Горад у бетоне, а ў цябе — памідоры: што такое гарадское садоўніцтва і як да яго падступіцца

Экалогія
5
(4)

«Садоўніцтва — самае тэрапеўтычнае і дзёрзкае, што можна рабіць у горадзе. І яшчэ вы атрымоўваеце трускаўкі»

— так казаў амерыканскі экаактывіст і садоўнік Рон Фінлі.

З гэтым гангста-садоўнікам, як яго жартам часам клічуць, згодныя ўсё больш гараджан_ак і таму шукаюць спосабы вырошчваць расліны нават ва ўмовах мегаполіса. Не ва ўсіх ёсць лецішча ці вёска, але гэта і не абавязкова. Гаўбцы, падваконні, дахі ці нават сцены — прасторы, якія раней пуставалі, — пры слушным падыходзе могуць ператварыцца ў паўнавартасныя гароды з гароднінай, ягадамі і мікразелянінай. 

Часам гарадскія сады і гароды з’яўляюцца ў самых нечаканых месцах: на дахах офісных будынкаў, на былых могілках (прывітанне саду ElisaBeet у Берліне), у школьных дварах і на закінутых пляцоўках.

У гэтым матэрыяле распавядаем, навошта наагул займацца гарадскім садоўніцтвам і з чаго лепш за ўсё пачаць.

Дысклэймер

У гэтым матэрыяле пад гарадскім садоўніцтвам мы маем на ўвазе вырошчванне любых раслін у межах горада, у тым ліку гародніны, ягад, зеляніны і зёлак — не толькі дэкаратыўных культур. Разумеем, што ў беларускай мове «сад» і «гарод» — розныя рэчы, але ў кантэксце ўрбаністычных практык і міжнароднага тэрміну urban gardening мы ўжываем іх як сінонімы.

Што такое гарадское садоўніцтва

Гарадское садоўніцтва (urban gardening) — гэта вырошчванне раслін у гарадскім асяроддзі: на балконах, дахах, у дварах, парках, закінутых пляцоўках і нават усярэдзіне будынкаў. І гэта не толькі пра кветкі, дэкаратыўныя і пладовыя дрэвы і кусты. А пра любыя расліны, у тым ліку ядомыя: зеляніну, гародніну і ягады.

* Хоць гарадское садоўніцтва — гэта перадусім пра вырошчванне раслін, гарадскія пасекі часта робяцца яго часткай, бо пчолы апыляюць расліны, паляпшаюць экасістэму і робяць сады яшчэ больш жывымі.

Гарадскім садоўніцтвам займаюцца як звычайныя гараджане, так і супольнасці, кааператывы і нават бізнэс.

Прыкладам, рэстаран можа вырошчваць гародніну і травы ва ўнутраным дворыку, жыхары кааператыва — разводзіць пчол* на даху дома, а сям’я — уладкаваць кантэйнерны гарод проста ў сябе пад вокнамі.

Градкі і сады пры школах і дзіцячых садках — таксама прыклад гарадскога садоўніцтва!

Грамадскі сад Himmelbeet з высокімі градкамі ў Берліне. Высокія градкі — інклюзіўныя, бо даступныя і для людзей на інвалідных вазках. У садзе Himmelbeet каля 200 градак, і яны здаюцца ў арэнду тэрмінам на адзін год. Фэйсбук сада 

5 прычын займацца гарадскім садоўніцтвам

1. Ежа сваімі рукамі

Вырошчваючы гародніну ці зеляніну нават на балконе, мы атрымліваем свежыя і натуральныя прадукты, а яшчэ бачым, адкуль бярэцца ежа. Так-так, мы ўсе ведаем, што ежа расце з зямлі, але адна справа ведаць, а іншая — вырошчваць яе само_й. Калі сваімі рукамі садзіш насенне і праз пару тыдняў ясі свежы базілік з балкона — гэта досвед, які змяняе стаўленне да ежы, прыроды і працы.

2. Супольнасць і зносіны

Грамадскія сады і гароды яднаюць нас: мы знаёмімся, працуем разам, абменьваемся ведамі і досведам. Асабліва гэта круты фармат для тых, хто адчувае адзіноту: напрыклад, для людзей, якія нядаўна пераехалі ў іншы горад/краіну і яшчэ не знайшлі сяброў ці сябровак, людзей пенсійнага веку і іншых.

сад Himmelbeet
ElisaBeet — гэта грамадскі сад у Берліне на тэрыторыі старых могілкаў Святой Лізаветы. Тут жыхары могуць арандаваць высокія градкі, вучыцца арганічнаму садоўніцтву і браць удзел у імпрэзах. Заняткі знойдуцца для кожна_й — напрыклад, тыя, хто не любіць капацца ў градках, можа іх размалёўваць. Фэйсбук сада
3. Клопат аб прыродзе

Садоўніцтва ў горадзе дапамагае захоўваць біяразнастайнасць: прыцягвае пчол, птушак, паляпшае стан глебы. А яшчэ гарадскія расліны паляпшаюць якасць паветра: паглынаюць вуглякіслы газ і зніжаюць тэмпературу ў спёку. 

4. Здароўе і адпачынак

Праца з зямлёй — антыстрэс. Гэта фізічная актыўнасць, медытацыя і перазагрузка ад гарадской мітусні. А яшчэ — вялікая радасць ад росту раслін!

5. Навучанне і развіццё

Для дзяцей і дарослых гарадскі сад — гэта месца, дзе можна вучыцца на практыцы: разумець цыклы прыроды, навучыцца адказнасці і павазе да навакольнага свету,  даведацца, як растуць расліны і як працуе экасістэма.

ØsterGRO
ØsterGRO — першая ў Даніі гарадская ферма на даху. Гэта 600 м² градак, а яшчэ цяпліцы, куратнікі і вуллі. Працуе па мадэлі CSA (community-supported agriculture): каля 40 чальцоў аплачваюць удзел і атрымліваюць кожны тыдзень сваю долю ўраджаю

А садзіць расліны ў горадзе можна дзе хочаш?

Гэта ўжо партызанскае садоўніцтва — самавольнае азеляненне і пасадка раслін у горадзе без дазволу. Прыхільні_цы партызанскага садоўніцтва лічаць, што грамадская прастора належыць усім, а не толькі гарадскім службам і чыноўні_цам, і часта «партызаняць» менавіта на закінутых ці недагледжаных пляцоўках. 

Спачатку рух паўстаў як форма пратэсту супраць некаторых законаў гарадской палітыкі і дагэтуль знаходзіцца на мяжы прававых нормаў. З пункту гледжання закона, высадка раслін на гарадскіх землях без узгаднення можа лічыцца адміністрацыйным парушэннем. Але часта ўлады заплюшчваюць на гэта вочы, таму што такія праекты робяць горад прыгажэйшым і звычайна праходзяць мірна.

Актывіст_кі-партызан_кі часта выкарыстоўваюць так званыя «насенныя бомбы» — невялікія шарыкі з сумесі зямлі, гліны і насення. Іх можна раскідаць, напрыклад, на недагледжаных ці пустых пляцоўках.

Семенные бомбы
Jonathan Kemper. «Насенныя бомбы» лёгка зрабіць самастойна: дастаткова змяшаць глебу з глінай, дадаць насенне кветак, зляпіць невялікія шарыкі, злёгку намачыць і даць ім высахнуць. Дзякуючы таму, што ўнутры захоўваецца вільгаць і пажыўныя рэчывы, насенне здольнае прарастаць нават у неспрыяльных умовах.
Лиз Кристи
Мастачка Ліз Крысці ў адным з яе садоў у Ніжнім Іст-Сайдзе. У 1973 годзе Ліз Крысці з групай Green Guerillas пачала закідваць закінутыя пляцоўкі «бомбамі» з насення і стварыла першы грамадскі сад у Нью-Ёрку — Bowery-Houston Community Farm and Garden. Гэта стала пачаткам і сімвалам руху.

Раскіданыя ў цёплую пару года на пустых і шэрых пляцоўках без зеляніны, такія бомбачкі ўжо праз некалькі тыдняў могуць ператварыць невясёлае месца ў расквітнелую паляну, прывабную для пчол і матылькоў. Тым, хто вырашыць апрабаваць гэты спосаб азелянення, важна памятаць пра экалагічную адказнасць: выкарыстоўваць толькі мясцовыя, бяспечныя для навакольнага асяроддзя расліны, каб не парушыць прыроднага балансу.

А есці вырашчаную ў горадзе пятрушку — бяспечна?

Горад сапраўды не самае чыстае месца: выхлапныя газы, пыл… Таму пытанне, ці бяспечна вырошчваць у такіх умовах нешта ядомае, цалкам слушнае.

Асноўнае забруджванне трапляе не з паветра, а менавіта з глебы.

Таму для ядомага галоўнае — добрая, свежая і правераная зямля.

У старой гарадской зямлі (асабліва каля дарог, парковак, каля старых будынкаў) могуць быць цяжкія металы і іншыя забруджвальнікі. Таму вырошчваць ядомыя расліны лепш у кантэйнерах/вазонах і выкарыстоўваць правераны грунт — тады можна не хвалявацца.

Ну, а дэкаратыўныя расліны наогул не праблема — садзі іх, не пераймаючыся за якасць глебы. 

Калі ты хочаш заняцца гарадскім садоўніцтвам, вось першыя крокі, з якіх можна пачынаць планаванне

Не пераймайся, што ў цябе няма досведу — галоўнае, каб у цябе было жаданне выпацкаць рукі

Такім чынам, якая прастора ёсць у тваім распараджэнні?

Нават у горадзе пасадзіць расліны можна ў самых розных месцах. І пачынаць можна з малога:

1. У кватэры
  • На падваконні можна пасадзіць зеляніну, памідоры-чэры, перац у вазонах ці расаду.
  • На балконе можна ўладкаваць міні-агарод: паставіць кантэйнеры, падвесіць кашпо ці нават усталяваць вертыкальныя градкі. Нехта нават умудраецца размясціць там невялікую цяпліцу — і вырошчваць зеляніну, расаду ці нават памідоры цэлы год.
Гарод на балконе нашай каляжанкі: у Ганны растуць дэкаратыўныя гарбузы, сланечнікі і перац!

А самыя адважныя і дасведчаныя могуць нават паставіць на балконе вулей — як гэта зрабіў айцішнік Міхаіл у сябе на балконе ў Мінску. Але наогул трук выкананы прафесіяналам, просьба не паўтараць, калі ў цябе не дастаткова досведу

  • На даху шматпавярховіка таксама можна ўладкаваць невялікі гарадскі сад — калі ён бяспечны, даступны і калі выконваць будаўнічыя патрабаванні.

Можна падумаць, што вазон з базілікам у кватэры — гэта не пра гарадскія агароды, але гэта не так! Таму што па сутнасці важны прынцып: клопат пра расліны ў горадзе, цікавасць да прыроды і ўстойлівага ладу жыцця.

2. Недалёка ад пад'езда
  • Нават кветнік каля пад’езда ці агародчык можа стаць месцам для вырошчвання зеляніны, ягад і гародніны. У двары шматкватэрнага дома часам жыхары яднаюцца і ствараюць агульныя міні-агароды. Так можна і салату саджаць, і заадно знаёміцца з сусед_камі і разам даглядаць зеляніну. Але памятай пра глебу: у горадзе яна не заўсёды чыстая, асабліва каля дарог. Таму лепш ужываць прывезены грунт ці рабіць высокія градкі — так дакладна будзе зразумела, у якой зямлі растуць твае памідоры ці кроп.
  • На пустках і закінутых пляцоўках (у рамках ініцыятыў ці са згоды ўласніка) можна пасадзіць дрэвы, кусты і амаль што заўгодна.
3. У грамадскіх садах

Даведайся, ці ёсць у тваім горадзе грамадскія сады-агароды. Яны могуць быць як на тэрыторыях школ, бібліятэк, так і на даху (калі гэта бяспечна і дасяжна). Трымай некалькі адрасоў:

Выберы фармат агарода, які табе пасуе 

Усё залежыць ад вольнага часу і рэсурсаў. Міні-сад на падваконні не патрабуе вялікіх высілкаў і хутка дае вынік. Кантэйнерны агарод на балконе — больш працаёмкі варыянт, але ён дазваляе вырошчваць не толькі зеляніну, але і гародніну. Вертыкальныя градкі эканомяць месца, а грамадскія сады яднаюць людзей з падобнымі інтарэсамі.

Ствары добрыя ўмовы для свайго гарода

Большасці раслін патрэбна як мінімум 6 гадзін сонца ў дзень, таму лепш, калі балкон ці акно выходзяць на поўдзень ці паўднёвы захад. Улетку важна паліваць рэгулярна, таму што ў спёку расліны ў кантэйнерах хутка губляюць вільгаць. Калі няма магчымасці часта паліваць уручную — аўтапаліванне ўсяму галава.

Пачні з непераборлівых культур  

* Мікразеляніна — гэта маладыя ядомыя парасткі гародніны, траў ці збожжа, якія зразаюць і ядуць на ранняй стадыі росту, калі з’яўляюцца першыя сапраўдныя лісцікі. З выгляду — гэта маленькая зялёная «траўка» з далікатным смакам. Расце вельмі хутка: ад пасеву да збору — усяго 7—14 дзён. Як мікразеляніну гадуюць радыску, гарох, брокалі і іншае.

Мікразеляніна* хутка прарастае і не патрабуе шмат месца. Ліставыя культуры — шпінат, салата, рукала — таксама падыдуць для пачаткоўцаў. Хуткарослая радыска і зялёная цыбуля даюць першыя вынікі ўжо праз пару тыдняў. З духмяных траў зручныя ў доглядзе чабор, мята, базілік і кроп. Набярэшся досведу — можна пераходзіць да таматаў, перцаў і ягад.

А яшчэ не забудзься ўлічыць сезоннасць! Вясной і восенню лепш садзіць холадаўстойлівыя культуры, улетку — чарга цеплалюбівых раслін, а ўзімку — час цяпліц.

Пашырайся і ўцягвай іншых 

Гарадское садоўніцтва — гэта не толькі пра расліны, але і пра людзей. Разам прасцей і цікавей: можна абменьвацца насеннем, прыладамі, парадамі і досведам. Разам лягчэй дамаўляцца пра доступ да агульных тэрыторый.

Шмат якія падобныя праекты пачынаюць з малога — праз чаты суседзяў, сацсеткі ці раённыя ініцыятывы. А нехта проста збірае аднадумцаў_ц у сваім двары ці пад’ездзе. І так маленькія агароды робяцца вялікімі суполкамі.


Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 4

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x