Канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд аднойчы спыталася ў свайго сябра, чаму мужчыны адчуваюць пагрозу з боку жанчын. Ён адказаў: «Яны баяцца, што жанчыны будуць смяяцца з іх». Потым яна спытала групу жанчын, чаму яны адчуваюць пагрозу з боку мужчын. Яны адказалі: «Мы баімся быць забітымі».
Кожныя 10 хвілін жанчыну ці дзяўчынку забівае яе інтымны партнёр ці сваяк. Гэта — дадзеныя апошняй справаздачы UN-Women, якая разглядае гэтыя злачынствы як феміцыд.

Чым з’яўляецца феміцыд, адкуль узяўся гэты тэрмін і ці не прыцягнуты ён за вушы — расказвае Лена, феміністка і аўтарка блога для жанчын.
Што такое феміцыд
Упершыню гэты тэрмін ужыла Дыяна Расэл — амерыканская радыкальная феміністка другой хвалі — у 1976 годзе на Міжнародным трыбунале па злачынствах супраць жанчын у Бруселі. Яна вызначыла феміцыд як забойствы мужчынамі жанчын толькі праз тое, што яны жанчыны.
З той пары паняцце неаднаразова ўдакладнялася і трактавалася па-рознаму. Пры гэтым розныя арганізацыі, напрыклад, ААН, СААЗ, сыходзяцца ў галоўнай думцы пра тое, што феміцыд — гэта наўмыснае забойства жанчын і дзяўчатак па полавай прыкмеце.
Аднак агульнапрынятага ва ўсім свеце азначэння феміцыду пакуль што няма*. А гэта важна — бо каб фіксаваць такія выпадкі, збіраць статыстыку, распрацоўваць законы і называць рэчы сваімі імёнамі, трэба разумець, што лічыць феміцыдам. Пакуль такога азначэння няма, сама з’ява часта застаецца незаўважанай і беспакаранай.
* Феміцыд складана апісаць адным універсальным азначэннем, таму што жанчын забіваюць у самых розных кантэкстах. Таму і існуе мноства класіфікацый — яны дапамагаюць паказаць усю складанасць і маштаб праблемы.
Калі хочацца паглыбіцца ў гэтую тэму, то розныя варыянты класіфікацый прапануюць Дыяна Расэл і Джыл Рэдфард у кнізе «Феміцыд. Палітыка забойства жанчын», а таксама Еўрапейскі інстытут гендарнай роўнасці (EIGE). На сайце Femicid.net і ў кнізе Любавы Малышавай можна знайсці яшчэ больш падрабязную схему і пералік выпадкаў, якія не адносяцца да феміцыду.
Часам за забойствы жанчын адказныя не толькі асобныя людзі, але і дзяржава — калі яна бяздзейнічае, ігнаруе праблему ці адмаўляе ў абароне ахвяр. У іспанамоўных краінах для гэтага нават існуе асобнае слова — фемініцыд* (feminicidio). Але ў гэтым артыкуле я буду ўжываць агульны тэрмін феміцыд, маючы на ўвазе і такія сітуацыі таксама.
* Дыяна Расэл і іншыя даследніцы лічылі, што асобнае слова толькі заблытвае: у самым паняцці «феміцыд» ужо ёсць ідэя пра тое, што дзяржава заплюшчвае вочы на такія злачынствы. Аднак іспанамоўны свет настойліва выкарыстоўвае гэтае адрозненне, і яго немагчыма ігнараваць.
Чаму тэрміна «забойства» недастаткова?
Таму што феміцыд — гэта не проста забойства жанчыны, гэта забойства ў сістэме, дзе жанчына не ўспрымаецца як паўнавартасны чалавек. Гэта не асобныя, рэдкія ці «выпадковыя» злачынствы, а лагічны вынік уладкавання грамадства, дзе дзейнічае патрыярхат.
Гэты тэрмін важны, таму што ломіць звычку ўспрымаць забойствы жанчын як «сямейныя драмы» ці «трагічныя інцыдэнты» і выводзіць тэму ў поле палітыкі і правоў чалавека.
Феміцыд не існуе ў вакууме — ён існуе ўсярэдзіне тысячагадовай патрыярхальнай сістэмы, дзе мужчыны традыцыйна імкнуцца да ўлады і кантролю ўсіх сфер жыцця: палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і культурнай. У такіх адносінах гвалт робіцца прыладай падначалення, а феміцыд — крайняй формай «пакарання» за непаслушэнства.
Патрыярхат выхоўвае мужчын і жанчын па-рознаму: мужнасць канструюецца на актыўнасці, дамінаванні і агрэсіўнасці, а жаноцкасць — пасіўнасці і падначаленні. І што яшчэ больш важна — жанчына вызначаецца як уласнасць мужчыны, што аўтаматычна надзяляе мужчыну негалосным правам вырашаць, што з ёй будзе.

Як пісала Ліз Кэлі, гвалт здзяйсняюць не ўсе мужчыны і не супраць усіх жанчын, але кожная жанчына жыве ў страху, што гэта можа з ёй здарыцца з боку патэнцыйна кожнага мужчыны.
«Але мужчын забіваюць значна часцей, чым жанчын»
Так, але забіваюць іншыя мужчыны. Большасць забойстваў, якія ўчыняюцца жанчынамі, здзяйсняюцца з мэтай самаабароны ці на глебе працяглага і сістэматычнага хатняга гвалту. Аднак з-за адсутнасці дзейснага заканадаўства супраць хатняга гвалту такія выпадкі часта не разглядаюцца як самаабарона, і жанчын асуджаюць за забойства. Беларусь — не выключэнне. Былыя палітзняволеныя распавядаюць, што ў турмах часта сустракалі жанчын, асуджаных за забойства, і амаль заўсёды за гэтым стаяла адно — абарона ад гвалту.
У 2005 годзе выйшаў даклад Women in an Insecure World, дзе даследніцы падлічылі, што ў свеце «згінулі без весткі» 200 мільёнаў жанчын і дзяўчатак. Улічваючы гендарнае размеркаванне нараджальнасці, яны прыйшлі да высновы: гэтых жанчын забілі ці далі памерці проста таму, што яны жанчыны. У гэты лік уваходзяць ахвяры селектыўных абортаў*, дзетагубстваў, «забойстваў гонару»**, сэксуалізаванага гвалту, хатняга гвалту, а таксама жанчыны, памерлыя ад нястачы ежы, медычнай дапамогі, якія сталі ахвярамі гандлю людзьмі і вайсковых канфліктаў.
* Селектыўныя аборты — гэта перарыванні цяжарнасці не па медычных паказаннях, а з-за полу ці меркаваных асаблівасцяў дзіцяці. Так, напрыклад, дзяўчынак абартуюць часцей, чым хлопчыкаў.
** «Забойствы гонару» — гэта забойствы жанчын іх сваякамі ці партнёрамі дзеля «аднаўлення сямейнага гонару», нібыта страчанага з-за паводзін жанчыны (напрыклад, адмовы ад шлюбу, разводу, «падазрэння» ў здрадзе ці проста неадпаведнасці гендарным чаканням).
Менавіта таму феміцыд называюць маўклівым генацыдам. Яму не аб’яўляюць вайны, яго ахвярам не ўзводзяць помнікі, пра іх не здымаюць фільмаў.

Прычыны феміцыду: чаму забіваюць жанчын
Корань усіх прычын — патрыярхат. Але каб усвядоміць яго ўплыў, важна паказаць, як ён увасабляецца ў рэальнасці: у нормах, законах, культуры і гвалце, які здаецца «звычайным». Як пісалася вышэй, патрыярхат кантралюе ўсе сферы грамадскага жыцця, нармалізуючы тым самым і гвалт у дачыненні да жанчын.

Зневажальныя выразы пра жанчын (мізагінныя слюры) кшталту «мілф», «цёлак», «шлх», «жарты» пра згвалтаванне (прывітанне Ваню Усовічу), рамантызацыя сцэн гвалту ў кіно і серыялах, порнаіндустрыя, прастытуцыя, віктымблэймінг. Усё гэта — ад, здавалася б, бяскрыўднага «гумару» да адкрытай прапаганды гвалту — фармуе культуру, у якой феміцыд не выпадковасць, а заканамернасць. Найлепей гэтую логіку ілюструе піраміда феміцыду.
* Слюр — словы, мэта якіх абразіць ці зняважыць чалавека па прыкмеце расы, нацыянальнасці, гендару, сэксуальнай арыентацыі, рэлігіі і іншых дэмаграфічных азнак. Мізагінны слюр — словы, скіраваныя на знявагу жанчын.

Жанчыны арэчаўляюцца і расчалавечваюцца, што дае права на кантроль. Мачысцкая* культура заахвочвае і ўхваляе гвалт як спосаб вырашэння праблем.
* Мачызм — агрэсіўная маскуліннасць, што суправаджаецца пачуццём перавагі над атачальнымі.
Паводле ўсёй наяўнай статыстыкі, дом — самае небяспечнае месца для жанчын. У 60% жанчын і дзяўчатак забіваюць менавіта партнёры ці блізкія сямейнікі. Нягледзячы на тое што, згодна з патрыярхатам, месца жанчыны — у доме, менавіта ён апынаецца самым смяротным для жанчын.

Порнаіндустрыя і прастытуцыя пашыраюць і рамантызуюць гвалтоўныя практыкі і нармалізуюць саму ідэю куплі жанчыны як тавару. З-за гэтага ахвярам усёй сэкс-індустрыі надаецца не так шмат увагі, таму што прастытуяваныя жанчыны знаходзяцца на ніжэйшай ступені ў грамадстве. «Жанчыны ў прастытуцыі — гэта жанчыны, якія даступныя для генацыду», — пісала Андрэа Дворкін («Прастытуцыя і ўлада мужчын», 1992).
Чаму тады феміцыд нябачны
Ключавую ролю ў тым, як грамадства ўспрымае і асэнсоўвае праблему феміцыду, граюць медыя. І менавіта ад таго, як журналісты расказваюць аб выпадках гвалту, залежыць:
- ці бачым мы ў іх прыватныя побытавыя драмы альбо частку структурнай праблемы;
- ці рамантызуецца забойства жанчыны як «трагедыя жарсці» ці ўсё ж падкрэсліваецца яго сувязь з гендарнай няроўнасцю і культурай гвалту.
Аналіз медыя, пададзены ў кнізе Любавы Малышавай «Феміцыд», выявіў падобныя тэндэнцыі: абвінавачанне ахвяры, яе дэгуманізацыя, апраўданне злачынцы праз «змякчальныя» акалічнасці кшталту алкагалізму, страты працы ці «рэўнасці», эратызацыя гвалту, падача забойства як выключнага выпадку і вельмі частае ўнікненне слова «феміцыд».
Адсутнасць тэрміна ў медыяпрасторы не азначае адсутнасці самай з’явы. Наадварот, нябачнасць феміцыду — вынік таго, што гвалт над жанчынамі часта апісваецца іншымі словамі і рамантызуецца.
Часта ўжываюцца эўфемізмы. «Сямейная трагедыя», «любоўная драма», «ахвяра няшчаснага кахання», «забіў у парыве жарсці», «побытавы канфлікт», «раўнівы мужчына не стрымаў эмоцый» і іншыя падобныя загалоўкі не толькі маскіруюць з’яву феміцыду, але і рамантызуюць забойства жанчын і ствараюць з акта феміцыду яркі баявік, які адцягвае ўвагу ад самай праблемы.
Феміцыд не можа ўжывацца як клікбэйтавы загаловак, каб павялічыць колькасць чытач_ак ці прыцягнуць рэкламадаўцаў. Мэта артыкулаў пра феміцыд — прыцягненне ўвагі да праблемы і маркіраванне феміцыду, каб павялічваць інфармаванасць пра праблему.
Забітую трэба называць забітай, а не загінулай ці памерлай. У шматлікіх артыкулах асноўная ўвага надаецца не ахвяры, а злачынцу: яго імені, веку, прафесіі, «матывам», якія нярэдка гучаць як спроба апраўдання. Жанчына ж часта ператвараецца або ў безаблічнае цела, або ў нечую «былую жонку», «сужыцельку», «сяброўку», то бок пазначаецца праз ступень яе блізкасці з забойцам.
Так, факусавацца на ахвяры, яе гісторыі, падкрэсліваць, што гэта злачынства на глебе нянавісці да жанчын, не так клікбэйтава. Так, спасылкі на НДА, меркаванне экспертак, адсутнасць сенсацыйнасці — усё гэта меней «зручна» для загалоўкаў. Але феміцыд — не нагода для шоу.
Цікава паглядзець, як беларускія незалежныя медыя пішуць пра феміцыд. Нават у дэмакратычным полі мова і фокус матэрыялу нярэдка адводзяць ад сутнасці праблемы, ужываюцца мізагінныя фармулёўкі. Разбяром на прыкладзе. Як дакладна не варта пісаць пра феміцыд, паказвае артыкул «Люстэрка».

Не так — усё. Самае злачынства абясцэненае: «збіў», а не забіў, «сяброўка», а не жанчына, не чалавек. У артыкуле дэталёва апісаны забойца: яго алкагалізм, беднасць, «цяжкае жыццё», што гучыць амаль як тлумачэнне ці апраўданне. Пра ахвяру мы не даведаемся амаль нічога, апроч таго, што яна нібыта «сама не сышла» — класічны віктымблэймінг. Фармулёўка «здарылася трагедыя» прымяншае факт сістэматычнага гвалту.

Дэталі ў загалоўку «закапаў труп у двары» працуюць на клікбэйт, а не на разуменне сутнасці — гэта сістэматычны феміцыд, а не «інцыдэнт». Жанчына пазбаўленая асобы, а мужчына, як і заўсёды, у цэнтры.
Слова «феміцыд» у такіх СМІ, як «Люстэрка», «Белсат», «Медыязона», «Радыё Свабода», або зусім не фігуруе ў загалоўках, або ўжываецца толькі ў форме цытат ці назвы арганізацый.
Як* пісаць пра феміцыд — выбар. Або ўжываецца патрыярхальная рыторыка, або фемінісцкая. СМІ павінны дапамагаць грамадству разумець праблему феміцыду і расказваць пра яе.
Як краіны змагаюцца з феміцыдам
Няма ніводнай краіны, у якой не адбываецца феміцыд. Аднак у пераважнай большасці краін няма заканадаўчага азначэння феміцыду і феміцыд нічым не адрозніваецца ад забойства ў крымінальным праве.
Толькі нешматлікія краіны заканадаўча прызнаюць феміцыд адрозным ад забойства — і большасць такіх краін у Лацінскай Амерыцы. У ЗША феміцыд не вылучаны ў якасці асобнага злачынства. У краінах ЕС — толькі ў Бельгіі, Мальце, Кіпры і Харватыі. У Італіі законапраект пра ўнясенне ў крымінальны кодэкс тэрміна «феміцыд» знаходзіцца на этапе разгляду.
Усё гэта — вынік тытанічнай працы актывістак, і ён запатрабаваў шматлікіх гадоў лабіявання праблемы феміцыду ў той ці іншай дзяржаве. Ніхто не дае жанчынам правы — жанчыны іх выгрызаюць. І, на жаль, дасягненні жанчын вельмі лёгка адабраць, калі яны не падабаюцца мужчынам. Самы яркі прыклад — цяперашні прэзідэнт Аргенціны Хаўер Мілей наважаны выключыць з аргенцінскага Крымінальнага кодэкса паняцце «феміцыд». У сваім выступе на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе ён заявіў, што «радыкальны фемінізм — гэта перакручванне канцэпцыі роўнасці».
Паводле апошніх дадзеных ААН, у 2023 годзе не меней за 85 тысяч жанчын былі забітыя паводле гендарнай прыкметы, то бок толькі за тое, што яны жанчыны.
Аднак гэтая лічба нават блізка не адлюстроўвае рэальнага маштабу праблемы. У шматлікіх краінах забойствы жанчын не рэгіструюцца асобна ад агульнага ліку забойстваў, часта адсутнічаюць звесткі пра пол злачынцы і матывы злачынства. У сельскіх і аддаленых рэгіёнах дадзеныя могуць не паступаць у афіцыйныя справаздачы ці губляцца ў працэсе апрацоўкі. У большасці краін забойствы жанчын на гендарнай глебе зусім не лічацца асобным злачынствам, з-за чаго тысячы выпадкаў застаюцца незаўважанымі ці няслушна кваліфікаванымі.
Лабіяванне мер аб процідзеянні феміцыду — гэта не праца выключна актывістак. Так, менавіта яны першымі падымаюць тэму, настойваюць і тлумачаць важнасць. Але жаночае жыццё — гэта не «актывісцкая тэматыка», а пытанне справядлівасці і правоў чалавека. Дзяржавы абавязаныя ўкараняць сістэмы ўліку і аналізу гендарнага гвалту, фінансаваць даследаванні, адукоўваць паліцыю, збіраць статыстыку і ўводзіць феміцыд як асобнае злачынства ў заканадаўства. Жанчыны — палова чалавецтва. І нас павінны перастаць забіваць толькі за тое, што мы нарадзіліся жанчынамі.