Інтэрв’ю ўпершыню апублікаванае на сайце DW. Мы перадрукоўваем яго, бо яно ўзнімае важныя тэмы — пра жыццё з інваліднасцю, пра міграцыю і пра ролю гумару ў цёмныя часы.
Стэндап-артыстка Саша Гушча жартуе пра жыццё з інваліднасцю, сваё затрыманне на жаночых пратэстах і пераезд у Літву. DW пагутарыла з ёй пра чорны гумар, развіццё беларускага стэндапа і жарты з сябе самой.
Ва ўніверсітэце беларуска Саша Гушча пісала дыпломную працу пра чорны гумар, а цяпер сама актыўна практыкуе яго са сцэны. Пасля пераезду ў Літву яна стала выступаць у англамоўным стэндапе, дзе дзеліцца асабістымі гісторыямі пра жыццё з інваліднасцю, затрыманне на пратэстах у Беларусі, эміграцыю ў Літву.
Яшчэ ў маленстве Саша моцна пацярпела на пажары — так, што абвугліліся пальцы рук, твар, косці чэрапа. Пасля было доўгае лячэнне, шмат аднаўленчых аперацый і — крыўдных каментароў. Цяпер Саша сама жартуе пра гэта са сцэны, называючы сябе, напрыклад, чэмпіёнкай Беларусі ў «Камень, нажніцы, папера».
«Калі я выходжу і расказваю сваю гісторыю, то кантралюю ўвесь негатыў і свядома запрашаю залу смяяцца не з мяне, а разам са мною», — кажа Саша. Пра прыняцце і смех з самой сябе, росквіт беларускага стэндапа і жаданне не толькі забаўляць — у інтэрв’ю DW.
«Я зрабіла вялікую працу над сабою і прыняццем сябе»
Калі і як у вашым жыцці з’явіўся стэндап?
У 2020 годзе я пайшла ў добраахвотны лакдаўн, таму шмат часу бавіла ў інтэрнэце. На YouTube я знайшла і перагледзела выступы заходніх комікаў з інваліднасцю. Гэта як быццам раскрыла мне вочы на тое, што комікаў з інваліднасцю ўжо вельмі шмат, яны існуюць і людзі да іх адкрытыя.
Пасля пераезду ў Вільню ў 2022 годзе я падумала, што жыву ў новым грамадстве і трэба заводзіць новыя знаёмствы. Я даведалася пра адкрытыя мікрафоны і вырашыла паспрабаваць. Гэта было ў чэрвені 2022 года.
Як вы прыдумляеце і пішаце свае выступы?
Зазвычай у мяне ёсць дзве катэгорыі матэрыялу. Першая засноўваецца на асабістым досведзе. Для мяне вельмі важна, каб у маіх выступах быў пасыл. Таму я імкнуся натхняцца са сваіх жа гісторый пра жыццё з інваліднасцю, пра прыклады дыскрымінацыі, мой ЛГБТ-досвед, досвед пратэстаў, пра Беларусь і эміграцыю. Асаблівае месца ў маім сэрцы і памяці займаюць выпадкі, калі пасля выступаў падыходзіць хтосьці з залы і дзякуе за тое, што я гавару на гэтыя тэмы. «Я і не ўяўляў, што людзі з інваліднасцю сутыкаюцца з нечым падобным», — сказалі мне аднойчы.
А другая катэгорыя — гэта распаўсюджаны падыход, які выкарыстоўваюць многія комікі: каментаваць бягучыя падзеі. Мне падабаецца фраза пра тое, што цяпер мы жывем у такія часы, што жыццё табе дае або добрыя ўспаміны, або матэрыял для стэндапа. Яго столькі, што можна, як той казаў, абмазацца ў некалькі слаёў. Проста гартаеш стужку навін і глядзіш, што дрэннага адбылося. Для мяне гэта ўдалы перыяд, бо мая асноўная сфера — чорны гумар.
А як вы пачуваецеся, калі людзі смяюцца з жартаў, у якіх вы смеяцеся з самой сябе?
Выдатна. Насамрэч, для мяне гэта тэрапеўтычны досвед. У працэсе самога выступу адбываецца свайго роду ацаленне. Увогуле для мяне гэта паказнік таго, што я зрабіла вялікую працу над сабою і прыняццем сябе.
У дзяцінстве я была вельмі адчувальная да сітуацый, калі хтосьці з мяне смяяўся, я часта сутыкалася з дыскрымінацыяй. Заўсёды было вельмі траўматычна і крыўдна, калі з мяне здзекаваліся. З таго часу я прайшла доўгі шлях, і мне стала нашмат прасцей смяяцца з сябе. Да таго ж я навучылася ўспрымаць сябе не так сур’ёзна. Я разумею, што я таксама смешны чалавек і раблю шмат глупстваў, з якіх можна і трэба пасмяяцца.
У дадатак да гэтага я вельмі паважаю стэндап як пляцоўку для абмеркавання асабістага досведу. Калі я выходжу на сцэну і расказваю свае гісторыі, я кантралюю ўвесь негатыў і свядома запрашаю залу смяяцца не проста з мяне, а разам са мной. Гэта значыць, я даю індульгенцыю на гэта. Гэта надае мне ўпэўненасці.
«Важна, каб чорны гумар не скаціўся да набору кпінаў»
Пра што вы самі ніколі не сталі б жартаваць?
Я імкнуся быць уважлівай з жартамі на тэму любой дыскрымінацыі і досведу, з якім сама асабіста не сутыкалася. На сваім прыкладзе ведаю, як часта людзі, у тым ліку комікі, бачаць чужы жыццёвы досвед і абясцэньваюць яго, кажуць, што гэта нейкае глупства толькі таму, што яны яго не разумеюць. Я не хачу быць адной з іх.
Тое, пра што прымальна жартаваць у грамадстве, шмат сведчыць пра яго культуру і каштоўнасці. Бывае, комік выходзіць на сцэну і проста выдае кучу абразлівых выразаў. Яго праз гэта крытыкуюць, а ён пачынае скардзіцца, што яго адмяняюць, бо гэта нібыта яго праца — правакаваць гледача. Не, важна, каб чорны гумар не скаціўся да набору кпінаў, не стаў звычайнай дыскрымінацыяй.
У Літве вы выступаеце на англійскай мове, што падаецца задачай з вялікай зорачкай. Як вы напрацавалі гэты навык?
Для мяне жартаваць і размаўляць на ангельскай мове ў нейкай ступені нават прасцей, чым на беларускай, якая з’яўляецца маёй роднай мовай. Проста праз тое, што я працую ў IT і ангельская — мой асноўны прафесійны інструмент.
Вучыць ангельскую я пачала гадоў у шэсць-сем, калі мы з мамай упершыню апынуліся ў ЗША на аперацыі. У нейкім сэнсе я павінна ёй падзякаваць за гэта, бо тады яна сказала, што ўжо застарая для таго, каб засвойваць нешта новае і вучыць мову. Так я стала маміным асабістым перакладнікам. З дзяцінства я спажывала шмат кантэнту на ангельскай мове, і яна стала для мяне вельмі камфортнай.
«Палітычны гумар часта з’яўляецца рэакцыяй грамадства на прыгнёт»
Беларусь і беларусы з 2020 года жывуць у бесперапынным палітычным крызісе, беларускага стэндапа і гумару пры гэтым робіцца толькі больш. Чаму так адбываецца?
Чорны, табуяваны гумар расцвітае ў першую чаргу ў часы трагедый, нестабільнасці, нейкіх глабальных выпрабаванняў. Напрыклад, палітычны гумар часта з’яўляецца рэакцыяй грамадства на прыгнёт, нестабільнасць. Таму я зусім не здзіўленая, што цяпер мы гэта і назіраем. Некаторыя лічаць, што змрочны гумар дапамагае зняцэніць статус тых, хто цяпер мае ўладу, і тых, хто прымае дыскрымінацыйныя рашэнні. Іншыя перакананыя, што ён не эфектыўны.
Вы на эміграцыі ўжо тры гады. Пераезд звычайна багата чаго абнуляе. Як вы пачуваецеся ў эміграцыі цяпер, калі мінуў пэўны час?
Насамрэч, я вельмі задаволеная сваім выбарам, радая, што вырашыла пераехаць менавіта ў Вільню. Мне вельмі пашанцавала, бо тут дастаткова вялікая і актыўная дыяспара беларусаў: адразу пасля пераезду я знайшла знаёмых і сяброў, якіх ведала яшчэ ў мінулым жыцці.
Да таго ж Літва, насамрэч, шмат у чым падобная да Беларусі: няма адчування, што я з’ехала занадта далёка ў нейкі кардынальна іншы клімат ці менталітэт. Апошнім часам я шмат задумляюся пра тое, што я тут ужо больш за тры гады, пытаю сябе, што рабіць са сваім жыццём далей: заставацца тут ці ехаць кудысьці далей? Пакуль не ведаю, але думкі такія наведваюць.
У адным з інтэрв’ю вы казалі, што ў вас была крыўда на грамадства ў Беларусі, якое досыць жорстка ставіцца да тых, хто выглядае ці жыве па-іншаму, але 2020-ты на гэтае адчуванне паўплываў. А як цяпер? Ці захавалася вера ў беларускае грамадства?
Складанае пытанне, насамрэч. У 2020-м маё ўяўленне пра патэнцыял беларускага народа да барацьбы, да прагі зменаў вельмі моцна змянілася ў лепшы бок. На жаль, маё захапленне крыху згасла, бо тады ў нас была вялікая мэта, адзін агульны вораг, супраць якога мы ўсім натоўпам выходзілі і стаялі плячом да пляча. Цяпер, калі некаторыя з нас спрабуюць займацца дзейнасцю ў дыяспарах, шмат што, на жаль, вылазіць вонкі. Ёсць шмат момантаў, у якіх даводзіцца сутыкацца з суворай рэальнасцю, што не ўсе людзі, якія складаюць апазіцыю супраць рэжыму Лукашэнкі, падзяляюць гуманістычныя ідэалы і каштоўнасці. Сярод іх хапае і сэксістаў, і гамафобаў, і расістаў, адэптаў варожасці і розных праблемных ідэалогій. Гэта, вядома, засмучае. Але ўсё роўна хочацца верыць, што патэнцыял нікуды не падзеўся.
