Бодзінейтральнасць супраць бодзіпазітыву: новы погляд на прыняцце цела

ІнклюзіяГендар
бодинейтральность
5
(2)

За апошнія дзесяцігоддзі канцэпцыя бодзіпазітыву набрала дастатковую папулярнасць, дазволіўшы нарэшце жанчынам, якія не ўпісваюцца ў канвенцыйныя стандарты прыгажосці, пачуць запаветнае «ты прыгожая». Нягледзячы на гэта, велізарная колькасць жанчын працягвае адчуваць сталую незадаволенасць сваім целам. Чаму безумоўная прыгажосць не працуе і ці магчыма прыйсці да гармоніі са сваім целам, не лічачы яго прыгожым? Разбіраемся з гэтым у артыкуле і разглядаем новую канцэпцыю — бодзінейтральнасць.

Дысклэймер
Аўтарка гэтага артыкула разумее, што з праблемамі прыняцця свайго цела сутыкаюцца як жанчыны, так і мужчыны. Але паколькі асноўны ціск адпавядаць стандартам прыгажосці прыпадае менавіта на жанчын, у гэтым артыкуле яна звяртаецца пераважна да іх.

Для пачатку трошкі кантэксту: бодзіпазітыў перажывае цёмныя часы

Здавалася, яшчэ нядаўна паблікі «Тыповая анарэксічка» і «40 кг» амаль адзінагалосна лічыліся таксічнымі і нездаровымі, але мода на гераінавы шык* ужо некалькі гадоў як вярнулася. 

* Гераінавы шык (heroin chic) — гэта стыль, які стаў папулярным у 1990-х гадах, асабліва ў моднай індустрыі. Яго эстэтыка асацыявалася з ультрахударлявымі целамі, бледнай скурай і агульным вобразам знясілення, які нагадвае выгляд чалавека з залежнасцю. 
Кейт Мосс
Кэйт Мос — сімвал гераінавага шыку ў 90-х гадах, здымкі якой для Calvin Klein і іншых брэндаў задалі тон эпосе

На фоне гутарак і дасягненняў у сферы бодзіпазітыву і інклюзіўнасці такі адкат здаецца дзіўным, але, на жаль, культурныя і камерцыйныя трэнды зноў ссоўваюцца ў бок вузкага стандарту прыгажосці, заснаванага на кульце худзізны. Так, на паказах восень/зіма-2024 у Нью-Ёрку, Лондане, Мілане і Парыжы было прадстаўлена ўсяго 0,8% мадэляў плюс-сайз. Некаторыя брэнды і ўвогуле адмовіліся ад удзелу плюс-сайз-мадэляў.

Сталі ультрапапулярнымі сродкі для пахудзення: «Аземпік»* і іншыя глутыды*. У 2024 годзе продаж «Аземпіка» склаў 16,7 млрд даляраў, што на 26% больш у параўнанні з папярэднім годам.

* «Аземпік» (Ozempic) — адзін з самых прадаваных прэпаратаў у свеце. Першапачаткова яго асноўнай мэтай было лячэнне дыябету II тыпу. Аднак неўзабаве стаў відавочны яго пабочны эфект, звязаны са стратай вагі, і так гэты сродак стаў ужывацца для пахудзення.

* Глутыды — гэта лекі, якія дапамагаюць кантраляваць цукар у крыві і зніжаць вагу. Яны дзейнічаюць, імітуючы гармон GLP-1, які змяншае апетыт і паляпшае выпрацоўку інсуліну.
Дынаміка папулярнасці запытаў Ozempic у Google

Некаторыя блогеркі і іншыя інфлюэнсаркі, якія раней актыўна прасоўвалі ідэі бодзіпазітыву, зараз адкрыта прызнаюцца ў выкарыстанні прэпаратаў для зніжэння вагі і худнеюць. Гэта выклікае хвалю крытыкі з боку іхніх падпісанта_к, якія пачуваюцца здраджанымі і лічаць, што любое імкненне да схуднення — праява фэтфобіі. Такія паводзіны паказваюць, наколькі магутны і глабальны ціск стандартаў і трэндаў, што паддацца іх уплыву можа кожная, калі адчувае, што страчвае падтрымку.

У TikTok ужо заблакаваныя некалькі хэштэгаў — #SkinnyTok і #legginglegs, — пад якімі з’яўляліся відэа пра экстрэмальнае схудненне.

Апроч гэтага з крызісам сутыкнулася і сама канцэпцыя бодзіпазітыву

Бодзіпазітыў і што з ім не так

Бодзіпазітыў — гэта рух, які заклікае прымаць і любіць сваё цела ў любым выглядзе, насуперак стандартам прыгажосці.

З першага позірку тэза пра тое, што з бодзіпазітывам нешта не так, можа падацца дзіўнай. Бо нібыта ўсё так: прыняцце любых целаў і знешнасці, усе людзі без выключэння прыгожыя, нашы «заганы» і не заганы зусім, яны прывабныя і нават сэксуальныя. Дык чаму ж бодзіпазітыў крытыкуюць?

Праблема бодзіпазітыву ў тым, што ён усё адно абапіраецца на панятак прыгажосці і захоўвае фокус на целе, няхай і пазітыўны.

Патрыярхальная і капіталістычная сістэмы прывіваюць жанчынам прыгажосць як галоўную каштоўнасць, навязваючы штодзённы клопат пра знешнасць і выкананне розных працэдур для дасягнення «таго самага» ідэалу.

Прыгажосць у гэтай сістэме — адмысловая валюта.

А гонка за ёй пачынаецца з дзяцінства — досыць зазірнуць у энцыклапедыі для дзяўчат, дзе абавязкова раскажуць пра прыгожыя сукенкі, фрызуры і макіяж, і ўспомніць лялек Барбі з ідэалізаванымі прапорцыямі.

Барби

Варта адзначыць, што ў 2016 годзе лялька Барбі ўсё-такі стала больш інклюзіўнай. Была запушчаная лінейка Barbie Fashionistas, у якой былі прадстаўленыя лялькі з рознымі целамі і розных нацыянальнасцяў. Так, у лінейцы ёсць лялькі з пратэзам нагі, з вітыліга, на вазку, з сіндромам Даўна, лялька са слыхавым апаратам і гэтак далей. Аднак важна разумець, што такія змены — частка маркетынгавай стратэгіі і прыклад фемвошынгу, калі фемінісцкая рыторыка і лозунгі ўжываюцца для прасоўвання прадукту, выключна дзеля атрымання прыбытку. 

Тут можна прыгадаць і кейс кампаніі Victoria’s Secret, якая ў 2019 годзе змяніла стратэгію, зрабіўшы стаўку на інклюзіўнасць і запрасіўшы ў якасці мадэляў плюс-сайз-дзяўчат. Аднак гэта не палепшыла фінансавых паказчыкаў, і кампанія вырашыла вярнуцца да вобраза «анёлаў» і тэме сэксуальнасці, адмовіўшыся ад бодзіпазітыўнай павесткі.

Миф о красоте

Рэкамендацыя аўтаркі для ўсіх жанчын — «Міф пра прыгажосць» Наомі Вульф

Кніга паказвае праўдзівую прыроду ўсіх «стандартаў» жаночай прыгажосці і наколькі гэтая індустрыя працуе супраць жанчын. Можа стаць важным крокам у прыняцці сябе і ўсведамлення, як «прыгажосць» адцягвае жанчын ад больш сур’ёзных праблем.

Атрымоўваецца, што лозунгам «Любое цела прыгожае» бодзіпазітыў усё яшчэ змяшчае нас у рамкі прыгажосці і, што самае галоўнае, — у ацэнку гэтай прыгажосці. Пакуль ёсць «прыгожае», заўсёды будзе і «непрыгожае». Імкненне палюбіць сябе праз прыгажосць працягвае зводзіць каштоўнасць знешнасці і цела да прывабнасці. То бок прымаць = лічыць сябе прыгожай. 

Знаёмыя шмат каму загалоўкі а-ля «Расцяжкі/цэлюліт/жывоцік/паўната і гэтак далей — гэта сэксуальна» працягваюць канцэнтравацца на сэксуальнасці і прывабнасці.

Яны знаходзяцца ў сістэме, дзе жанчына — па-ранейшаму аб’ект чужога позірку, які хай і лаяльны, але ўсё адно ацэньвае.

Атрымоўваецца, цела прымальнае і прымаецца, толькі калі яго хочуць, яно цешыць вока і выклікае пазітыўныя эмоцыі. Гэта ўсё тая ж сэксуалізацыя і імкненне да прыгажосці, толькі пад мякчэйшым, прымальным соусам. 

Што прапануе бодзінейтральнасць: цела не павінна быць прыгожым ці сэксуальным для таго, каб яго прыняць

Тэрмін з’яўляецца досыць новым — паняцце бодзінейтральнасці з’явілася ў сеціве прыкладна ў 2015 годзе. Бодзінейтральнасць азначае нейтральнае стаўленне да свайго цела, зніжэнне значнасці яго выгляду і такім чынам дасягненне гармоніі з ім. 

Бодзінейтральнасць кажа пра тое, што цела — гэта проста цела, прылада, якая выконвае велізарную колькасць функцый і дазваляе нам жыць сваё жыццё. Такі падыход прапануе перамяшчаць фокус з пастаяннага аналізу цела і таго, наколькі яно прыгожае, не «разбіраць» цела па кавалачках у пошуках нечага прывабнага, каб дазволіць сабе яго ўсё-такі прыняць. 

Калі бодзіпазітыў як быццам настойвае: упадабай сваё цела, яно прыгожае, — то бодзінейтральнасць кажа, што цела не павінна быць прыгожым ці сэксуальным, ім неабавязкова захапляцца для таго, каб яго прыняць.

Бодзінейтральнасць — гэта пра адмову турбавацца пра штодзённыя змены ў нашых целах, якія натуральным чынам адбываюцца з кожнай: старэнне, менапаўза, цяжарнасць, паўната ці худзізна. Гэтыя працэсы натуральныя і няўхільныя — і кожная з нас мае права на іх прыняцце.

Важна, што бодзінейтральнасць — гэта такі ж інклюзіўны падыход, які заклікае да прыняцця любых целаў. Толькі не праз прыгажосць, а праз адмову ад вечнага пошуку гэтай прыгажосці ў сабе і канцэнтрацыю на рэальных функцыях нашых целаў.

Цела як дом — розніца бодзіпазітыву і бодзінейтральнасці

Атрымоўваецца, што бодзіпазітыў усё яшчэ існуе ў звыклым наратыве: ён нібы вядзе гутарку з «крыўдзіцелем», баронячы сваё права лічыць прыгожым тое, што не адпавядае стандартам. Гэта як бараніць сваё права жыць у доме, які або дастаўся вам у спадчыну, або быў абраны вамі асэнсавана. Няхай гэты дом не падобны да будынкаў з глянцавых часопісаў, але вы любіце яго такім, які ён ёсць, і ганарыцеся яго ўнікальнасцю.

Бодзінейтральнасць, наадварот, выходзіць за рамкі гэтай гутаркі: яе не цікавіць сам прадмет абмеркавання. Яна яго ігнаруе. Гэта падобна да таго, як вы проста жывяце ў сваім доме, не турбуючыся пра яго эстэтычны выгляд. Для вас ён — месца, дзе можна схавацца ад дажджу, згатаваць абед і пачувацца ў бяспецы. Прыгажосць ці заганы дому не маюць значэння, бо галоўнае — ён выконвае сваю функцыю.

Калі бодзінейтральнасць пасуе больш, чым бодзіпазітыў?

Як мы ўжо пісалі вышэй, часам бодзіпазітыў успрымаецца як ціск, што сваё цела патрэбна палюбіць. Спробы прымусіць сябе гэта зрабіць могуць прывесці да дыскамфорту і задушэння сваіх праўдзівых эмоцый. Пошук прыгажосці ў сабе патрабуе дадатковай ментальнай нагрузкі, і не кожная гатова пагадзіцца з тым, што яе цела прыгожае. Гэта, у сваю чаргу, можа прывесці да новых перажыванняў і пачуцця няўпэўненасці.

Перастаўшы зацыклівацца на прыгажосці, можна зменшыць трывожнасць і пазбыцца мітрэнгі, звязанай з ацэнкай уласнай знешнасці і знешнасці іншых.

«Я пакінула суполку бодзіпазітыву, бо хацела, каб мяне вызначалі інтарэсы, не звязаныя з маім целам», — заявіла плюс-сайз-інфлюэнсарка Розі Блэр, якая прымала сродак, каб схуднець.

«Мне што, нельга любіць сваё цела?», ці Праблема ў папулярызацыі падыходу бодзінейтральнасці

Калі бодзіпазітыў можа счытвацца як ціск лічыць сваё цела прыгожым, то бодзінейтральнасць — як пазбяганне казаць пра гэта. Бодзінейтральнасць выходзіць з наратыву «прыгожа-непрыгожа», і гэта можа ўспрымацца як пасіўнасць і ігнараванне праблемы дыскрымінацыі і стыгматызацыі целаў. Бо грамадства ўсё яшчэ дыктуе, як трэба. І для многіх людзей цела — важная частка іх ідэнтычнасці, таму выйсці з гэтага наратыву не так проста. Мы жывём у сістэме, дзе канцэпт прыгажосці ўзведзены ў абсалют, таму бодзіпазітыў і стаў такой папулярнай канцэпцыяй, нарэшце дазволіўшы жанчынам атрымаць заспакаенне ў тым, што яны прыгожыя і сэксуальныя ў любым выглядзе.

Для таго каб прыйсці да бодзінейтральнасці, спатрэбіцца прарабіць велізарную працу ў пераасэнсаванні прыгажосці самой па сабе і зрушэнні фокуса з яе. Адмовіцца ад каштоўнасці прыгажосці і валідацыі праз яе вельмі складана, і гэта не адбудзецца ў адзін дзень. Аднак гэта крок да таго, каб падарыць жанчынам сапраўдную свабоду ў дачыненні да свайго цела і скіраваць рэсурсы, якія марнуюцца на гонку, у іншае рэчышча. 

Успрымаць сваё цела проста як цела, а не як экспанат для чужых позіркаў, — гэта асноўная ідэя бодзінейтральнасці. Яна не забараняе пачувацца прыгожай, але прапануе іншы падыход: адмовіцца ад рамак і пераасэнсаваць навязаныя грамадствам стандарты.

Жаночае цела — не вітрына для чужых позіркаў і канцэпцый

Зараз вельмі шмат знакамітасцяў, якія худнеюць ці таўсцеюць, сутыкаюцца з крытыкай ці абвінавачваннямі ў здрадзе.

Важна не канцэнтравацца на рашэннях жанчын у дачыненні да сваіх целаў, прадыктаваных індустрыяй прыгажосці, а крытыкаваць саму сістэму.

Дапамагаць жанчынам пераасэнсоўваць стаўленне да цела, да прыгажосці, то бок да каштоўнасці саміх сябе як асоб. Жаночае цела — не вітрына, і яно не абавязанае быць бясконца прыгожым і жаданым і не абавязанае быць рэкламай якіх-небудзь канцэпцый.

Як зрабіць першыя крокі да бодзінейтральнасці

1. Дзякуйце свайму целу за яго магчымасці.

Напрыклад: «Мае рукі дазваляюць мне абдымаць каханых людзей», «Дзякуючы сваім нагам я магу падарожнічаць і бачыць дзіўныя месцы». «Мой дотык дае магчымасць адчуць цяпло абдымкаў і дакрананняў».

2. Спыняйце негатыўныя гутаркі пра цела.

Паспрабуйце не асуджаць ні сваю, ні чужую знешнасць. Нават пазітыўныя каментары, напрыклад пахвала за пахудзенне, можа стаць трыгерам для тых, хто перажыва_ла разлады харчовых паводзін. Але для пачатку будзе досыць проста перастаць казаць пра цела ў негатыўным ключы.

3. Успрымайце ежу як рэсурс, а не ворага.

Памятайце, што ежа — гэта паліва для вашага цела, патрэбнае для яго нармальнага функцыянавання, а не нешта, з чым трэба змагацца.

4. Насіце адзенне, у якім вам камфортна.

Абірайце рэчы, якія прыносяць вам задавальненне і дазваляюць пачувацца ўпэўнена незалежна ад іх адпаведнасці модным трэндам ці чужым чаканням.


Аўтарка: Лена

Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 2

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
Падтрымаць
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x