Хочаце разабрацца ў тэмах правоў чалавека, недыскрымінацыі або стаць больш актыўным у грамадскім жыцці? У гэтым артыкуле мы сабралі бясплатныя адукацыйныя курсы і праекты, якія дапамогуць атрымаць неабходныя веды і прымяняць іх на практыцы. Вы даведаецеся, як рэагаваць на парушэнні, абараняць правы іншых і распрацоўваць уласныя праекты, якія могуць зрабіць свет лепшым. Некаторыя курсы даступныя адразу, іншыя адкрываюцца перыядычна — выбірайце тое, што вам падыходзіць, сачыце за абнаўленнямі і далучайцеся!
Калі ў гэтай падборцы няма вашага адукацыйнага прадукту, але вы лічыце, што ён павінен тут быць, — напішыце нам на пошту [email protected], і мы яго дададзім.
Перад тым як перайсці да падборкі — а што па бяспецы?
Большасць правайдараў адказна ставіцца да пытанняў бяспекі і стварае ўмовы, пры якіх удзельні_цы могуць адчуваць сябе камфортна і абаронена. Вось што для гэтага робіцца.
Часта нават на афлайн-курсах у вас ёсць магчымасць захаваць ананімнасць: памятайце, вы не абавязаныя паведамляць іншым удзельні_цам сваё сапраўднае імя, месца жыхарства або дзяліцца іншай асабістай інфармацыяй. Асабліва калі жывяце ў Беларусі.
Верыфікацыя — гэта адзін з найважнейшых этапаў пры фармаванні будучай адукацыйнай групы. Менавіта таму адным з патрабаванняў пры запаўненні формы на ўдзел у курсе можа быць падаванне кантакту асобы, якая можа вас верыфікаваць. Гэта дапамагае арганізатар_кам упэўніцца ў сапраўднасці інфармацыі і стварыць камфортныя і бяспечныя ўмовы для ўсіх удзельні_ц.
Перад пачаткам курса арганізатр_кі часта праводзяць вэбінар па бяспецы, дзе ўдзельні_цам тлумачаць правілы і рэкамендацыі, альбо дасылаюць падрабязныя інструкцыі па бяспечным удзеле.
Звяртайце ўвагу на палітыку захавання дадзеных. Большасць правайдараў не захоўваюць вашу асабістую інфармацыю і клапоцяцца пра канфідэнцыяльнасць удзельні_ц.
Калі ў апісанні курса няма згадак пра захаванне дадзеных, не саромейцеся задаваць пытанні арганізатар_кам. Гаворка ідзе пра вашу бяспеку, і гэта важна.
На жаль, многія праекты, якія займаюцца тэмай правоў чалавека ў Беларусі, прызнаныя экстрэмісцкімі. Гэта рэаліі, у якіх мы сёння жывём. У гэтай падборцы мы пазначылі курсы і праекты, арганізатар_кі якіх ужо маюць такі статус на красавік 2025 года. Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, рэкамендуем звяртаць на гэта асаблівую ўвагу.
Калі арганізацыя або яе медыя прызнаныя экстрэмісцкімі, не варта падпісвацца на яе старонкі ў сацсетках ці публічна ўзаемадзейнічаць з ёй.
Захоўвайце асцярожнасць і карыстайцеся магчымасцямі навучання з максімальнай бяспекай.
А што па грошах?
Як мы ўжо адзначылі вышэй, усе курсы ў гэтай падборцы бясплатныя.
Больш за тое, арганізатар_кі адукацыйных афлайн-курсаў часта пакрываюць выдаткі, звязаныя з удзелам у праграме. У большасці выпадкаў гэта праезд, пражыванне і харчаванне. Рэдка, але бывае, што арганізатар_кі дапамагаюць і з атрыманнем візы.
Гэта ўсё адрозніваецца ў кожна_й з арагнізатара_к і часта залежыць ад канкрэтнага набору. Таму раім чытаць анонсы канкрэтных мерапрыемстваў і там шукаць дакладную інфармацыю.
Ну а цяпер паехалі!
Нырнуць у тэму правоў чалавека
«Тэрыторыя правоў». Уводны курс па правах чалавека ад Беларускай праваабарончай школы
Калі вы ў Беларусі — не падпісвайцеся, не стаўце падабайкі і не дзяліцеся публікацыямі ініцыятывы публічна.
Курс для тых, хто толькі пачынае знаёмства з тэмай правоў чалавека. Праграма прадстаўленая ў інтэрактыўным фармаце і дае базавыя веды пра канцэпцыі правоў чалавека, роўнасці, недыскрымінацыі, а таксама пра дзеянні ў абарону грамадскіх інтарэсаў.
Акрамя навучання Беларуская праваабарончая школа стварае спрыяльныя ўмовы, каб выпускні_цы курса ядналіся для нэтворкінгу, камунікацыі і стваралі супольныя праекты, якія прасоўваюць правы чалавека.
1-3 дні інтэрактыўнага навучання
Афлайн
Для ўсіх, хто толькі пачынае знаёмства з тэмай правоў чалавека незалежна ад узросту і досведу
- гісторыю і асноўныя элементы канцэпцыі правоў чалавека,
- дзеянні ў абарону правоў чалавека і грамадскіх інтарэсаў,
- у залежнасці ад дадатковай тэматыкі ў праграму могуць быць уключаныя асновы роўнасці і недыскрымінацыі, агляд асноўных дакументаў у тэме правоў чалавека і інш.
Даведацца больш можна на сайце Беларускай праваабарончай школы.
Сачыць за анонсамі — у інстаграме «Тэрыторыі правоў» і ў тэлеграме.
Базавая школа па правах чалавека для моладзі ад Беларускай праваабарончай школы
Калі вы ў Беларусі — не падпісвайцеся, не стаўце падабайкі і не дзяліцеся публікацыямі ініцыятывы публічна.
Афлайн-праграма для беларускай моладзі, якая хоча атрымаць сістэмныя веды пра правы чалавека. Курс аб’ядноўвае тэарэтычнае вывучэнне ключавых канцэпцый і практычныя заняткі, накіраваныя на разуменне роўнасці, недыскрымінацыі і механізмаў абароны правоў чалавека. Асаблівая ўвага надаецца каштоўнаснаму падыходу, інтэрактыўным методыкам і азнаямленню з форум-тэатрам.
Акрамя навучання Беларуская праваабарончая школа стварае спрыяльныя ўмовы, каб выпускні_цы курса ядналіся для нэтворкінгу, камунікацыі і стваралі супольныя праекты, якія прасоўваюць правы чалавека.
8 дзён актыўнага і інтэрактыўнага навучання
Афлайн
- гісторыю і асноўныя элементы канцэпцыі правоў чалавека, дакументы і механізмы ў гэтай тэме,
- падрабязны разбор асобных правоў і свабод (напрыклад, свабоды слова, права на жыццё ў кантэксце наяўнасці ў Беларусі смяротнага пакарання),
- тэмы роўнасці і недыскрымінацыі,
- дзеянні ў абарону правоў чалавека і грамадскіх інтарэсаў (занятак у форме майстар-класа)
Даведацца больш — на сайце Беларускай праваабарончай школы.
Сачыць за анонсамі — у інстаграме Беларускай праваабарончай школы.
Анлайн-курс «Правы чалавека — гэта база» ад ініцыятывы «Гэта база»
Трэнер_кі курса — праваабаронца і сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta Валдзіс Фугаш і сузаснавальніца ініцыятывы «Гэта база» Паліна Шайко.
Удзельні_цы курса атрымаюць базавыя веды пра правы чалавека, зразумеюць прынцыпы роўнасці і інклюзіі, а таксама даведаюцца, як рэагаваць на парушэнні і абараняць правы іншых.
Пасля праходжання курса ўдзельні_цы будуць ведаць, як ствараць і распрацоўваць уласныя праекты, а таксама атрымаюць ментарскую падтрымку ад ініцыятывы «Гэта база» на працягу двух месяцаў пасля завяршэння курса.
1 сустрэча на тыдзень цягам паўтара месяца
Анлайн
Для ўсіх зацікаўленых незалежна ад досведу і бэкграўнду, у тым ліку для тых, хто раней ніколі не сутыкаўся з тэмай правоў чалавека. Прыярытэт надаецца людзям, якія знаходзяцца ў Беларусі і маладзейшыя за 35 год, але гэта не абавязковая ўмова
- выкананне ўсіх тэстаў на платформе,
- наведванне як мінімум 5 з 8 анлайн-семінараў
- якія правы чалавека існуюць, што гэта такое і як яны працуюць;
- на якой філасофіі ці на якім падыходзе грунтуюцца правы чалавека і дзеля чаго існуюць;
- якія правы маюць мігрант_кі і як забяспечваюцца іхнія правы чалавека;
- што такое інклюзія і роўнасць і якое значэнне яны маюць у сістэме правоў чалавека;
- што можна рабіць для абароны правоў: ад лакальных ініцыятываў і праектаў да ўдзелу ў міжнародных кампаніях і прасоўвання змен у палітыцы
Сачыць за анонсамі — у інстаграме праекта «Гэта база».
Афлайн-школа па правах чалавека ад ініцыятывы «Гэта база»
Адукацыйная праграма дае магчымасць паглыбіць свае веды пра правы чалавека ў жывым фармаце. Асаблівая ўвага ў курсе надаецца гісторыі правоў чалавека ў беларускім кантэксце, ролі механізмаў і інстытутаў, а таксама прынцыпам недыскрымінацыі і роўнасці.
Пасля праходжання курса ўдзельні_цы будуць ведаць, як ствараць і распрацоўваць уласныя праекты, а таксама атрымаюць ментарскую падтрымку ад ініцыятывы «Гэта база» на працягу 2 месяцаў пасля заканчэння школы.
5 дзён з улікам дзён заезду і ад’езду ўдзельні_ц
Афлайн
Для ўсіх зацікаўленых незалежна ад досведу і бэкграўнду, уключаючы тых, хто раней ніколі не сутыкаўся з тэмай правоў чалавека. Праграма арыентаваная на людзей да 35 год
Кантакт як мінімум адной асобы, якая зможа вас верыфікаваць
- уводзіны ў правы чалавека: што такое правы чалавека, як яны вызначаюцца і якія каштоўнасці ляжаць у іх аснове;
- гісторыю правоў чалавека ў беларускім кантэксце;
- якія ёсць механізмы і інстытуты па правах чалавека, якія ў іх ролі і метады працы;
- як прынцыпы недыскрымінацыі, інклюзіі і роўнасці дапамагаюць ствараць справядлівае грамадства;
- якія існуюць праблемы і выклікі ў рэалізацыі правоў чалавека;
- як кожны чалавек можа эфектыўна ўдзельнічаць у абароне правоў чалавека і ўплываць на сацыяльныя змены
Сачыць за анонсамі можна ў інстаграме праекта «Гэта база».
Курс па правах чалавека ад «Прававой ініцыятывы»
Калі вы ў Беларусі — не падпісвайцеся, не стаўце падабайкі і не дзяліцеся публікацыямі ініцыятывы публічна.
Курс дае магчымасць паглыбіцца ў тэму правоў чалавека і атрымаць базавыя веды аб міжнародных дакументах і стандартах абароны.
Пасля заканчэння курса ўдзельні_цы могуць паспаборнічаць у конкурсе на стажыроўкі, якія аплачваюцца, у беларускіх праваабарончых арганізацыях і далучыцца да супольнасці выпускні_ц, для якіх «Прававая ініцыятыва» ладзіць дадатковыя актыўнасці.
Да 3 месяцаў
3 трохдзённыя афлайн-сесіі і анлайн-вэбінары паміж сесіямі
Для ўсіх ахвочых старэйшых за 18 гадоў, незалежна ад месца пражывання і пачатковага ўзроўню ведаў у галіне правоў чалавека
- Рэкамендацыя для верыфікацыі ўдзельні_ц — пажадана ад праваабаронцаў ці грамадскіх актывіст_ак.
- Досвед удзелу ў падобных курсах па правах чалавека (разглядаецца індывідуальна).
- Згода выконваць правілы групы, якія будуць сумесна распрацаваныя і прынятыя на першай сесіі школы (парушэнне гэтых правілаў можа стаць падставай для выключэння, кожны выпадак разглядаецца асобна)
- асновы правоў чалавека: гісторыя, ключавыя паняцці і прынцыпы;
- міжнародныя дакументы і механізмы абароны правоў чалавека;
- прынцыпы і метады праваабарончай дзейнасці;
- права на асацыяцыю і свабоду мірных сходаў: значэнне і абарона;
- міжнародныя стандарты супраць катаванняў і дыскрымінацыі;
- права на свабоду выказвання меркавання і яго абарону;
- як дзейнічаць у абарону грамадскіх інтарэсаў
Даведацца больш можна на сайце «Прававой ініцыятывы».
Прававы самадапаможнік на кожны дзень ад Nation of Leaders
Калі вы ў Беларусі — не падпісвайцеся, не стаўце падабайкі і не дзяліцеся публікацыямі ініцыятывы публічна.
Гэты курс дапаможа навучыцца абараняць свае правы ў паўсядзённым жыцці ў 6 сферах: ахове здароўя, экалогіі, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, адукацыі, працоўным праве, правах спажыўца.
6 тыдняў. 5 вэбінараў + відэаматэрыялы і заданні на дом
Анлайн-сустрэчы і самастойная анлайн-адукацыя
Для ўсіх ахвочых незалежна ад полу, узросту, сацыяльнага становішча і ведаў у галіне правоў чалавека. Для грамадзян_ак Беларусі, якія сутыкаліся з парушэннем іх правоў і хочуць навучыцца бараніць свае правы і правы сваіх блізкіх
Ахова здароўя: як хутка і эфектыўна вырашыць праблемы, што ўзнікаюць пры звароце ва ўстановы аховы здароўя, як скласці пазоўную заяву на імя арганізацыі.
Жыллёва-камунальная гаспадарка: як пісаць звароты ў службы ЖКГ, як абскардзіць неправамерныя дзеянні абслуговай арганізацыі, зрабіць пераразлік паслуг або добраўпарадкаванне тэрыторыі.
Экалогія: як дзейнічаць пры парушэнні экалагічнага заканадаўства, як бараніць уласнае здароўе і здароўе блізкіх праз абарону навакольнага асяроддзя.
Адукацыя: як вырашаць праблемы з абавязковай адпрацоўкай ці забеспячэннем студэнт_кі жыллём, куды звяртацца пры парушэнні правоў студэнт_кі, як дзейнічаць пры парушэнні правоў дзіцяці ў працэсе школьнага навучання.
Працоўнае права: базавыя правы работні_цы і нарматыўна-прававыя акты, якія іх рэгулююць, алгарытм дзеянняў пры парушэнні працоўнага заканадаўства.
Правы спажыўца: якія правы дае закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», як абараніць свае правы ўласнымі сіламі, дзе шукаць абароны пры парушэнні правоў спажыўца.
Паглыбіцца ў тэму правоў чалавека і авалодаць праваабарончымі інструментамі
Паглыблены курс па правах чалавека ад Беларускай праваабарончай школы
Калі вы ў Беларусі — не падпісвайцеся, не стаўце падабайкі і не дзяліцеся публікацыямі ініцыятывы публічна.
Курс уключае комплекснае вывучэнне міжнародных дакументаў, механізмаў абароны і асобных правоў і свабод, падмацаванае інтэрактыўнымі практыкаваннямі і рэальнымі кейсамі.
Акрамя навучання Беларуская праваабарончая школа стварае спрыяльныя ўмовы, каб выпускні_цы курса ядналіся для нэтворкінгу, камунікацыі і стваралі супольныя праекты, якія прасоўваюць правы чалавека.
Каля 6 месяцаў. 4 трохдзённыя афлайн-сесіі і 3 анлайн-вэбінары паміж сесіямі з хатнімі заданнямі
Гібрыдны: анлайн-вэбінары і падрыхтоўка хатніх заданняў, афлайн-сесіі
Для тых, хто ўжо мае базавыя веды ў правах чалавека і жадае іх паглыбіць ды актывізаваць у практычным рэчышчы. Няма абмежаванняў па ўзросце
- падрабязны разбор асноўных дакументаў і механізмаў абароны правоў чалавека ў практычнай оптыцы,
- паглыблены агляд асобных правоў і свабод (напрыклад, свабоды мірных сходаў, права на выказванне меркавання),
- разгляд тэмы роўнасці і недыскрымінацыі ды шмат практычных практыкаванняў
Даведацца больш можна на сайце Беларускай праваабарончай школы.
Сачыць за анонсамі — у інстаграме Беларускай праваабарончай школы.
Курс «Правы чалавека ў дзеянні» ад «Прававой ініцыятывы»
Калі вы ў Беларусі — не падпісвайцеся, не стаўце падабайкі і не дзяліцеся публікацыямі ініцыятывы публічна.
Асобны фокус гэтага курса зроблены на практыцы: удзельні_цы не толькі засвояць тэорыю, але і будуць працаваць над практычнымі заданнямі, каб замацаваць веды. Асобныя заняткі прысвечаныя праектнаму менеджменту, экалагічнай камунікацыі, а таксама працы ў камандзе — гэтыя навыкі дапамогуць падрыхтавацца да рэалізацыі ўласных сумесных праваабарончых праектаў.
Пасля праходжання курса ўдзельні_цы могуць паспаборнічаць у конкурсе на стажыроўкі, якія аплачваюцца, у беларускіх праваабарончых арганізацыях і далучыцца да супольнасці выпускні_ц, для якіх «Прававая ініцыятыва» ладзіць дадатковыя актыўнасці.
Да 6 месяцаў
6 трохдзённых афлайн-сустрэч і анлайн-вэбінары паміж імі
Для ўсіх ахвочых старэйшых за 18 гадоў, незалежна ад месца пражывання і ўзроўню ведаў у галіне правоў чалавека
- Рэкамендацыя для верыфікацыі ўдзельні_ц — пажадана ад праваабаронцаў ці грамадскіх актывіста_к.
- Досвед удзелу ў падобных курсах па правах чалавека (разглядаецца індывідуальна).
- Згода выконваць правілы групы, якія будуць сумесна распрацаваныя і прынятыя на першай сесіі школы (парушэнне гэтых правілаў можа стаць падставай для выключэння, кожны выпадак разглядаецца асобна).
- Згода выконваць хатнія заданні
- гісторыю правоў чалавека,
- міжнародныя дакументы ў сферы правоў чалавека,
- міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека,
- прынцыпы і метады праваабарончай дзейнасці,
- міжнародныя стандарты забароны катаванняў,
- права на асацыяцыю,
- забарону дыскрымінацыі,
- права на свабоду і асабістую недатыкальнасць,
- бізнэс і правы чалавека: уводзіны,
- права на неўмяшанне ў прыватнае жыццё,
- права на свабоду выказвання меркавання,
- механізм спецыяльных дакладчыкаў,
- свабоду мірных сходаў як права чалавека,
- права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе,
- праектны менеджмент (семінар),
- міжнародныя злачынствы,
- права на справядлівы судовы разбор,
- Канвенцыю па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын,
- экалагічную і эфектыўную камунікацыю, працу ў камандзе
Даведацца больш можна на сайце «Прававой ініцыятывы».
International Law in Advocacy Belarus ад Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава
International Law in Advocacy Belarus (ILIA-By) — гэта комплексная адукацыйная праграма, якая складаецца з курса Bring International Standards Home (BISH) і паслявучэбнай падтрымкі выпускні_ц. Праграма рэалізуецца ў партнёрстве беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый.
Удзельні_цы навучацца працаваць з міжнароднымі прававымі дакументамі і аналізаваць практыку міжнародных органаў, ацэньваць адпаведнасць нацыянальнага заканадаўства міжнародным стандартам і вызначаць парушэнні правоў чалавека. Таксама курс дае магчымасць авалодаць навыкамі аргументацыі сваёй пазіцыі на аснове міжнародных стандартаў і выбару эфектыўных механізмаў абароны правоў чалавека.
Выпускні_цы атрымліваюць сертыфікат і становяцца часткай супольнасці ILIA-By, дзе могуць удзельнічаць у семінарах, канферэнцыях, анлайн-сустрэчах, атрымліваць экспертную падтрымку і міні-гранты для сваіх ініцыятыў.
12 месяцаў:
- уводная анлайн-сесія,
- 5 афлайн-сесій па 3-5 дзён,
- 5 анлайн-модуляў паміж афлайн-сесіямі
Анлайн- і афлайн-сустрэчы
Для юрыста_к, адваката_к, праваабаронцаў, журналіста_к, актывіста_к і выкладчы_ц, чыя дзейнасць звязаная з правамі чалавека
- Веды ў сферы правоў чалавека (удзельні_ца павін_ная мець практычны досвед у абароне і прасоўванні правоў чалавека або быць выпускні_цай базавых адукацыйных праграм і курсаў у гэтай галіне).
- Рэкамендацыя ад прадстаўні_ц грамадзянскай супольнасці (пажадана — ад выпускні_ц ці эксперта_к гэтай праграмы).
- Гатоўнасць удзельнічаць ва ўсіх сесіях, выконваць пісьмовыя заданні і вывучаць дадатковыя матэрыялы.
- Прыхільнасць прафесійнай этыцы і стандартам беларускіх праваабаронцаў.
- Узрост ад 21 года.
- Вышэйшая адукацыя.
- Грамадзянства або пастаяннае пражыванне ў Беларусі.
- Магчымасць выезду за мяжу і ўдзелу ва ўсіх сесіях праграмы
- канцэпцыю правоў чалавека і сучасныя выклікі ў гэтай сферы, асновы міжнароднага права ў галіне правоў чалавека;
- стандарты асобных правоў чалавека;
- імплементацыю міжнародных абавязкаў і дэ-факта імплементацыю;
- механізмы і інструменты абароны і прасоўвання правоў чалавека ў нацыянальнай і міжнароднай практыцы;
- культуру правоў чалавека і абмежаванне правоў чалавека;
- асновы міжнароднага гуманітарнага і крымінальнага права;
- праваабарончую дзейнасць і абарону грамадскіх інтарэсаў
Даведацца больш можна на сайце Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава.
Юрыдычны клуб Rule of Law for Belarus
Юрыдычны клуб — гэта адукацыйны праект, які аб’ядноўвае вакол сябе прафесійных юрыста_к і ўсіх, хто цікавіцца правам, вяршэнствам закона, правамі чалавека, механізмамі і інстытутамі права, а таксама тым, як права працуе і павінна будавацца.
Праект прапануе сучасныя веды пра функцыянаванне прававых інстытутаў, спрыяе абмену ідэямі і меркаваннямі, наладжванню новых кантактаў і сувязяў. Гэта месца, дзе можна ўключацца ў міжнародную юрыдычную супольнасць, знайсці аднадумцаў і карысна правесці час.
Анлайн і афлайн
Юрыст_кі, праваабаронцы, спецыяліст_кі некамерцыйных арганізацый
1. Адукацыйныя мерапрыемствы (анлайн і афлайн)
Мерапрыемствы, якія дазваляюць паглыбіць разуменне права і яго функцыянавання, выходзячы за межы простага «так напісана ў законе ці стандарце». Тэматыка — вяршэнства права, правы чалавека, функцыянаванне прававых інстытутаў.
Своеасаблівая фішка мерапрыемстваў — глыбокі аналіз і разуменне таго, чаму і як створаныя пэўныя прававыя нормы, асэнсаванне падыходаў у працы прававых інстытутаў, разгляд падстаў і прычын канкрэтнай прававой практыкі.
2. Дыскусійныя мерапрыемствы па складаных юрыдычных пытаннях (анлайн і афлайн)
На сустрэчах абмяркоўваюцца пытанні перспектыў прававых рэформ і складаных маральна-этычных аспектаў.
3. Сустрэчы з юрыст_камі і эксперт_камі з Беларусі і замежжа (анлайн і афлайн)
У фармаце размовы запрошаныя госці, якія прадстаўляюць розныя напрамкі юрыдычнай прафесіі, дзеляцца досведам у межах сваёй экспертызы, а таксама разважаюць пра права, прафесійную дзейнасць і жыццё.
4. Юрыдычныя барбекю (афлайн)
Нефармальныя сустрэчы для юрыдычнай супольнасці ў Варшаве і Вільнюсе, дзе юрыст_кі ў цёплай і ўтульнай атмасферы знаёмяцца, падтрымліваюць адно аднаго і прыемна бавяць час на прыродзе разам з дзецьмі, сябр_оўкамі і смачнай ежай.
5. Юрыдычны кінаклуб LawFilms Belarus у Варшаве (афлайн)
Прагляды фільмаў, у якіх уздымаюцца тэмы правасуддзя, справядлівасці, адносінаў грамадства, чалавека і дзяржавы.
Пазнаёміцца з мерапрыемствамі клуба і раскладам на наступныя месяцы можна ў тэлеграм-суполцы Юрыдычнага клуба і на старонцы ў інстаграме.
Анлайн-стажыроўка для беларускіх студэнта_к і магістранта_к юрыдычных спецыяльнасцяў ад Беларускага Хельсінкскага камітэта
Фармальна гэта не тычыцца стажыроўкі, але выконвайце рэкамендацыі па мінімізацыі рызык.
У фокусе Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК) такія тэмы, як дыскрымінацыя, міжнародныя праваабарончыя механізмы, бізнэс і правы чалавека, human rights based approach, SDG, агульная аналітыка па правах чалавека, асобныя правы.
Стажыроўка БХК — адзін з напрамкаў комплекснай працы БХК, накіраванай на ўмацаванне і развіццё беларускай юрыдычнай супольнасці, узмацненне яе прафесійнага патэнцыялу ў сферы правоў чалавека і вяршэнства права.
Стажыроўка БХК накіраваная на падтрымку і развіццё маладых беларускіх юрыста_к, стварэнне для іх новых магчымасцяў, атрыманне імі вопыту як тэарэтычнай, так і практычнай працы з правамі чалавека — што асабліва важна ў кантэксце стану юрыдычнай адукацыі ў Беларусі.
3 месяцы
Анлайн. Стажыроўка складаецца з дзвюх частак — тэарэтычнай і практычнай
Для беларускіх студэнта_к II – IV курсаў, магістранта_к і выпускні_ц* юрыдычных спецыяльнасцяў, якія навучаюцца як у Беларусі, так і па-за яе межамі.
* Для бакалаўрыяту — не пазней за 3 гады з выпуску, для магістратуры — не пазней за 1 год
- наяўнасць каштоўнаснай матывацыі да працы з правамі чалавека,
- жаданне атрымаць новыя веды,
- гатоўнасць уцягвацца мінімум 8 гадзін на тыдзень;
- добрае валоданне ангельскай мовай,
- аналітычныя здольнасці, нестандартнасць мыслення,
- добрае веданне права (суадносна курсу/узроўню навучання),
- наяўнасць вопыту працы з правамі чалавека (тэарэтычнага і практычнага),
- наяўнасць дадатковага досведу працы з пошукам прававой інфармацыі і аргументацыяй (напрыклад, moot courts)
На тэарэтычнай частцы будзе каля 8 заняткаў — семінараў або варкшопаў (раз на тыдзень) на тэмы, якія дазваляюць развіць не толькі прафесійныя кампетэнцыі, але і soft skills.
Прыкладная праграма ўключае такія тэмы:
- Каштоўнасці і эвалюцыя правоў чалавека. Роля праваабароны;
- Прынцып недыскрымінацыі;
- Міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека;
- Бізнэс і правы чалавека: уводзіны;
- Міжнароднае гуманітарнае права: мэты, прынцыпы, прымяненне ў бягучых узброеных канфліктах. Міжнароднае гуманітарнае права і правы чалавека;
- Moot court па правах чалавека;
- Тэхналогіі і legal research;
- Эфектыўная камунікацыя
Стажор_кі будуць дапамагаць у шэрагу бягучых задач БХК: напісанне чарнавікоў дакументаў, збор і аналіз інфармацыі і г.д.
Для кожна_й стажор_кі прадугледжан_ая ментар_ка з каманды БХК, як_ая суправаджае іх на працягу ўсёй стажыроўкі: дапамагае, каментуе, дае водгукі і парады і г.д.
Па выніку стажыроўкі тыя, хто паспяхова яе прайшлі, атрымліваюць сертыфікат і па жаданні далучаюцца да Alumni-кам’юніці
Атрымаць дадатковую інфармацыю аб адборы, кампетэнцыях, якія можна набыць праз стажыроўку, прачытаць водгукі ад былых стажора_к, а таксама падаць заяўку можна на сайце Беларускага Хельсінкскага камітэта.
