Мінулы год быў няпросты: «правы паварот» у Еўропе, усё яшчэ вайна ва Украіне, затрыманні і несправядлівыя прысуды ў Беларусі. Аднак мы не спыняліся і штодня працягвалі сваю працу на карысць роўнасці і інклюзіі, і ў гэтым артыкуле хочам падзяліцца з вамі вынікамі нашай дзейнасці ў 2024 годзе. Так-так, ведаем, ужо паўгады як ідзе 2025 год, але многае з таго, што мы зрабілі ў 2024 будзе карысна вам і цяпер. Менавіта гэтым – карысным і цікавым – тут з вамі і дзелімся. Таму чытайце, вывучайце і забірайце ў сваю працу і жыццё.
А калі хочаце цалкам азнаёміцца з вынікамі нашай працы за 2024 год — чытайце справаздачу.
2024 ReportВыпусцілі 54 матэрыялы на сайце — пра ўразлівасць, рознасць, экапрыязнасць, мову, каханне, мастацтва і ўзаемаадносіны
Тэкст нашага журналіста Аляксея Гуліцкага «Пра нас шмат выдумляюць і пляткараць, але ніхто не жадае з намі пазнаёміцца». Гісторыя рaма́-актывісткі Расмы заняў 1-е месца ў намінацыі «Матэрыял пра роўнасць і недыскрымінацыю ўразлівых груп» прэміі «J4T AWARDS» ад ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць».
Самыя папулярныя матэрыялы за 2024 год
- Што такое слюр, і як мы яго выкарыстоўваем, самі таго не ведаючы
- Чэк-ліст: як спраўляцца са стрэсам і выгараннем
- Гісторыя Аксаны, якая з 15 год сама выхоўвае дачку і не здаецца
- Гісторыя Любы, якая мела досвед спажывання псіхаактыўных рэчаваў y Беларусі, а ў эміграцыі запусціла наркафем ініцыятыву
- «Прыродзе ўсё роўна, што напісана ў пашпарце». Гісторыя інтэрсэкс-дзяўчыны Вікторыі
А вось выбар рэдакцыі
- «Або вера, або арыентацыя»: як жывецца ЛГБТК-вернікам і як царква можа стаць больш інклюзіўнай
- Што такое квір-экалогія і як яна пашырае межы «нармальнасці» і «прыроднасці»
- «Калі кажу па-опальску, адчуваю сябе жанчынай, якая можа каму заўгодна сказаць усё што заўгодна»: размова з беларускай пісьменніцай пра мову
- «Мужнасць не належыць толькі мужчынам». Гісторыя дрэг-артысткі Метры
- «Не чапайце мову!». Разбіраемся са стэрэатыпамі пра фемінітывы

Распавялі 8 гісторый, якія не прынята абмяркоўваць, у падкасце «ІншыЯ гісторыі»
Сярод гераіняў — жанчына, якая паўнавартасна жыве са станоўчым ВІЧ-статусам; дзяўчына з досведам нарказалежнасці і бяздомнасці; 72-гадовая жанчына, якая стала блогеркай і пачала новае жыццё ў эміграцыі і іншыя.
У падкасце можна знайсці адказы на пытанні, якія цікава, але сорамна задаць, заўважыць свае стэрэатыпы і па-новаму паглядзець на іншых — тых, хто здаваўся незразумелым або далёкім. А ў нейкіх гісторыях, можа, і наадварот – пазнаць сябе.
Слухайце падкаст на любой зручнай для вас платформе!
Запусцілі ўтульны і інклюзіўны TikTok
У ім мы простымі словамі расказваем пра сур’ёзныя рэчы: гендарную роўнасць і экалогію, каханне і дыскрымінацыю, правы чалавека і павагу да разнастайнасці.
Наш TikTok ― не проста блогерскі праект, а месца, дзе кожн_ая зможа знайсці нешта блізкае для сябе, атрымаць падтрымку і ўвагу. За 2024 год у нас атрымалася стварыць утульную і бяспечную суполку для 1000+ падпісант_ак. Далучайцеся і вы!
Зрабілі даследаванне і высветлілі, што перашкаджае арганізацыям станавіцца больш інклюзіўнымі
Якім чынам беларускія грамадскія арганізацыі ўкараняюць у сваю дзейнасць такія скразныя каштоўнасці, як інклюзіўнасць, гендарная роўнасць і экапрыязнасць, якія складанасці ёсць на гэтым шляху і ці важна гэта для іх увогуле?
Высветлілі гэта, правёўшы 20 глыбінных інтэрв’ю з прадстаўні_цамі 20 беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці.
Так, сярод перашкод гэта і «цяпер не да скразных каштоўнасцяў», і тое што «не хапае чалавечага рэсурсу, каб гэтым займацца» і недахоп матывацыі, і яшчэ шмат чаго.
Што з гэтым рабіць і на які компас арыентавацца ў паўсядзённых дзеяннях ― напісалі ў рэкамендацыях!
Правялі і дагэтуль праводзім кансультацыі па скразных каштоўнасцях
Каб дапамагчы арганізацыям лягчэй укараняць скразныя каштоўнасці ў працу, у 2024 годзе мы правялі 24 экспертныя кансультацыі і форма запыту кансультацый усё яшчэ адкрыта!
Запаўняйце, каб даведацца, як укараніць скразныя каштоўнасці ў вашыя працэсы і распрацаваць канкрэтныя рашэнні, якія можна адразу прымяніць у вашай дзейнасці.
«Парады Іншых — рэалістычныя і іх можна лёгка інтэграваць у працу. Таксама мне спадабаўся сапраўды індывідуалізаваны падыход — перад кансультацыямі і падчас іх сапраўды былі прыкладзеныя намаганні, каб зразумець, што нам сапраўды патрэбна, цікава ды актуальна»
Зрабілі анлайн-курс для самастойнага навучання «Курс на каштоўнасці»

Гэты курс дапаможа разабрацца, што такое правы чалавека, інклюзія, гендарная роўнасць і экапрыязнасць, а таксама як ствараць і рэалізоўваць праекты, улічваючы гэтыя каштоўнасці.
Курс даступны для ўсіх ахвотных, яго можна праходзіць у зручным тэмпе, а па завяршэнні атрымаць сертыфікат.
А што па планах?
- Плануем больш працаваць з валанцёр_камі: абвесціць новыя наборы ў валанцёрскую каманду і пашырыць працу з тымі, хто ўжо з намі. Але далучыцца можна ўжо цяпер, не чакаючы адмысловых абвестак!
- Восенню ўжо задумалі запуск новага адукацыйнага фармату для тых, хто хоча больш даведацца пра актывізм і нешта змяняць вакол сябе ― «Школа роўнасці і інклюзіі» ў афлайн-фармаце.
- Восенню запланавалі трэнінг па падрыхтоўцы і правядзенні фармату «Жывая бібліятэка», які дапаможа не толькі навучыцца ладзіць сам фармат, але і рыхтаваць і праводзіць мерапрыемствы агулам.
- У Вільнюсе штомесяц запланавалі правядзенне Беларускамоўнага нэтворкінгу. Але звычайна мы ладзім і што-небудзь яшчэ. Далучайцеся да каналу ў Тэлеграме «Іншы Вільнюс», каб не прапусціць анонсы!
- Марым пра тое, што да канца году ў нас атрымаецца не толькі распрацаваць канцэпт, але і правесці першую «Інклюзіўную Прэмію» ад ІншыЯ. Сачыце за навінамі ў снежні, каб ведаць лідар_ак грамадскага сектару!
- Таксама на працягу года ў нас запланаваны выхад розных матэрыялаў на тэму скразных каштоўнасцяў як на нашым сайце, так і ў Instagram, Telegram і TikTok. Падпісвайцеся на нас, каб не прапусціць карысныя матэрыялы!
Да сустрэчы на мерапрыемствах і ў анлайн-прасторы!
Як нас падтрымаць

Калі вам блізкія нашыя каштоўнасці і падабаецца тое, што мы робім, вы можаце падтрымаць нас рознымі спосабамі. Проста знайдзіце свой!
Выдатны спосаб сказаць нам дзякуй — падтрымаць нас разава або штомесячнай падпіскай на любую суму на сайце арганізацыі. А калі вы рэзідэнт_ка Літвы, то штогод вы можаце пераводзіць нам да 1,2% сваіх падаткаў.
Цяпер у нас магчыма валанцёрыць! Вашыя навыкі могуць дапамагаць прасоўванню правоў чалавека, інклюзіі, гендарнай роўнасці і экапрыязнасці.
На сайце theothersby.org вы можаце знайсці шмат карыснай інфармацыі на тэму роўнасці і інклюзіі. Не забывайце дзяліцца ёй з іншымі!
Наведвайце нашыя мерапрыемствы самі і прыводзьце знаёмых. Мы праводзім іх для таго, каб свет рабіўся лепшым. А гэта значыць, што калі вы прыходзіце на нашыя мерапрыемствы, то такім чынам дапамагаеце нам мяняць гэты свет!
Так вы дакладна будзеце ведаць нашыя навіны, а мы будзем разумець, што нашая дзейнасць цікавая для вас. Лісты прыходзяць 2-3 разы на месяц.
Раскажыце пра нашую працу сваім знаёмым. У складаныя часы «сарафаннае радыё» з’яўляецца выдатным спосабам распаўсюджвання інфармацыі!

Дзякуем вам за любую падтрымку і дапамогу! Мы вельмі шануем вас і дзякуючы вам працягваем сваю працу!
