«Я — мама трансгендарнага дзіцяці». Актывістка Аксана пра тое, як стала падтрымкай для свайго сына і іншых бацькоў

ІнклюзіяАсобыГендар
Мама транс-персоны
5
(6)

Нядаўна мы апублікавалі інтэрв’ю з трансгендарным хлопцам Алексам, у якім пагаварылі аб тым, як ён усвядоміў сваю трансгендарнасць, як праходзілі спробы яго транспераходу ў розных краінах і з чым у цэлым сутыкаюцца трансперсоны, што апынуліся ў вымушанай міграцыі.

* Гендарна-афірмацыйная аперацыя — гэта хірургічнае ўмяшанне, якое могуць выбраць некаторыя трансперсоны, каб прывесці выгляд цела ў адпаведнасць са сваёй гендарнай ідэнтычнасцю.

Неўзабаве пасля выхаду гэтага інтэрв’ю Алексу зрабілі гендарна-афірмацыйную аперацыю* ў Літве: гэта быў шлях даўжынёю ў тры краіны, мноства камісій і даведак.

«Дысфарыя і няўпэўненасць пачалі змяняцца на камфорт і гонар за пройдзены шлях. Я стаў насіць адзенне, якога раней саромеўся з-за грудзей», — дзеліцца сваімі пачуццямі пасля аперацыі герой нашага інтэрв’ю.

Мы віншуем Алекса з тым, што ў яго нарэшце атрымалася гэта зрабіць, і зычым яму сіл і найхутчэйшага аднаўлення!

У інтэрв’ю Алекс некалькі разоў згадваў сваю маму, яе падтрымку і тое, што яна са шчырага жадання зразумець, што з ім адбываецца, у выніку стала актывісткай за правы трансперсон. 

Мама Алекса

Таму гэтым разам мы вырашылі пагаварыць з мамай Алекса асабіста. У гэтым інтэрв’ю мы гутарым з Аксанай аб тым, які шлях ёй давялося прайсці ў прыманні свайго дзіцяці, што адчувае мама трансгендарнай персоны, калі ёй даводзіцца бараніць сваё дзіця перад грамадствам, і як яна дапамагае іншым бацькам у прыняцці сваіх дзяцей.

Пра момант, калі Алекс усвядоміў, што быць хлопчыкам яму больш камфортна

«Упершыню гэта выявілася ў 11-12 гадоў, калі ў Алекса змяніўся стыль»

Тады ён пачаў самастойна абіраць сабе адзенне і стаў насіць розныя талстоўкі, джынсы, клятчастыя кашулі — атрымоўваўся такі унісэкс-гардэроб. 

* Прыстасаванні для візуальнага змяншэння частак цела, напрыклад, грудзей. 

У той перыяд ён чытаў і глядзеў анімэ, а таксама пачаў захапляцца касплэямі. У нейкі момант я заўважыла, што для касплэю ён абіраў выключна мужчынскія ролі. Тады ж ён папрасіў заказаць яму прыстасаванні для зацягвання*. Я думала, што яны яму патрэбныя для касплэю, таму не пярэчыла і нават падтрымлівала яго ў гэтай творчасці. Але потым я ўсвядоміла, што гэтая гульня ў касплэй мужчынскіх персанажаў перайшла з фантазіі ў рэальнасць: дзіця ўжо фактычна адчувае сябе хлопчыкам.

У 15 гадоў Алекс зрабіў камінг-аўт. Ён заявіў мне, што пачуваецца хлопчыкам, і папрасіў надалей звяртацца да яго ў мужчынскім родзе. 

Я хутка перайшла на гендарна-нейтральнае імя Алекс. З ім звязаная цікавая гісторыя. Жаночае імя Алекса ў царкве для хрышчэння не прымалі, таму тады яму далі імя Аляксандра. З-за гэтага яго бабулі часта называлі Сашачка, Шурык, Шура.  

Недзе бліжэй да 15 гадоў я заўважыла, што стрыечкі Алекса называюць яго брацікам Сашам — менавіта ў мужчынскім родзе. Гэтак жа яго называла і блізкая сяброўка, з якой яны вучыліся ў школе. 

«Аднойчы Алекс сказаў, што хоча, каб я дапамагла яму з трансгендарным пераходам»

Тады для мяне гэта была вельмі дарагая працэдура. Да таго ж мне было складана прыняць гэтую просьбу: я ўсё ж спадзявалася, што гэта проста такі перыяд, што ён у гэта нагуляецца і «вернецца» ў жаночую гендарную сацыялізацыю.

Аднойчы мы з Алексам пайшлі ў японскую кавярню, і там працавала дзяўчына, якая звярнула ўвагу на тое, што Алекс пазіцыянаваў сябе як хлопчык. Яна сказала, што, маўляў, з ёй тое ж самае было ў падлеткавым узросце, а потым спынілася. З-за гэтага ў мяне толькі ўзмацнілася перакананне, што ў нейкі момант гэта скончыцца.

Алекс адчуваў, што яго цела не адпавядае таму, кім ён чуецца, з-за чаго ў яго пачаўся сэлф-харм. Я стала заўважаць у яго парэзы на руках, на каленях і на грудзях. Ён не мог прыняць сваё цела, якое стала змяняцца ў пубертатным узросце. 

* Гендарная дысфарыя — гэта псіхалагічны стан, пры якім чалавек адчувае разыходжанне паміж сваёй гендарнай ідэнтычнасцю і біялагічным полам.

У Алекса пачалася глыбокая дэпрэсія, якая суправаджалася суіцыдальнымі думкамі і панічнымі атакамі. Мы звярнуліся да псіхіятрыні, і яна пацвердзіла дыягназ «гендарная дысфарыя*», прызначыла медыкаментозную тэрапію і сацыяльную адаптацыю ў жаданым гендары. Яна таксама парэкамендавала нам прайсці курс псіхатэрапіі. Мы хадзілі на яго спачатку разам, а потым паасобку. Менавіта там я пачала прапрацоўваць свае стэрэатыпы і працаваць над сваімі ментальнымі праблемамі.

«Спачатку я не разумела ўвесь цяжар ягонага становішча. Я нават выставіла Алексу ўмову, што нам з яго бацькам важна, каб ён нарадзіў дзіця да пачатку гарманальнай тэрапіі» 

Тады я была перакананая, што тэрапія незваротна змяняе фізіялогію цела і ў будучыні мець дзяцей чалавек ужо не зможа. Я сказала Алексу, што калі ён хаця б замарозіць свае яйцаклеткі, то я дапамагу яму фінансава ажыццявіць пераход, як яму споўніцца 18 гадоў. Тады ён задаў мне пытанне, якое цалкам пераламала маё стаўленне да Алекса і яго праблемы. Ён сказаў:

«Мама, уяві, што ад самага нараджэння ў мяне былі б праблемы са здароўем і я не мог бы мець дзяцей. Ты што, ад мяне адмовілася б? Атрымоўваецца, што нейкія будучыя дзеці для цябе важнейшыя, чым я сам? Ты не ўяўляеш, як мне цяжка жывецца і маральна, і фізічна. Я адчуваю, што ўвесь свет супраць мяне. Ты нават не ўяўляеш, як да мяне ставяцца іншыя людзі. Я столькі разоў цярпеў збіццё, грубасці, калі заходзіў у мужчынскія прыбіральні. Да мяне чапляліся ў метро. Ты не ўяўляеш, якое гэта цяжкае, невыноснае жыццё, у якім я жыву. Калі б я хоць на мізэрную долю мог адчуць, што хачу вярнуцца ў жаночы вобраз, то я б гэта зрабіў, але я не магу. Я адчуваю сябе хлопцам».

Тая гутарка прабіла мяне да глыбіні душы і шмат што змяніла ў стаўленні да Алекса. 

«Я раптам зразумела, што мы, бацькі, часта не ўспрымаем сваё дзіця як самастойную асобу. У нас вечна нейкія чаканні і патрабаванні да сваіх дзяцей»

Тады я і сама пачала змяняцца. Я зразумела, што мая мама ніколі не ўспрымала мяне як самастойную асобу. Яна дагэтуль мне ўказвае, што я павінна насіць і з кім камунікаваць. Менавіта ад яе я пераняла такія паводзіны ў адносінах да сына.

Прыняцце Алекса — гэта таксама мая праца над сабой, якая прывяла да ўсведамлення, што дзіця не абавязанае апраўдваць чаканні маці або бацькі.

«Я заўсёды добра ставілася да ЛГБТК+-персонаў»

Сярод маіх сяброў таксама былі такія людзі. Мой муж жыў 8 гадоў у Амерыцы і ўвесь час наведваў прайды, з’яўляючыся пры гэтым гетэрасэксуальным мужчынам — яму проста падабалася адчуванне свята. Таму ў нас у сям’і заўсёды было да такіх людзей пазітыўнае стаўленне.

Калі мне было 18 гадоў, у мяне было вабленне да маёй сяброўкі.

Аказваецца, яна дагэтуль захоўвае мае мілосныя лісты да яе. А я гэтага нават не памятала! Гэта было нядоўга і лесбіянкай я ніколі сябе не адчувала. Проста ў той час я не падзяляла для сябе паняцці гендару і сэксуальнасці.

Пра тое, якія кнігі і фільмы змянілі стаўленне да трансгендарнасці

Алекс у сваім інтэрв’ю казаў, што я асабліва змянілася пасля супольнага прагляду фільма «Дзяўчына з Даніі». Мы яго глядзелі ўжо пасля таго, як Алекс здзейсніў камінг-аўт. Гэты фільм зрабіў на мяне моцнае ўражанне, у канцы я доўга плакала. Я зразумела, наколькі моцна галоўная гераіня Лілі пакутавала. Яе перажыванні суадносіліся з тым, што пражываў Алекс.

Аксана згадвае таксама фільм «Даласкі клуб пакупнікоў» і тое, як яна суперажывала героям і гераіням. Гэты фільм распавядае гісторыю пра трансгендарную дзяўчыну, якая дапамагае нелегальна распаўсюджваць лекі ад ВІЧ.
Фільм «Дзяўчына з Даніі» распавядае гісторыю трансгендарнай дзяўчыны Лілі, які ўсвядоміла сваю ідэнтычнасць. Ён паказвае складанасці, з якімі ёй давядзецца сутыкнуцца на шляху да прыняцця сябе.

Пасля я пачала вывучаць гэтую тэму глыбей: чытала розныя кнігі, шукала інфармацыю пра трансгендарнасць, ліставалася з людзьмі.

Зразумець Алекса мне дапамаглі дзве кнігі: TRANS і «Ці можа гендар змяняцца?» Першая кніга тлумачыць, што такое гендарная дысфарыя з медычнага і псіхалагічнага пунктаў погляду. Другая — навукова-папулярнай мовай распавядае, што такое гендар. Апроч гэтага, даследаванні дапамаглі мне развеяць шматлікія стэрэатыпы: напрыклад, пра тое, што трансмужчыны не могуць нараджаць, або што гендар наўпрост залежыць ад арыентацыі.

Аз Хакім «TRANS: Даследаванне гендарнай ідэнтычнасці і гендарнай дысфарыі»
Салі Хайнс «Ці можа гендар змяняцца?»

Пра тое, як стала дапамагаць бацькам трансгендарных дзяцей

«У мяне вялікая бяда. У мяне трансгендарнае дзіця»

Мы доўга жылі ў Маскве. І аднойчы са мной там здарыўся дзіўны выпадак. У метро я ўбачыла вельмі п’яную жанчыну: яна тузала мінакоў, прасіла дапамагчы ёй перасесці на іншую лінію. Тут я бачу, што да яе скіроўваюцца два ахоўнікі. Раптам яна ўчапілася ў маю руку і папрасіла дапамагчы. Ахоўнікі гэта ўбачылі і развярнуліся. Кабета сказала, што насамрэч яна зусім не пітушчая.

Кажа: «У мяне вялікая бяда. У мяне трансгендарнае дзіця. Вы, пэўна што, нават пра такое не чулі». Я ёй адказваю: «У мяне таксама». 

Я дапамагла ёй даехаць дахаты, пакінула візітоўку з подпісам: «У мяне таксама трансгендарнае дзіця». Мы пачалі камунікаваць. Яна расказала, што свая_чкі і знаёмыя асуджаюць яе дзіця, але абараніць яго яна не магла. Пасля нашых гутарак яна зразумела, што давер і падтрымка ўласнага дзіцяці важнейшыя за чужую думку. Пасля таго як яна змяніла стаўленне да гэтага ўнутры сябе, з часам пачало змяняцца і кола яе зносінаў.

Потым адбыўся яшчэ выпадак. Алекс некалі збіраў фігуркі з анімэ. І вось я знайшла аб’яву, прыехала купляць, кажу: «У вас такія рэдкія цацкі». А жанчына, якая прадавала, адказвае: «Гэта цацкі маёй дачкі. Яна раней гэтым захаплялася. Але зараз у мяне няма дачкі». Я пытаю: «А што здарылася?» Яна расказала, што яе дачка стала трансгендарным хлопцам, зараз вучыцца ў Швейцарыі, дамоў прыязджае рэдка. Я ёй кажу: «Не паверыце. У мяне таксама».

* Пакер — гэта адмысловы муляж у выглядзе чэлеса, які носяць трансгендарныя людзі, каб стварыць натуральны сілуэт у пахвіннай вобласці.

Я спытала, як яна наогул пра гэта даведалася. Жанчына расказала: неяк яе дачка прыехала на вакацыі, выйшла з душа, і яна ўбачыла, што тая носіць боксеры, а ў іх пакер*. Тады дачка і растлумачыла, што ідэнтыфікуе сябе як трансгендарнага хлопца.

Спачатку гэтая жанчына была настроеная катэгарычна супраць змены полу. Ёй было прасцей адмовіцца ад свайго дзіцяці, чым прыняць тое, што яно робіць пераход. Але потым мы з ёй сталі цесна камунікаваць. Я расказала сваю гісторыю стасункаў з бацькамі, якія гэтак жа не прымалі мяне. Магчыма, гэта на яе неяк паўплывала. У выніку яна дапамагла свайму сыну прайсці трансгендарны пераход — была побач, падтрымлівала яго і маральна, і матэрыяльна.

Потым яна мне расказала, што калі прыняла свайго сына, іх стасункі напоўніліся такім даверам, якога не было да пераходу.

«Я таксама падтрымлівала шэлтар у Маскве для трансгендарных людзей, што хаваліся там ад гвалту ў сям’і» 

Я прывозіла туды мэблю, рэчы. Дапамагала бацькам трансгендарных людзей. Траплялі туды і трансгендарныя персоны, адпрэчаныя і сябрамі, і бацькамі. Так я пачала праяўляць сябе як ЛГБТК+-актывістка.

Я не была прывязаная ні да якой арганізацыі. Усё ішло, хутчэй, ад парыву дапамагчы людзям прыняць сваіх дзяцей. Мой кантакт сталі перадаваць па сарафанным радыё. Такім чынам я пачала камунікаваць з іншымі бацькамі — не толькі трансгендарных дзяцей. Напрыклад, з адной мамай, у якой сын гей. Для яе гэта было вельмі складана. Але праз наша камунікаванне яна стала больш адважнай у прыняцці свайго дзіцяці.

Пра страхі, з якімі сутыкаюцца бацькі трансгендарных дзяцей

«Шмат хто баіцца прымаць сваіх дзяцей праз страх асуджэння»

У бацькоў трансгендарных дзяцей часта вельмі шмат страху. Перадусім гэта звязана з тым, як на іх сям’ю будзе глядзець атачэнне. Яны больш трывожацца пра магчымае асуджэнне, чым пра ўласнае дзіцё, якому ў гэты момант па-сапраўднаму цяжка, бо яно само не да канца разумее, што з ім адбываецца.

Часам дзіцё падае гэта як гульню, бо баіцца адкрыцца, паколькі яно не ведае, як на гэта адрэагуюць блізкія.

«Калі мы з Алексам былі ў сямейнай тэрапіі, у мяне адбылося поўнае прыняцце»

Тады я заявіла ўсім сваім сябрам, блізкім, знаёмым, свая_чкам, што зараз у Алекса новая ідэнтычнасць. Я ім растлумачыла, што гэта ніякі не імідж, не гульня. Я заявіла, што мой дзіцёнак цяпер хлопчык і ён праходзіць трансгендарны пераход. Я папрасіла яго называць Алексам і звяртацца да яго ў мужчынскім родзе.

Я сказала, што калі нехта не можа гэта прыняць, то не трэба сябе ламаць — мы проста спынім з вамі зносіны. Гэта падзейнічала вельмі добра.

Перамяніцца не змаглі толькі бабулі і дзядуля, бо ім складана гэта зразумець праз узрост. Ім дазволена называць Алекса так, як яны прызвычаіліся з дзяцінства.

Вось і атрымліваецца, што ў нас, бацькоў, больш страху перад чужой думкай, што грамадства не прыме нашых дзяцей такімі. Але ў выніку ўсё нашмат прасцей.

Я здзівілася, наколькі лёгка многія прынялі гэта, а некаторыя былі гатовыя пайсці на саступкі, каб не губляць сяброўства і зносіны. 

Пра цкаванне ў школе

«Класная кіраўніца стала пагражаць, што адвядзе Алекса ў камісію па справах непаўналетніх»

У сярэдняй школе пачалі заўважаць, што Алекс не такі, як іншыя дзеці. Сітуацыя пагоршылася, калі ў Алекса пачаўся працэс гендарнай дысфарыі і ён стаў прасіць звяртацца да яго ў мужчынскім родзе. Класная кіраўніца стала мне пагражаць, што адвядзе яго ў камісію па справах непаўналетніх, бо нібыта ён неадэкватна сябе паводзіць. Ужо тады Алекс займаўся з псіхолагам, і я прыносіла даведкі, што ўсё добра. Па вучобе ў яго таксама не было ніякіх праблем. 

У маскоўскай школе, куды трапіў Алекс, некаторыя дзеці пачалі сапраўднае цкаванне і ўжывалі фізічны гвалт у адносінах да майго сына: аблівалі яго кіпнем і вылівалі клей у сумку. Ён прыходзіў дамоў з сінякамі.

Я хадзіла ў адміністрацыю школы і спрабавала разабрацца, але адміністрацыя проста заплюшчвала на гэта вочы.

Потым Алекс вырашыў пераехаць у Мінск і пайсці ў школу ўжо там. У новай школе яму спадабалася. І з настаўні_цамі, і з аднакласні_цамі ў Алекса былі добрыя стасункі.

Нават калі ён называў сябе ў мужчынскім родзе, класная кіраўніца яго падтрымлівала. Мы дагэтуль з ёй камунікуем. 

У гэты перыяд Алекс жыў у бабулі, маёй мамы. Яна з ім вельмі жорстка камунікавала, і на гэтым фоне ў яго пачаліся панічныя атакі, што даходзілі нават да шпіталізацыі. Тады лекар Алекса патэлефанаваў і сказаў, каб я тэрмінова забірала дзіця. Алекс не хацеў вяртацца дамоў да бабулі. Ён ішоў дамоў да класнай кіраўніцы, рабіў там урокі і вяртаўся дамоў толькі паспаць. У выніку я зноў перавезла яго ў Маскву. Там Алекс перавёўся ў іншую школу, але адносіны з аднакласні_цамі зноў не склаліся.

У выніку я проста забрала дакументы з гэтай школы і перавяла Алекса на хатняе навучанне.

*АДЭ (ЕГЭ) — адзіны дзяржаўны экзамен у Расіі, які здаюць школьнікі, каб паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову.

Ён вучыўся дыстанцыйна, здаваў усе экзамены праз інтэрнэт-школу, узаемадзейнічаў з настаўнікам выключна па відэа, а АДЭ* ездзіў здаваць у Санкт-Пецярбург, за анлайн-школай якога ён і быў замацаваны.

Пра пераезд у Літву і любоў да Вільнюса

У 2020 годзе мы з Алексам, як і большасць беларуса_к, зрабілі свой выбар за вольную і незалежную Беларусь. Калі пачаліся пратэсты, усе нашы свая_чкі прайшлі праз Акрэсціна. Мы выходзілі на такія ж пратэсты да амбасады ў Маскве.

Калі пачалася вайна, Алекс браў удзел у антываенных акцыях — праз гэта яму давялося тэрмінова эвакуявацца ў Вільнюс. Я ж знайшла валанцёрскую групу, якая дапамагала ўкраін_кам, гвалтоўна вывезеным з акупаваных тэрыторый. Мой валанцёрскі і ЛГБТК+-актывізм прывялі да таго, што пазней і мне давялося эвакуявацца ў Літву.

Вільнюс для мяне заўсёды быў горадам сілы, месцам, куды хацелася вяртацца. Калі мне было год дваццаць, я ўвесь час сюды прыязджала. У мяне на вачах Літва рабілася незалежнай. Тады ў мяне тут было шмат сяброў: кераміст_кі, маста_чкі, такая творчая тусоўка. Потым шмат хто раз’ехаўся па свеце.

Але, пераехаўшы ў Вільнюс, я апынулася ў глыбокай дэпрэсіі. Я жыла ў Маскве выключна з-за працы: хацела спачатку дапамагчы Алексу ўстаць на ногі, а потым вярнуцца ў Беларусь. Я вельмі доўга гэтага чакала, а па факце аказалася, што я больш не магу туды вярнуцца. 

Стаўленне да ЛГБТК+ у Літве ў асноўным добрае. Да нас з разуменнем ставіліся нават гаспадары кватэры, якую мы здымалі, бо ў дакументах у Алекса адны дадзеныя, а па факце іншыя.

Зараз пачынаю вучыць літоўскую мову, аднаўляю ангельскую. Думаю, усё будзе добра.

Пра актывізм у эміграцыі

У Літве я таксама адразу ўключылася ў актывізм. Мы плануем зарэгістраваць нашу арганізацыю TraM (Transmigrants of Baltics), каб афіцыйна прадстаўляць інтарэсы трансмігранта_к, што патрапілі ў краіны Балтыі. 

Зараз мы актыўна працуем над праектам пра магчымасць змены гендарнага маркера ў дакументах для трансмігранта_к. Апроч гэтага мы хацелі б зрабіць адукацыйны канал. У грамадстве трэба больш казаць пра тое, што так званыя традыцыйныя каштоўнасці і павага да ЛГБТК+ — гэта паняткі, якія не супярэчаць адзін аднаму. 

Ужо пасля пераезду ў Вільнюс я стала падтрымліваць бацькоў трансгендарных персон ад імя нашай арганізацыі. 

Пра сваю кнігу

Проста цяпер я працую над кнігай «Маё трансгендарнае дзіця». Яна распавядае пра мой асабісты досвед прыняцця свайго дзіцяці, пра тое, як змянялася маё стаўленне да дзіцяці і да самой сябе, пра тое, як я змагалася са сваімі страхамі. Прыход да безумоўнай любові і прыняцця свайго дзіцяці такім, якое яно ёсць, зрабіў мяне моцнай. 

Я хачу сказаць, што бацькі ЛГБТК+-дзяцей — гэта абсалютна асаблівыя бацькі. Яны знаходзяць у сабе сілу прыняць, зразумець і бараніць правы сваіх дзяцей. Гэта адважныя людзі, бо часцяком яны сутыкаюцца з грамадствам, якое адмаўляе існаванне іх дзяцей. Але, не зважаючы ні на што, яны працягваюць змагацца за іх правы. Гэта вельмі магутная сіла ў нашым грамадстве.


Аўтарка — Ева Л.

Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 6

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
Падтрымаць
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x