Як арамантыкам жывецца ў свеце, дзе рамантычныя адносіны — гэта «база»?

Інклюзія
Аромантика
5
(6)

З самага маленства нас атачаюць гісторыі кахання. Героі і гераіні кніг, фільмаў, песень увесь час кахаюць і пакутуюць, чакаюць і шукаюць «таго самага» або «тую самую». Нам расказваюць, што рамантычнае каханне — найважнейшае пачуццё, дзеля якога варта жыць і за якое не страшна памерці. Пытанні «Ты ўжо кахаў/кахала па-сапраўднаму?» або «У цябе нехта ёсць?» гучаць так, быццам закахацца — гэта абавязковы этап сталення.

Але што, калі ты ніколі гэтага не адчува_ла? І нават ніколі не хаце_ла? Што, калі табе добра без матылькоў у жываце, прызнанняў і спатканняў? Што, калі ты жывеш без пацалункаў на захадзе сонца і не пакутуеш праз гэта?

* Мы змянілі імя гераіні згодна з яе просьбай.

Сёння мы пагаворым з дзяўчынай, якая называе сябе арамантыкам. Ліз* — 24. Яна не адчувае рамантычнага поцягу, але не лічыць, што прапускае ў жыцці нешта важнае. Пры дапамозе Ліз мы паспрабуем зразумець, як гэта — быць па-за любоўным сцэнаром, але не па-за цёплымі чалавечымі дачыненнямі.

Што такое арамантычнасць

Арамантычнасць — гэта адсутнасць або вельмі нізкі ўзровень рамантычнага поцягу. Гэта значыць, што чалавек можа не адчуваць жадання будаваць рамантычныя дачыненні, не адчувае закаханасці ў звыклым сэнсе, не імкнецца да «вялікага кахання». Але ён цалкам можа адчуваць іншыя формы прыхільнасці: сяброўскую, платанічную, сэксуальную.

Арамантычнасць бывае рознай: хтосьці ніколі не адчувае рамантычнай цікавасці, хтосьці можа адчуць яе ў вельмі рэдкіх, асаблівых абставінах.

— Калі мне ў школе ўпершыню сказалі, што я «павінна» закахацца, я падумала: а навошта? Гэта не было пратэстам або жаданнем быць «не такой, як усе». Проста я не адчувала таго кахання, пра якое казалі ўсе вакол. Я не раўнавала, не марыла аб пацалунках або спатканнях. Гэтага проста не было. Мне падабалася бавіць час з сябрамі, балбатаць, чытаць кнігі — і ўсё. Тады я лічыла, што «яшчэ не сустрэла патрэбнага чалавека».

— Калі ты зразумела, што справа не ў гэтым?

— Слова «арамантычнасць» я ўпершыню ўбачыла ў нейкім англамоўным блогу. Гэта было ўжо пасля школы, гадоў у 18. Я прачытала апісанне і адчула, быццам апісвалі мяне. Нарэшце з’явілася назва для майго адчування, і яна здавалася такой… нармальнай. Яна гучала як палёгка.

— Блізкія табе людзі казалі нешта пра тое, што пара б пачаць адносіны?

— На жаль, ціск быў увесь час і з усіх бакоў. Сябры казалі, што ў мяне, магчыма, нейкая «сямейная траўма». Маўляў, можа, мае бацькі жывуць як суседзі, і ад гэтага я не хачу кахання. Але не, у мяне класныя бацькі, якім добра разам. А мне добра самой па сабе.

Мама ўсю старэйшую школу пыталася, ці не з’явіўся ў мяне хлапец. На мае адказы, што мне гэта не цікава, узнімала вочы ўгару і казала: «Ой, закахаешся яшчэ». Гэта страшна даставала.

Аромантичность
Фота: Annie Spratt

Як рамантыкі ўскладняюць жыццё арамантычным людзям?

Мы жывем у свеце, дзе рамантычнае каханне лічыцца чымсьці накшталт універсальнага рэцэпта шчасця. Адсутнасць закаханасці шматлікімі людзьмі ўспрымаецца як дэфіцыт, траўма, хвароба — нешта адрознае ад нормы, якою ёсць рамантычнасць. У актуальнай сістэме каардынат быць без пары прыраўноўваецца да чакання, не мець закаханасці лічыцца «дзіўным», а тых, хто выбірае для сябе сінглізм, завуць эгаіст_камі.

— Ці часта людзі спрабавалі «выправіць» цябе, навязаць сваю праўду пра тое, як трэба жыць і любіць?

— Увесь час. Усе чамусьці лічаць, што яны абсалютна маюць рацыю і што іх парады ўсім вельмі патрэбныя. Хоць часцей за ўсё гэтыя людзі вяртаюцца дадому да нялюбых мужоў і жонак, скардзяцца на жыццё і ўвесь час ідуць на кампрамісы. Я абыходжуся без гэтага ўсяго, і часам мне здаецца, што яны зайздросцяць — ад гэтага і шалеюць.

Калі ты не маеш закаханасці, навакольныя паводзяцца так, быццам з табой нешта здарылася. Мяне не пыталі: «Ці ёсць у цябе мара?» або «Да чаго ляжыць твая душа?», мяне пыталіся: «Ну калі ўжо? Можа, ты баішся блізкасці?» Я амаль кожны дзень чула фразу «Ты проста не сустрэла таго самага». Як быццам закаханасць — гэта іспыт, які я ўсё ніяк не здам.

Сацыяльны ціск часта не агрэсіўны, а мяккі — быццам клапатлівы, але ад гэтага ён не робіцца менш дакучлівым. Бацькі і сябры чакаюць, што ў цябе з’явіцца партнёр_ка. А ты, можа, зусім і не супраць пачуццяў, але менавіта гэтага пачуцця — рамантычнага — у цябе проста не ўзнікае.

— А ці спрабавала ты калі-небудзь свядома захапіцца рамантыкай? Зацікавіцца гэтым? Знайсці «таго самага»?

— Я спрабавала. Часам нагляджуся фільмаў і думаю: наогул крута, калі нехта табе суперпасуе і ты гатовая дзеля яго зорку з неба дастаць, пісаць вершы і ўсё такое. Я гэтага не адчувала, але вельмі старалася — хадзіла на спатканні, пачынала дачыненні. І мне было цяжка. Не таму, што людзі былі дрэннымі, а таму, што я ўвесь час адчувала, што граю чужую ролю.

Мне дарылі кветкі і чакалі нейкай суперрэакцыі, якую я не давала. Ад мяне чакалі шчасця пасля пацалункаў і шпацыру, калі трымаліся за ручкі. А потым крыўдзіліся, што я халодная і не шаную добрае стаўленне да сябе. У нейкі момант я перастала марнаваць свой час на гэта — і жыццё стала нашмат прасцейшым.

Жыць без рамантычнага кахання не трагедыя. Але жыць у свеце, дзе каханне падаецца як сэнс, — вось што досыць складана. Табе даводзіцца ўвесь час пераконваць, што ты не зламан_ая, не закрыт_ая, не ўзлаван_ая. Ты проста жывеш па-іншаму. І хочаш, каб гэта таксама ўспрымалася як норма.

Ці магчымая блізкасць без рамантыкі? А сэкс?

Для арамантычных людзей прыхільнасць можа трымацца не на поцягу, а на даверы, павазе, сяброўстве. Існуюць, напрыклад, квірплатанічныя дачыненні — яны могуць быць эмацыйна глыбокімі, важнымі, інтымнымі, але не рамантычнымі паводле зместу. У кагосьці гэта суседства і сумесны побыт, у кагосьці — моцнае партнёрства без закаханасці.

— Часцей за ўсё я адчуваю блізкасць праз стабільнасць і надзейнасць. У мяне ёсць сяброўка, з якой мы сябруем больш за дзесяць гадоў. Мы не закаханыя, не жывем разам, але яна — мой чалавек. Яна ведае, што я не вельмі тактыльная, разумее, як мяне падтрымаць, мы часта бавім час разам, і гэтыя пачуцці я лічу важнымі і патрэбнымі. Гэта вельмі моцная сувязь.

Арамантычнасць не тое ж самае, што асэксуальнасць. Некаторыя арамантыкі, як і наша гераіня, могуць адчуваць сэксуальны поцяг без рамантычнай прыхільнасці. Гэта можа ствараць сітуацыі, якія не ўкладаюцца ў звыклыя сцэнары.

— Калі табе камфортна, падзяліся, калі ласка, ці ёсць сэкс без рамантыкі?  

 — Часам мне хочацца сэксу, і я займаюся ім — са згоды, паводле жадання. І для мяне рамантыка і сэкс — гэта зусім розныя рэчы. Я магу хацець мужчыну ў сэксуальным плане, але катэгарычна адмаўляцца ісці з ім на вячэру і трымацца за рукі.

Некаторым мужчынам гэта нават падабаецца, і, абапіраючыся на свой досвед, шматлікія мужчыны арамантычныя, ім таксама не патрэбныя абдымкі і шпацыры пад месяцам, яны робяць гэта дзеля сваіх жанчын. Са мной яны часта адчуваюць палёгку, што ім не трэба прыкідвацца.

Бывалі выпадкі, калі пасля сэксу мужчыны хацелі пяшчоты, а я хацела, каб яны пайшлі з майго ложка, бо спаць я люблю адна. Тады я лавіла крытыку, мяне вінавацілі ў халоднасці, хаця я проста расстаўляла межы, і рабіла гэта яшчэ да сэксу. Часам мужчынскае эга цярпіць праз тое, што пасля сэксу я не хачу працягу.

— Як думаеш, ці будзе ў цябе калі-небудзь рэгулярны партнёр? І ці хочацца табе гэтага?

— У рамантычным сэнсе не хочацца. А ў плане сталы чалавек, з якім я жыву, займаюся сэксам, маю зносіны, гляджу фільмы і балбачу пра тое, як прайшоў мой дзень, — чаму не? Збольшага гэта ўжо адбываецца. Цяпер у мяне ёсць мужчына, мы не называем адно аднаго партнёрамі, але рэгулярна бачымся. Можам проста тусавацца разам і займацца сваімі справамі, можам хадзіць у кіно, але без прыколаў кшталту трыманняў за ручкі. Можам вячэраць, але таксама без кветак і ўсякага такога.

— Вы абмяркоўвалі, хто вы адно аднаму, ці гэта не так важна?

— Мы не жывем разам, але выходныя можам бавіць цалкам разам, нам добра ўдваіх. Колькі гэта працягнецца — не ведаю, але мне максімальна камфортная нашая сувязь, як яе ні назаві. Мы цэтлікі не вешаем, але «сябры з прывілеямі» — гэта досыць дакладнае апісанне, мне яно падабаецца.

Разам з Ліз разбіраем тры міфы пра арамантыкаў

Міф 1: «Ты проста яшчэ не сустрэла таго самага/тую самую»

Гэтую фразу і да яе падобныя паўтараюць нават самыя добразычлівыя людзі. Ім здаецца, што рамантычны поцяг абавязкова надыдзе, проста трэба пачакаць таго ці тую, хто «абудзіць» гэтыя пачуцці.

— Мне гэта казалі ўсё жыццё. Як быццам ува мне нешта павінна ўключыцца з часам. Але за 24 гады нічога не адбылося. Я не мела закаханасці, не сумавала па рамантычных жэстах, а нават ятрылася, калі мяне спрабавалі ў гэтым запэўніць. Я не чакаю «таго самага» — мне не трэба гэтага чакаць.

Міф 2: «У цябе, мабыць, траўма»

Многія лічаць, што калі чалавек не мае закаханасці, значыць, ён «баіцца пачуццяў», «быў ашуканы», «спрабуе засцерагчыся ад болю». Але арамантычнасць — гэта не абарона, не траўма і не праблема.

— Мяне пыталіся, ці не было ў мяне таксічных, сузалежных дачыненняў. А я не магу ўспомніць ніводнага драматычнага разрыву, бо іх не было. Я не баюся пачуццяў, ніколі не баялася. Я проста адчуваю па-іншаму. Ува мне шмат любові да людзей, да блізкіх, але не рамантычнага кахання. Гэта не наступствы траўмы. Траўмы — не прычына і не тлумачэнне ўсяму на свеце.

Міф 3: «Арамантыкі халодныя і самотныя»

У масавым уяўленні арамантычны чалавек — гэта хтосьці, хто замкнёны ў сабе, хто жыве без цяпла. Але гэта не звязаныя між сабой рэчы.

— Я не тактыльная і не рамантычная, гэта праўда. Але я вельмі цёплая. У мяне ёсць блізкія сябры, пра якіх я люблю клапаціцца, люблю іх слухаць, падтрымліваць, быць з імі побач. І ў адказ я таксама адчуваю цяпло, да таго ж такое, якое патрэбнае мне. І я зусім не самотная. У маім жыцці шмат сяброўства, сэксу, падтрымкі і любові — проста не такой, да якой усе звыклі.

Звезды_перебівка

Не ўсе людзі маюць патрэбу ў рамантыцы. Не ўсе мараць аб прызнаннях пад дажджом і пікніках з «другой палоўкай» досвіткам. Для некаторых людзей рамантычнае каханне — усяго толькі пачуццё, якога яны ніколі не адчувалі, і гэта нармальна. Адсутнасць рамантыкі не робіць кагосьці менш жывымі ці «абдзеленымі лёсам». Быць арамантычн_ай — не трагедыя, а толькі іншы спосаб жыць, адчуваць, ствараць сувязі з людзьмі. І гэты спосаб ані не менш сапраўдны.


Аўтарка: Martha K.

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 6

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x