Мы звыклі думаць пра горад як пра чалавечую прастору: шматпавярховікі, праспекты, паркі, транспарт, ілюмінацыя. Але побач з намі тут жывуць і іншыя: птушкі, матылі, каты, вожыкі, пчолы, а часам — нават кабаны і лісы. Яны не скардзяцца ў ЖЭС, не могуць адстойваць сябе ў судзе (прынамсі ў Беларусі) і не плануюць забудову, але таксама па-свойму карыстаюцца горадам.
У гэтым артыкуле экалагіня Марыя расказвае, што такое права на горад, ці можам мы пераасэнсаваць яго так, каб яно ўлічвала інтарэсы не толькі чалавека, і як гэта робіцца ў іншых краінах.
Што значыць «права на горад»

Канцэпцыя «права на горад» была прапанаваная французскім сацыёлагам і філосафам Анры Лефеўрам у 1968 годзе. Гэтае права мае два аспекты: права на ўдзел і права на прысваенне. Права на ўдзел азначае актыўнае ўцягванне грамадзян у працэс прыняцця рашэнняў адносна іх горада, у тым ліку гарадскога планавання. А права на прысваенне — гэта магчымасць доступу і выкарыстання ўсіх гарадскіх рэсурсаў і прастораў.
Калі мы гаворым аб праве на горад, часцей за ўсё маем на ўвазе чалавека. Мы маем на ўвазе магчымасць жыць, перасоўвацца, прымаць рашэнні, вучыцца, забаўляцца, карыстацца інфраструктурай і сэрвісамі. Але рэдка задаём сабе пытанне — а хто яшчэ, акрамя нас, можа прэтэндаваць на гэты горад?
У гарадах жывуць не толькі людзі. Разам з намі тут жывуць птушкі, насякомыя, дзікія і бадзяжныя жывёлы. У іх няма палітычнага голасу, яны не могуць заявіць пра сябе ў звыклай для нас форме — яны не пішуць петыцый і не ўдзельнічаюць у публічных слуханнях. Але адмаўляць іх прысутнасць і ўплыў на горад немагчыма.
Не толькі людзі: як жывёлы жывуць у горадзе
Птушкі на дахах і ў кронах дрэў, насякомыя ў садах і ў траве, каты і сабакі, якія знайшлі сабе месца ў склепах, дварах, на рынках. Часам мы нават не заўважаем іх — пакуль яны «не робяцца для нас праблемай».
Класічны прыклад адаптацыі — гарадскія галубы. Першапачаткова яны былі скальнымі птушкі, якія прыстасаваліся да гарадоў, бо іх натуральнае асяроддзе пражывання было падобным да хмарачосаў. Яны асвоілі наш бетонны пейзаж, упісаліся ў гарадскую экасістэму.

Гэта, калі можна так сказаць, удалы прыклад, але ёсць больш сумныя. Напрыклад, рэзкае зніжэнне насякомых-апыляльнікаў у мегаполісах.
У гарадах, дзе пераважаюць бетон і асфальт і адсутнічаюць вялікія плошчы зялёных зон, насякомым-апыляльнікам (пчолам, чмялям, матылькам) цяжка выжываць — ім няма дзе жыць і чым харчавацца. А апыляльнікі — гэта «кур’еры» прыроды, яны пераносяць пылок з кветкі на кветку. Гэта неабходна раслінам, каб даваць плады і насенне, якія з’яўляюцца ежай як для людзей, так і для жывёл.
Некаторыя жывёлы прыстасоўваюцца і знаходзяць новыя тэрыторыі для жыцця, хоць сказаць, што гэта ўдалая адаптацыя, складана. Напрыклад, буслы і чайкі, якія гняздуюцца на звалках праз тое, што там лёгка знайсці ежу. Але разам з ежай яны спажываюць і пластык, і таксічныя рэчывы, што вядзе да скарачэння працягласці і якасці іх жыцця. Адзін з вобразаў, які застаецца ў памяці, — бусел, цалкам чорны ад попелу, на сметніку ў Мінску.

А ёсць і дзікія жывёлы, якія быццам заяўляюць пра сваё права на горад: кабаны ў Польшчы, лісы ў Берліне, мядзведзі ў канадскіх і амерыканскіх гарадах.
Гэта што — уварванне? Ці спроба знайсці сваё месца ў зменлівым свеце, дзе чалавек заняў амаль усю прастору?
Ці можна жыць разам
Горад не толькі наш. Сучасныя гарады ў іх цяперашнім выглядзе існуюць крыху больш за сто гадоў, і многія жывёлы былі тут задоўга да нас. Некаторыя зніклі, другія адаптаваліся, трэція працягваюць змагацца за месца.
Узнікае пытанне: ці можам мы пераасэнсаваць права на горад так, каб у яго ўваходзілі і іншыя віды, а не толькі чалавек? Некаторыя гарады і краіны ўжо робяць крокі ў гэтым кірунку. Зірнем на некалькі прыкладаў.
Экадукты ў Нідэрландах
Экадукты — гэта адмысловыя масты ці тунэлі, створаныя для таго, каб дапамагчы жывёлам бяспечна пераходзіць дарогі, чыгуначныя шляхі ці іншыя аб’екты, якія разрываюць іх натуральныя арэалы пражывання.
Усяго ў Нідэрландах пабудавана больш за 600 экадуктаў, да таго ж многія з іх праходзяць пад дарогамі — каб у ліс, мышэй і іншых звяроў былі свае бяспечныя падземныя пераходы.
Самы доўгі мост для жывёл — не толькі ў Нідэрландах, але і ў свеце — Natuurbrug Zanderij Crailoo. Яго даўжыня 800 метраў, і ён дазваляе лясным насельнікам бяспечна пераходзіць 3-палосную аўтамабільную дарогу.

Хаткі для сіпух у Гродзенскай вобласці
Энтузіяст_кі, экалагі_ні і арніталагі_ні ўсталёўваюць на цэрквах і касцёлах Беларусі хаткі для сіпух. Сіпухі раней жылі ў гарах і ў дуплах дрэў. Цяпер у горадзе дрэвы высякаюць, і совы селяцца ў касцёлах і цэрквах. Ёсць версія, што гэтыя будынкі нагадваюць ім горы. Такія хаткі дапамагаюць захаваць папуляцыю птушак, бо ў адрозненне ад гнёздаў у іх не можа залезці драпежнік.

«Пчаліная шаша» для абароны апыляльнікаў у Осла
У 2015 годзе ініцыятыўная група ByBi з Осла (Нарвегія) спраектавала першую ў свеце гарадскую пчаліную магістраль — зялёны маршрут, які падтрымлівае гарадскіх пчолаў і забяспечвае іх ежай і месцамі для адпачынку.
Да гэтага праекта далучаюцца як экаактывіст_кі, так і жыхар_кі горада, якія высаджваюць багатыя на нектар расліны на зялёных дахах сваіх дамоў і офісаў, у парках, на балконах і нават на могілках.

Бяспечныя шкляныя фасады для птушак у Сан-Францыска
Больш за мільярд птушак штогод гіне пры сутыкненні са шклянымі фасадамі — і гэтая статыстыка толькі для ЗША.
У 2011 годзе Сан-Францыска стаў першым горадам у ЗША, дзе ўвялі будаўнічыя нормы для стварэння «птушкабяспечнай» архітэктуры. Галоўны яе прынцып — шкляныя фасады на вышыні да 36 метраў павінны быць апрацаваны так, каб птушкі маглі іх распазнаць. Для гэтага выкарыстоўваюць спецыяльныя ўзоры, плёнкі або тэкстураванае шкло. У 2019 годзе падобны закон прынялі і ў Нью-Ёрку.

Нормы «птушкабяспечнай» архітэктуры асабліва важна ўлічваць у месцах высокай рызыкі — там, дзе праходзяць птушыныя міграцыйныя маршруты і знаходзяцца зялёныя зоны.
Арганізаваныя калоніі бяздомных катоў у Італіі
Як ужо расказвалі ў артыкуле пра бадзяжных жывёл, з 1991 года ў Італіі забаронена ўсыпляць здаровых, хай і бяздомных, жывёл. Бадзяжныя папуляцыі ў краіне кантралююцца пры дапамозе праграм адлову, кастрацыі і вяртання.
Так, у Італіі існуюць каціныя калоніі — юрыдычна прызнаныя групы вулічных катоў, якія жывуць у адным месцы: у двары, ля старажытнай сцяны, на закінутых лесвіцах і нават на тэрыторыі гістарычных помнікаў. Там яны знаходзяць усё неабходнае для выжывання: харч, ваду і прыдатныя хованкі.
Калі каціная калонія зарэгістраваная, камунальныя службы і хто б там ні быў не маюць права самавольна прыбіраць катоў, зносіць іх хаткі або пераносіць калонію. Сачыць за чысцінёй і парадкам на месцы абавязаныя куратар_кі (gattaro/gattara), якія замацоўваюцца за пэўнай калоніяй, даглядаюць катоў, кормяць іх і сочаць за здароўем.
Там, дзе перасякаюцца інтарэсы людзей і жывёл
Магчыма, найважнейшыя і пры гэтым самыя складаныя змены адбываюцца менавіта там, дзе перасякаюцца інтарэсы людзей і жывёл. Гэтыя сутыкненні могуць быць як крыніцай прагрэсіўных рашэнняў, так і прыкладам наступстваў бяздумных дзеянняў. Разгледзім некалькі прыкладаў.
Забаўляльная індустрыя
Так, у многіх краінах былі ўведзеныя забароны на выкарыстанне жывёл у індустрыі забаў. Сёння ўжо больш за 40 дзяржаў — уключаючы краіны Азіі і Еўропы — цалкам або часткова адмовіліся ад утрымання жывёл у цырках. Сярод іх — Іран, Ізраіль, Індыя, Сінгапур, Тайвань, Фінляндыя, Аўстрыя і іншыя.
З’яўляюцца альтэрнатыўныя фарматы, і ўжо рознымі спосабамі можна стварыць «атмасферу свята і казкі» без эксплуатацыі жывёл. Гэта можа быць:
- цырк без жывёл падобны да «Цырка дзю Салей», дзе ўдзельнічаюць акрабат_кі, жанглёр_кі, танцор_кі, і шмат увагі надаецца ілюмінацыі, музыцы і сцэнаграфіі;
- вулічныя перформансы: пластычныя тэатры, мімы, фаер-шоу, хадулісты;
- навуковыя шоу для дзяцей з доследамі, пра прыроду і жывёл — але праз мультымедыйныя фарматы;
- галаграмы жывёл (як у цырку Roncalli у Нямеччыне) — гэта выглядае як магія, але ніхто пры гэтым не пакутуе.

У Беларусі, на жаль, жывёл дагэтуль выкарыстоўваюць у цыркавых паказах. Нават цяпер у Белдзяржцырку ў Мінску можна ўбачыць нумары з канямі, мядзведзямі, сабакамі і катамі. І гэта нягледзячы на тое, што ў 2020 годзе Міністэрства прыроды падтрымала забарону на выкарыстанне жывёл у цырках — праз дрэнныя ўмовы ўтрымання і жорсткую дрэсіроўку. Забарона на цырк з жывёламі, на жаль, не з’явілася і ў новым законе «Аб адказным абыходжанні з жывёламі», які пачаў дзейнічаць ад 1 студзеня 2025 года.

Феерверкі
Некаторыя краіны пайшлі яшчэ далей і ўвялі забарону на выкарыстанне феерверкаў з мэтай аховы жывёл.
Магчыма, святы без феерверкаў пададуцца нам нязвыклымі, але 10-хвіліннае відовішча не апраўдвае гібель сотняў птушак і стрэс, які перажываюць іншыя жывёлы і які вядзе да парушэння размнажэння і змены маршрутаў міграцыі.
Праблема гучных гукаў у гарадах часта недаацэньваецца. Напрыклад, у 2021 годзе ў Рыме пасля навагодніх святаў былі знойдзеныя сотні загінулых шпакоў. Гучныя выбухі выклікалі ў птушак панічную рэакцыю — яны ўразаліся ў будынкі, гублялі арыентацыю і разляталіся, пакідаючы чароды.
Так, у студзені 2022 года рада англійскага графства Херэфардшыр забараніла гучныя салюты праз скаргі жыхароў, занепакоеных станам дзікіх і хатніх жывёл.
Забарона на феерверкі важная не толькі для птушак. У Кітаі іх абмяжоўваюць праз забруджванне паветра, а ў Аргенціне — яшчэ і праз клопат пра дзяцей з аўтызмам, для якіх шум можа быць нясцерпным.
Паступова альтэрнатывы феерверкам робяцца ўсё больш папулярнымі. Светлавыя шоу з дронамі, лазерныя інсталяцыі, праекцыі і галаграмы дазваляюць ствараць святочныя відовішчы з павагай да правоў жывёл, уразлівых людзей і з клопатам пра экалогію.
На мяжы сутыкнення інтарэсаў жывёл і людзей застаюцца праблемы тэставання лекаў і касметыкі на жывёлах, палявання, утрымання хатніх жывёл, будоўляў на ахоўных тэрыторыях і іншыя.
Але як распазнаць гэтую тонкую мяжу? Важна ўмець суаднесці шкоду і карысць, якія нашыя дзеянні прыносяць жывёлам. Найчасцей гаворка вядзецца пра камфорт адных і жыццё іншых. Падаецца, што выбар відавочны.
Што можа зрабіць кожны і кожная?
Змены пачынаюцца з нас. Каб зрабіць горад больш прыязным да іншых відаў, не трэба чакаць палітычных рашэнняў ці маштабных рэформаў. Ёсць простыя, але важныя дзеянні, якія можа зрабіць кожны і кожная:
Гэта падтрымлівае папуляцыі пчолаў і іншых апыляльнікаў. Нават невялікі кавалак зямлі ля дома ці балкон можа стаць міні-аазісам
Асабліва ў халодных рэгіёнах, дзе ім цяжка знайсці харч
Для бяздомных жывёл, птушак, вожыкаў. Гэта просты жэст, але ён можа выратаваць нечае жыццё ў спёку
Напрыклад, хаткі для вожыкаў, жаб, насякомых у садах або на лецішчах. Так вы зробіце іх бяспечнымі месцамі для адпачынку, зімоўкі ці размнажэння
Правяраць, ці няма там катоў або сабак перад тым, як заблакаваць уваход
Не пакідаць адкіды, асабліва пластыкавыя, якія могуць быць смяротна небяспечнымі для жывёл
Такія прадукты ствараюцца з выкарыстаннем альтэрнатыўных метадаў тэставання, бяспечных для людзей і прыроды, і, купляючы такую касметыку, вы дапамагаеце скарачаць жорсткія эксперыменты
Клопат — гэта не толькі дзеянне, але і смеласць адмовіцца ад чагосьці, што можа нашкодзіць іншым:
Пестыцыды забіваюць насякомых, якія з’яўляюцца апыляльнікамі для раслін і ежай для птушак і іншых жывёл
Гэта можа напалохаць жывёл
Яны не толькі забруджваюць паветра і пакідаюць смецце, але і выклікаюць паніку і дэзарыентацыю ў жывёл і птушак
Ён небяспечны для іх здароўя, выклікае недахоп пажыўных рэчываў і праблемы са страваваннем
У такіх месцах часта парушаюцца іх правы: умовы ўтрымання бываюць жорсткімі, а метады дрэсіроўкі — балючымі
Дзяліцца гэтай інфармацыяй з суседзямі, сябрамі, дзецьмі. Перастаць думаць пра жывёл як пра шкоднікаў, а ўспрымаць іх як суседзяў
Права на горад — гэта адказнасць
Калі мы кажам «права», мы аўтаматычна ўваходзім у поле справядлівасці. І калі мы прызнаем сябе часткай прыроды (а мы ёю і з’яўляемся), то павінны прызнаць і іншых яе прадстаўнікоў як значных.
Можа быць, права на горад — гэта не толькі пра доступ да сэрвісаў, а пра ўлік інтарэсаў тых, хто не можа гаварыць услых, але ўсё ж жыве з намі побач. Жыць разам — значыць бачыць, улічваць і клапаціцца. І тады наш горад сапраўды стане прасторай для ўсіх.
