Настаўніцкія фразы, якія трэба забыць
5
(2)

«А галаву ты дома не забы_лася?» — гэтую фразу ў школе чулі, мусіць, усе — на свой адрас або на адрас аднакласні_ц. Выглядае як жарт, але ці такі ён бяскрыўдны?

Дарослым часам здаецца, што яны проста кажуць «як ёсць», а для падлетка гэта можа прагучаць як крытыка, абясцэньванне або адчужэнне. Нават фраза, кінутая выпадкова, можа затрымацца ў памяці і ператварыцца ў крыніцу крыўды, недаверу ці вырасці ў комплекс на ўсё жыццё. Мы пагаварылі з псіхалагіняй пра папулярныя настаўніцкія рэплікі, пра тое, якія эмоцыі і матывы хаваюцца за неасцярожнымі выказваннямі і да якіх наступстваў яны могуць прывесці. Заадно дзелімся простымі прыёмамі, якія дапамогуць захаваць давер і зрабіць дачыненні з падлеткам больш клапатлівымі.

Andrej Lišakov | Unsplash

«Калі б усе з даху скакалі — ты б таксама скокну_ла?»

Гэтая фраза выкарыстоўваецца як спроба навучыць самастойнасці, але гучыць як зняцэньванне жадання дзіцяці быць як усе. Можа фармаваць пачуццё віны за імкненне да прыналежнасці, а яшчэ вучыць, што ініцыятыва дзіцяці не ўспрымаецца сур’ёзна. Даросл_ая паказвае ўстаноўку на канфармізм і нежаданне ўспрымаць індывідуальнасць дзіцяці.

«Зноў забы_лася на дзённік? А галаву ты дома не забы_лася?»

Тут прысутнічае сарказм і абвінавачанне. Фармуецца пачуццё сораму. Такая рэакцыя не вучыць дзіця адказнасці, а толькі фармуе адчуванне ўласнай няздатнасці і няўважлівасці. Даросл_ая дэманструе раздражненне і нецярпімасць да памылак.

«Чаму ўсе навокал могуць, а ты — не?»

Стварае кантэкст параўнання, які вядзе да заніжанай самаацэнкі і пачуцця непаўнавартаснасці. Такая фраза сведчыць пра нецярпімасць даросла_й да індывідуальных асаблівасцяў дзіцяці.

«Ты што, не разумееш простых рэчаў?»

Фраза зняцэньвае намаганні дзіцяці, спыняе пазнавальную актыўнасць і прымушае яго саромецца магчымых цяжкасцяў, можа выклікаць трывогу, страх памыляцца і задаваць пытанні.

«Вось раней дзеці вучыліся, а цяпер…»

Фраза заганяе ў рамкі ідэалізацыі мінулага і сталай незадаволенасці сучаснасцю. Выхоўвае ў дзіцяці пачуццё неадпаведнасці «норме» і стандартам, якія могуць быць неактуальнымі. Такія словы не матывуюць, а выклікаюць у дзіцяці адчуванне немагчымасці апраўдаць чаканні.

«Калі не будзеш старацца, так і застанешся нікім»

Устаноўка, якая стварае страх няўдачы і адчуванне ўласнай нікчэмнасці, а таксама выклікае ідэю, што каштоўнасць чалавека залежыць выключна ад дасягненняў. Можа спарадзіць трывожнасць і страх будучыні, а не жаданне больш старацца.

«Цябе нават у дворнікі не возьмуць»

Зняцэньванне дзіцяці з пункту гледжання магчымасцяў, паніжае самаацэнку і матывацыю. Такія словы могуць моцна пахіснуць веру ў свае сілы і выклікаць адчуванне безнадзейнасці. Дарослы паказвае перакананасць у нізкай каштоўнасці дзіцяці.

«Паводзься як мужчына!» або «Ты ж дзяўчынка!»

Навязвае гендарныя стэрэатыпы, абмяжоўвае свабоду самавыяўлення дзіцяці. Можа выклікаць унутраны канфлікт. Такой фразай звычайна дэманструецца недахоп гнуткасці і састарэлыя ўстаноўкі прамоўцы.

«Дзяўчынкам фізіка не вельмі патрэбная, галоўнае — замуж добра выйсці»

Састарэлы дыскрымінацыйны стэрэатып, які абмяжоўвае магчымасці дзяўчынкі. Ствараецца адчуванне, што каштоўнасць дзяўчынкі вымяраецца не ведамі, а сямейным статусам. Адлюстроўвае патрыярхальныя погляды і нежаданне развіваць асобу.

«Хлопчыкі ў інфарматыцы, вядома, лепш разбіраюцца, але і ты можаш пастарацца!»

Зняцэньвае і ставіць дзяўчынку ў пазіцыю слабой і пазіцыю выключэння праз падтрыманне гендарнага стэрэатыпа. Можа падарваць веру ў свае здольнасці і замацаваць гендарную няроўнасць.

«Бацькам з табой адны клопаты»

Выклікае ў дзіцяці пачуццё віны за сваё існаванне, а гэта базавае пачуццё, якое моцна ўплывае на самаацэнку. Можа прывесці да парушэння даверу ў сям’і. Часта праз такую фразу перакладаюць усю віну на дзіця.

«Такія дзеці вучацца ў спецшколах»

Прыхаваная форма стыгматызацыі і знявагі, навешвае цэтлік, фармуе пачуццё адчужанасці і ізаляцыі. Узмацняе страх быць непадобн_ай або дрэнн_ай, замацоўвае прадузятасць і комплексы. Могуць з’яўляцца страхі і непрыманне само_й сябе.

«І што з цябе вырасце?»

Экстрэмальна негатыўныя прагнозы, якія дэматывуюць і ствараюць адчуванне безнадзейнасці. Дзіця можа паверыць у тое, што яго будучыня прадвызначаная, што вядзе да зніжэння імкненняў і адчування ўласнай нікчэмнасці. Так праяўляецца песімізм і страх з нагоды будучыні дзіцяці.

***

За такімі фразамі можа стаяць жаданне выхаваць або паўплываць, але на справе яны нашмат больш шкодзяць, чым даюць карысці. Важна памятаць: дзіця — не дарослы чалавек, яно яшчэ не цалкам умее адфільтроўваць сарказм, аддзяляць крытыку ад нападак. Для яго словы значнай дарослай фігуры — гэта сігнал пра ўласную каштоўнасць. Таму, выбіраючы фармулёўку, мы выбіраем не толькі спосаб зносін, але і тое, якім ён, яна ці яны будзе бачыць сябе заўтра.

дзеці ў школе

Andrej Lišakov | Unsplash

5 прыёмаў, каб сфармуляваць думку і не параніць

Нават калі мы хочам дапамагчы дзіцяці стаць лепш_ай, нашыя словы могуць прагучаць як папрок ці напад. Таму важна сачыць за маўленнем. Перафармуляваць фразу так, каб захаваць сэнс, але не параніць, — гэта навык, і яго можна развіваць, нават калі вы не настаўні_ца — ён спатрэбіцца ў зносінах з падлеткамі для ўсіх, хто хоча данесці думку і не страціць праз гэта павагу і давер.

1. Кажыце пра дзеянне, а не пра асобу

Калі мы кажам «ты безадказн_ая», дзіця чуе глабальную ацэнку сябе, а не пэўнага ўчынку. Гэта б’е па самаацэнцы і можа выклікаць пратэст або закрытасць. Замест гэтага лепш апісваць само дзеянне: «ты не зрабі_ла хатняе заданне» ці «ты спазні_лася на ўрок». Так мы зважаем на паводзіны, а не на асобу і пакідаем прастору для выпраўлення сітуацыі.

2. Выкарыстоўвайце я-выказванні

Фармулёўкі накшталт «вы замінаеце настаўніку» гучаць як абвінавачванне і могуць выклікаць супраціў. Калі ж сказаць: «мне складана працягваць урок, калі ў класе шумна», мы гаворым ад першай асобы і апісваем уласны стан. Гэта зніжае абарончую рэакцыю ў дзіцяці і пераводзіць размову ў больш бяспечнае рэчышча — яно чуе не асуджэнне, а інфармацыю пра наступствы сваіх дзеянняў.

3. Давайце канкрэтыку і варыянты рашэння

Заўвага «старайся больш» гучыць неакрэслена і не дае дакладнага разумення, што менавіта трэба змяніць. Падлеткам асабліва важна атрымліваць канкрэтныя задачы. Напрыклад: «паспрабуй прапісваць формулы ў сшытку, каб не забыцца» або «правер яшчэ раз арфаграфію перад тым, як здаваць работу». Гэта ператварае крытыку ў інструкцыю, з якой можна працаваць.

4. Адзначайце моцныя бакі разам з крытыкай

Калі пачаць размову з прызнання поспехаў, напрыклад, «ты добра рашы_ла першую частку задачы», а затым перайсці да карэктавання («у другой частцы ёсць колькі памылак»), дзіця не будзе ўспрымаць зваротную сувязь як поўны правал. Такі падыход дапамагае захаваць матывацыю і веру ў сябе, нават калі ёсць што выправіць.

5. Сачыце за інтанацыяй і невербальнымі сігналамі

Нават самая карэктная фраза ў раздражнёным або саркастычным тоне будзе ўспрымацца як напад. Дзеці счытваюць эмоцыі па голасе і жэстах хутчэй, чым па словах. Спакойны тон, адкрытая пастава, мяккі погляд і адсутнасць рэзкіх рухаў дапамагаюць стварыць атмасферу даверу, у якой дзіця гатова слухаць і ўспрымаць зваротную сувязь.

***

Cловы, якія настаўні_цы гавораць падлеткам, уплываюць на самаацэнку і гатоўнасць вучыцца не менш, чым адзнакі і дамашнія заданні. Невялікія змены ў фармулёўках, увага да тону, тлумачэнні замест асуджэння могуць ператварыць крытыку ў падтрымку і матывацыю.

З пачаткам новага навучальнага года гэта асабліва важна: першыя дні задаюць настрой усяму году. Калі настаўні_цы і бацькі змогуць зрабіць так, каб дзіця адчувала сябе пачутым і каштоўным, гэта створыць падмурак даверу і ўпэўненасці. І тады школа стане месцам не толькі атрымання ведаў, але і бяспечнай прасторы для росту і самавыяўлення.

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 2

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x