Даволі часта можна пачуць галасы маладых, якія незадаволеныя паблажлівым, а часам і пагардлівым стаўленнем да сябе старэйшых. Яны справядліва заўважаюць у такім стаўленні праявы эйджызму*. Але ці не тыя ж самыя маладыя кідаюцца фразачкамі кшталту «жыццё пасля трыццаці канчаецца», «бумерам не зразумець», «пенсіянерам варта ўжо сядзець на лецішчы»? Адмыслова для «ІншыЯ» Марыйка Арлова паразважала пра эйджызм на адрас людзей 40+ у калектывах, дзе нібыта заяўляюцца роўнае стаўленне і павага да ўсіх.
Эйджызм — даволі тыповая з’ява для постсавецкай прасторы. Многія з майго пакалення (цяпер 35-45-гадовыя) адчувалі яго з боку старэйшых, але гэта не выклікала моцнага здзіўлення. Мы разумелі, што ў такіх абставінах выраслі не толькі нашы бацькі, але і некалькі папярэдніх пакаленняў. Таму звычайна мы проста прымалі праявы эйджызму як факт — і рабілі па-свойму.
Мне падавалася, што калі мы самі станем тымі дарослымі, якія ўплываюць на прыняцце рашэнняў, то ў нас з’явіцца добры шанец спыніць гэтае кола непавагі і непрыняцця іншых на падставе іх узросту. Чаму? Наша пакаленне стала больш адукаваным, начытаным і дасведчаным у галіне інклюзіі. Мы вандруем па свеце, узаемадзейнічаем з буйнымі міжнароднымі арганізацыямі, якія транслююць шырокае кола недыскрымінацыйных практык. Мы імкнёмся да гендарнай роўнасці, ведаем, што такое мова варожасці і чаму яе трэба пазбягаць. То бок, мы гатовыя да змен.
Але нечакана для сябе я заўважыла, што праблема эйджызму нікуды не дзелася і маё пакаленне працягвае з ёй сутыкацца. Толькі ідзе гэта ўжо з боку значна малодшых за нас — ад тых, каму крыху за 20 гадоў. Вось пра гэта і хочацца паразважаць.
«А што, гэта і ёсць эйджызм?»
Аднойчы падчас працоўнага сазвону я пачула ад каляжанкі фразу, якой яна хацела падбадзёрыць калегу: «Ой, ну ты ж яшчэ не стары! Табе і сарака няма!» Ад гэтага я літаральна аслупянела. Няўжо дзяўчына, якой крыху болей за 20 гадоў, мяркуе, што 40 — гэта ўжо старасць? Вырашыла перапытаць: «Слухай, а мне ўжо ёсць сорак. І што, гэта азначае, па-твойму, — я ўжо старая?» На гэта каляжанка сціхла і адмаўчалася, бо размова была анлайн і з выключанай камерай, але сама фраза і тая натуральнасць, з якой яна была прамоўленая, мяне моцна здзівілі.
Аналізуючы апошнія гады ў эміграцыі, я звярнула ўвагу, што ўсё часцей сутыкаюся з непрыемнымі момантамі менавіта праз свой узрост. У першую чаргу гаворка ідзе пра працу і адукацыйныя мерапрыемствы ў сферах журналістыкі і камунікацыі. Спачатку я не звяртала на гэта ўвагі, бо «эйджызм» — даволі гучнае слова, і яго не хочацца прымяраць на сябе. Але што рабіць, калі гэта ён і ёсць?

Лакальная з’ява ці агульная тэндэнцыя?
Адным з яскравых паказчыкаў маштабнасці той ці іншай праблемы з’яўляецца цікаўнасць да яе з боку Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. СААЗ вызначае эйджызм як глабальную праблему, і ў 2021 годзе арганізацыя апублікавала тэматычны даклад, дзе пазначыла, што
«кожны другі чалавек у свеце прытрымліваецца эйджысцкіх поглядаў».
Прачытаць рэзюмэ таго даклада можна тут. У дакуменце сярод іншага пазначана, што эйджызм праяўляецца, калі ўзрост выкарыстоўваюць для падзелу людзей на пэўныя катэгорыі і гэта чыніць людзям шкоду, ставіць іх у невыгоднае становішча, стае крыніцай несправядлівага стаўлення, а таксама падрывае салідарнасць паміж пакаленнямі.
Фактары, якія падвышаюць рызыку праявы эйджызму ў дачыненні да пажылых людзей: маладзейшы ўзрост, прыналежнасць да мужчынскага полу, страх смерці, менш высокі ўзровень адукацыі.
Мой досвед іншы, бо асноўнае працоўнае кола — беларускія медыя і НДА — хоць і складаецца з людзей маладзейшага ўзросту, але гэта пераважна жанчыны, прычым звычайна высокаадукаваныя.

«Учора яшчэ не стар_ая, а сёння — так?»
Калі ты жывеш актыўна і насычана, робіш цікавыя і карысныя справы, то не заўважаеш, як хутка бяжыць час. Падавалася, толькі «нядаўна» я ладзіла чарговую вялікую выставу ці міжнародную канферэнцыю, а паглядзеўшы на каляндар, разумею, што з некаторых падзей прайшло 5, 7, а то і 10 гадоў! Факт, які трэба прыняць: з кожным годам мы становімся не толькі больш дасведчанымі, але і дарослейшымі — і гэта нармальна.
З гадамі мы напрацоўваем і маштабуем рознабаковы прафесійны досвед, фарміруем устойлівы сацыяльны капітал (сувязі, кантакты, рэсурсы), паглыбляем культурны бэкграўнд. І раптоўна — на піку гэтай актыўнасці — ты можаш пачуць у свой бок, што ты ўжо «стар_ая». Вось яшчэ ўчора не, а сёння — так. Як так атрымліваецца?
У маім сяброўскім коле ёсць жанчыны ва ўзросце 40+, якія раней былі кіраўніцамі ці топ-мэнэджаркамі буйных міжнародных арганізацый. Апошнім часам я ўсё больш чую, што яны страцілі працу ці што іх не хочуць прымаць у новыя арганізацыі на кіруючыя пасады — менавіта праз узрост. Тут эйджызм ужо сягае на ўзровень дыскрымінацыі.
А пачынаецца ўсё са стэрэатыпаў і забабонаў. Парадаксальна, але больш дасведчаныя дзякуючы ўзросту супрацоўні_цы сутыкаюцца з нежаданнем прымаць іх саміх і назапашаныя імі прафесійныя веды. Праз некарэктныя выразы кшталту «Ды ладна, ён/яна сваё ўжо адпрацава_ла» ці «А ты што, яшчэ памятаеш той час?!» (якія часта маскіруюць пад жарты) старэйшым людзям даводзяць, што лічаць іх веды і меркаванні састарэлымі, другаснымі, непатрэбнымі.
Вось тыповая размова:
– А давайце так зробім?
– Не. Ты не разумееш!
– Чаго я не разумею?
Адказ на выбар: «Мы ўжо не выкарыстоўваем такія фразы/звароты/падыходы», «Мабыць, раней так рабілі, а зараз так не робяць», «Мы тут пра іншае» і г. д.
– Патлумач.
– Гэта складана.
Падобнае часта паўтаралася ў маёй практыцы на розныя лады, і гэта не мая ўнікальная сітуацыя. Спецыяліст_кам старэйшага ўзросту нярэдка даводзіцца адчуваць сябе выключанымі з размоваў і абмеркаванняў, яны бачаць, што не могуць уплываць на прамежкавае ці канчатковае рашэнне. І кожны раз, сутыкаючыся з падобнымі сітуацыямі і неабходнасцю выдаткоўваць на размовы ўсё больш эмацыйных, інтэлектуальных, часовых рэсурсаў, ты паступова губляеш сэнс у гэтым, а ў выніку — і ў працы, якую добра ведаеш і любіш. То бок, спецыяліст_ка, як_ая мае грунтоўныя веды і досвед, больш не прэбн_ая арганізацыі.
І, што яшчэ горш, сам_а адчувае сябе непратрэбн_ай.
У гэтых кароткіх сцвярджэннях — «Зараз так не робяць», «Гэтым ужо не карыстаюцца» і падобных — няма адказаў на простае пытанне: «А як рабіць?» Затое ёсць спекуляцыя сэнсамі і адмоўная эмоцыя. І вось гэта — раніць.
Самаэйджызм: адкуль бярэцца і як шкодзіць?
Калі жанчына ва ўзросце 35–40 гадоў нібы жартам, але рэгулярна называе сябе «старой», «бабулькай», «дарослай цёткай», кажа, што «гэта ўжо не для мяне» (прыгожае адзенне, новая фрызура, цікавая вандроўка), «мне ўжо позна вучыцца — не хачу», «не буду спрабаваць нешта новае», «у маім узросце…» і г. д. — гэта і ёсць саманакіраваны эйджызм.
Самаэйджызм, ці саманакіраваны эйджызм, — гэта той жа эйджызм, толькі ўсе стэрэатыпы і забабоны чалавек ужывае і пераносіць на сябе. Ён ці яна прыніжае сябе на падставе стэрэатыпаў, датычных нейкага ўзросту, ці нават падладжвае пад такія стэрэатыпы свае паводзіны.
Як гэта адбываецца? Напрыклад, калі мы пастаянна чуем, што чалавек сталага ўзросту менш разбіраецца ў тэхнічных пытаннях ці новых мабільных прыладах, то можам перанесці гэта на сябе — і нават не спрабаваць глянуць, што ўмее ChatGPT ці яшчэ якая навінка. Атрымліваецца, што чалавек запэўнівае сам сябе, што многае ў жыцці ён/яна ўжо не можа і ніколі не зробіць не таму, што не хапае жадання, ведаў ці здароўя, а выключна таму, што вакол так кажуць.
У выніку мы губляем шматлікія магчымасці, нават не зрабіўшы першы крок.

Тут Джулія Кэралін Чайлд задумала не забойства, а нешта смачнае. Шэф-кухарка адкрыла кулінарную школу ў 40 і здабыла сусветную славу як знаўца французскай кухні — прытым, што ўпершыню смакі Францыі яна пакаштавала ў 36. © insider.com
Чаму пра эйджызм не часта кажуць беларус_кі, якія яго адчулі?
Па-першае, у нашым грамадстве не вельмі прынята казаць аб праблемах і скардзіцца — нібыта мы становімся ад гэтага слабымі і выклікаем да сябе жаль. Маўляў, цяпер і так усім складана, а тут яшчэ ты са сваімі «дробязямі». Нават можна пачуць: «Ну сказалі табе нешта непрыемнае ці неадэкватнае, на тваю думку, — і што з таго? Не звяртай увагі». Вось мы і маўчым, робім выгляд, што нічога не адбываецца, а праблемы самі сабою не вырашаюцца — яны становяцца новай нормай.
Па-другое, ёсць больш сур’ёзная праблема — абмежаваны рынак працы. Калі твая асноўная сфера дзейнасці — журналістыка і камунікацыя, якой прысвяці_ла 10–15, а то і болей гадоў, то хочацца застацца ў прафесіі і ў сваім беларускім асяроддзі, бо ведаеш кантэкст, маеш грунтоўныя веды і досвед.
Цяпер у эміграцыі мы маем невялікую колькасць беларускіх выданняў і арганізацый, якія ў стане плаціць грошы, і большасць з іх трымае сфарміраваны штат супрацоўні_ц. Нярэдка адзін чалавек сумяшчае дзве-тры працоўныя пазіцыі на стаўцы. Гэта складана, але ўсе трымаюцца за працу, бо іншай няма. Таму маўчаць пра складанасці, а ўжо на такія «дробязі», як эйджызм, проста заплюшчваюць вочы. Калі ты задаеш пытанне — ты нязручн_ая. Прасцей з табой развітацца, чым шукаць адказы і мяняць сітуацыю. Вось сітуацыя і застаецца на тым самым месцы, дзе была.

Як да гэтай праблемы ставяцца на Захадзе?
Праблема эйджызму распаўсюджаная амаль ва ўсім свеце. Дастаткова пагугліць апошнія навуковыя даследаванні і публікацыі на гэтую тэму. Вось толькі некаторыя з іх: «Як амерыканскі эйджызм траўмуе і скарачае жыццё пажылых людзей» (Harvard University, 2022), «Эйджызм пры прыёме на працу: Сістэматычны агляд і метааналіз дыскрымінацыі па ўзросце» (University of California, 2023), «Распрацоўка і ацэнка кансультатыўнай групы па барацьбе з эйджызмам з удзелам пажылых людзей і эксперт_ак-герантолагаў» (University of Toronto, 2024).
На шматлікіх прыкладах даследчы_цы пацвярджаюць, што
20-гадовыя часцей праяўляюць эйджызм у бок старэйшых за сябе.
У першую чаргу гэта адбываецца, калі яны адчуваюць пагрозу сваёй ідэнтычнасці і статусу, а таксама падчас нейкіх сацыяльных сітуацый, дзе трэба прымаць рашэнні.
Важна, што даследаваннямі на Захадзе справы не канчаюцца. Спецыяліст_кі, якія ўпэўненыя, што страцілі працу выключна з-за свайго ўзросту ці што на стадыі сумоўя ім адмовілі праз узрост, падаюць скаргі ў суды — і выйграюць. На адмысловым сайце Agediscrimination.info можна азнаёміцца не толькі з міжнароднай статыстыкай і заканадаўствам супраць эйджызму, але і з выніковымі судовымі рашэннямі. Рэсурс будзе вельмі карысны для разумення, што ўвогуле адбываецца ў свеце ў гэтай сферы, з якімі запытамі і фармуліроўкамі звяртаюцца ў суды, якія рашэнні і грашовыя штрафы выносяцца па шматлікіх справах.
Свае разважанні праілюструю справамі «Clements v Guy’s and St Thomas’ NHS Foundation Trust» і «Dooley v Williams and others». У першым выпадку спадару Клеменсу (каля 45 гадоў) адмовілі ў пасадзе праектнага мэнэджара нягледзячы на тое, што на сумоўі ён набраў вышэйшы тэставы бал. Аргументам у адмове стала тое, што кіраўніцам (30–32 гады) будзе нязручна прасіць яго зрабіць нешта, бо ў яго «ёсць 11-гадовая дачка». Калі заяўнік выказаў расчараванне, то пачуў, што «лепш наймаць кагосьці на раннім этапе яго кар’еры». На гэтую пасаду ўзялі кандыдатку з крыху ніжэйшым балам і ва ўзросце 25 гадоў. У снежні 2020 года суд абавязаў арганізацыю выплаціць заяўніку грашовую кампенсацыю ў 7580 фунтаў стэрлінгаў і звярнуў увагу на неабходнасць павысіць кваліфікацыю супрацоўні_ц, якія ладзяць сумоўі, і зрабіць захады супраць неўсвядомленай прадузятасці.
Другі кейс: спадарыня Дулі (60 гадоў на момант звальнення) працавала ў гольф-клубе на пасадзе старэйшай каардынатаркі мерапрыемстваў і продажу і праз 11 гадоў сутыкнулася з прамой дыскрымінацыяй па ўзросце ад новага намесніка дырэктара Уільямса. Суд прызнаў яе пацярпелай і пастанавіў, што спадар Уільямс рэгулярна рабіў заўвагі з нагоды яе ўзросту і рэлігійных перакананняў, якія ўшчамлялі яе годнасць, стваралі атмасферу запалохвання, варожасці, зняваг і абраз. Са спадара Уільямса (а не з арганізацыі) спагналі грашовую кампенсацыю ў 50 902 фунты стэрлінгаў.

Як уплываць на нашу сітуацыю?
Назіраючы за ўнутранай працай НДА, некаторых іншых арганізацый і медыя, падсумавала для сябе: можна пісаць процьму якасных і наглядных артыкулаў супраць эйджызму, можна складаць шматстаронкавыя «палітыкі арганізацыі», заяўляць на сустрэчах і канферэнцыях, што мы за роўнасць усяго і ўсіх, але словы без дзеянняў не працуюць.
Пакуль людзі самі не будуць аналізаваць свае выказванні і дзеянні праз фільтр эйджызму, гендарнай роўнасці, мізагініі і г. д., праблемы будуць існаваць. А апошнім аргументам у нібыта прафесійнай спрэчцы застанецца «Ты ўжо нічога не разумееш, так зараз не робяць!»
Варта ўзнімаць гэтае пытанне сёння, бо відавочна, што тыя, хто цяпер дыскрымінуе старэйшых за сябе, сутыкнуцца з тым жа самым гадоў праз 20. А можа, і значна раней. Калі вам цікава праверыць сябе на эйджысцкія погляды, прапаную адказаць на некалькі пытанняў. Але перад тым, як адказваць, абавязкова ўявіце перад сабой не абстрактную «40-гадовую асобу», а кагосьці канкрэтнага, са свайго бліжэйшага атачэння.
Напрыклад, меней карыстаюцца мабільнымі прыладамі, не здолеюць напісаць якасны промт для ChatGPT і Midjourney, не ведаюць пра Canva, Figma і інш.
Шчырыя адказы дапамогуць зразумець, наколькі прадузята вы глядзіце на старэйш_ую кал_яжанку, і, магчыма, падкажуць, над якімі поглядамі варта ўсур’ёз парэфлексаваць.
Аўтарка: Марыйка Арлова