Прыналежнасць да пэўнай часткі грамадства ўплывае на ўзровень даверу да медыя. Найперш ён залежыць ад дэмаграфічных паказальнікаў: раса (ці каста ў Індыі), гендар, сацыяльны клас і ўзрост. Да такіх высноваў прыйшлі даследчы_цы з Reuters Institute.
Даследаванне складаецца з інфармацыі, якую сабралі ў 41 фокус-групе ў Бразіліі, Індыі, Вялікабрытаніі і ЗША. Удзельні_цы апытання паходзяць з уразлівых груп з цяжкім жыццёвым досведам. У Бразіліі гэта былі цемнаскурыя і метыс_кі. У Індыі ― «маргіналізаваныя» касты і плямёны, а таксама мусульман_кі. У Вялікабрытаніі гэта прадстаўні_цы працоўнага класу. У ЗША даследчы_цы апыталі цемнаскурых і жыхар_ак сельскай мясцовасці.
Агулам апытаныя выражалі скептыцызм у дачыненні сродкаў масавай інфармацыі (далей ― СМІ). Рэспандэнт_кі бачаць асаблівыя матывы медыя, якія маніпулююць грамадскай свядомасцю ў камерцыйных і палітычных мэтах. На думку ўдзельні_ц апытання, медыя схільныя па-ўпярэджанаму ставіцца да іх. Такое стаўленне не толькі выклікала недавер груп, але і станавілася крыніцай значнага пагаршэння іх становішча і ўзмацняла пэўныя стэрэатыпы ў грамадстве.

Чаму ўразлівыя групы не давяраюць медыя?

Вынікі даследавання каментуе Марына Штрахава, сузаснавальніца арганізацыі «ІншыЯ»:
― Я лічу, што вынікі даследавання даволі актуальныя і для беларускай рэчаіснасці і на іх варта звярнуць увагу беларускім журналіст_кам і рэдакцыям медыя.
Перад форумам «ALL Inclusive 2.0. Стратэгіі працы ў сучасных умовах», які нашая арганізацыя рабіла ў красавіку 2023 года, мы праводзілі апытанне «Як справы ў галіне інклюзіі?». У апытанні прыняла ўдзел каля 50 актывіст_ак, якія адказвалі на пытанні пра тое, як змянілася сфера з пачатку 2020 года. Трэцяя частка апытаных адзначыла, што тэма інклюзіі стала менш актуальнай у публічнай прасторы. А гэта значыць, што і выяўленасць уразлівых груп у медыя стала значна меншай, чым была да 2020 года.
Беларускія медыя працягваюць выкарыстоўваць мову варожасці і некарэктную лексіку, што пацвярджае штогадовы маніторынг ад праваабарончай ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць». У 2022 годзе 53% публікацый у медыя ўтрымлівалі некарэктную лексіку ў дачыненні да ЛГБТК+ людзей. Часта ў беларускіх медыя можна пабачыць такія некарэктныя словы, як «інвалід», «нелегальны мігрант» ці «наркаман». Як і адзначана даследчы_цамі Reuters Institute, такая сітуацыя вядзе да пагаршэння становішча ўразлівых груп і ўзмацняе існуючыя ў грамадстве стэрэатыпы. Таму я б не здзівілася, калі б такое ж апытанне ў Беларусі таксама паказала, што ўразлівыя групы не давяраюць медыя.
Вельмі адгукаецца пазіцыя пра важнасць нішавых і лакальных медыя, якія здольныя больш уважліва і карэктна напісаць пра саму групу, чым гэта робяць журналіст_кі з вялікіх медыя. Для мяне файны прыклад такога медыя ― гэта ДазХіп, пра які мы нядаўна пісалі асобны матэрыял. ДазХіп ― гэта новае медыя пра гендар і сэксуальнасць, якое ў моц складу сваёй каманды здольнае пісаць карэктна і цікава для сваіх мэтавых груп. А гэта значыць што яму давяраюць і чытаюць.

Як медыя могуць палепшыць сітуацыю?
Па выніках даследавання Reuters Institute падрыхтавалі памятку для медыя, дзе пазначылі асноўныя рэкамендацыі для аднаўлення даверу ўразлівых груп.
- Сфакусавацца на дакладнасці і паменшыць перадузятасць. Важна паведамляць бесстароннія навіны, якія больш поўна, добрасумленна і справядліва адлюстроўваюць розныя пункты гледжання. Не варта пазіцыянаваць погляды прывілеяваных і ўплывовых як больш правільныя па сваёй сутнасці.
- Сфакусавацца на дакладнасці і паменшыць перадузятасць. Варта забяспечыць больш шырокі ахоп розных груп, каб супрацьдзейнічаць стэрэатыпам і негатыву вакол іх.
- Забяспечыць разнастайнасць рэдакцый і палепшыць навучанне. СМІ варта наймаць на працу больш журналіста_к і медыя-менеджэра_к, якія паходзяць з розных слаёў грамадства, каб яны маглі асвятляць праблемы сваіх груп.
- Браць ва ўвагу патрэбы розных аўдыторый. Медыя павінны сапраўды прыслухоўвацца да людзей з уразлівых груп і дэманстраваць шчырае імкненне да разумення іх праблем.
Сапраўдная ўключанасць СМІ ў праблемы ўразлівых груп дапаможа людзям розных ідэнтычнасцяў адчуваць сябе больш прынятымі ў грамадстве. Важна, каб медыя чулі і ўлічвалі голас кожнай асобы, незалежна ад прыналежнасці да таго ці іншага сацыяльнага слоя.
― Падтрымліваючы ўсе рэкамендацыі ад Reuters Institute, хачу дадаць, што для беларускіх медыя створаныя два добрых інструмента, ― прапаноўвае Марына Штрахава. ― Мы і самі карыстаемся імі ў сваёй працы.
- J4T Checker ― сэрвіс праверкі тэкстаў на маркеры мовы варожасці ад праваабарончай ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць». Правярае тэксты на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах.
- Медиа Решебник ― сайт, які дапаможа разабрацца, як карэктна пісаць пра розных людзей. Зараз на сайце ёсць інфармацыя пра 10 груп. Там можна знайсці не толькі парады пра карэктную лексіку, але і кантакты эксперта_к па тэме, рэкамендацыі фільмаў, прыклады карэктных матэрыялаў у медыя і інш.
Фота: RDNE Stock project, Christiano Sinisterra, Burak The Weekender, KoolShooters