Напэўна, вам знаёмы вобраз жанчыны, якая і каня на скаку спыніць, і ў ахопленую полымем хату ўвойдзе. Такая моцная, рашучая жанчына — гераіня народных казак, фільмаў і штодзённага жыцця. Часта менавіта яе ўзгадваюць у якасці аргумента супраць таго, што жанчыны нібыта прыгнечаныя. «Гэта бязглуздзіца, што жанчын прыніжаюць. У мяне, напрыклад, дома ўсё мама/жонка вырашае».
У гэтым артыкуле мы паразважаем, ці сапраўды адказнасць жанчыны за побыт — гэта пра ўладу, як гэта звязана з патрыярхатам і чаму многія жанчыны былі б радыя падзяліць гэтую нагрузку.
Што такое пабытовы матрыярхат
Пабытовы матрыярхат — гэта сацыяльная з’ява, калі жанчыны (жонкі, мамы, бабулі і г. д.) прымаюць ключавыя рашэнні ў побыце сям’і. Яны кіруюць хатняй гаспадаркай, вырашаюць, як сям’я будзе харчавацца, і робяць шмат іншай нябачнай менеджарскай працы: сочаць за наяўнасцю прадуктаў і рэчаў першай неабходнасці, выбіраюць гурткі для дзяцей, падтрымліваюць камунікацыю з настаўні_цамі і выхавальні_цамі, арганізуюць сямейныя святы, шукаюць лекара_к і клапоцяцца пра здароўе ўсіх дамашніх.
Тое, што на жанчыну кладзецца адказнасць за такія рашэнні, — гэта вынік не раўнапраўя і тым больш не матрыярхату, а зусім наадварот.
Пабытовы матрыярхат — гэта ілюзія ўлады
Пабытовы матрыярхат — гэта прыкмета традыцыйнай патрыярхальнай сістэмы, дзе жанчына нясе асноўную нагрузку, але не валодае рэсурсамі і ўплывам.
Дый сам тэрмін «пабытовы матрыярхат» не зусім карэктны. Ён уводзіць у блытаніну праз слова «матрыярхат» і нібыта азначае, што жанчына мае нейкую ўладу, хоць на практыцы гэта не так.
Пабытовы матрыярхат — гэта не пра ўладу жанчыны, а пра большую нагрузку і адказнасць. Гэта не прывілей, а цяжар для жанчыны.
Часцей за ўсё ў сем’ях большасць спраў вырашае жанчына не таму, што яна хоча, а таму, што ў яе няма выбару адмовіцца ад гэтага. У грамадстве лічыцца, што менавіта жанчына мусіць займацца хатнімі справамі, бо гэта «немужчынскія заняткі». Такім чынам,
пабытовы матрыярхат — гэта прамое следства патрыярхату, а не паказчык таго, што жанчына мае ўладу.
Песня «Беларусская жена» — яскравы прыклад ідэалагічнай устаноўкі, якая ўсхваляе самаадданасць і працавітасць жанчын на карысць мужчын і сям’і.
Песню спявае Дзмітрый Азаранка, музыкант і вядучы з Магілёва. Тэкст напісала Ганна Сялук (творчы псеўданім Ганны Сяргееўны Лукашэнка), нявестка Аляксандра Лукашэнкі. Песня атрымала афіцыйную падтрымку на дзяржаўным тэлебачанні, але ў грамадстве выклікала дыскусіі і крытыку.
Вось урывак з яе:
Белорусская жена Своим принципам верна: Она рубит, сеет, пашет И не жалуется даже. И красива — загляденье, И готовит — объеденье. Белорусская жена Лучше всех других она. | Для неё на первом месте Только ты и все, что вместе. В доме лад, порядок, сытно И живешь ты добробытно. И с годами понимаешь: Друга лучше не бывает. |
Што тут не так? Па-першае, за гэтай, здавалася б, нявіннай лірыкай хаваецца рамантызацыя надмернай нагрузкі, якую жанчыны нясуць у сям’і: ад вядзення гаспадаркі да эмацыйнай падтрымкі партнёра.
Гэты вобраз умацоўвае чаканне, што жаночая роля заключаецца выключна ў бясконцым самаадрачэнні дзеля іншых. Пра яе індывідуальныя інтарэсы, жаданні або прафесійныя амбіцыі не згадваецца зусім. Жанчына ператвараецца ў функцыянальны элемент сямейнай сістэмы, які «не жалуется даже», а яе каштоўнасць вымяраецца выключна здольнасцю задавальняць патрэбнасці навакольных.
Можна ўзгадаць даследаванне групы беларускіх актывіста_к пра тое, што кажуць дзяржаўныя СМІ Беларусі аб ролі жанчыны ў грамадстве — там усё тое ж самае: шчасце жанчыны вызначаецца выключна яе поспехамі ў служэнні сям’і і залежыць ад таго, наколькі добра яна «рубит, сеет, пашет» на карысць мужа і сям’і — тут у яе поўны карт-бланш.
«Але жанчыны ўжо не залежаць ад мужчын так, як раней. Яны таксама зарабляюць і могуць быць фінансава самастойныя»
Па-першае, афіцыйная статыстыка паказвае, што ў сярэднім у Беларусі намінальны налічаны заробак* мужчыны на 26,5% большы, чым у жанчыны. Гэта больш за чвэрць. То бок прыкладна з кастрычніка жанчыны працуюць бясплатна.
* Намінальны налічаны заробак — гэта паказальнік, які адлюстроўвае сярэдні ўзровень аплаты працы работнікаў у краіне за пэўны перыяд (месяц, квартал, год) да выліку падаткаў і абавязковых утрыманняў.

Па-другое, фінансавая незалежнасць ≠ адсутнасць сацыяльных чаканняў.
У патрыярхальным грамадстве, нават калі жанчына фінансава незалежная, на яе па-ранейшаму ўскладаюцца традыцыйныя ролі і абавязкі, звязаныя з вядзеннем хатняй гаспадаркі, выхаваннем дзяцей і клопатам пра блізкіх.
І важна разумець, што многія жанчыны зусім не імкнуцца да ўлады ў сям’і і былі б радыя падзяліць з мужчынам адказнасць за побыт і выхаванне дзяцей. Аднак у патрыярхальнай культуры менавіта жанчына традыцыйна лічыцца «адказнай» за дом, і нават пры жаданні адмовіцца ад гэтай ролі яна сутыкаецца з сацыяльным ціскам.
Фінансавая свабода сапраўды адкрывае больш магчымасцяў, але яна не пазбаўляе ад структурных праблем, такіх як шкляная столь*, рэпрадуктыўны ціск**, разрыў у аплаце працы, дыскрымінацыя на працоўным месцы ці стэрэатыпы аб «жаночых» і «мужчынскіх» прафесіях.
Другая і трэцяя змены: нябачны цяжар пабытовага матрыярхату
Цікава, што часта жанчыны апынаюцца ў навязанай сітуацыі пабытовага матрыярхату менавіта ў стасунках з мужчынамі — у шлюбе ці ў ролі маці. У гэтых умовах яны становяцца галоўнымі адказнымі за побыт, выхаванне дзяцей і эмацыянальны клімат у сям’і, нават калі фармальна ў сямейным жыцці дэкларуецца роўнасць.
Шлюб
У шлюбах, дзе жанчына і мужчына зарабляюць прыблізна пароўну, жанчыны выдаткоўваюць на хатнія справы 4,6 гадзіны на тыдзень, а гэта ў два разы больш, чым мужчыны, якія выдаткоўваюць толькі 1,9 гадзіны. Гэтае ж даследаванне паказвае, што жанчыны больш трацяць часу на клопат за дзецьмі, а мужчыны больш за жанчын маюць вольнага часу.
У многіх сем’ях менавіта жанчыны займаюцца мікраменеджментам. Калі жанчына спрабуе падзяліць пабытовыя справы, то часта мужчына жадае пачуць указанні ад жанчыны, што яму трэба зрабіць.
Гэтым чынам ён здымае з сябе адказнасць, аддаючы пабытовыя праблемы на выкананне сваёй жонцы, а не дапамагае ёй неяк іх вырашыць. І так, хоць жанчына і кажа яму, што трэба зрабіць, фактычна арганізацыяй і кантролем гэтага працэсу займаецца яна, што ніяк не здымае з яе нагрузку.
Усё гэта нябачная праца, якая ніяк не аплачваецца. Уладкаванне побыту яшчэ называюць «другой зменай», якую прыходзіцца выконваць жанчынам, каб забяспечыць патрэбы сям’і.
Акрамя выканання бытавых задач жанчыны часта робяцца «эмацыйнымі менеджаркамі» сям’і. Гэтая роля ўключае клопат пра эмацыйны стан іншых, падтрымку партнёра і дзяцей, наладжванне камунікацыі ў сям’і, а таксама арганізацыю сацыяльных падзей і мерапрыемстваў.
Гэтая «трэцяя змена» нябачная і не прызнаецца як праца, але патрабуе вялікіх эмацыйных высілкаў і часу. У многіх выпадках жанчыны аказваюцца эмацыйнымі апякункамі па змоўчанні, бо патрыярхальная сістэма робіць гэта іх «натуральнай» роляй. Пры гэтым такая праца часта ўспрымаецца як нешта звычайнае, што не патрабуе ні ацэнкі, ні дапамогі.
Эмацыйная нагрузка становіцца яшчэ адной прычынай стомленасці і выгарання, якая падкрэслівае няроўнасць у сямейных адносінах і прыводзіць да таго, што жанчыны адчуваюць сябе не толькі «гаспадынямі побыту», але і «апякункамі душаў» сваёй сям’і.

Цяжарнасць і мацярынства
У Беларусі адзін з самых доўгіх дэкрэтных адпачынкаў для жанчын у свеце — 3 гады. І хоць наяўнасць дэкрэтнага адпачынку — важная мера падтрымкі, яго аднабаковая арыентацыя на жанчын аўтаматычна робіць іх больш уразлівымі на рынку працы. Многія працадаўцы неахвотна прымаюць жанчын на працу, чакаючы, што яны сыдуць у дэкрэт ці будуць часцей адсутнічаць з-за таго, што дзеці хварэюць.
Такім чынам гэта павялічвае гендарны разрыў у аплаце працы. Такая сітуацыя яшчэ называецца «падаткам на мацярынства».
Пры працаўладкаванні жанчыны з дзецьмі часта могуць абіраць не тую працу, якую ім хацелася б мець, а тую, якая будзе знаходзіцца бліжэй да дома ці да дзіцячага садка, каб мець магчымасць быць з дзіцём і паспяваць вырашаць пабытовыя задачы.
Жанчыны таксама могуць вымушана развітвацца з кар’ерай, каб дагадзіць сям’і, бо немагчыма раўнамерна размеркаваць свае сілы на працу і сям’ю.
Жанчына ў ролі маці цікавая дзяржаве больш за ўсё, бо менавіта
жанчына выконвае ключавую функцыю — забеспячэнне стабільнай дэмаграфіі.
На працягу апошніх гадоў мы бачым, як гэтай функцыі надаецца ўсё больш увагі, бо ў Беларусі памяншаецца колькасць насельніцтва, і дзяржава пачынае наступаць на рэпрадуктыўныя правы, каб павялічыць нараджальнасць. Менавіта таму, напрыклад, Беларусь прымае законы пра забарону чайлдфры ці прапаганду ЛГБТ.
«А вось я і кар’еру сама пабудавала, і дзяцей вырасціла, і не скарджуся»
Гісторыі жанчын, якія «ўсё змаглі самі», натхняюць, але яны не павінны быць апраўданнем бягучай няроўнасці — у тым ліку навязанага бытавога матрыярхату. Калі хтосьці дамогся поспеху насуперак цяжкасцям, гэта нагода задумацца, як зрабіць так, каб іншым не даводзілася сутыкацца з тымі ж праблемамі. Сапраўдная роўнасць — гэта калі ўсім, а не толькі наймацнейшым і забяспечаным, даступныя магчымасці для кар’еры, асабістага развіцця і адпачынку.
Досвед «а я змагла» заслугоўвае павагі, але не адлюстроўвае рэальнасць большасці жанчын. Не ва ўсіх ёсць падтрымка бацькоў, мужа, сябро_вак. Не ўсе могуць дазволіць сабе паслугі няні ці клінера_к. Поспех адной жанчыны не адмяняе сістэмных бар’ераў, якія перашкаджаюць іншым. Не ўсе людзі пачынаюць з аднолькавай кропкі. Таму тут заўсёды варта ўключаць эмпатыю і разумець свае прывілеі.
Задача грамадства і дзяржавы — не патрабаваць ад кожнай жанчыны гераізму, а ствараць умовы, дзе такія подзвігі будуць неабавязковыя для нармальнага жыцця.
Да чаго прыводзіць пабытовы матрыярхат?
Многія жанчыны не ўсведамляюць, наколькі вялікая нагрузка ляжыць на іх плячах, паколькі яна стала для іх нормай. Пастаянная шматзадачнасць, неабходнасць сачыць за побытам, дзецьмі, кар’ерай і эмоцыямі ўсіх чальцоў сям’і ўспрымаюцца як натуральная частка іх жыцця. Такі падыход часта фарміруецца з дзяцінства праз выхаванне і чаканні грамадства. Але гэтая «норма» фактычна з’яўляецца сістэмным ціскам, які патрабуе змен, каб вызваліць жанчын ад празмернай адказнасці.
Эксперт_кі сцвярджаюць, што жанчыны, якія шмат працуюць і выконваюць хатнія абавязкі, часцей заяўляюць пра пагаршэнне стану здароўя. Некаторыя з іх сутыкаюцца з выгараннем, дэпрэсіяй і павышаным стрэсам.
Менавіта таму ў сям’і важна раўнамерна размяркоўваць пабытовыя абавязкі, каб нагрузка не клалася толькі на жанчыну.
Напрыклад, мужчынам варта больш актыўна ўдзельнічаць у выхаванні дзяцей, у тым ліку сыходзіць у дэкрэтны адпачынак. Гэта дазваляе не толькі знізіць нагрузку на жанчын, але і садзейнічае фарміраванню больш уключанай мадэлі бацькоўства.
Варта ўсведамляць, што пабытовы матрыярхат — гэта вынік патрыярхальнай сістэмы, якая перакладае адказнасць за захаванне сямейнага парадку выключна на жанчын. У доўгатэрміновай перспектыве такая сітуацыя шкодзіць усім: жанчыны губляюць здароўе і магчымасці для развіцця, мужчыны не развіваюць цесныя эмацыянальныя сувязі з дзецьмі і сям’ёй, што можа прывесці да адчужэння і адсутнасці блізкіх адносін, а дзеці засвойваюць шкодныя гендарныя стэрэатыпы, якія ўмацоўваюць гэту сістэму.
Толькі праз свядомыя змены — роўнае размеркаванне абавязкаў, узаемападтрымку і разбурэнне гендарных стэрэатыпаў — можна стварыць гарманічную і справядлівую сямейную мадэль, якая будзе спрыяць дабрабыту ўсіх яе ўдзельні_ц.
Аўтарка — Ева Л.
Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values — JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

