны працэс. Але яшчэ цікавей назіраць, як такі інструмент гендарнай палітыкі працуе ў краінах з традыцыйна патрыярхальнымі асновамі.

Напрыклад, вопыт Афганістана ў галіне гендарных квотаў — складаны і шматгранны прыклад таго, як падобныя захады моцна ўплываюць на ўдзел жанчын у палітычным жыцці. Асабліва ва ўмовах традыцыйнага грамадства і палітычнай нестабільнасці.

* «Талібан» — ісламісцкі рэлігійна-палітычны ваенізаваны рух, які прызнаецца ў некаторых краінах тэрарыстычнай арганізацыяй.

Пасля звяржэння рэжыму «Талібана»* у 2001 годзе новы ўрад Афганістана пры падтрымцы міжнароднай супольнасці зрабіў крокі па прасоўванні гендарнай роўнасці. У Канстытуцыі 2004 года былі замацаваны палажэнні, накіраваныя на павышэнне ўдзелу жанчын у палітыцы. У прыватнасці, прадугледжваліся гендарныя квоты для членаў верхняй палаты парламента.

Праз ўвядзенне квотаў ужо да 2021 года жанчыны займалі каля 27% месцаў у ніжняй палаце парламента Афганістана.

Гэта сапраўды поспех, бо квоты забяспечылі значную прысутнасць жанчын у заканадаўчых органах — і запусцілі працэс інклюзіі. Дэпутаткі сталі актыўна ўзнімаць пытанні, звязаныя з правамі жанчын, адукацыяй і аховай здароўя, якія раней часта ігнараваліся.

Але не абышлося без крытыкі: нягледзячы на ​​фармальную прысутнасць, многія жанчыны сутыкаліся з дыскрымінацыяй і абмежаваннямі ў сваёй дзейнасці. Таксама жанчыны-палітыкі падвяргаліся пагрозам і гвалту, што рабіла іх працу небяспечнай і цяжкай.

Afghan Parliament Media Department 
Жанчыны на парламенцкай сесіі © Afghan Parliament Media Department 

На жаль, з вяртаннем талібаў да ўлады ў жніўні 2021 года становішча жанчын у Афганістане рэзка пагоршылася. Былі адмененыя многія дасягненні папярэдніх гадоў, у тым ліку ўдзел жанчын у палітыцы. Эксперты ААН заяўлялі аб сістэматычнай і інстытуцыяналізаванай дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын і дзяўчынак, называючы тое, што адбываецца, «гендарным апартэідам».

Вопыт Афганістана паказвае, што гендарныя квоты могуць быць эфектыўным інструментам для павышэння ўдзелу жанчын у палітыцы. Але для ўстойлівага поспеху гэтага недастаткова: неабходны дадатковыя захады, накіраваныя на пераадоленне сацыяльных бар’ераў, гарантаванне бяспекі і падтрымку правоў жанчын на ўсіх узроўнях грамадства.


Аўтарка: Саша Камко

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 4.4 / 5. Колькасць галасоў: 7

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x