«Я пачала гарманальную тэрапію самастойна». Трансгендарная беларуска – пра чаканне і рызыкі для здароўя

ІнклюзіяАсобыГендарПравы чалавека
0
(0)

31 сакавіка — Міжнародны дзень бачнасці трансгендарных людзей. Але праблемы, з якімі сутыкаюцца трансперсоны ў Беларусі, часта застаюцца ў цені. Многія беларус_кі вымушаны нелегальна праходзіць замяшчальную гарманальную тэрапію — купляючы прэпараты ў аптэках, спартыўных крамах або замаўляючы іх у расійскіх інтэрнэт-крамах. Гэта звязана з вялікай рызыкай і можа сур’ёзна пагоршыць здароўе.

Чаму трансгендарныя беларус_кі вырашаюцца на нелегальную тэрапію, як яны жывуць у гэтым уразлівым становішчы і дзе спрабуюць атрымаць неабходную дапамогу — у інтэрв’ю «Салідарнасці» распавядаюць трансгендарная беларуска Дыяна і кіраўніца TG House Аліса Сармант.

«Пасля слоў Лукашэнкі камісіі пачалі ўсё часцей прымаць адмоўныя рашэнні»

У Беларусі, кажа Дыяна, пры Мінздароўя існуе спецыяльная камісія, якая выносіць рашэнні аб магчымасці транспераходу. Калі рашэнне станоўчае, чалавеку дазваляюць прайсці неабходныя аперацыі і прызначаюць замяшчальную гарманальную тэрапію (ЗГТ)*. Аднак у апошнія гады камісія рэдка выносіць станоўчыя рашэнні. Напрыклад, у 2024-м годзе праз яе прайшлі 32 чалавекі, і толькі сямёра атрымалі дазвол на транспераход.

* Замяшчальная гарманальная тэрапія (ЗГТ) — гэта прыём гармонаў, які дапамагае змяніць другасныя палавыя прыкметы і зрабіць цела больш адпаведным гендарнай ідэнтычнасці чалавека.

Можа быць цікава: чытай гісторыю Алекса і яго шлях транспераходу праз тры краіны «Гэта не нейкая прыхамаць, а вымушаная мера».

— Для першай і другой камісіі трэба абавязкова стаяць на ўліку, наведваць псіхіятра-нарколага і псіхолага раз на тры месяцы на працягу як мінімум 365 дзён. А улічваючы, што камісіі дзве, атрымоўваецца два гады. Але паколькі камісіі збіраюцца двойчы на ​​год у непрадказальныя даты, чаканне можа заняць тры гады.

З 2023 года камісіі выдаюць 70-80% адмоў, пры гэтым не тлумачаць прычын і не даюць магчымасці абскардзіць рашэнне. Хіба што прапануюць зноў прайсці камісію, але праз адну — выходзіць, гэта яшчэ год чакання.

Графік паказвае рэзкае павелічэнне колькасці адмоў пасля 2022 года. Крыніца: Маніторынг працы камісій па транспераходзе ў Беларусі (2019—2024). TG House

Яшчэ адна праблема ў тым, што стаць на ўлік можна толькі з 18 гадоў, а атрымаць доступ да ЗГТ у лепшым выпадку — да 21 года. Для трансгендарных падлеткаў гэта азначае вельмі доўгае чаканне і праходжанне непажаданага палавога сталення.

Сама Дыяна вырашылася на нелегальную тэрапію па дзвюх прычынах: па-першае, каб пазбегнуць доўгага чакання, а па-другое, таму што былі сумневы ў тым, што рашэнне камісіі будзе станоўчым. Дзяўчына ўжо ўставіла імпланты ў грудзі і баялася, што змены, якія яна ўжо распачала, негатыўна паўплываюць на рашэнне камісіі.

— Таму я, як і большасць трансгендарных людзей у Беларусі, пачала праходзіць гарманальную тэрапію самастойна. Некалькі гадоў таму Лукашэнка ў інтэрв’ю сказаў, што ў Беларусі няма ЛГБТ, пасля чаго камісіі пачалі ўсё часцей прымаць адмоўныя рашэнні. З-за гэтага людзі ўсё часцей вырашаюцца на нелегальную тэрапію.

У гэтага, вядома, свае праблемы і наступствы. Па-першае, дастаць гармоны ў Беларусі цяжка. Трансгендарныя жанчыны могуць замовіць нешта ў інтэрнэце або ў Расіі. Трансгендарныя мужчыны могуць купляць тэстастэрон у спартыўных крамах, але там ён часам дрэннай якасці. У мінулым годзе яго не было ў аптэках, што выклікала вялікую занепакоенасць сярод трансгендарных мужчын.

У самастойнай тэрапіі ёсць шмат рызык, бо праз няправільную дазіроўку (а людзі часта яе перавышаюць) можна моцна нашкодзіць здароўю — пашкодзіць печань, атрымаць цукровы дыябет, трамбоз, бясплоддзе і іншае. Для тых, хто вырашаецца на нелегальную тэрапію, усё ж застаюцца альтэрнатыўныя спосабы атрымаць дапамогу:

— Расійскі Цэнтр Т, які дапамагае і беларусам, мае базу friendly-эндакрынолагаў, да якіх можна звярнуцца па кансультацыю. Там параяць, якія аналізы трэба здаць, cкарэктуюць дазіроўку. Аднак рэцэпт на гармоны не выпішуць.

Таксама, калі вы знаходзіцеся ў небяспецы або вам патрэбна псіхалагічная дапамога, можна звярнуцца ў TG-House. Менавіта дзякуючы гэтай арганізацыі я цяпер у бяспецы і на волі. Мне асабіста таксама можна напісаць — змагу перанакіраваць у арганізацыі, якія я ведаю.

У тым, што трансгендарныя людзі ў Беларусі аказваюцца ва ўразлівым становішчы і не атрымліваюць неабходнай дапамогі, Дыяна вінаваціць палітыку ўладаў, якую яны пераймаюць у калег з Расіі:

– Мінздароўя прынамсі разумее, што трансгендарнасць існуе, яе нельга вылечыць і што людзям неабходны пераход. Тым, каму яго дазваляюць, прызначаюць нармальную гарманальную тэрапію.

Праблема ў тым, што адмоў у пераходзе праз рыторыку ўлад вельмі шмат. І гэтую праблему трэба рабіць бачнай, таму што трансгендарныя людзі ў Беларусі ёсць, і іх шмат, і іх трэба ўлічваць. Нам патрэбна сэксуальная адукацыя, больш эндакрынолагаў і псіхіятраў па ўсёй краіне, а не толькі ў Мінску.

Цяпер з усёй краіны ездзяць у Мінск, дзе толькі адзін псіхіятр-нарколаг, адзін псіхолаг і адзін уролаг. Да таго ж дыягностыку таксама трэба змяняць, бо яна праводзіцца па састарэлых метадычках, а людзей усё яшчэ кладуць у псіхіятрычную бальніцу на два тыдні.

Таксама тут важна згадаць гендарную дысфарыю (або гендарную неадпаведнасць) — гэта псіхалагічны стан, пры якім чалавек адчувае разыходжанне паміж сваёй гендарнай ідэнтычнасцю і біялагічным полам.

Людзі з дысфарыяй могуць адчуваць пастаянную трывогу, дэпрэсію, адчужэнне ад уласнага цела, сорам і сацыяльную ізаляцыю. Павялічваецца рызыка панічных атак, самапашкоджанняў і суіцыдальных думак. Побытавыя сітуацыі — ад неабходнасці паказваць дакументы да візіту да доктар_кі — становяцца крыніцай стрэсу.

У інтэрв’ю «Іншым» маці трансгендарнага сына распавядала, што «дысфарыя у майго дзіцяці пачалася на фізічным роўні ўжо гадоў у 16. Левая палова цела быццам трохі перакасілася, як пасля нейкіх паралічаў ці інсультаў — не моцна, але заўважна. І я зразумела, што дысфарыя значна больш шкодзіць арганізму чалавека, чым тая ж гарманальная тэрапія.

Чытай поўнае інтэрв’ю: «Зрабіце ўсё магчымае, каб даць майму сыну дазвол на пераход». Марыя пра прыняцце свайго трансгендарнага дзіцяці

«Улады вымушаны прымаць меры, каб адпавядаць прапагандысцкай рыторыцы пра “традыцыйныя каштоўнасці”»

Аліса Сармант, кіраўніца арганізацыі TG House, тлумачыць, што яшчэ тры гады таму значна больш людзей, якія здзяйснялі трансгендарны пераход, мелі магчымасць афіцыйна праходзіць гарманальную тэрапію. Усё змянілася, калі камісіі пры Міністэрстве аховы здароўя пачалі выносіць больш адмоўных, чым станоўчых рашэнняў па пытаннях транспераходу.

— Існуюць два этапы камісіі: першая дае права на змену дакументаў, другая — на медыцынскі пераход. Калі няма магчымасці прайсці нават першую камісію, што ўжо казаць пра другую. Таму цяпер нам пішуць дзясяткі людзей, а ў мінулым годзе — сотні, якія цікавяцца альтэрнатыўнымі спосабамі атрымання тэрапіі.

Па словах суразмоўцы «Салідарнасці», арганізацыя не можа заклікаць людзей праходзіць тэрапію нелегальна і без медыцынскага нагляду. Аднак можа даваць агульныя парады.

— Напрыклад, расказаць, як і дзе можна прайсці абследаванне. Адзін з варыянтаў зараз — паехаць у Польшчу, дзе за некалькі тыдняў можна наведаць лекараў, атрымаць рэцэпты і доступ да гарманальнай тэрапіі. Некаторыя так робяць, а затым вяртаюцца ў Беларусь. Але большасць усё ж на свой страх і рызыку пачынаюць тэрапію самастойна.

Мы не хочам даваць людзям ілжывую надзею: прайсці камісію ў Беларусі сёння практычна нерэальна. Але мы і не адгаворваем — рэкамендуем стаць на ўлік і паспрабаваць. Шанец усё роўна ёсць, хоць і невялікі.

Калі людзі пачынаюць праходзіць тэрапію нелегальна, яны шукаюць надзейных пастаўшчыкоў або, што прасцей за ўсё, ездзяць па лекі ў Расію. Але гэта не гарантуе, што з іх здароўем усё будзе добра. Таму мы прымаем меры, каб людзі хаця б мелі магчымасць кантраляваць свой стан і разумець, што рабіць у выпадку праблем. Напрыклад, у нас ёсць партнёрскае пагадненне з арганізацыяй у Арменіі, якая бясплатна кансультуе трансперсон.

У той жа час Аліса адзначае, што нават афіцыйны доступ да замяшчальнай тэрапіі ў Беларусі не гарантуе адсутнасці праблем. Напрыклад, у аптэках перыядычна знікаюць неабходныя прэпараты.

— За апошні год сітуацыя, наколькі гэта магчыма, нармалізавалася. Вядома, раней прэпаратаў было больш, але базавы набор цяпер ёсць. Часам нешта знікае з аптэк на некалькі месяцаў (аднойчы не было тэстастэрону паўгода), але потым можа з’явіцца аналаг.

Пры гэтым кошт прэпаратаў у разы вышэйшы, чым, напрыклад, у Польшчы ці Літве. З-за гэтага нават людзі, якія атрымалі дазвол камісіі, могуць замаўляць прэпараты «на баку» — проста таму, што гэта танней. І я не бачу ніякіх прыкмет таго, што сітуацыя, у якой зараз знаходзяцца трансгендарныя людзі ў Беларусі, неяк зменіцца ў бліжэйшы час. Нават калі гаварыць пра камунікацыю з медустановамі: на нашы звароты і рэкамендацыі альбо адказваюць фармальнымі адпіскамі, альбо пішуць, што прыслухаюцца. Але ў рэальных рашэннях гэтага не відаць.

Наўрад ці нешта будзе паляпшацца на фоне таго, што адбываецца ў Расіі, дзе транспераход адмянілі. Галоўнае — каб у нас не стала горш. У гэтым сэнсе мы глядзім на сітуацыю больш аптымістычна: мяркуем, што ў бліжэйшы час захаваецца тое, што ёсць.

Нават што тычыцца заканадаўчых ініцыятыў, то закон аб забароне «ЛГБТ-прапаганды» буксуе — улады не спяшаюцца яго прымаць. Беларускай уладзе не так цікавыя ЛГБТ-людзі, аднак яна вымушана прымаць меры, каб адпавядаць прапагандысцкай рыторыцы пра «традыцыйныя каштоўнасці». Тым не менш яны стараюцца зацягваць прыняцце падобных законаў, што дае надзею на адсутнасць кардынальных змен у дачыненні да трансперсон, аж да адмены камісіі.

Чытай таксама: «Я — мама трансгендарнага дзіцяці». Актывістка Аксана пра тое, як стала падтрымкай для свайго сына і іншых бацькоў

Аўтар: «Салідарнасць»

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 0 / 5. Колькасць галасоў: 0

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць