5 кніг, у якіх сады дапамагаюць разабрацца ў каланіялізме, сямейнай гісторыі і ў саміх сабе

ИнклюзияЗнанияГендерПрава человекаЭкология
Сад
5
(4)

Сад у літаратуры часта сімвалічны. У эпоху рамантызму прырода была спосабам паказаць унутраны свет галоўных герояў. Цяпер пісьменні_цы глядзяць на кветкі, расліны і дрэвы новым паглядам, і тыя робяцца нагодай, каб пагаварыць пра каланіялізм, квір-каханне, штучны інтэлект ці сямейную гісторыю. Рэкамендуем пяць кніг, якія правядуць цябе ў сады, дзе будзе цікава паразважаць пра важнае.

Сад як хованка і супраціў

Алівія Лэнг «Сад супраць часу» (Olivia Laing «The Garden Against Time») 

Оливия Лэнг «Сад против времени»

Брытанская пісьменніца Алівія Лэнг купляе дом з садам — закінутым, але закладзеным некалі таленавітым брытанскім ландшафтным архітэктарам і садоўнікам. Вядома, яна прадчувае клопат пра сад і яго аднаўленне, бо яна і сама нейкі час вывучала батаніку і была экалагічнай актывісткай.

Але здараецца пандэмія, і разам з аднаўленнем саду прыходзяць новыя развагі. Лэнг піша пра даступнасць зялёных зон, разглядае сад як прадмет раскошы, як рай, з якога большасць з нас выгнаныя. Яна задумваецца пра каланіяльную спадчыну: сад можа падацца тыпова еўрапейскай з’явай, але памешчыкі васямнаццатага стагоддзя атрымлівалі грошы на свае раскошныя сады ад гандлю рабамі, а экзатычныя расліны прывозілі з калоній. Так аказваецца, што сучасныя месцы для медытацыйных шпацыраў пабудаваныя на прывілеях, прыгнёце і няроўным размеркаванні рэсурсаў. Садоўнікі васямнаццатага стагоддзя глядзелі на пляцоўку зямлі як на палатно, на якім яны стваралі свой краявід, не заўсёды задумваючыся пра натуральныя ўзаемасувязі відаў у гэтых месцах. У гэтым можна ўбачыць карані легкадумна-спажывецкага стаўлення, якое прывяло нас у сённяшні кліматычны крызіс.

Гэта кніга пра сады ў літаратуры і мастацтве, пра знакамітыя сады і іх садоўнікаў, пра тое, як сады рабіліся прытулкам, хованкай і выратаваннем у эпідэміі і войны.

«Зямля, уявіце сабе, — гэта “грамадская скарбніца”, і ўсе маюць на яе роўныя правы».

Расліны як сведкі сямейнай гісторыі

Кё Маклір «Карані: пра спляценні жыцця і сямейныя таямніцы» (Kyo Maclear «Unearthing»)

Кио Маклир «Корни: о сплетеньях жизни и семейных тайнах»

Пасля кнігі пра птушак і мастацтва канадская пісьменніца Кё Маклір напісала кнігу пра расліны і сямейную гісторыю. Яна пачынаецца са смерці бацькі гераіні, з пахавання, з сямейных гутарак, з сямейнай легенды пра ірландскую бабулю і магчымы сямейны праклён. Гераіня мяркуе зрабіць ДНК-тэст, каб даведацца хоць штосьці пра гэтую бабулю, а даведваецца, што ў яе быў іншы біялагічны бацька.

Першая палова кнігі — спробы даведацца пра свае карані, гісторыю свайго паходжання. Але чым далей, тым больш гэта робіцца кнігай пра адносіны з маці і спробы зразумець яе. Гераіня разважае пра эміграцыю, дыскрымінацыю, уласную змяшаную ідэнтычнасць. Як было яе маці, японцы, у Вялікабрытаніі і Канадзе? Як было ёй усё жыццё сутыкацца з дыскрымінацыяй і адмаўляцца ад сваіх захапленняў? Якая яна цяпер? Якім атрымалася яе жыццё? Што застаецца, калі ўспаміны крадзе дэменцыя?

Гэта кніга пра сямейную гісторыю і пра страту бацькоў. Запрашэнне падумаць пра ўласныя карані і гісторыі: чаму нам так важна ведаць, адкуль мы і якімі былі нашы продкі?

А што ж расліны? А расліны далікатна суправаджаюць гераіню на гэтым шляху. Лекцыі ў аранжарэі. Свой сад. Расліны, якія так добра гадуе яе маці. Дрэвы на старых фотаздымках. Трапічны сад на могілках. Расліны кажуць тут тое, што не могуць сказаць людзі. Расліны чуюць прызнанні ў каханні. Расліны робяцца аб’ектам клопату. І ўважлівы пагляд на расліны дазваляе стаць больш уважлівымі да людзей — дазваляе прабачыць іх.

«Нараджэнне новых парасткаў — вынік трыумфу часу, цяпла і святла, а таксама напамін пра вечны рух у ціхай зямлі. Распускаецца ўсё тое, над чым усю зіму ішла карпатлівая праца».

Догляд саду як лекі ад неўзаемнага кахання 

Дар’я Трайдэн «Грыбныя мясціны»

Дарья Трайден «Грибные места»

Што можа быць больш беларускім, чым аўтафікшн пра куплю хаты ў вёсцы? Прызнайцеся, захацелася. Кніжка толькі пра гэта ўжо была б захапляльным чытвом, а яна яшчэ і пра досвед непадзеленага квір-кахання, блізкасці, страху, здабыткаў, страты, галечы, сямейнага гвалту.

Кніга «Грыбныя мясціны» — дакладны, практычна імерсіўны досвед рэпрэзентацыі таго самага непадзеленага кахання, калі зусім іншымі справамі займаешся, хату рамантуеш, сад закладаеш, а яно ўсё адно шаўковай подбіўкай прашывае ўсё тваё існаванне.

Ператварэнне прасторы хаты і саду можа падацца метафарай ператварэння сябе, але ў выніку робіцца нечым іншым. Назіранне за хатай і садам дапамагае назіраць збоку і за сабой, за сваімі пачуццямі, за сваімі гісторыямі — не абавязкова спрабуючы іх прыняць, прааналізаваць і ацаніць. Няхай проста растуць.

«Чаму б не глядзець на яго <сваё каханне> як на мора, ці на вытыркнуты з зямлі драўняны корань, ці далёкую вялікую птушку <…>?»

Дзённік назіранняў за жывой прыродай

Karen Lloyd «The Blackbird Diaries» (Карэн Лойд «Дзённікі чорнага дразда» — пакуль не перакладзеная з ангельскай)

Karen Lloyd «The Blackbird Diaries»

Вядома, у падборцы павінна быць кніга, дзе сад — гэта проста сад. Важная, далікатная, ціхая частка навакольнага свету, які мае патрэбу ў гучным актывізме. У аснову кнігі пісьменніцы і экаактывісткі Карэн Лойд пакладзены год яе нататак пра прыроду і жыццё ў брытанскім Азёрным краі. Тут і назіранні за птушкамі ў двары (чорныя дразды, шчыглы, ластаўкі), і штодзённыя здарэнні, і аповеды пра цікавыя прыродаахоўныя праекты, у якіх брала ўдзел аўтарка.

З якіх гісторый складаецца кніга? Гісторыя пра апошняга арла і яшчэ не зніклых вялікіх кулёнаў. Гісторыя пра паляванне на лісаў, якое яшчэ працягваецца. Гісторыя пра канфлікт фермераў, паляўнічых і абаронцаў прыроды. Гісторыя пра паводку ў горадзе і змены клімату.

Гэтая кніга пабудаваная як дзённік, і яе добра чытаць павольна — за год, дзень у дзень, як яна была напісаная. На працягу года гераіня пазнае чорных драздоў у сябе ў садзе як блізкіх сяброў, глядзіць, як яны будуюць гняздо, перажывае, ці выжывуць птушаняты. І гэта нагода паглядзець, хто жыве ў тваім садзе (двары, парку) — і паспрабаваць пасябраваць з імі.

«Дзённікі чорнага дразда» — гэта кніга пра павольнае жыццё, назіранне за сабой і прыродай, маленькія і вялікія важныя справы.

«Без дзікіх жывёл і птушак ландшафт робіцца проста фонам».

Сад пад кантролем штучнага інтэлекту 

Julianne Pachico «Jungle House» (Джуліяна Пачыка «Дом у джунглях»)

Julianne Pachico «Jungle House»

Нарэшце, мастацкая кніга, у якой трапічны сад робіцца галоўнай сцэнай дзеяння. «Дом у джунглях» — дыстапічная гісторыя, якая палохае. Яна пра тое, якімі могуць стаць нашы адносіны са штучным інтэлектам.

Дзеянне адбываецца ў недалёкай будучыні ў неназванай трапічнай краіне, у доме, якім кіруе штучны інтэлект, у джунглях. Гэты дом — раскошнае лецішча заможнай сям’і, якая завітвае сюды некалькі разоў на год. За домам апроч штучнага інтэлекту прыглядае дзяўчына Лена, у якой, як мы хутка даведваемся, адносіны з гэтым штучным інтэлектам зусім асаблівыя, і ў іх утоеная таямніца.

Інтрыга кнігі складаецца ў дзвюх ненадзейных апавядальніцах: першая — ШІ-праграма, якая выдатна ўмее хлусіць, другая — дзяўчына, чый свет абмежаваны тым, што паказала ёй ШІ-праграма і трапічны сад навокал. Заданне чытача — зразумець, што ж адбылося: са светам, з гэтай сям’ёй, з гэтай дзяўчынай.

Усё гэта амаль нідзе не прагаворваецца наўпрост, і самастойна разбірацца ў гэтым свеце вельмі цікава. Тут бачныя і змены клімату, і палітычныя і экалагічныя крызісы, і паблажлівае каланіяльнае стаўленне — але гэта нідзе не робіцца галоўным фокусам, а толькі фонам.

А галоўны фокус — сямейныя адносіны, якія хоць з чалавекам, хоць з ШІ-праграмай будуць усё адно складанымі. Трапічны сад жа стварае атмасферу: вільготныя, цяжкія джунглі, якія хаваюць у сабе таямніцы.

«Але як яна магла растлумачыць Маці, што менавіта таму, што сад такі зарослы і неўтаймаваны, яна яго і любіць? Яна любіць сад, кожную яго частку, хоць у ім і ёсць месцы, якія прыносяць тугу».


Аўтарка: Maria G

Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Насколько публикация полезна?

Нажмите на звезду, чтобы оценить!

Средняя оценка 5 / 5. Количество оценок: 4

Оценок пока нет. Поставьте оценку первым.

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць