Курсы і магчымасці: адукацыя для разумення сябе і свету праз праваабарончы падыход

ІнклюзіяВедыГендарПравы чалавекаЭкалогія
5
(1)

Праваабарончыя каштоўнасці датычацца не толькі законаў і міжнародных пагадненняў — яны прысутнічаюць у нашым паўсядзённым жыцці. Гэта тое, як мы ставімся адно да аднаго, якія словы выбіраем, як выкарыстоўваем рэсурсы планеты, як прымаем сябе і разнастайнасць іншых людзей.

У папярэдняй падборцы мы распавядалі пра адукацыйныя магчымасці ў галіне правоў чалавека, а цяпер сабралі рэсурсы і курсы, заснаваныя на праваабарончых падыходах. Яны дапамогуць вам лепш зразумець сябе і свет, развіць крытычнае мысленне і дзейнічаць дзеля пазітыўных змен.

Для арганізатара_к курса

Калі ў гэтай падборцы няма вашага адукацыйнага прадукту, але вы лічыце, што ён павінен тут быць, — напішыце нам на пошту [email protected], і мы яго дададзім.

Перад тым як перайсці да падборкі — а што па бяспецы?

Большасць правайдараў адказна ставіцца да пытанняў бяспекі і стварае ўмовы, пры якіх удзельні_цы могуць адчуваць сябе камфортна і абаронена. Вось што для гэтага робіцца.

Магчымасць захаваць ананімнасць

Часта нават на афлайн-курсах у вас ёсць магчымасць захаваць ананімнасць: памятайце, вы не абавязаныя паведамляць іншым удзельні_цам сваё сапраўднае імя, месца жыхарства або дзяліцца іншай асабістай інфармацыяй. Асабліва калі жывяце ў Беларусі.

Верыфікацыя ўдзельні_ц

Верыфікацыя — гэта адзін з найважнейшых этапаў пры фармаванні будучай адукацыйнай групы. Менавіта таму адным з патрабаванняў пры запаўненні формы на ўдзел у курсе можа быць падаванне кантакту асобы, якая можа вас верыфікаваць. Гэта дапамагае арганізатар_кам упэўніцца ў сапраўднасці інфармацыі і стварыць камфортныя і бяспечныя ўмовы для ўсіх удзельні_ц.

Правядзенне інструктажу па бяспецы

Перад пачаткам курса арганізатр_кі часта праводзяць вэбінар па бяспецы, дзе ўдзельні_цам тлумачаць правілы і рэкамендацыі, альбо дасылаюць падрабязныя інструкцыі па бяспечным удзеле.

Захаванне дадзеных

Звяртайце ўвагу на палітыку захавання дадзеных. Большасць правайдараў не захоўваюць вашу асабістую інфармацыю і клапоцяцца пра канфідэнцыяльнасць удзельні_ц.

Калі ў апісанні курса няма згадак пра захаванне дадзеных, не саромейцеся задаваць пытанні арганізатар_кам. Гаворка ідзе пра вашу бяспеку, і гэта важна.

Увага да статусу арганізацый

На жаль, многія праекты, якія займаюцца тэмай правоў чалавека ў Беларусі, прызнаныя экстрэмісцкімі. Гэта рэаліі, у якіх мы сёння жывём. У гэтай падборцы мы пазначылі курсы і праекты, арганізатар_кі якіх ужо маюць такі статус на красавік 2025 года. Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, рэкамендуем звяртаць на гэта асаблівую ўвагу. 

Калі арганізацыя або яе медыя прызнаныя экстрэмісцкімі, не варта падпісвацца на яе старонкі ў сацсетках ці публічна ўзаемадзейнічаць з ёй.

Захоўвайце асцярожнасць і карыстайцеся магчымасцямі навучання з максімальнай бяспекай.

Даведацца больш пра гендар

«Гендар з нуля» ад Nation of Leaders

Медыярэсурсы «Нацыі лідараў» уключаныя ў пералік арганізацый, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці

Калі вы ў Беларусі — не падпісвайцеся, не стаўце падабайкі і не дзяліцеся публікацыямі ініцыятывы публічна.

На курсе ўдзельні_цы разбяруцца ў шматузроўневай тэме гендару, даведаюцца, як наша мова ўплывае на бачнасць розных груп, разгледзяць распаўсюджаныя міфы і стэрэатыпы, у тым ліку наконт так званай прапаганды гомасэксуальнасці, а таксама павялічаць ступень гендарнай чуллівасці.

Колькі доўжыцца

8 тыдняў. 7 вэбінараў + відэаматэрыялы і заданні на дом

Фармат

Анлайн-сустрэчы і самастойная анлайн-адукацыя

Для каго

Для ўсіх, хто хоча лепш разумець сябе, гендарныя ролі і іх уплыў на грамадства, сям’ю і кар’еру — незалежна ад полу, узросту, сацыяльнага становішча і ведаў у галіне правоў чалавека

Што будзеце вывучаць
  1. Гендар і гендарная роўнасць: што гэта такое і навошта патрэбна беларускаму грамадству.
  2. Як гендарная роўнасць дапаможа мужчынам.
  3. Гендарная палітыка Беларусі: міфы і рэальнасць.
  4. Як гендарныя стэрэатыпы аказваюць моцны ўплыў на наша жыццё.
  5. Мова і гендар: як мова можа дапамагаць (або перашкаджаць) розным групам стаць бачнымі. 
  6. Гендар у сям’і: «традыцыйная» vs «нетрадыцыйная» сям’я.
  7. Гендар у арганізацыях: навошта патрэбная карпаратыўная гендарная палітыка.
  8. Гендар і сучасная культура: як медыя і культурная індустрыя дапамагаюць стаць гендарна-адчувальнымі і інклюзіўнымі.

Даведацца больш ці запісацца на курс → 

Курсы на тэму гендару, сэксуальнасці і інтэрсекцыянальнасці ад «Прызматыкі»

«Прызматыка» — гэта інтэрсекцыянальная квір-фем-ініцыятыва, якая рэгулярна ладзіць імпрэзы і курсы па тэмах гендару і сэксуальнасці, фемінізму, правоў чалавека і жывёл.

Для каго

Для ЛГБТК+ з Беларусі, незалежна ад месцазнаходжання чалавека

Фармат

Мерапрыемствы праходзяць як анлайн, так і афлайн кожныя 2—4 тыдні. Курсы падтрымкі і адукацыйныя курсы для квір-актывіста_к і беларуса_к-ЛГБТК+ — раз на паўгода 

Сачыце за навінамі і анонсамі ў інстаграме «Прызматыкі» → 

Зін «Сэкс і гендар: як бацькам размаўляць з дзецьмі» ад «Гэта Окей»

«Гэта Окей» займаецца асветай і адукацыяй па тэме гендару і сэксуальнасці. Адзін з асноўных напрамкаў гэтай ініцыятывы — разбурэнне міфаў пра квір-людзей і іх дэстыгматызацыя.

Ініцыятыва стварыла зін для бацькоў аб тым, як размаўляць з дзецьмі пра сэксуальнасць, гендарную ідэнтычнасць, рэпрадуктыўнае здароўе, асабістыя межы, інтымную гігіену і пры гэтым не выклікаць у іх страху, сораму і агіды.

Адна з мэтаў гэтага зіна — зрабіць так, каб дарослыя адчулі сябе больш упэўнена, кінулі саромецца і баяцца гэтых тэм і каб бацькі заўсёды заставаліся на баку свайго дзіцяці.

Таксама «Гэта Окей» падрыхтавалі для бацькоў карысную падборку кніг, мультфільмаў, серыялаў, падкастаў, курсаў і платформаў. Гэтыя рэсурсы дапамогуць бацькам развеяць сталыя стэрэатыпы і пазбавіцца ад страху і няёмкасці. А галоўнае — зразумець, які падыход і фармат размовы на гэтыя тэмы выбраць са сваімі дзецьмі.

Сачыце за навінамі ініцыятывы ў інстаграме «Гэта Окей» → 

Стаць больш экапрыязнымі

«Экашлях. Маленькія крокі да вялікіх змен» ад Nation of Leaders

Медыярэсурсы «Нацыі лідараў» уключаныя ў пералік арганізацый, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці

Калі вы ў Беларусі — не падпісвайцеся, не стаўце падабайкі і не дзяліцеся публікацыямі ініцыятывы публічна.

Курс для беларуса_к, якія хочуць зрабіць сваё жыццё больш экалагічна адказным, але не ведаюць, з чаго пачаць. У фармаце чэленджу ў коле аднадумцаў удзельні_цы навучацца плаўна ўкараняць экапрыязныя звычкі і будуць разам ісці да паляпшэння свайго жыцця і стану навакольнага асяроддзя.

Колькі доўжыцца

6 тыдняў, 5 вэбінараў + відэаматэрыялы і заданні на дом 

Фармат навучання

Анлайн-сустрэчы і самастойная анлайн-адукацыя

Для каго

Для ўсіх актыўных беларуса_к, якія хочуць зрабіць сваё жыццё больш экалагічна адказным, але не ведаюць, з чаго пачаць

Што будзеце вывучаць
  1. ProАдходы: якімі яны бываюць і што з імі рабіць.
    Навошта і як сартаваць адходы. Як замяніць аднаразовы пластык. Куды і як выкідаць старыя лекі. Адходы ў садзе: спальваць ці кампаставаць. 
  2. Вада і здароўе: хто каго.
    Навошта і як эканоміць ваду. «Цвіценне» азёр: што рабіць. Вада для піцця: якая лепшая.
  3. Устойлівае спажыванне: як правесці адметныя даты без шкоды для прыроды. Як навучыцца чытаць этыкеткі і правільна рабіць пакупкі. Пра жыццёвы цыкл тавару, або Як не стаць закладні_цай маркетолагаў.
  4. Змена клімату ў нашым жыцці: пра праблему змены клімату і ролю чалавека ў гэтым працэсе. Як павялічыць энергаэфектыўнасць дома ці кватэры. Як звязаныя наша ежа і глабальнае пацяпленне.

Даведацца больш ці запісацца на курс → 

Курсы ад Школы «Экаідэі»

На курсах Школы «Экаідэі» вы даведаецеся, як скараціць колькасць адходаў і зрабіць эказвычкі радасцю, а не абавязкам; як выбіраць здаровую і экалагічную ежу, пазбягаючы маркетынгавых выкрутасаў; як прывіць экалагічную культуру іншым і як бяспечна гадаваць дзіця, захоўваючы баланс паміж камфортам і клопатам аб прыродзе.

Калі вы пачаткоўца ў тэме экапрыязнасці, то рэкамендуем вам пачаць з тэлеграм-курсу «Экашатл: касмічная экспедыцыя ў чат-боце». У гульнявой форме вы пазнаёміцеся з асноўнымі экалагічнымі тэмамі і даведаецеся, што трэба рабіць, каб весці па-сапраўднаму экалагічны лад жыцця.

Таксама ў вас будзе магчымасць стаць часткай супольнасці, дзе студэнт_кі і выпускні_цы абменьваюцца досведам, падтрымліваюць адно аднаго і натхняюць на новыя крокі да экапрыязнай будучыні.

Фармат

Анлайн-сустрэчы і самастойная анлайн-адукацыя. Большасць курсаў на платформе дасяжныя да праходжання ў любы час

Для каго

Для тых, хто хоча змяніць свой лад жыцця на больш экапрыязны і натхніць навакольных на экалагічныя перамены. На платформе школы ёсць курсы як для тых, хто пачынае свой экашлях, так і для прасунутых, каб удасканальваць веды і дзяліцца з іншымі

Даведацца больш ці запісацца на курс → 

Кіраваць праектамі

Анлайн-курс па скразных каштоўнасцях ад «ІншыЯ»

Telegram-канал «ІншыЯ» быў прызнаны экстрэмісцкім

Калі вы ў Беларусі — не падпісвайцеся, не стаўце падабайкі і не дзяліцеся публікацыямі ініцыятывы публічна.

Гэты курс дапаможа разабрацца, што такое правы чалавека, інклюзія, гендарная роўнасць і экапрыязнасць, а таксама як ствараць і рэалізоўваць праекты, улічваючы гэтыя каштоўнасці.

Фармат

Анлайн. Можна далучыцца ў любы час, а па выніках поўнага праходжання курса — атрымаць сертыфікат

Для каго

Для беларускіх актывіста_к і валанцёра_к, якія хочуць больш даведацца пра скразныя каштоўнасці і іх прымяненне ў сваёй працы

Курс дасяжны для самастойнага навучання →

Афлайн-курс па арганізацыі мерапрыемстваў «Рабі смела!» ад «ІншыЯ»

Telegram-канал «ІншыЯ» быў прызнаны экстрэмісцкім

Калі вы ў Беларусі — не падпісвайцеся, не стаўце падабайкі і не дзяліцеся публікацыямі ініцыятывы публічна.

На гэтым курсе ўдзельні_цы даведаюцца, як рыхтаваць і праводзіць паспяховыя мерапрыемствы, якія натхняюць і прыносяць карысць. Курс навучыць складаць бюджэт, вызначаць мэтавую аўдыторыю, распрацоўваць канцэпцыю мерапрыемства, а таксама ўлічваць скразныя каштоўнасці, такія як правы чалавека, інклюзія, гендарная роўнасць і экапрыязнасць.

Па выніках курса ўдзельні_цы распрацуюць гатовую канцэпцыю свайго мерапрыемства, атрымаюць падтрымку ў працэсе падрыхтоўкі і зваротную сувязь пасля яго правядзення.

Удзельні_цы, якія паспяхова завершаць курс, атрымаюць сертыфікаты.

Фармат

Афлайн у Вільнюсе (Літва) + самастойная практыка

Для каго

Для беларускіх актывіста_к, якія толькі пачынаюць свой шлях у арганізацыі мерапрыемстваў і не маюць (або маюць мала) вопыту ў арганізацыі мерапрыемстваў — як анлайн, так і афлайн. 

Сачыце за анонсам на сайце або ў інстаграме «ІншыЯ» → 

Бібліятэка карысных матэрыялаў пра скразныя каштоўнасці ад «ІншыЯ»

Telegram-канал «ІншыЯ» быў прызнаны экстрэмісцкім

Калі вы ў Беларусі — не падпісвайцеся, не стаўце падабайкі і не дзяліцеся публікацыямі ініцыятывы публічна.

«ІншыЯ» стварылі зручную бібліятэку, дзе сабраныя матэрыялы пра правы чалавека, інклюзію, гендарную роўнасць і экапрыязнасць. Усе матэрыялы арганізаваныя ў рубрыкі, каб вы маглі хутка знаходзіць патрэбнае і выкарыстоўваць гэта ў працы ці навучанні.

Для каго

Для выкладчы_ц і трэнера_к, якія хочуць уключаць каштоўнасці ў свае адукацыйныя праграмы. Для актывіста_к і праектных менеджара_к, што працуюць над сацыяльнымі або экалагічнымі ініцыятывамі. Для арганізацый, якія імкнуцца зрабіць сваю дзейнасць больш інклюзіўнай і экалагічнай. Для ўсіх, хто хоча пашырыць свае веды і рэалізаваць каштоўнасці ў жыцці і працы

Дадаць бібліятэку карысных матэрыялаў у закладкі →

Адукацыйныя прадукты ад «РАДА»: кіраванне праектамі, камунікацыя, палітычны ўдзел і soft skills

«РАДА» ўключаная ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў»

Калі вы ў Беларусі — не падпісвайцеся, не стаўце падабайкі і не дзяліцеся публікацыямі ініцыятывы публічна.

«РАДА» не працуе з тэмай правоў чалавека наўпрост, пакідаючы гэта сяброўскім арганізацыям, з якімі супрацоўнічае. Але яна закладае падыходы, заснаваныя на правах чалавека, роўнасці і недыскрымінацыі ў свае адукацыйныя прадукты, якія ахопліваюць такія тэмы, як:

  • праектны менеджмэнт, 
  • фандрайзінг, праца ў камандзе, 
  • прасоўванне дзейнасці некамерцыйных ініцыятыў,
  • стварэнне супольнасцяў, 
  • палітычны ўдзел, 
  • soft skills, 
  • негвалтоўная камунікацыя,
  • адукацыя трэнера_к нефармальнай адукацыі.

У шматлікія курсы і праграмы асобнымі блокамі дадаецца тэма скразных каштоўнасцяў.

Фармат

Сустрэчы анлайн і афлайн

Для каго

Моладзь (да 35 гадоў) унутры Беларусі і ў міграцыі, маладыя актывіст_кі

Сачыце за абвесткамі пра адукацыйныя магчымасці на сайце «РАДА» ці ў інстаграме: праграмы выходзяць рэгулярна.

Ютуб-бібліятэка карысных відэаматэрыялаў для НДА

«Карыснае для НДА» — гэта адкрытая бібліятэка карысных відэаматэрыялаў пра метады і стратэгіі развіцця для арганізацый, ініцыятыў і супольнасцяў. Адзін з плэйлістоў бібліятэкі прысвечаны актыўнаму грамадзянству і адносінам чалавека з дзяржавай

Таксама ў бібліятэцы ёсць «база» пра трэці сектар: як пісаць праектныя заяўкі і справаздачы, з чаго пачаць планаванне праекта і як даведацца пра патрэбы мэтавых груп.

Журналіст_кам і супрацоўні_цам медыя

Лекцыі «Соль» ад Прэс-клуба

«Соль» — гэта праект беларускага Прэс-клуба, дзе медыяпрафесіянал_кі дзеляцца сваім вопытам і лепшымі практыкамі: як працаваць у абмежаваных умовах, праводзіць расследаванні, абараняць сябе і крыніцы інфармацыі, як будаваць моцныя гісторыі з дапамогай ШІ, адаптавацца да новых платформаў і ствараць кантэнт для TikTok, YouTube і Instagram.

Фармат

Лекцыі, тэсты і эксплэйнеры

Для каго

Для ўсіх, хто любіць журналістыку

Чытаць цікавае на сайце «Соль» →

Курсы па стандартах свабоды выказвання ад Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ)

Беларуская асацыяцыя журналістаў уключаная ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў»

Калі вы ў Беларусі — не падпісвайцеся, не стаўце падабайкі і не дзяліцеся публікацыямі ініцыятывы публічна.

БАЖ прыкладна раз на паўгода арганізуе афлайн- ці анлайн-трэнінгі па свабодзе выказвання для журналіста_к. Асноўная ўвага на гэтых трэнінгах надаецца каштоўнасцям і стандартам свабоды выказвання, а таксама магчымым абмежаванням гэтай свабоды.

Фармат

Анлайн і афлайн, у залежнасці ад адукацыйнай праграмы

Для каго

Для журналіста_к, рэдактара_к, медыяменеджара_к, супрацоўні_ц медыя, адказных за выраб і выпуск кантэнту

Сачыць за анонсамі курса на сайце БАЖ →

Не знайшлі тое, што шукалі?

Мы падрыхтавалі для вас спіс «агрэгатараў» анонсаў, дзе сабраныя карысныя спасылкі і адукацыйныя магчымасці. Тут вы знойдзеце яшчэ больш анонсаў курсаў, лекцый, семінараў і іншых мерапрыемстваў, якія могуць вас зацікавіць!

  1. sekktor | магчымасці для культурных і творчых людзей БеларусіTelegram-канал мае extreme-статус на тэрыторыі Беларусі.
  2. adu.place — адукацыйныя магчымасці з усяго свету і кантэнт для беларускай моладзі. Telegram-канал мае extreme-статус на тэрыторыі Беларусі.
  3. Тэрыторыя правоў — канал пра правы чалавека: адукацыя і магчымасці развіцця для кожнага і кожнай.
  4. Падборка — магчымасці і нагоды актыўнічаць.
  5. Твои возможности — нагоды, каб актыўнічаць. Telegram-канал мае extreme-статус на тэрыторыі Беларусі.
  6. Come here — адукацыйныя івэнты, курсы, праграмы, конкурсы, канферэнцыі ў Беларусі і не толькі.

Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 1

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
Падтрымаць
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x