Адным з асноўных кірункаў дзейнасці феміністак другой хвалі была барацьба супраць парнаграфіі. Жанчыны знішчалі парнаграфічныя часопісы, разбівалі вітрыны крамаў, падавалі іскі і ладзілі гучныя акцыі пратэсту.
Цяпер жа ўсё больш папулярнай робіцца зусім іншая рыторыка: пра свабодны выбар, эмпаўэрмент і «сэкс-працу»*. Але вернемся да вытокаў: чаму раптам жанчыны ў 70-80-е гады вырашылі змагацца з парнаграфіяй? Чым ёсць парнаграфія, што дзеля барацьбы з ёй жанчыны былі гатовыя сесці ў турму? І ці можа парнаграфія быць фемінісцкай?

Лена
Аўтарка артыкула, феміністка, блогерка
* Я прытрымліваюся абаліцыянісцкага падыходу да парнаграфіі, прастытуявання і ўсёй сэкс-індустрыі ў цэлым і не прымаю тэрмін «сэкс-праца». То-бок я выступаю за поўную ліквідацыю індустрыі, а не за яе рэгуляванне ці легалізацыю.
Прычына не ў тым, што я кепска стаўлюся да жанчын, залучаных у гэтую сферу, — ні ў якім разе, а ў тым, што гэты тэрмін хавае эксплуатацыю і гандаль людзьмі з боку тых, хто кіруе індустрыяй.

Але, на жаль, тэма парнаграфіі дагэтуль неадназначная нават для фем-супольнасці. У 2026 годзе мяне выгналі з фемінісцкага маршу ў Варшаве з нагоды 8 Сакавіка за плакат Porn is violence against women. Гэта ў чарговы раз паказала, што рыторыка «сэкс-працы» актыўна падтрымліваецца нават у актывісцкіх колах — што вельмі сумна і абсурдна, але тым больш актуальны гэты артыкул.
- Што паказвае нам парнаграфія
- Чаму порна шкодзіць усім: разбіраем папулярныя міфы
- Дык а што наконт фемінісцкага порна?
Парнаграфія супраць жанчын
Прапаноўваю пачаць з простага пытання: што паказвае нам парнаграфія?
Раней я б адказала, што яна паказвае нам сэкс, — і гэта, пэўна, даволі распаўсюджаны адказ. Людзі ставяцца да такога «прадстаўлення сэксу» па-рознаму: нехта скажа, што гэта кантэнт, які разбэшчвае, нехта — што гэта разнявольвае і развівае сэксуальнасць. Але амаль усе сыдуцца ў меркаванні, што парнаграфія ўзбуджае. То-бок, парнаграфія існуе для ўзбуджэння. Але што закліканае нас узбуджаць?
«Бландзінка ў слязах атрымлівае грубае пранікненне ў вагіну», «Тата працягвае тр*хаць дачку, пакуль ёй гэта не спадабаецца», «Тупая шл*ха тр*хаецца» — нескладана здагадацца, на якім сайце можна знайсці такія назвы. Што яны транслююць? Прымус, уладу, гвалт, жорсткасць. Я была б рада сказаць, што такія «сцэнары» — рэдкасць, але вымушаная цябе засмуціць:
- назва як мінімум* кожнага восьмага порнавідэа апісвае сэксуалізаваны гвалт,
- каля 88% сцэн у парнаграфіі дэманструюць фізічны гвалт,
- 48% сцэн утрымліваюць вербальную агрэсію,
- у 94% гвалтоўных сцэн ахвярай выяўленая жанчына.
І так, падобныя відэа папулярныя.
* Важна зазначыць, што з выбаркі даследавання выключылі відэа, пазначаныя як БДСМ. Таму назвы накшталт «Прывабная мілка пакараная, звязаная і бязлітасна тр*хнутая ў жорсткім БДСМ», а таксама такія тэрміны, як «рабы», «падпарадкаваныя», «гаспадары» ў аналіз не ўвайшлі. То-бок у сапраўднасці такога кантэнту значна болей.Дык што ж усё-ткі паказвае нам парнаграфія?
Яна паказвае не сэкс, скажонае разуменне сэксу. Нам паказваюць, як жанчын душаць, звязваюць, збіваюць, падвешваюць за часткі цела, мучаць, катуюць, называюць шл*хамі і с*чкамі. Нам паказваюць, што мужчыны робяць з жанчынамі і што менавіта гэта прыносіць ім задавальненне. І, што самае разбуральнае, нам паказваюць, што жанчынам падабаецца, што з імі гэта робяць. Нам паказваюць, што жанчыны гэтага хочуць.
Жанчына ў парнаграфіі «хоча», каб яе прымусілі, збілі, душылі, называлі бруднай шл*хай — яна хоча згвалтавання і болю. Калі не хоча, то можна ўдарыць або прыдушыць памацней — у любым разе мужчына атрымае жаданае.
Усё гэта стварае надзвычай шкодную ілюзію, што жанчыны хочуць згвалтавання, а мужчыны атрымліваюць жаданае любым коштам. Вось так на самай справе выглядае парнаграфія. Вось што закліканае нас узбуджаць. Жорсткі гвалт над жанчынамі робіцца ўзбуджальным і сэксуальным.
Важна разумець, што сутнасць парнаграфіі ў тым, што яна створаная мужчынамі для мужчын. Гэта яе прамое прызначэнне. У парнаграфіі мужчына — суб’ект, які прагне асалоды, жанчына — аб’ект для рэалізацыі ўсіх яго вычварных жаданняў. І незалежна ад складу ўдзельні_ц парнаграфія раз за разам узнаўляе адну і тую ж канцэпцыю і тое ж размеркаванне роляў: заўсёды ёсць «роля» мужчыны — заваёўніка і дамінанта, і «роля» жанчыны — здабычы і ахвяры. Некаму заўсёды «адводзіцца» роля жанчыны. Усё гэта ўсёабдымны канцэпт парнаграфіі.

Порна шкодзіць усім: пра што ты можаш не ведаць
Як канцэпцыя мужчынскага дамінавання над жанчынай, знятага на камеру, уплывае на грамадства ў цэлым і на кожн_ую з нас? Разбярэм некалькі папулярных міфаў і сцвярджэнняў.
«Жанчыны здымаюцца ў порна проста таму, што ім падабаецца займацца сэксам!»
Гэта даволі распаўсюджанае меркаванне пра жанчын, якія ўдзельнічаюць у здымках парнаграфіі. Але мы ўжо высветлілі, што яна транслюе: гвалт — да таго зафіксаваны на камеру. Не трэба забываць: усё, што ты бачыш на экране, робяць з сапраўднымі жывымі жанчынамі.
Вось з чым сутыкаюцца жанчыны, якія ўдзельнічаюць у парнаграфіі:
- з павышанай рызыкай заразіцца ВІЧ і іншымі ІППП;
- з фізічнымі траўмамі: хімічнымі апёкамі ад сэкс-цацак, анальнымі разрывамі, парэзамі і сінякамі, аплявухамі, цяганнем за валасы на здымачнай пляцоўцы з боку іншых актораў, задушваннем, імітацыяй згвалтавання або гвалтам на сцэне;
- алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі;
- развіццём ПТСР, дэпрэсіі і дысацыяцыі.
Усё гэта цана за тое, што некаму проста прыемна глядзець на «сэкс» іншых людзей. Парнаграфія сапраўды робіць вялізную шкоду тым, хто ў ёй здымаецца: гэта фіксуюць як даследаванні, так і асабістыя гісторыі жанчын, якія здолелі вырвацца з гэтай індустрыі.
А найбольш пужае тое, што парнаграфія з’яўляецца другой па распаўсюджанасці формай гандлю людзьмі з мэтай сэксуалізаванай эксплуатацыі.
Ты ніколі не даведаешся пра тое, ці знятае порна, якое ты глядзіш, з умоўнай згоды або перад табой на экране — ахвяра гандлю людзьмі (як, напрыклад, у 2020 годзе супраць Pornhub была распачатая публічная кампанія з-за сувязі з гандлем людзьмі).
І яшчэ: галіна, якая развіваецца хутчэй за іншыя, — гэта парнаграфія з выявай гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да дзяцей.
«Парнаграфія зніжае ўзровень гвалту: чалавек скіне напружанне і не пойдзе гвалціць»
Гэта міф. І вялізная колькасць даследаванняў знаходзіць сувязь паміж парнаграфіяй і гвалтам:
- хлопчыкі-падлеткі, якія рэгулярна глядзяць парнаграфію, нашмат часцей здзяйсняюць сэксуалізаваны гвалт і дамаганні,
- мужчыны, якія празмерна прагледжваюць парнаграфію, часцей учыняюць фізічны і сэксуалізаваны гвалт у інтымных стасунках,
- мужчыны таксама часцей ужываюць гвалт падчас сэксу: згодна з даследаваннем BBC, 70% мужчын ужывалі ўдушэнне, кляп, пляўкі, выдзіранне валасоў і аплявухі, і палова з іх заявіла, што на іх паўплывала парнаграфія.
Усё гэта адбываецца таму, што парнаграфія размывае межы і ставіць знак роўна паміж гвалтам і задавальненнем.
Мужчыны імкнуцца паўтарыць сцэнарыі з парнаграфіі, а жанчыны вымушаныя пагаджацца, цярпець і пераконваць сябе, што ім гэта падабаецца, таму што менавіта гэта транслюе порна: у 96% сцэн сэксуалізаванай і фізічнай агрэсіі жанчыны выражаюць задавальненне, калі зазнаюць гвалт.
І гэта датычыць не толькі партнёрскіх стасункаў, калі жанчыну прымушаюць паўтараць сцэны з порна, але і нападаў на жанчын з боку незнаёмых мужчын, якія таксама «натхняюцца» порна.
Асабліва трывожна, што дзеці ўпершыню сутыкаюцца з парнаграфіяй ужо з 9 год. То-бок з 9 год хлопчыкі бачаць сцэнарыі таго, як абыходзіцца ж жанчынамі, а дзяўчынкі — што ім давядзецца цярпець. Парнаграфія з малых год фармуе пэўнае стаўленне да жанчын.
«Задавальненне мужчыны — на першым месцы»
На жаль, менавіта гэтаму і навучае нас парнаграфія: 75% сучасных парнаграфічных відэаролікаў паказваюць аргазмы ў мужчын і толькі 17% — у жанчын, то-бок пераконваюць нас у тым, што сэксуальнае задавальненне жанчын не прыярытэт.
«Вось як павінна выглядаць жаночае цела»
Парнаграфія фармуе нерэалістычныя стандарты жаночага цела і таго, якое жаночае цела з’яўляецца сэксуальным і ўзбуджальным (для мужчын).
Гэта гладкае, худое, да агіднасці сэксуалізаванае цела, якое вядзе мільёны жанчын на сталы да пластычных хірургаў за вагінапластыкай, павелічэннем грудзі і іншымі аперацыямі, якія не хочацца згадваць.
Індустрыя парнаграфіі замацоўвае сэксуалізацыю і аб’ектывацыю жанчын, ператвараючы нас у заўсёды даступныя «целы для ўзбуджэння». Адсюль у тым ліку і новыя формы лічбавага гвалту — апскёртынг, ШІ-раздзяванне жанчын і г.д.
* Апскёртынг (англ. upskirting) — гэта схаванае сэксуалізаванае дамаганне, калі нехта здымае пад адзеннем чалавека яе_яго ягадзіцы або геніталіі без дазволу, напрыклад, з дапамогай камеры або тэлефона.«Порна робіць мужчын лепшымі ў сэксе»
Даследаванні паказваюць: мужчынам, якія часта глядзяць порна, часам складаней узбудзіцца з рэальнымі жанчынамі. Мозг прывыкае да экстрэмальных гвалтоўных сцэнаў, і звычайная блізкасць ужо не дае такога эфекту. Як вынік — праблемы з эрэкцыяй і зніжэнне лібіда.

Дык а што наконт фемінісцкага порна?
Ці магчымае існаванне парнаграфіі, якую можна назваць фемінісцкай? Часта абаронцы «фем»-порна апелююць да таго, што ўсе ўдзельніцы здымак атрымліваюць задавальненне і знаходзяцца там са згоды. Можна было б прыняць гэты тэзіс за аргумент, але ўсё ж давайце разбярэмся ў гэтым пытанні на прыкладзе некаторых тэйкаў.
«Парнаграфія можа быць фемінісцкай, калі ўсе ўдзельні_цы атрымліваюць ад гэтага задавальненне»
«Любы від парнаграфіі можа быць фемінісцкім, калі ўсе ўдзельнікі атрымліваюць ад гэтага задавальненне, нават калі знешне гэта не выглядае так, нібыта ім гэта прыносіць задавальненне», — заяўляе мастачка, пісьменніца і прыхільніца «фем»-порна Флорэнс Пэры.
Дапусцім, што жанчыны бяруць удзел у «фемінісцкім» порна са згоды. Але ключавое іншае: на экране мы ўсё роўна бачым тое ж самае — прымус і адсутнасць задавальнення. Калі гэта выглядае так, нібыта гэта не дастаўляе задавальнення, то гэта гвалт. Сутнасць у тым, што транслюецца і што прадаецца глядачцы, а транслюецца тое ж самае, толькі ў іншай упакоўцы. Ідзем далей.
«Парнаграфія можа быць фемінісцкай, калі жанчына дае згоду на дамінаванне з боку мужчыны»
«Сцэны дамінавання і падпарадкавання самі па сабе не з’яўляюцца антыфеміністычнымі,але адна з прычын іх крытыкі з боку феміністак — гэта тое, што згода ў падобных сцэнах не заўсёды паказваецца яўна, а яшчэ звычайна менавіта мужчыны дамінуюць над жанчынамі. <…> Парнаграфіні-феміністкі не хочуць пазбавіцца ад дынамікі ўлады ў сэксе як такой; многія з нас хочуць даследаваць яе з менш стэрэатыпнага, больш разнастайнага і дэтальнага пункту погляду і з дакладна абазначанай згодай на сэксуальныя практыкі», — выказваецца Трыстан Таарміна, «фемінісцкая» парнаграфіня.
Сцэны дамінавання і падпарадкавання ў порна не робяцца аўтаматычна фемінісцкімі толькі таму, што жанчына дае на гэта згоду. Фемінізм якраз і выступае супраць улады, дамінавання і падпарадкавання.
Нармалізацыя такіх практык праз паразітаванне на слове фемінізм — проста спроба легітымізаваць мужчынскія фантазіі, якія ляжаць у аснове парнаграфіі, дзе жанчына ўсё роўна пасіўная і пакорная, а мужчына — уладны і актыўны.
І вельмі цікава, чаму практыкі, якія, з пункту погляду прыхільні_ц «фем»-порна і БДСМ, разнявольваюць жанчын, — гэта заўсёды гвалтоўныя практыкі, якія ў звычайным жыцці з’яўляюцца злачынствамі? І, вяртаючыся зноў да Флорэнс Пэры:
«Я думаю, што вопытныя людзі, якія захапляюцца БДСМ, вельмі добра ўмеюць быць феміністкамі, таму што калі вы хочаце зрабіць нешта нестандартнае, то вам сапраўды давялося правесці самааналіз і падумаць пра гэта — або, прынамсі, варта было б. Калі вы фантазуеце аб тым, як б’яце жанчын — што, відавочна, не заахвочваецца, — то ёсць фемінісцкі спосаб зрабіць гэта, калі вы спытаеце».
Не існуе ніякага «фемінісцкага» спосабу ўдарыць жанчыну. Як і не існуе «фемінісцкага» згвалтавання, «фемінісцкага» сэксізму або «фемінісцкага» феміцыду. Як і не існуе «талерантнай» канверсійнай тэрапіі, «антырасісцкай» сегрэгацыі або «антываеннай» вайны. Гэта аксюмаран.
Але менавіта на фемінізме спрабуюць паразітаваць раз за разам, толькі б зрабіць прымальнай тую ці іншую антыжаночую практыку, з якой выгаду ў любым разе будуць атрымліваць мужчыны.
«Фемінісцкае» порна — гэта спроба перавынайсці і перапрысвоіць антыжаночую практыку
Скажу шчыра, я не бачу ў гэтым ніякай неабходнасці, таму што на практыцы мы атрымліваем усё той жа сцэнар. Тое, што «фемінісцкае» порна ствараюць жанчыны, а актрысы, якія ўдзельнічаюць у здымках, могуць адчуваць на сабе мнеш ціску і прымусу, не мяняе сутнасці. Бо ключавым з’яўляецца тое, што транслюе парнаграфія — усё той жа антыжаночы male gaze. І тое, што «фем»-порна знятае ў эстэтычных дэкарацыях, не адмяняе яго жанчынаненавісніцкай прыроды.
Тут рэч не ў залішняй маралі або ханжастве, не ў цэнзуры або абмежаванні свабоды слова, не ў абмежаванні сэксуальнасці — рэч у тым, чым з’яўляецца парнаграфія і што яна робіць з жанчынамі, чаму вучыць мужчын і як навучае іх гвалціць жанчын. Парнаграфія — гэта ілюстрацыя гвалту над жанчынамі. Працытую Андрэа Дворкін:
«Выдумкай з’яўляецца тое, што жанчыны хочуць, каб з імі так абыходзіліся».
Як слушна зазначана ў зборніку «Сэксуальны лібералізм і атака на фемінізм»: сэксуальная агрэсія мужчын не з’яўляецца прыроджанай або непазбежнай, як лічылі лібералы і кансерватары, — яна з’яўляецца вывучанай, а парнаграфічныя матэрыялы, якія эратызуюць сэксуальны гвалт і няроўнасць, — гэта ключавы элемент навучання.

Мы не зможам выступаць за жаночае вызваленне і пры гэтым абараняць порна
Гэта проста-такі супярэчыць адно аднаму. Пакуль з усіх экранаў транслюецца прапаганда нармалізацыі гвалту над жанчынамі, цяжка чакаць, што ў рэальным жыцці мужчыны стануць ставіцца да нас як да роўных.
Проста ўяві: раніцай мужчына глядзіць порна, дзе жанчыну гвалцяць некалькі мужчын, а потым ён прыходзіць на працу, дзе яму праводзяць лекцыю пра гендарную роўнасць. Гэта ўсё адно што змагацца з рабствам, пераконваючы рабаўладальнікаў, што яно недапушчальнае, але пры гэтым ухваляць кнігі, фільмы і шоу, дзе рабства рамантызуецца і падаецца як норма.
Мы можам даць жанчынам хоць больш за палову месцаў у саветах дырэктараў, парламентах і ўрадавых кабінетах, але пакуль мужчыны будуць спажываць кантэнт, дзе мы паказаныя як рэчы, целы без суб’ектнасці і аб’екты гвалту, роўнасць будзе толькі фармальнай. Менавіта таму, я лічу, мы павінны быць супраць парнаграфіі, каб набліжаць жаночае вызваленне.
Калі табе цікава болей даведацца пра рух жанчын супраць парнаграфіі, то вось што магу параіць:
- «Парнаграфія і грамадзянскія правы» Андрэа Дворкін і Кэтрын Маккінан,
- эсэ «Тая самая хлусня» (1979),
- «Роля парнаграфіі ў сэксуальным гвалце» (1981),
- зборнік «Сэксуальны лібералізм і атака на фемінізм» пад рэдакцыяй Дорчэн Лейдхолт і Джэніс Г. Рэймонд (зборнік на англійскай, пераклад невялікай часткі),
- іншыя публікацыі на прасторах інтэрнэту — напрыклад, пра актывісцкую групу Women Against Pornography (WAP).



