«Гендарныя ролі не ўплываюць на прафесію». Адэса — пра камінг-аўты на IT-працы і ў сям’і

ІнклюзіяАсобыГендар
Одесса
5
(6)
 Одесса — о каминг-аутах на IT-работе и в семье

Трансгендарныя людзі з іх патрэбамі часта застаюцца незаўважанымі, а часам — нават ізаляванымі, бо многія дагэтуль ставяцца да іх з недаверам, неразуменнем і страхам. Гісторыя Адэсы — аповед пра тое, як чалавек паступова шукае сваё месца ў свеце, праходзячы праз неразуменне сям’і, ціск грамадства і неабходнасць з’ехаць з дома дзеля бяспечнай будучыні. Гэты шлях спалучаны з болем, сумневамі, але таксама — са здабыццём сілы падчас шчырай размовы з сабой.

«Падгледзела імя ў гульні пра апакаліпсіс»

— Як ты называеш сябе пры знаёмстве сёння?

— Мяне зваць Адэса, я трансгендарная жанчына. Я эмігрантка з Расіі, працую ў IT-індустрыі, я софтвэр-інжынер. Цяпер працую дыстанцыйна ў стрымінгавай кампаніі, якая базуецца ў ЗША.

Я эмігравала з Расіі ў 2022 годзе, пасля таго як там пачалося ўсім вядомае лайно, але думкі пра эміграцыю былі задоўга да гэтага. Таму што ўжо з 2007-га прасоўвалі нейкія новыя законы, а мы ім супраціўляліся. Вайна паставіла тлустую кропку ў маіх дачыненнях з радзімай.

Я называла сябе па-рознаму ў залежнасці ад кантэксту, звычайна проста як Адэса. Але ў фармальным асяроддзі я прадстаўляюся сваім, так бы мовіць, дакументальным імем. Дакументы я так і не памяняла. Доўгі час думала: навошта мяняць — і без гэтага ж няблага жывецца. Потым я раптам зразумела, што трэба гэтую справу зафіналіць, але час быў ужо прапушчаны.

Адэса — звычайнае амерыканскае імя. Я падгледзела яго ў «Division 2» — гэта гульня пра апакаліпсіс у Нью-Ёрку, дзе горад стаў раем для анархіі. Кіраўніцу лагера клічуць Адэса, гэта цемнаскурая жанчына. Потым я пагугліла гэтае імя і зразумела, што яно мне вельмі пасуе па характары. Яно мае грэчаскія карані і перакладаецца прыкладна як «чалавек, які можа вынесці ўсе нягоды».

«Марыла, што здзейсню пераход, выйду замуж, пабудую дом, завяду дзіця»

Ты называеш свой шлях «выйсцем з Егіпта». Што хаваецца за гэтай метафарай?

— Адзін час я захаплялася вывучэннем Торы. Там апісваецца народ, які жыў у Егіпце даволі бесклапотна, але на другасных правах. У іх была вельмі добрая ежа і іншыя выгоды, але іх лічылі ніжэйшай расай. На гэта егіпецкаму народу паказаў Майсей: што тут, нібыта ў цудоўным Егіпце, усё ж нешта не так. 

Гэтая метафара прыйшла мне ў галаву, калі я назірала за тым, што са мной адбываецца. Я марыла, што здзейсню пераход, выйду замуж, пабудую дом, завяду дзіця — напрыклад, прыёмнае. Але прыйшоў пляшывы ўрод, які спачатку забараніў «прапаганду», а потым увогуле забараніў такім людзям, як я, усынаўляць. Нібыта з-за таго, што гэта дрэнна паўплывае на дэмаграфію.

Я зразумела, што мне трэба з’язджаць са свайго «Егіпта», дзе нібыта ўсё добра — і банкаўскія дадаткі, і тэхналогіі. Трэба сыходзіць «у пустэльню», прэч. 

— Якімі былі твае першыя крокі да сапраўднай сябе?

— Першым этапам было асэнсаванне. Тут дапамог інтэрнэт. Я даведалася пра Лін Конвэй — трансгендарную актывістку і праграмістку, якая здзейсніла пераход гадоў дваццаць таму. Яна вядзе сайт пра трансгендарных людзей, дзе тлумачыць, што трансгендарнасць — гэта не раптоўная падзея, якая нечакана адбылася, а прыродная з’ява. Яе сайт вельмі дапамог мне, і я зразумела, што таксама магла б прайсці ўвесь гэты шлях.

Потым пачаліся сумневы. На мяне дзейнічалі не толькі рэсурсы падтрымкі, але і расійская прапаганда, якая была і застаецца вельмі гамафобнай і трансфобнай.

У нейкі момант прапаганда перамагла, і я падумала: «Чаму мне абавязкова трэба быць жанчынай? Можа, кім нарадзіўся, тым і згадзіўся?»

Доўгі час я спрабавала жыць у гендары, дадзеным мне ад нараджэння. Спрабавала пачынаць стасункі з жанчынамі, але ўсе яны былі моцна падобныя да сяброўскіх. Мы сустракаліся, пілі гарбатку, абмяркоўвалі хлопчыкаў. Забаўна: нібыта спатканне, а абмяркоўваеш хлопчыкаў. У нейкі момант я зразумела, што гэта не маё.

— А ці спрабавала ты адносіны з мужчынамі?

— Было і такое. Але тут з’яўлялася іншая праблема: мае каханкі ставіліся да мяне як да мужчыны, а для мяне гэта была непрымальна. Мне трэба было, каб яны ставіліся да мяне як да жанчыны, а гэта ўжо было непрымальна для іх.

Пасля выхаду новых законаў я пачала цікавіцца палітыкай і тым, якая мая краіна, а таксама задавацца пытаннем: як людзі з іншых краін глядзяць на гэта? Я стала разбірацца і зразумела, што фактычна жыву ў дзяржаве, якая з’яўляецца фэйкам. І тады да мяне вярнулася ідэя пра тое, што трэба займацца сабой і ставіць сябе на першае месца. Дзесьці з 2018 года я пачала свой «сацыяльны транзішн» [сацыяльны пераход — гэта прывядзенне ладу жыцця і ўзаемадзеянняў у адпаведнасць з гендарнай ідэнтычнасцю. — заўв. рэд.].

«Высветлілася, што я яшчэ і “здраднік радзімы”»

— Якія рэакцыі атачэння аказаліся нечаканымі — у добрым і дрэнным сэнсе?

— Дзесьці ў 2021 годзе а зрабіла камінг-аўт як трансгендарная жанчына. Спачатку я нечакана прызналася сябру. І ён мяне прыняў — у тым сэнсе, што не стаў выяўляць негатыў ці лаяцца матам. Але з часам ад мяне аддаліўся: мы перасталі стэлефаноўвацца, ён стаў пазбягаць званкоў, маўляў, «я заняты». Цяпер увогуле не ведаю, што з ім.

Думаеш, гэта звязана менавіта з тваім прызнаннем?

— Так, менавіта тады наш раскол і здарыўся. І я вырашыла: раз ужо мы зайшлі ў гэты кіпень на адзін мезенчык, чаму б не пагрузіцца ў яго цалкам? І адкрылася бацькам. Спачатку яны адрэагавалі спакойна, але на наступны дзень прыйшоў негатыў. Яны патэлефанавалі выказаць усё, што думаюць: які я «пі*ар» і ўсё такое. І доўгі час, прыкладна да лютага 2022 года, мы амаль не кантактавалі.

А калі пачалася вайна, я прыйшла спытаць, што яны з гэтай нагоды думаюць, і высветлілася, што я яшчэ і «здраднік радзімы». Але са мной працягвае размаўляць бацька, калі мы не закранаем тэму вайны. Мама ад мяне, скажам так, «адмовілася». Родная сястра таксама са мной не мае зносін.

— А тата ставіцца да цябе як да дачкі ці як да сына?

Спачатку спрабаваў місгендарыць. Мне падаецца, што прыняцце — гэта працэс, а не так, што ты прызнаешся — і цябе адразу прымаюць. Часцей за ўсё людзі спачатку могуць не прызнаць цябе ўвогуле альбо бурна адрэагаваць. Але ў працэсе зносінаў гэта можа змяніцца альбо ў станоўчы бок (цябе прымуць), альбо ў адмоўны (ад цябе адмовяцца).

Я заўважыла, што тата пачаў пераладжвацца дзесьці ў 2023 годзе, яго стаўленне да мяне пачало мяняцца. Цяпер ён кантактуе са мной у жаночым родзе, і працэс прыняцця ўсё ж адбываецца.

Одесса, транс-персона

«Не бачна транслюдзей у свеце тэхналогій»

— Чаму праграмаванне? Як пачаўся твой шлях у IT?

— Гэта пайшло яшчэ з дзяцінства. Я ўбачыла ў аэрапорце клуб камп’ютарных гульняў, там стаялі камп’ютары ZX-Spectrum, і мяне зацікавіла пытанне, як гэта працуе. У канцы 90-х бацькі купілі мне камп’ютар, і я захапілася яшчэ болей. А пасля школы мне вельмі хацелася адкасіць ад войска, і маёй тактыкай было паступіць у палітэх.

— Ці адчуваеш ты сябе крыху больш асаблівай як жанчына-праграміст?

— Адчуванне не памянялася. У мяне поўна сябровак — паспяховых навукоўцаў, праграмістак, якія даказваюць, што гендарныя ролі не ўплываюць на прафесію. Скажу болей: людзі з гуманітарным складам розуму маюць вялікі плюс у праграмаванні.

Цяжка было знайсці працу як трансчалавеку?

— Кожны раз, калі я заяўляла працадаўцам пра сваю трансгендарнасць, яны знаходзілі ўсялякія прычыны, каб мяне не ўзяць, — і гэта ў Еўрасаюзе. На цяперашняй працы я адкрылася толькі ў працэсе, таму што грошы патрэбныя, працаваць трэба.

— Ці адчуваеш ты, што свет для транслюдзей мяняецца да горшага?

— Прэзідэнты ў Расіі і ў ЗША — трансфобы, і гэта адбіваецца на ўсім свеце. І так, я бачу тэндэнцыі, напрыклад, у Вялікабрытаніі пачалі саджаць за «гендарныя махлярствы» [гаворка пра гісторыі, калі людзей абвінавачваюць у неправамерным атрыманні льготаў або доступу да гарманальнай тэрапіі. — заўв. рэд.]. Я бачу гэты негатыўны трэнд, але таксама бачу і пазітыўны: напрыклад, у Літве вярхоўны суд прызнаў аднаполыя партнёрствы. Але пакуль негатыву болей, чым пазітыву.

— Цяпер у серыялах і фільмах часта паказваюць трансгендарных людзей. Ці бачыш ты там сябе? Ці падаецца паказаны на экране досвед дастатковым?

— Трансгендарных людзей сталі паказваць у больш пазітыўным святле. Памятаю фільмы «Маўчанне ягнятаў» і «Чырвоны дракон», дзе трансгендарных людзей паказвалі маньякамі, але не паказвалі, як яны сталі маньякамі.

Мне асабіста вельмі падабаюцца героі серыяла «Поза». Увогуле часта трансгероі фільмаў — творчыя людзі: артысты, мадэлі. Але не бачна, напрыклад, транслюдзей у свеце тэхналогій.

«Быць тым, хто прымае, або быць тым, чым з’яўляецца мадам Роўлінг»

— Што цяпер адбываецца ўнутры супольнасці? Больш салідарнасці або больш атамізацыі?

— Усё ўпіраецца ў двух трансфобных лідараў. Яны імкнуцца трансляваць сваю трансфобію і атруціць нам жыццё шляхам прапагандысцкіх інтэрвенцый унутры супольнасці. Напрыклад, партыі «ЛГБ», якія без «Т», — гэта навяванне ідэй пра тое, што транслюдзі — не людзі. І тут людзі маюць выбар — ці быць тымі, хто прымае, або быць тым, чым з’яўляецца мадам Роўлінг [Джаан Роўлінг вядомая не толькі серыяй пра Гары Потара, але і трансфобнымі поглядамі. — заўв. рэд.].

Ад супольнасці мне хочацца большай супраціўляльнасці гэтым наратывам нянавісці. Хочацца большай бяспекі.

— Ці былі выпадкі ў тваім жыцці, калі менавіта супольнасць аказалася галоўным апірышчам?

— Вядома. Падчас майго камінг-аўта мне вельмі дапамагла група падтрымкі трансгендарных людзей. Калі я падавалася на ВНЖ у Літве, мяне падтрымалі арганізацыі TRAM Baltic і Freedom House, без іх я нічога не зрабіла б. Я таксама ўдзячная EQUAL Post Ost, арганізацыі «Выважук», асабіста псіхолагу Ягору Бурцаву.

На што ты абапіраешся ў цяжкія перыяды?

— Ад думак пра самагубства мяне адцягвае цікаўнасць, думкі «А што будзе далей?», «Можа, нешта зменіцца?». Я хаджу да псіхолага, ён мне вельмі дапамог і дапамагае, асабліва калі ў мяне быў дэпрэсняк пасля звальнення з працы. Яшчэ люблю ў камп’ютаныя гульні гуляць.

— А ці ёсць нешта, што дае табе пачуццё сэнсу?

— З сэнсам праблемы. У прынцыпе, жыццё не ўпарадкаванае, ёсць толькі хаос. Але вывучэнне хаосу — вельмі прыкольны занятак.

— Кім і дзе ты бачыш сябе праз пяць гадоў?

— Паняцця не маю. Жыццё настолькі зменлівае, што немагчыма зрабіць здагадку. Першапачаткова я планавала эміграваць у ЗША. Але вось я тут, у Літве, а жыццё мяне да гэтага не рыхтавала. Калі б я ведала загадзя за пяць год, што так здарыцца, я б літоўскую падвучыла. Цяпер стараюся вучыць, маю сертыфікат А2, але буду перавучваць.

— Што б ты хацела сказаць трансгендарным людзям, якія толькі пачынаюць свой шлях?

— Не сумнявайцеся ў сабе, сумнявайцеся ў сваім атачэнні. Асабліва сумнявайцеся ў тых, хто нейкім чынам спрабуе адмаўляць ці прыніжаць вашую сутнасць, вашыя жаданні і вашае «я». Менавіта яны — вашыя галоўныя ворагі, а не вы.


Аўтарка: Martha K.

Артыкул створаны ў рамках праекта, які рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага моладзевага фонду Рады Еўропы

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 6

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць