«Часам я забываюся, што лесбіянка»: як гэта — з’ехаць на вучобу ў невялікі шведскі горад?

ІнклюзіяГендарПравы чалавека
лгбтк швеция
5
(5)

Для многіх ЛГБТК+ з Беларусі жаданне жыць адкрыта і пры гэтым адчуваць сябе ў бяспецы застаецца недасяжнай марай. Аднак для 26-гадовай Машы і 25-гадовай Ані, пары з Менску, гэтая мара стала рэальнасцю ў 2019 годзе, калі яны паступілі ва ўніверсітэт Эскільстуны.

Пакаштаваць еўрапейскага жыцця дзяўчат падштурхнуў дзядзька Машы — адкрыты гей, які пакінуў Беларусь амаль 20 гадоў таму. Дзяўчаты выправіліся ў Швецыю на вучобу, аднак разглядалі пераезд не толькі як шанец атрымаць добрую адукацыю, але і як магчымасць пачаць жыццё наноў. Для гэтага прыйшлося вырашыцца на расстанне з блізкімі людзьмі і страту звыклай руціны.

 Маша:  Мне было даволі проста прыняць гэтае рашэнне. Страшна? Так, і вельмі. Але я ведала, што раблю гэта для будучай сябе. У Беларусі нас ніколі не прынялі б такімі, якія мы ёсць. Мая рэлігійная мама нават чуць нічога не хацела пра маю арыентацыю, хаця цудоўна ўсё ведала. Дый сама сітуацыя ў Беларусі, дзе «выбары ёсць, але выбару няма», надта на мяне ціснула. Я проста хацела кудысьці ўцячы.

 Аня:  У той час як у Машы там была хоць нейкая радня, у мяне не было нікога. Пакаваць сваё жыццё ў дзве валізкі і з’язджаць у іншы свет, дзе ты нічога не ведаеш, жудасна цяжка. Я два тыдні плакала па начах перад ад’ездам, думала, не дамо рады. І на падкорцы адклалася сказанае бацькамі «дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся». Акрамя бабулі, ніхто з сям’і не падтрымаў мяне.

Да пераезду: «Здавалася, што так будзе заўжды»

 Маша:  Ёсць у квір-колах такі выраз — «жыць у шафе», што значыць хавацца, быць кімсьці, акрамя сябе. Мусіць, так я і апісала б сябе ў Беларусі: не казала лішняга, не апраналася, як хацела, ды нават за руку Аню на вуліцы ніколі не трымала. Часам я думала, што, можа, так і мусіць быць. У Беларусі я была гатовая здацца.

 Аня:  Дарэчы, памятаю сітуацыю, як мы з Машай шукалі здымную кватэру ў Менску. Штораз мы чулі: «Ой, дзве дзяўчынкі? А мужыкоў вадзіць не будзеце?» Я ўвесь час хацела сказаць, што мужыкі нас не цікавяць у прынцыпе, але калі б я так адказала — мы б, напэўна, ніколі не знайшлі жытло.

Бацькі таксама задавалі занадта шмат пытанняў пра Машу, хаця відавочна не былі гатовыя пачуць праўду. Было вельмі цяжка, і мне таксама часам здавалася, што так будзе заўжды.

— Чаму вы абралі Швецыю і менавіта Эскільстуну? Як увогуле адважыліся на пераезд?

 Маша:  Дзядзька ўвесь час клікаў мяне ў госці. Я ўпершыню паехала туды, калі мне было пятнаццаць, і ў Стакгольме мой свет перакуліўся. Ужо тады людзі маглі апранацца, як жадаюць, хадзіць у гей-клубы, цалавацца на публіцы. Мне гэта здавалася немагчымым. А дзядзька ўвесь час казаў, што калі раптам я захачу з’ехаць, ён будзе побач. І ён сапраўды быў, дапамагаў нам на кожным этапе: ад паступлення да пошуку кватэры.

* Эскільстуна (Eskilstuna) — горад у цэнтральнай Швецыі. У 2020 годзе тут жылі 69 948 чалавек: гэта супастаўна з беларускімі Слуцкам, Рэчыцай ці Светлагорскам. У Эскільстуне размешчаныя некалькі падраздзяленняў канцэрна Volvo. Тут функцыянуе частка Мелардаленскага ўніверсітэта (ВНУ працуе таксама ў суседнім Вестэросе). Яшчэ горад вядомы накіраванасцю на зялёную эканоміку і моцнай гандбольнай камандай. 

— Ці былі сумневы перад тым, як з’ехаць? Што стала вырашальным фактарам?

 Аня:  Я сумнявалася да апошняй секунды. Калі мы чакалі абвестку на рэйс з чамаданамі на руках, я ў чарговы раз спытала: «Можа, не паедзем?» — мяне проста калаціла. З’язджала з цяжкім сэрцам, бо ніхто з сям’і не верыў, што я прыжывуся ў Швецыі. Але збольшага гэта і падагравала мяне давесці, што яны не маюць рацыі. Плюс я вельмі хацела, каб у нас з Машай было жыццё, якое мы хацелі. Вярнуцца дадому можна заўсёды.

Першыя ўражанні і стаўленне да ЛГБТК+: «Адразу прапанавалі дапамогу»

 Маша:  Мяне здзівіла, што праблем з мовай не было ад слова зусім. Абсалютна ўсе ў Швецыі гавораць па-ангельску. Людзі былі супердобразычлівымі. А ва ўніверсітэце адразу прапанавалі дапамогу: моўныя курсы, кансультацыі. Для мяне адаптацыя прайшла вельмі лёгка, магчыма, таму, што я ўжо была ў Швецыі і прыкладна ўяўляла, што мяне чакае.

 Аня:  Мне было вельмі цяжка, таму што грамадства зусім іншае, і я хутка зразумела, што дзяцінства скончылася, што я ўжо не дома. Але ўсе і праўда гавораць па-ангельску, гэта моцна палегчыла мне жыццё. А яшчэ гэта студэнцкі горад, і мы сустрэлі плойму людзей, якія таксама знаходзяцца ўдалечыні ад дома. Гэта дапамагала мне трымацца.

 Аня:  У 2009-м у Швецыі прынялі гендарна-нейтральны закон аб шлюбе, так што аднаполыя пары таксама могуць рэгістраваць свае адносіны. А яшчэ Швецыя стала адной з першых краін свету, якая дазволіла вянчанні аднаполых пар. Для нас як для пары, якая разам ужо больш за сем гадоў, гэта вельмі прыемна і важна.

* Вянчанні для аднаполых пар у Швецыі сталі даступныя ў 2009 годзе, у тым жа годзе, за некалькі месяцаў да таго, у краіне быў прыняты новы закон аб шлюбе, які дазваляе парам пабрацца незалежна ад гендару. Аднак магчымасць зарэгістраваць саюз існавала даўно: фармат партнёрства для аднаполых пар шведскі ўрад ухваліў яшчэ ў 1995 годзе. Усынаўляць/удачараць дзяцей аднаполыя пары ў Швецыі маюць права з 2002 года.

 Маша:  Падтрымка адчуваецца ва ўсім: ад законаў, якія абараняюць нашыя правы, да арганізацый, якія дапамагаюць квір-людзям. Напрыклад, у нашым горадзе ёсць цэнтр для ЛГБТК+, дзе можна атрымаць дапамогу ці паразмаўляць з іншымі людзьмі.

В 2010 году шведская авиакомпания SAS организовала первые в истории однополые свадьбы в воздухе
У 2010 годзе шведская авіякампанія SAS арганізавала першыя ў гісторыі аднаполыя вяселлі ў паветры. © Harriet Baskas

 Аня:  Самае галоўнае — свабода быць сабой. Я нарэшце магу апранацца, як хачу, не сустракаючы асуджальных поглядаў, трымаць сваю дзяўчыну за руку, адкрыта казаць пра сваю арыентацыю, расказваць пра сітуацыю ў Беларусі. Усяго не пералічыць. Я б параўнала гэтае пачуццё з прыступам астмы, пасля якога ты зноў можаш дыхаць.

 Маша:  У мяне ёсць права валанцёрыць ці працаваць у любой квір-арганізацыі на выбар, пра што я магла толькі марыць у Беларусі. Ёсць свабода надзець майку з ЛГБТ-сцягам і не быць за гэта пабітай. Ёсць магчымасць здымаць кватэру і адкрыта казаць, што мы з Машай — пара. Гэта вельмі дарагога варта.

— Наколькі лёгка ў Швецыі быць адкрытай лесбіянкай?

 Аня:  Вельмі лёгка. Тут у гэтым настолькі няма нічога асаблівага, што часам я забываюся, што лесбіянка. Я проста звычайны чалавек, які кахае іншага чалавека, і гэта тое, як мусіць быць. Мы ўвогуле не сутыкаемся з прадузятым стаўленнем. І ва ўніверсітэце, і на працы нашая арыентацыя нікога не цікавіць.

 Маша:  Усім настолькі няма справы да вашай арыентацыі, што вы нават пачынаеце забываць, што недзе гэта праблема. Часам я ўзгадваю жыццё ў Беларусі і вельмі засмучаюся, што нехта дагэтуль баіцца нават узяць каханага чалавека за руку.

Шведскія каштоўнасці: «Не бягуць працаваць на трох працах»

 Маша:  Тут ніхто не судзіць цябе за твой выбар, арыентацыю ці вонкавы выгляд. Грамадства пабудаванае на ідэі, што ўсе людзі роўныя і вартыя аднолькавай павагі.

 Аня:  Мне вельмі блізкая канцэпцыя простага жыцця. Шведы, якіх мы ведаем, не бягуць за багаццем, у іх добрае спакойнае жыццё, і яны проста яго жывуць. Яны не асабліва спяшаюцца, не бягуць працаваць на трох працах — ім дастаткова якаснай базы.

Інклюзія не абмяжоўваецца законамі: яна бачная ў адукацыі, ахове здароўя, працы сацыяльных службаў. Напрыклад, у школах дзяцей з ранняга ўзросту вучаць паважаць адрозненні. Гэта фарміруе пакаленне, якое не баіцца іншага, якое будзе значна менш ксенафобным, чым наша.

 Маша:  Таксама важна, што сацыяльная падтрымка даступная ўсім. Калі ты сутыкаешся з цяжкасцямі, дзяржава заўсёды падставіць плячо, незалежна ад твайго статусу ці арыентацыі. Пасля Беларусі дзіўна ўсведамляць, што дзяржава можа табе дапамагчы, а не нашкодзіць.

У Беларусі людзі ЛГБТК+ — гэта амаль «нябачная» супольнасць, таму што большасць баіцца адкрыта казаць пра сваю арыентацыю з-за зразумелых прычын. Тут, у Швецыі, ты не адчуваеш сябе чужым, бо цябе не адносяць да групы людзей, якім «час лячыцца». Людзі цябе прымаюць, таму і хавацца няма чаго. Ты ведаеш, што і на працы, і ў нефармальнай атмасферы цябе цэняць за тое, які ты чалавек, а не за тое, з кім ты спіш.

 Аня:  Законы, якія абараняюць людзей ЛГБТК+, — гэта першае, што я б перавезла ў Беларусь. Але акрамя законаў важна вучыць людзей талерантнасці праз адукацыю і культуру. У Швецыі гэтыя тэмы адкрыта абмяркоўваюцца з дзецьмі, і гэта насамрэч мяняе грамадства.

 Маша:  Шведы як быццам увогуле не глядзяць на арыентацыю, таму што гэта нічога пра цябе не кажа як пра чалавека. У Беларусі персона-ЛГБТК+ — гэта адразу распуснік, злачынец, гвалтаўнік, грэшнік… І вось мне б хацелася, каб у Беларусі на мяне таксама глядзелі праз прызму маіх якасцяў і дасягненняў, каб арыентацыя была рэччу, якая ўвогуле нікога не датычыць, акрамя мяне і майго партнёра.

Для гэтага найперш мусіць быць свабода слова і права для ўсіх. Патрэбныя людзі, якія будуць працаваць з грамадствам, тлумачыць, што мы такія самыя, як усе. Гэта доўгі і цяжкі працэс, але без яго нічога не зменіцца.


Аўтарка: Martha K.

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 5

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x