Сацыяльныя сеткі становяцца ўсё больш эмацыйнымі, але, на дзіва, моцныя эмоцыі прыводзяць да поўнай абыякавасці ды страты эмпатыі. Сёння людзям розных каштоўнасцей складана не тое што паразумецца, але нават адшукаць кропкі сутыкнення, каб пачаць нейкі дыялог. Мы нібыта знаходзімся на розных полюсах і пры набліжэнні толькі адштурхоўваемся. Вучоныя намагаюцца прааналізаваць сітуацыю і даць адказы, як так сталася. Прапануем паразважаць разам з імі.
Цяпер шмат кажуць пра тое, як пашыраецца каштоўнасны прагал паміж людзьмі ва ўсім свеце. Вынікі выбараў і апытанняў у розных краінах паказваюць, што моладзь часта вабяць радыкальныя бакі палітычнага спектру, прычым маладыя мужчыны больш схіляюцца да правых рухаў, а маладыя жанчыны — да левых. Паводле вынікаў даследавання цэнтра Glocalities у Амстэрдаме, сучасныя жанчыны да 25 гадоў — самая ліберальная дэмаграфічная група, а мужчыны да 25 — самая кансерватыўная. Эксперт_кі прааналізавалі больш за 300 тысяч апытанняў у 20 краінах цягам 2014–2023 гадоў і апублікавалі вынікі ў 2024-м. Яны таксама адзначылі, што ў 2014-м мужчыны старэйшага ўзросту (55–65 гадоў) былі значна больш кансерватыўнымі за маладзейшых (18–24 гадоў). Але праз 10 гадоў сітуацыя перакулілася, і маладое пакаленне мужчын стала яшчэ менш ліберальным за старэйшае: новая генерацыя — група з найменшым прагрэсам на шляху да ліберальных каштоўнасцяў.
Маладыя жанчыны хочуць сацыяльнай справядлівасці і роўнасці, а маладыя мужчыны — поспеху і высокага сацыяльнага статусу.
Glocalities тлумачыць гэтую сітуацыю нестабільнасцю ў свеце, найперш эканамічнай. Даследаванне таксама спрагназавала працяг трэнду палярызацыі і перамогу ультраправых папулістаў у Еўрапарламенце і шэрагу краін, у тым ліку ў ЗША.
«Левай! Правай!»: як сёння галасуе моладзь
Нядаўна ў Польшчы прайшлі чарговыя прэзідэнцкія выбары. Паводле вынікаў экзіт-полаў пасля першага тура, большасць польскай моладзі 18–29 гадоў (34,8%) прагаласавала за правага кандыдата Славаміра Менцэна, пры гэтым на другім месцы ў гэтай групы, набраўшы 18,7%, апынуўся Адрыян Зандберг, кандыдат ад левых:

Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) адзначала, што ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы назіраўся ўплыў глыбокай палярызацыі. Дуня Міятавіч, якая ўзначальвала незалежных назіральні_ц, падкрэсліла: «Выбарчая кампанія прадэманстравала моц Польшчы як дынамічнай дэмакратыі, але для яе далейшага ўмацавання неабходна вырашыць глыбокія праблемы палітычнай палярызацыі шляхам інклюзіўнага дыялогу, каб пераадолець палітычныя і ідэалагічныя разыходжанні. Вялікую занепакоенасць выклікалі падрыўныя мэсэджы некаторых кандыдатаў, скіраваныя ў бок мігранта_к, супольнасці ЛГБТК+, этнічных і рэлігійных груп, у тым ліку ксенафобныя і антыўкраінскія выказванні».
У другім туры Караль Наўроцкі перамог найперш праз падтрымку моладзі: наймаладзейшыя выбаршчы_цы (18–29) аддалі яму 53,2%, а другія, ва ўзроставай групе 30–39, — ажно 54%. Мужчыны склалі 55,5% электарату Наўроцкага.
Выбары ў Германіі таксама паказалі, што цэнтрысцкія партыі страцілі сваю папулярнасць, паказаўшы найгоршыя для сябе лічбы ў гісторыі федэральных выбараў. Ультраправая партыя «Альтэрнатыва для Германіі» (Alternative für Deutschland, AfD) упершыню набрала больш галасоў, чым сацыял-дэмакраты. Наймаладзейшы электарат (18–24 гадоў) аддаў перавагу Левай партыі (Die Linke), якая забрала 25% галасоў гэтай дэмаграфічнай групы, але AfD з невялікім адрывам заняла сярод іх другое месца, набраўшы 21% галасоў. Падзел мае выразна гендарны характар: маладыя жанчыны часцей аддавалі перавагу Die Linke, а маладыя мужчыны — AfD.

Як эмоцыі пераважваюць рацыю
Большасць сацыяльных сетак так ці інакш аказваецца ў плюсе ад варожасці, нянавісці і палярызацыі, гэта не навіна. Яшчэ ў 2021 годзе выкрылася, што «Фэйсбук» свядома выкарыстоўвае і прасоўвае ў сваіх алгарытмах супярэчлівы і часта шкодны змест, які адмоўна ўплывае на тых, хто яго ўспрымае. Ахопы ў пастоў, якія выклікаюць моцную рэакцыю, заўсёды большыя, а значыць, на іх можна больш зарабіць. Адпаведна, распаўсюджваць наратывы, якія палярызуюць, — прыбыткова, такая вось сумная матэматыка, якой паспяхова карыстаюцца блогер_кі.
Доўгі час лічылася, што алгарытмы сацсетак ствараюць так званыя рэха-камеры (англ. echo chambers) і мы бачым у сваіх стужках амаль выключна тое, што супадае з нашымі каштоўнасцямі, — нібыта чуем рэха нашых уласных думак. Але апошнія даследаванні паказваюць, што перыядычна нам прапануюць і супрацьлеглыя погляды. Даследчык AI і сацыяльных сетак Пэтэр Цёрнбэрг піша, што людзі часцей сутыкаюцца і камунікуюць з палітычнымі апанент_камі ў сацсетках, чым у афлайне. Прааналізаваўшы дадзеныя па афектыўнай палярызацыі, лічбавых медыя і дынаміцы меркаванняў, ён прыйшоў да цікавай высновы.
Рэч у тым, што мы пачынаем разглядаць палярызацыю праз прызму ідэнтычнасці і эмоцый — замест меркаванняў і рацыянальных аргументаў.
Праблема не ў тым, што ў грамадстве ёсць спрэчкі, а ў тым, што мы схільныя прывязваць нашы эмоцыі да палітычных партый ці асобаў. Праз эмацыйны напал, які часта ствараюць пасты ў сацсетках, свет бачыцца чорна-белым. Аднак у рэальнасці большасць меркаванняў, навін, падзей палягаюць паміж полюсаў, да якіх нас падштурхоўвае палярнасць. Насамрэч у свету — безліч адценняў.

Спрэчка за сцяг
Людзі могуць падзяліцца на два лагеры нібыта з любой прычыны. Так, у чэрвені ў беларускай інфапрасторы выбухнуў скандал з нагоды прысутнасці бела-чырвона-белых (БЧБ) сцягоў на Балтыйскім прайдзе ў Літве. У «Фэйсбуку», Х (былым «Твітары»), «Трэдсе», а таксама ў розных чатах у «Тэлеграме» некаторыя карыстальні_цы выказвалі незадаволенасць наяўнасцю нацыянальнай беларускай сімволікі на парадзе. У больш мяккіх праявах пісалі пра пачуццё няёмкасці, у найгоршых — пагражалі актывіст_кам, якія неслі БЧБ на шэсці гонару. Прадстаўні_цы дэмакратычных сіл збольшага падтрымалі права ўсіх беларуса_к на нацыянальныя сімвалы і адзначылі, што варта імкнуцца да еднасці, а не намагацца штосьці камусьці забараніць.
Важна, што супольнасць ЛГБТК+ і тыя, хто яе падтрымліваюць, пішуць і кажуць пра сваё права на бела-чырвона-белы сцяг і «Пагоню», пра сістэматычнае знішчэнне ЛГБТК+-людзей у рэпрэсіўных рэжымах — ад нацысцкай Германіі да сучаснай Беларусі. Хочацца верыць, што дыялог магчымы і ёсць спосабы давесці, што супольнасць ЛГБТК+ перажыла і перажывае (акурат цяпер беларускія заканатворцы прасоўваюць пакаранні за «прапаганду ЛГБТ» на расійскі ўзор) тыя самыя непрыняцце, нянавісць ды гвалт, з якімі людзі сутыкнуліся па палітычных матывах. Калі людзі хочуць свабоды, то яна ўключае і безумоўнае права іншых быць сабой, кахаць каго заўгодна і не хаваць сваёй ідэнтычнасці.
Але ў спрэчках вакол БЧБ на прайдзе, на жаль, было шмат мовы варожасці і нават непрыхаванай адмовы ў праве на існаванне частцы людзей. Хто адчувае сябе ў рэсурсе, могуць паглядзець у якасці ілюстрацыі дэбаты праваабаронцы Насты Базар і дэсантніка Сержука Кедышкі на Еўрарадыё.
Як знешняя злосць робіць людзей абыякавымі
Даследчы_цы кажуць, што сутыкненне з мовай нянавісці разбурае нейракагнітыўныя механізмы магчымасці разумення болю іншых. У даследаванні, праведзеным групай польскіх навукоўцаў у 2023 годзе, 30 маладых людзей з Польшчы былі падзеленыя на дзве групы. З іх трое самавызначыліся як людзі змешанага паходжання (двое — польска-амерыканскага, адна асоба — польска-японскага), аднак усе 30 былі народжаныя і выраслі ў Польшчы.
Першай групе былі паказаныя каментары з анлайн-форумаў, у якіх была выказаная нянавісць у дачыненні да арабскіх мігранта_к, а другой групе — каментары на іншыя сацыяльна-палітычныя тэмы з рознай эмацыйнай афарбоўкай, мова нянавісці там не выкарыстоўвалася ўвогуле. Пасля абедзве групы чыталі аднолькавыя гісторыі, дзе спачатку асобы польскага, а пасля арабскага паходжання сутыкаліся з фізічным болем (напрыклад, парэзалі палец), а таксама гісторыі без такіх сітуацый. Да кожнай гісторыі быў далучаны фотаздымак з адпаведнымі імёнамі: альбо дарослых мараканскіх мужчын, альбо дарослых мужчын славянскай знешнасці.
Група, якой раней былі паказаныя хэйтарскія каментары пра арабскіх мігранта_к, па выніках апытанкі праявіла крыху менш эмпатыі да людзей у сітуацыях болю, аднак розніца была нязначнай, а выбарка — занадта маленькай, каб можна было зрабіць канкрэтныя вынікі. Цікава іншае: на здымках МРТ была заўважаная значная розніца ў актывацыі частак мозгу, якія адказваюць за эмпатыю, у параўнанні з групай, якой былі прадстаўленыя каментары без нянавісці. Незалежна ад таго, да якой этнічнай групы належалі фігурант_кі гісторый, рэакцыя ўдзельні_ц на боль і пакуты была нашмат больш абыякавай пасля сутыкнення з мовай нянавісці ў дачыненні да ўразлівай групы. То бок хэйт прыгашвае здольнасць адчуваць чужы боль у прынцыпе.

Мова нянавісці адмоўна ўплывае на ўзровень нашай эмпатыі не толькі ў дачыненні да канкрэтнай групы, на якую яна скіраваная, але і на ўзровень эмпатыі ў цэлым — нават датычна групы, да якой належым мы самі.
Але ёсць і добрыя навіны: пацярпелыя нейракагнітыўныя механізмы магчыма аднаўляць, а эмпатыю — развіваць.
Як і навошта трэніраваць цягліцу эмпатыі
У эпоху, калі медыя і сацыяльныя сеткі засяроджваюцца на палярызацыі, важна памятаць, што ў нас нашмат больш агульнага, чым можа падацца на першы погляд. Заўсёды можна задумацца: чаму гэтую асобу вабяць падобныя ідэі і ідэалы? Які боль стаіць за яго ці яе варожасцю? Канешне, не заўжды магчыма (ды і не варта) разумець тых, хто знаходзіцца занадта далёка ад нас у сістэме каштоўнасных каардынат, аднак падобныя разважанні дапамагаюць не толькі выпрацаваць паспяховую стратэгію камунікацыі, але і развіваць уласную эмпатыю.
Без разумення першапрычын варожасці іншых вельмі цяжка прыйсці да прадуктыўнага дыялогу і неяк пастанавіць, як з усім гэтым быць. Мы не можам жыць у вакууме, нягледзячы на тое, што алгарытмы намагаюцца гэты вакуум для нас стварыць, «карміць» нас пераважна тым, што нас цікавіць.
Калі мы хочам, каб нас пачулі, мы мусім быць гатовыя таксама (і можа быць перш за ўсё) выслухаць і пачуць тых, хто «па той бок» ад нас.
Магчыма, мы зможам адшукаць нешта, што нас яднае, месца, у якім можам развіваць супрацу. І калі сёння гэта будзе толькі адна рэч, існуе верагоднасць, што заўтра, паслязаўтра ці праз год іх стане дзве, а можа, і больш.
Калі мы зразумеем боль тых, хто «па той бок» ад нас, мы зразумеем і іхнія патрэбы і зможам прапанаваць ім альтэрнатыўны шлях. Цысгендарныя мужчыны, нават з нейтральнай ці нявызначанай сацыяльна-палітычнай пазіцыяй, часта баяцца фемінізму, бо лічаць, што фемінізм базуецца на нянавісці да іх. З чорна-белых стужак сацыяльных сетак яны часта чуюць, нібыта ўсе яны спрэс гвалтаўнікі і злодзеі. Яскравым прыкладам гэтага ёсць успрыняцце руху #metoo.
Існуе меркаванне, што росквіт «мэнасферы» (англ. manosphere, гэта сетка сайтаў, блогаў і форумаў, дзе прасоўваюцца маскуліннасць і варожасць да жанчын, мэнасфера ўключае ў тым ліку рух інцэлаў) выкліканы менавіта зменамі ў сацыяльным і прававым полі, якія прынёс рух #metoo. Рух сапраўды ссунуў з мёртвай кропкі праблему замоўчвання сэксуалізаванага гвалту. Але шматлікія мужчыны, якія сутыкаліся з такім гвалтам, не знайшлі ў #metoo свайго месца. Даследчыца Шэйна Маер праз дзясяткі інтэрв’ю з актывіст_камі ў гэтай сферы высветліла, што больш за чвэрць апытаных адчувае выключанасць мужчын з #metoo. Хтосьці з іх адзначыў: «На самым пачатку развіцця руху можна было ўбачыць, як мужчыны спрабавалі далучыцца да хэштэгу са сваімі гісторыямі пра гвалт, але ім казалі: гэта не твой час, гэта пра жанчын, чаму ты намагаешся перацягнуць увагу на сябе».
З правага фронту мужчынам, боль якіх не быў пачуты, кажуць, што яны мусяць мець свой гонар, мусяць вярнуць сабе абсалютныя правы і прывілеі. «У мэйнстрымных медыя мужчыны больш не вітаюцца, але тут хлопцы могуць быць хлопцамі» — так пазіцыянуюць мэнасферу тыя, хто яе прасоўвае. Ультраправыя блогеры і палітыкі выдатна граюць на злосці і страху. У кароткатэрміновай перспектыве гэтыя метады сапраўды цудоўна працуюць. Але гісторыя паказвае, што ў доўгатэрміновай перамагаюць эмпатыя і дабрыня.
Відавочна, што ў прагрэсіўных колах таксама існуе вялікая праблема не толькі з пазіцыянаваннем, але і прыняццем людзей, погляды і досвед якіх хоць крыху адрозніваюцца. Але, можа быць, не заўсёды тыя, хто не з намі, — супраць нас? Так важна шукаць тое, што нас яднае, а не размяжоўвае. Не заўсёды нашыя спробы паразумецца з «іншым» бокам будуць паспяховымі, але спрабаваць варта. Калі адказваць на агрэсію агрэсіяй, на нянавісць нянавісцю, больш прадуктыўнай і радаснай камунікацыя не стане, а прагал паміж «франтамі» толькі павялічыцца.
Аўтарка: Дар’я Трафімава
