Гэты тэкст вырас са спрэчкі паміж аўтаркай — даследчыцай фемінісцкай тэорыі кіно — і яе сябрам, якія разбіраюцца, ці сапсаванае сучаснае кіно «павестачкай», палітыкай і чорнымі русалачкамі.
«Ды што там твае сырнікі … Тут русалачка — чорная!» — менавіта з гэтай фразы пачалася адна мая раніца, калі я пасмажыла сырнікі, а сябар услых прачытаў навіну пра цемнаскурую русалачку. І гэты добры чалавек, які слухае джаз, ездзіць на ровары, сартуе смецце, любіць вінтажнае адзенне, аказваецца, трываць не можа гістарычных недакладнасцяў, рэпрэзентацыю, а яшчэ гатовы напісаць пост аб тым, што хопіць ператвараць людзей у «манекенаў MeToo»!
«Ты, вядома, сябар, але ісціна даражэйшая», — падумала я і паглыбілася ў даследаванне. Вынікам стала магістарская праца пра фемінісцкую тэорыю кіно. Я пастанавіла запісаць усе нашы спрэчныя моманты і назаву іх «Пяць халодных сырнікаў», якія мы тады так і не з’елі. Бо зацята змагаліся за пояс чэмпіён_кі з надпісам — «Выкусі! Я маю рацыю!»
«Інклюзія — гэта трэнд, а не мастацтва»
Пасля першых іскраў сваркі стала зразумела: існуе перакананне, што інклюзія ў кіно — толькі модны трэнд, ці нават горш — знешні ціск актывіста_к на тонкія душы сінемамэйкера_к. Але давайце паглядзім, што страшнага ў трэндах?
Насамрэч трэнд — гэта ўсяго толькі агульная тэндэнцыя, мода, актуальнасць, попыт. У кіно трэнд — гэта магчымасць задаволіць інтарэсы публікі і зарабіць кінаіндустрыі. Вось прыклад трэнду, які зрабіў свет больш справядлівым, а жанр біяграфія — высокабюджэтным у галівудскім кіно.
У 2017 годзе #MeToo нарабіла шуму не толькі ў кіно, але і ў журналістыцы — у сацыяльных сетках адна за адной з’явіліся гісторыі актрыс і журналістак пра сэксуальныя дамаганні. І для «споведзі» нішто не пасавала так добра, як інтэрнэт і сацсеткі. У СМІ інфармацыя праходзіць процьму ўзгадненняў — добра калі толькі праз рэдактара_к, магчыма, яшчэ і праз інвестара_к і іх палітычныя і сацыяльныя інтарэсы. Сацсеткі ж давалі магчымасць хутка і без цэнзуры расказаць пра праблему.
Як гэта выглядала? На змену вычытаным артыкулам у газетах і часопісах прыйшлі прамыя і адкрытыя тэксты, больш падобныя да размоваў у чаціку сярод сяброў. І з гэтага моманту з’явіўся трэнд на рэалізм у медыя. Больш за астатніх дасталася чыстай камедыі*.
Памятаеце фільмы пачатку 2000-х пра модных журналістак «Як пазбыцца хлопца за 10 дзён», «Прыгажуня і партфель»? Дзяўчаты толькі пачалі сваю кар’еру, але чамусьці жывуць у цэнтры Нью-Ёрка, носяць сумкі Prada, заўсёды ў гуморы і гатовыя развітацца з кар’ерай дзеля стасункаў.
Дык вось пасля #MeToo гэтыя камедыі перайшлі ў групу нізкабюджэтных. З гэтым фарматам сёння рэдка працуюць прадзюсар_кі, бо гледачам і глядачкам цікава назіраць рэальнае жыццё і яго праблемы, а яшчэ, каб кіно падсвятліла, як даваць рады гэтым праблемам — такі паход да псіхолага па кошце квітка ў кіно ці падпіскі на Netflix.
Так узнік трэнд на драмедзі* — жанр, які цяпер займае нішу сярэднебюджэтных фільмаў.
Самую высокую планку сярод высокабюджэтных фільмаў заняў баёпік. Пасля 2017 года пра журналіста_к было знята 10 баёпікаў, сярод якіх «Сакрэтнае дасье» (2017; $50 млн), «Яе праўда» (2022; $32 млн), «Вялікая» (2023; $34 млн).
У такія праекты, бо яны ў трэндзе, уключаюцца акторкі з вялікімі кантрактамі. І некаторыя з іх мяняюць індустрыю знутры. Фрэнсіс Макдорманд (тая самая актрыса з «Трох білбордаў на мяжы Эбінга, Місуры») на адной з цырымоній «Оскара» прапанавала падтрымаць ініцыятыву inclusion rider*. Так я прыйшла да высновы, што трэнды і мастацтва не супярэчаць адзін аднаму,
а попыт на інклюзію вядзе кіно ад нямога стагоддзя да сучаснасці. І гэта па-сапраўднаму надае кіно гуку, дзе чутны голас кожнага і кожнай.
— Але ты не разумееш, — казаў ён мне. — Гэта ўжо не кіно! Гэта палітыка!
Давайце разбяромся і з гэтым.
«Навошта палітыка лезе ў кіно?»
— Чаму проста нельга рабіць сапраўднае мастацтва?
Шчыра кажучы, калі я чую фразу «сапраўднае мастацтва», то нават не спрачаюся. Бо ведаю, што гэта справа густу пад лозунгам «Гэта крута, бо падабаецца мне». Як зразумець — ці сапраўднае мастацтва? На гэтае складанае пытанне адкажуць толькі фанаты Томі Вайса.
Але што з палітыкай? Для многіх тое самае «сапраўднае мастацтва» павінна быць па-за палітычнымі спрэчкамі, а любая форма рэпрэзентацыі, няхай гэта будзе цемнаскуры герой, самастойная жанчына ці ЛГБТК+-персанаж, выглядае як навязванне.
Магчыма, я вас здзіўлю, але ў кіно заўсёды была палітыка. Возьмем звычайныя, здавалася б, тэмы:
- пакупкі (ад газіроўкі да дома) — гэта палітыка спажывання, і часцей за ўсё яна пра тое, што ты можаш жыць лепшае жыццё, калі купіш …;
- падзел на мужчынскае і жаночае — гендарная палітыка;
- дачыненні, сям’я, нараджэнне дзяцей у кіно — дэмаграфічная палітыка.
І гэта ўсё тыя рычагі, якія дазваляюць мяняць грамадства.
Пасля Другой сусветнай вайны ў амерыканскім кінематографе ўсхваляўся вобраз жанчыны — хатняй гаспадыні. Калі мужчыны пайшлі на фронт, жанчыны занялі іх працоўныя месцы і даказалі, што здольныя спраўляцца з любой прафесіяй не горш за мужчын. Пасля вайны ўрад, у якім былі адны мужчыны, не хацеў пакідаць жанчынам працоўныя месцы, якія былі патрэбныя мужчынам пасля вяртання з фронту. Транслявалася палітыка спажывання і дэмаграфіі, каб зноў уцягнуць людзей у звычайнае жыццё з пакупкамі, сям’ёй, нараджэннем дзяцей.
У кіно XX стагоддзя куды ні ткні — тыя ж камедыі накшталт «Кватэры» з Джэкам Леманам, «Кветкі кактуса» з Голдзі Хоўн або «Скрасці мільён» з Одры Хэпбёрн — усё гэта гісторыі пра дэмаграфічную палітыку. Пра тое, што галоўнае — напаткаць каханне. А калі ты не жадаеш адносін, то ты дакладна «гуляка» (такіх таксама ганілі ў кіно і імкнуліся выправіць пры дапамозе станоўчых персанажаў).
Усё, што сёння падаецца нам звыклым і нейтральным у кіно, на справе з’яўляецца часткай палітычнага і сацыяльнага парадку дня. Гэтыя нормы настолькі прараслі ў грамадстве, што сталі нябачнымі. Паспрабуйце паглядзець фільм, уяўляючы, што вы не хочаце адносін. Вы будзеце здзіўленыя, як кіно пачне літаральна ціснуць на вас.
Мы не заўважаем палітычнага ўплыву старых наратываў, покуль не з’яўляецца нешта, што іх аспрэчвае, да прыкладу інклюзія, — і тады гэта адразу робіцца «палітыкай», бо інклюзія ўваходзіць на іх палітычнае поле.
Так, палітыка ў кіно — не новая з’ява, а, хутчэй, неад’емная частка гэтай індустрыі, якая развіваецца паводле двух сцэнараў: або сама дыктуе грамадству «як трэба», калі тое пасіўна прымае, або пытаецца ў грамадства, «як трэба», калі грамадства актыўна выказваецца.
Як і з самой палітыкай — калі ты ёй не цікавішся, то яна будзе цікавіцца табою. Менавіта таму за інклюзію змагаюцца, каб утрымліваць гарызантальныя адносіны паміж грамадствам і інстытуцыямі.
А яшчэ таму, што інклюзія выцягвае на свет новых герояў і гераінь і паказвае разнастайнасць грамадства. Стары «ідэальны свет» з яго «хачу адносін», «хачу дзіця» — гэта такі ж жорсткі дыктат, дзе ты «альбо пан, альбо прапаў». Імавернасць таго, што вы знойдзеце адлюстраванне сябе ў тым самым вобразе з кіно, — малая. Глядач_ка заўсёды будзе дзесьці пасярэдзіне — паміж рэальным жыццём і карцінкай на экране. Але разнастайнасць дазваляе паказаць нашае жыццё ў адценнях і паўтонах. Дарэчы, пра колеры.
— Ды што там твае сырнікі… Тут русалачка — чорная!
Чорная русалачка, або «Яны псуюць класічныя сюжэты і персанажаў!»
Менавіта з такім абурэннем я сутыкнулася на адной са сваіх лекцый, прысвечаных інклюзіі ў кіно. Пасля таго як я абараніла сваю навуковую працу ў гэтай тэме, мне захацелася выйсці за межы акадэмічнай «бурбалкі» і пачуць іншыя думкі. І больш за ўсё нязгодных абурала такое: «Навошта белых персанажаў граюць цемнаскурыя? Яны псуюць класічныя сюжэты і персанажаў!»
Я магла б доўга шукаць складаныя аргументы ці прыдумляць адказы, якія прымусілі б слухачоў прыняць мой пункт гледжання. Але мой адказ просты:
таму што могуць!
Аўтарская інтэрпрэтацыя — гэта законная прастора для ўяўлення, а не скажэнне. Яшчэ на першым курсе, на занятках тэорыі літаратуры, я захапілася тэмай гістарычнай выдумкі і зразумела, што ўсё, што не прапісана, можа быць прыдумана!
Напрыклад, Іван Жахлівы піша ліст Шуйскаму. Сам тэкст ліста — гэта факты. Але ўсё, што засталося за межамі — як рэагаваў Шуйскі, у што быў апрануты Іван Грозны, — гэта прастор для выдумкі. Але нават тое, што прапісана, можа быць пераасэнсавана. Класіка жыве менавіта дзякуючы таму, што яе ўвесь час інтэрпрэтуюць, а не кансервуюць у першародным выглядзе.
Вы самі штодня змяняеце сэнс класікі. Калі чытаеце тэкст, напісаны два стагоддзі таму, яго пераасэнсоўваеце вы, сучасны чалавек, прапускаючы інфармацыю праз сучасны мозг — гэта таксама аўтарская інтэрпрэтацыя.
Змена полу, расы ці арыентацыі вядомых персанажаў — будзе гэта Русалачка, Папялушка, Лэдзі Макбет — успрымаецца як скажэнне і навязванне, замах на святую класіку.
Мне заўсёды цікава, каго выбралі б на ролю Прывіду бацькі Гамлета тыя, каго гэта так чапляе? Для тых, хто шукае абсалютнай гістарычнай дакладнасці, я б параіла дакументальныя фільмы ці гістарычныя рэканструкцыі — там сапраўды ёсць выразныя межы. Усё астатняе ўтрымлівае аўтарскую інтэрпрэтацыю.
Можа быць, гэта будзе навука аўтар_кам, а можа, проста мая «атрута», але калі хочацца абсалютнай гістарычнай дакладнасці, то ўдакладняйце ў сцэнары: «Ёрык адназначна памёр», «Русалачка выключна белая», «Папялушка не лесбіянка». Хоць сучасная Папялушка — гэта, на маю думку, адназначна эмігрантка, якая сустракае польскую дзяўчыну, і яны жывуць доўга і шчасліва! А яшчэ я зрабіла б гэта ў фармаце Лега, каб пашырыць узроставыя межы аўдыторыі.
У канчатковым выніку ўсё зводзіцца да простай ісціны: права гледача — не глядзець. Калі інтэрпрэтацыя не адгукаецца, заўсёды можна пераключыць канал. Але права аўтар_кі — ствараць і адлюстроўваць свет, які ўвесь час змяняецца. І гэта не псаванне мастацтва, а адлюстраванне ў люстэрку рэальнасці.
— Гэта не толькі не рэалістычна, гэта наогул ненатуральна!
«Гэта ненатуральна!»
Менавіта такое адчуванне ўзнікае ў некаторых гледачоў і глядачак, калі яны бачаць на экране інклюзіўных персанажаў. Іх успрымаюць як галасы розуму, правадыроў каштоўнасцяў, пазбаўленых індывідуальнасці, нібы кіношных анёлаў над плячом героя. Іх моцны бок — каштоўнасці, якія яны транслююць; а слабы — адсутнасць жывога характару.
Такая «ненатуральнасць» узнікае не праз саму інклюзію, а тады, калі сцэнарыст_кам недаплачваюць ці калі спрабуюць выканаць умовы паліткарэктнасці дзеля птушачкі, наймаючы людзей без сапраўднага разумення вопыту тых груп, каго яны хочуць прадставіць.
У такім выпадку атрымліваецца не персанаж, а ідэалагічна зараджаны артыкул пра сенакосы.
У гэтым выпадку дапамагае сапраўдная інклюзія, такая як inclusion rider: яна забяспечвае рэпрэзентацыю прадстаўні_ц розных груп не толькі на экране, але і на здымачнай пляцоўцы.
І пакуль масцітыя прадстаўні_цы кінаіндустрыі часта заяўляюць, што інклюзія вядзе да пасрэднасці, рэальныя факты сведчаць пра адваротнае. Напрыклад, у лістападзе 2024 года дырэктар кінафестывалю Camerimage Марэк Жыдовіч напісаў, што
яны не будуць падтрымліваць пасрэднае кіно, нават калі яно знятае жанчынай.
У адказ на гэта каманда фільма «Субстанцыя» і многія госці адмовіліся ехаць на фестываль, а яшчэ падалі петыцыю, дзе спаслаліся на даследаванне, якое паказала, што за апошнія гады Camerimage адбіралі ў асноўным мужчынскія заяўкі.
У петыцыі яны заклікалі заснавальніка і каманду фестывалю зрабіць канкрэтныя крокі для таго, каб на фестывалі была роўная колькасць жанчын і мужчын рэжысёраў.
Кінематограф доўга паказваў жаночы досвед праз мужчыну, чарнаскурых персанажаў — праз белых сцэнарыста_к, ЛГБТК+ — праз гетэрасэксуальных рэжысёра_к. Не варта дзівіцца ненатуральным вобразам, гэтак жа як не варта акругляць вочы, калі бачыш фота Канскага фестывалю 2012 года, якое ў кнізе Immy Humes The Only Woman названа няйначай як Men’s Room — з 18 пераможцаў не было ніводнай жанчыны.

А жанчыны могуць шмат. Напрыклад, здымаць якаснае кіно з нізкімі бюджэтамі. Svenska Institutet у рапарце Money Issue прыйшоў да высновы, што рэжысёркі і прадзюсаркі найчасцей працуюць у сярэднебюджэтных і інды-фільмах і дамагаюцца вялікіх касавых збораў.
Дык што там наконт Вандар-вуман?
«Усе жанчыны цяпер Вандар-вуман? А як жа вандар-мамы? Вандар-студэнткі?»
Падчас нашай размовы мяне не пакідала адчуванне, што ёсць рэчы, якія не задавальняюць і мяне таксама. Адчуванне, што сучаснае кіно перагінае, навязваючы адзіную выяву моцнай, незалежнай, маскуліннай жанчыны, абясцэньвае іншыя жаночыя ролі і стварае таксічны ціск. Менавіта таму я люблю тыя самыя серыялы пра звычайных жанчын — тут я не буду вам нічога рэкамендаваць, гэта ўжо іншая рубрыка.
Часта нас прывучаюць да думкі, што мы вартыя ўвагі, калі дасягнулі поспеху. Такі падыход вядзе да гадзін тэрапіі.
Жанчыны вартыя быць пачутымі, нават калі яны не выратавалі свет, а проста жывуць сваім жыццём.
Вандар-мамы, вандар-студэнткі, вандар-геданісткі, якія глядзяць серыяльчыкі, гуляюць з кніжкай у парку, робяць ці не робяць кар’еру. Хочацца як-небудзь убачыць гісторыю пра эмігрантку, якая скончыла магістратуру ў Польшчы, гуляе з сабакамі на выходных і не імкнецца да стасункаў. Убачыць сваю гісторыю на экране — гэта важна. Гэта дае пачуццё сувязі, падтрымкі і разумення, нібы сустракаеш тую самую роднасную душу на экране.
Аўтарка: Субота
Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values — JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

