У апошнія гады ў свеце назіраецца выразны правы кансерватыўны паварот, які закранае не толькі грамадска-палітычную сферу, але і масавую культуру. Сацыяльныя сеткі апанавалі кансерватыўна-патрыярхальныя трэнды: cleangirl, cottagecore, tradwife* і да іх падобныя. Усё гэта — рамантызацыя традыцыйнай жаночай ролі, дзе «жаноцкасць» зводзіцца да чысціні, цішыні, сціпласці і абслугоўвання іншых.
Аднак на гэтым фоне з’яўляецца рух і ў супрацьлеглы бок. Адным з такіх сустрэчных трэндаў робіцца мікрафемінізм — ён прапануе жанчынам іншую дарогу.
Расказваем, адкуль пайшоў новы трэнд, што ён азначае і ці можа за трэндам у TikTok стаяць нешта большае?
*Cleangirl — тренд, который акцентирует внимание на минимализме, ухоженности, естественной красоте и «чистоте». Несмотря на образ простоты, этот тренд продвигает потребительство (чтобы быть «дорогой и ухоженной», нужны дорогие косметические средства и процедуры) и эстетизацию (на фото часто много фильтров и ретуши). Так, этот контент больше похож на художественную постановку, чем на реальную жизнь. Примечательно, что идея «чистоты» и одержимость ею имеют сложную историю и в разное время использовались для поддержки крайне правых идеологий. | *Cottagecore — трэнд, які рамантызуе жыццё на вёсцы, ручную працу, кулінарыю і традыцыйныя гендарныя ролі. Часта ідэалізуецца вобраз жанчыны — хатняй гаспадыні, які гарманічна ўпісваецца ў кансерватыўныя наратывы аб «натуральных» ролях мужчын і жанчын. | *Tradwife (Traditional Wife) — трэнд, які прапагандуе ідэю, што жанчына павінна прысвячаць сябе сям’і і дому, быць паслухмянай жонкай і «захавальніцай агменю». Чым жонка больш традыцыйная (чытай — «лепшая»), тым больш самааддана яна клапоціцца пра дзяцей і мужа: лепіць сама пельмені, прасуе стрэлкі на нагавіцах мужа і, як жартуюць крытык_есы гэтага трэнду, вырошчвае дрэвы, каб потым зрабіць з іх размалёўку для сваіх дзяцей. |
Што такое мікрафемінізм
Мікрафемінізм — гэта тэрмін, які апісвае невялікія паўсядзённыя дзеянні, накіраваныя на падтрымку жанчын і супрацьстаянне гендарнай няроўнасці.
Мікрафемінізм з’явіўся ў сацсетках каля года таму, а калі быць дакладнымі, то ў сакавіку 2024 года. Яго стваральніцай (а, хутчэй, папулярызатаркай) з’яўляецца амерыканская тэлепрадзюсарка і вядоўца Эшлі Чэйні — менавіта яе відэа ў TikTok пра мікрафемінізм хутка стала вірусным і ператварылася ў паўнавартасны трэнд:
«Калі я адпраўляю электронны ліст, скажам, генеральнаму дырэктару, і вам трэба скапіяваць яго памагатаму для планавання, калі памагаты — жанчына, я заўсёды ў радку «адрасат» упісваю яе адрас перад адрасам генеральнага дырэктара, — расказвае Эшлі ў сваім роліку. — Мабыць, ніхто гэтага не заўважае, але для мяне гэта як ціхае “я цябе бачу”. Гэта мой улюбёны акт мікрафемінізму».
У каментарах пад відэа жанчыны пачалі дзяліцца сваімі актамі мікрафемінізму:
«Калі хтосьці кажа мне, што бачы_ла свайго лекара/спецыяліста/юрыста/іншага разумнага чалавека, я пытаю: а што яна сказала?»
«Наш дзіцячы садок заўсёды спачатку тэлефануе бацьку, калі дзіця захворвае. А калі ён пытаецца: “Вы ўжо тэлефанавалі маме?” — адказваем: “Ой, прабачце. Вы не з’яўляецеся бацькам, які мае права апекі?”»
«Я заўсёды пішу “Дарагая мадам, сэр”, а не наадварот».
«Я называю сябе і іншых жанчын жанчынамі, а не дзяўчынкамі».
Трэнд стаў папулярным у сацыяльных сетках: сотні жанчын запісваюць відэа пра тое, якія акты мікрафемінізму яны практыкуюць штодня.
@e.nemtsova Пишите ваши #феминизм #феминизм_нужен #фемпросвет ♬ original sound – Poppy… or not.
Новая плынь фемінізму, або Адкуль узялася прыстаўка «мікра»
Таксама зараз новы ўрад ЗША плануе забараніць прэпарат «Міфепрыстон», які выкарыстоўваецца больш чым у 60% ад усіх абортаў у ЗША.
Мікрафемінізм безумоўна з’яўляецца глытком свежага паветра на фоне папулярызацыі кансерватыўных трэндаў, законаў і палітыкаў, якія адкручваюць рух барацьбы за жаночыя правы назад*. Але ці няма ў самым тэрміне «мікрафемінізм» патурання патрыярхальнай рыторыцы?
З аднаго боку, у самой прыстаўцы «мікра» няма нічога негатыўнага — яна толькі паказвае на малы памер чаго-небудзь. Але мова не нейтральная: яна ўплывае на наша мысленне і адлюстроўвае настрой грамадства. У кантэксце фемінізму тэрмін можа выклікаць супярэчлівыя адчуванні: з аднаго боку, ён падкрэслівае каштоўнасць дробных, але важных дзеянняў, а з другога — рызыкуе ўзмацніць перакананне, што гэта ўсяго толькі «маленькая» частка руху, недастаткова вартая сур’ёзнай увагі.
Да жанчын, якія адкрыта выступаюць за свае правы, грамадства ў большасці сваёй заўсёды ставілася з пагардай і варожасцю. Ад кплівых карыкатураў (напрыклад, у беларускім фэйсбуку феміністак прыніжальна называюць «фымянючкі», «ФемГубазік») і рыторыкі пра «выродлівых феміністак» — да цалкам рэальных рэпрэсій: турэмных тэрмінаў і катаванняў.
Гістарычна жаночы голас лічыўся няважным, нязначным, а яго праява — дрэнным тонам, які не падабаецца мужчынам. Выйсці замуж было (і ў некаторых культурах дагэтуль застаецца) для жанчыны спосабам забяспечыць сваё сацыяльнае становішча і пазбегнуць грамадскага асуджэння. А каб выйсці замуж, трэба падабацца мужчынам — менавіта таму вобраз феміністкі стаў ганебным цэтлікам, які патрыярхальная рыторыка выкарыстоўвае, каб адштурхнуць жанчын ад барацьбы за свае правы. Зваць сябе феміністкай дагэтуль страшна, небяспечна і напраўду ніяк не «прывабна».
І тут тэрмін «мікрафемінізм» робіцца бяспечнай прасторай для жанчын, якія з відавочных прычын асцерагаюцца называць сябе феміністкамі, а свае дзеянні феміністычнымі.
Безумоўна, віны жанчын у гэтым няма — толькі патрыярхату, які дэманізаваў фемінісцкі рух, баючыся разбурэння сваёй сістэмы прывілеяў.
Добрая навіна ў тым, што якія прыстаўкі ні выкарыстоўвай, фемінізм застаецца фемінізмам. Можа здавацца, што фемінізм — гэта нешта складанае і працаёмкае, але кожнае дзеянне або слова, якое ставіць пад сумнеў сістэму патрыярхату, ужо з’яўляецца фемінісцкім актам. Фемінізм не мае памеру і формы — кожнае фемінісцкае дзеянне з’яўляецца выклікам, а значыць, мяняе свет. А самым прыемным у мікрафемінізме з’яўляецца тое, што ён даступны кожнай.
@mamamiaaus Micro-feminists, rise up #feminism #microfeminism #feminist #officelife ♬ original sound – Mamamia
Проста трэнд ці частка супраціву
«Асабістае — гэта палітычнае» стала лозунгам феміністак 1960-х гадоў. Яго галоўны сэнс у тым, што асабісты досвед і паўсядзённыя праблемы жанчын — гэта не проста асабістыя гісторыі, а частка больш шырокай палітычнай сістэмы, якая патрабуе зменаў не на індывідуальным, а на сістэмным узроўні.
Напрыклад, калі жанчыну лічаць абавязанай займацца домам і дзецьмі, а яе працу ўспрымаюць як «натуральную» і нявартую прызнання або аплаты, гэта здаецца асабістай праблемай. Але насамрэч гэта паказвае і тое, як у патрыярхальным грамадстве прыніжаюць каштоўнасць жаночай працы. І такая асабістая сітуацыя гаворыць не толькі аб грэбаванні дома, але і аб неабходнасці мяняць палітыку — уводзіць аплатны дэкрэтны адпачынак для абаіх бацькоў або ўлічваць хатнюю працу ў эканоміцы.
Яшчэ прыклад: калі жанчына рэгулярна сутыкаецца з тым, што яе перапыняюць на працоўных нарадах або яе ідэі ігнаруюць, пакуль іх не агучыць калега. На першы погляд гэта здаецца прыватным выпадкам непавагі, але ў рэчаіснасці адлюстроўвае сістэмную няроўнасць у карпаратыўнай культуры і стэрэатыпы аб тым, хто мае права голасу. Такая сітуацыя сведчыць аб тым, што трэба вучыць супрацоўнікаў і супрацоўніц інклюзіўным зносінам і ўводзіць правілы, каб кожны і кожная маглі ўдзельнічаць у дыскусіях на роўных.
Ці можна назваць мікрафемінізм новай формай праявы лозунгу феміністак 60-х гадоў «Асабістае — гэта палітычнае»? Хутчэй так, чым не. Вядома, мікрафемінізм не мае за сабой выразнага палітычнага руху і пастулатаў, аднак падсвятленне структурных праблем простымі дзеяннямі мае вялікую перспектыву ў тым, каб мяняць стаўленне людзей да існай сістэмы і звяртаць увагу на рэчы, якія так доўга заставаліся бясспрэчнай нормай.
Мікрафемінізм — відавочна нешта большае, чым проста трэнд у TikTok. Гэта простыя, але значныя акты супраціўлення ўкаранёнай сістэме сэксізму і мізагініі. Магчымасць паглядзець на звыклы лад з іншага пункту гледжання. Жанчын з дзяцінства вучаць быць ціхімі, зручнымі, паслухмянымі і незаўважнымі. І калі аддаваць перавагу жанчынам-спецыялісткам або ўказваць жаночы e-mail першым у спісе з’яўляецца выклікам, нечым «нязручным», значыць, гэта мае значэнне і можа змяняць сістэму.
Мікрафемінізм дазваляе нам убачыць, наколькі наш свет андрацэнтрычны, а мужчынская постаць у ім з’яўляецца стандартам чалавека. Калі нехта расказвае пра добрага лекара, юрыста ці выкладчыка, і вы ўдакладняеце, «а што яна казала наконт…», вы тым самым цэнтруеце жанчын і паказваеце, што жанчына можа быць прафесіяналкай. Гэта просты, але важны спосаб паставіць пад сумнеў звыклыя стэрэатыпы і нормы, не прайграваць іх нанова, а значыць, садзейнічаць паслабленню іх уплыву.
«Сацыяльныя структуры могуць быць разбураныя праз непаўтаральнасць дзеянняў, якія падтрымліваюць іх», — заўважае Валеры Брайсан, спасылаючыся на ідэі сацыёлага Энтані Гідэнса. І гэта відавочна тое, чаму можа паслужыць мікрафемінізм.
@fominyasha пишите, что делаете вы #микрофеминизм ♬ Белая ночь – ray!
Жадаеце далучыцца? Трымайце ідэі для актаў мікрафемінізму на кожны дзень
Гэтыя простыя дзеянні дапамагаюць крок па кроку мяняць звыклыя нормы і ўмацоўваць гендарную роўнасць.
- Пры магчымасці аддавайце перавагу жанчынам — доктаркам, юрысткам, трэнеркам і іншым спецыялісткам.
- Выкарыстоўвайце фемінітывы і такім чынам павялічвайце бачнасць жанчын ва ўсіх сферах.
- Цісніце руку спачатку жанчынам, а толькі пасля — мужчынам.
- Пры адпраўцы ліста некалькім людзям стаўце жаночыя адрасы першымі ў спісе.
- Не перапыняйце жанчын і па магчымасці сачыце за тым, каб мужчыны гэтага не рабілі. Хаця перарываць у прынцыпе нікога не варта 😉
- Называйце жанчын жанчынамі, а не дзяўчатамі. Слова «жанчына» дэманізаванае і часта ўжываецца да кабет больш сталага веку, пры гэтым маладых жанчын прынята зваць «дзяўчатамі» ці нават «дзяўчынкамі». Усё гэта звязана з так званай забаронай на жаночае старэнне. Заўважце, што маленькаму хлопчыку сказаць «расце сапраўдны мужчына» — пачэсна, але пачуць падобнае ў адносінах да дзяўчынкі — амаль немагчыма.
- Спыняйце сэксісцкія і мізагінныя «жарты», напрыклад, пра тое, што «жанчына за рулём — гэта бяда», пра тое, «якім спосабам яна атрымала падвышэнне».
- Пытайцеся ў мужчын, хто даглядае іх дзяцей, калі яны ў камандзіроўцы; як яны бавяць вечары і выходныя са сваімі дзецьмі.
- Выкарыстоўвайце жаночы род як гендарна-нейтральны. Напрыклад, у агульных фразах: «калі хтосьці прыехала крыху раней…», «калі лекар прызначыла лячэнне…» і г.д.
- Паспрабуйце смела казаць пра месячныя і не выкарыстоўваць пры гэтым эўфемізмы: «мне дрэнна, бо ў мяне пачаліся месячныя» (а не «баліць жывот», «нешта не тое з’ела» і г.д.). І трымайце «Менструальны стыкерпак» для тэлеграма!
- Рабіце кампліменты жанчынам не за знешнасць, а за асабістыя якасці.
- Глядзіце фільмы, чытайце кнігі і слухайце падкасты, створаныя жанчынамі. Вось, дарэчы, класная лекцыя Ганны Янкуты пра беларускіх пісьменніц.
- Дарыце дзяўчынкам кнігі і цацкі без стэрэатыпаў, напрыклад, канструктары ці кнігі пра навуку, калі, вядома, вы не ведаеце напраўду, што ёй спадабаецца ці не спадабаецца.
- Дзяліцеся ў сацсетках публікацыямі аб жаночых дасягненнях і падтрымлівайце пасты, якія выкрываюць сэксізм.
А калі вам трэба яшчэ больш ідэй — свет TikTok бязмежны. Там вы сапраўды знойдзеце некалькі дзясяткаў дадатковых спосабаў здзейсніць акт мікрафемінізму.
@fem.bilkis Власні мікрофеміністичні активності теж пропонуйте в коментарях
♬ Just A Girl – No Doubt
Аўтарка: Лена
Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values — JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

