«Радзіма, якой мяне пазбавілі»: гісторыя Зарасцін, чыя сям’я пакутуе ад рэпрэсій супраць памірскай меншасці ў Таджыкістане

ІнклюзіяАсобыПравы чалавека
памирцы
5
(15)

Беларусы часта дзівяцца, што ў свеце не так ужо шмат ведаюць пра пратэсты 2020 года, а яшчэ меней — пра тое, што было і ёсць пасля. Нехта злуецца, нехта абураецца — «якія ж замежнікі абыякавыя!». Але ці шмат мы самі ведаем пра боль іншых людзей і іх народаў? Што мы чулі пра Таджыкістан? Хаця да 1991 года нашы краіны дзялілі гісторыю. Не шмат хто пры гэтым у курсе, што пасля распаду СССР у Таджыкістане пачалася грамадзянская вайна, ахвярамі якой, паводле афіцыйных дадзеных, сталі больш за 60 тысяч чалавек.

А што там адбываецца цяпер? У 2022 годзе ў краіне пачаўся мірны пратэст — і пракацілася хваля рэпрэсій супраць яго ўдзельнікаў, а таксама актывістаў, журналістаў, адвакатаў. Слезацечны газ, затрыманні, ператрусы, гібель людзей. Боль і несправядлівасць не маюць прывязкі да пашпарту, і мы ўпэўненыя, што спагада да чужой бяды і салідарнасць па-за межамі — тое, што дапамагае спадзявацца на лепшую будучыню для ўсіх.

Таму сёння дзелімся аповедам Зарасцін Халбаш, бацькі якой зараз у турме, а сама дзяўчына пад прыкрыццём змагла пакінуць Таджыкістан. Яе гісторыя, якую запісаў Лёша Гуліцкі, — пра памірцаў і іх змаганне за волю, пра раз’яднанасць і страхі, пра «віну ацалелага» і пра пранізлівыя сямейныя ўспаміны.

Спачатку кантэкст. У Горна-Бадахшанскай аўтаномнай вобласці, што на ўсходзе Таджыкістана, спакон вякоў жывуць этнічныя групы, якіх аб’ядноўваюць пад агульнай назвай памірцы. Большасць з іх вызнаюць ісмаілізм — адзін з кірункаў шыіцкага ісламу. Афіцыйна ўлады Таджыкістана не прызнаюць памірцаў асобным этнасам, настойваючы, што ўсе жыхары рэгіёна — таджыкі. Пры гэтым памірцы на працягу дзесяцігоддзяў сутыкаюцца з дыскрымінацыяй, ціскам на іх культурныя і рэлігійныя традыцыі, а таксама з пераследамі і рэпрэсіямі.

Праваабаронцы пастаянна паведамляюць пра жорсткія парушэнні правоў памірцаў. Іх мову выцясняюць з адукацыі і афіцыйнай сферы, традыцыі забараняюць, а любыя спробы адкрыта заявіць пра сваю ідэнтычнасць разглядаюць як выклік дзяржаве. Рэгіён літаральна нашпігаваны сілавікамі, якіх дасылаюць з іншых частак Таджыкістана. Яны сеюць атмасферу страху, душаць пратэсты, затрымліваюць людзей без тлумачэння прычын і забіваюць без суда.

У 2022 годзе рэпрэсіі дасягнулі піку. Іх ахвярамі сталі сотні людзей. Пацярпела і сям’я Зарасцін Халбаш. Бацькоў дзяўчыны арыштавалі за «арганізацыю пратэстаў» і прысудзілі ім велізарныя тэрміны. Сама яна збегла з Таджыкістана. Даем слова Зарасцін.

«Кожны дзень — нібы на парахавой бочцы»

Зарасцін Халбаш

— Я нарадзілася ў Харогу — высакагорным горадзе, што працягнуўся ўздоўж ракі. Гэта цэнтр Паміра — рэгіёна ў самым сэрцы Цэнтральнай Азіі, які называюць «дахам свету». Тут на вышыні дзвюх тысяч метраў перасякаюцца гандлёвыя шляхі, гісторыі народаў і культур. Сёння гэта аўтаномная вобласць у складзе Таджыкістана. У сталіцу гэтай краіны, Душанбэ, мы з бацькамі пераехалі, калі я была маленькай. Мама выкладала ў Расійска-таджыкскім (славянскім) універсітэце, а тата працаваў у памежнай службе.

Душанбэ быў для мяне домам. Сябры, школа, бацькі — усё маё жыццё было там. Харог жа я ўспрымала як месца, дзе жылі мае бабуля і дзядуля. Штолета я бавіла вакацыі ў іх дома. 

А вось для маіх ​бацькоў іх карані і памірская ідэнтычнасць былі вельмі важныя. Яны спазналі ўвесь жах грамадзянскай вайны, якая выбухнула ў Таджыкістане пасля распаду СССР, — і зразумелі, што значыць быць «іншымі», меншасцю. Гэта пакінула глыбокі след у іх жыцці. Яны нястомна змагаліся за правы памірцаў, за захаванне мовы, культуры, рэлігіі — і проста за магчымасць быць пачутымі. Яны займаліся асветай, дамагаліся таго, каб улады Таджыкістана ўлічвалі інтарэсы памірцаў. Пісалі звароты, выступалі на сустрэчах, патрабавалі дыялогу.

У памірскім грамадстве іх недалюблівалі, нярэдка адкрыта выказвалі незадаволенасць. Шмат хто лічыў змаганне маіх бацькоў бессэнсоўным — маўляў, усе правы ў памірцаў ужо былі.

Гэта рэшткі савецкага мыслення: калі людзі здавольваюцца тым, што маюць, і баяцца патрабаваць большага, абы не наклікаць бяды.

Але мае бацькі ніколі не звярталі на гэта ўвагі. Яны цвёрда ведалі, за што змагаюцца.

У 2012 годзе, калі я хадзіла ў дзявяты клас, мы з татам вымушана пераехалі ў Харог. Здарылася гэта з-за ўварвання ўрадавых войскаў на Памір. Пачаліся рэпрэсіі супраць нашага народу, і бацькі вырашылі, што мне жыць у Душанбэ небяспечна. Мама, аднак, засталася там.

Ідэя пераезду мяне зусім не ўзрадавала. Я любіла Душанбэ, хоць жыццё ў Таджыкістане не было лёгкім. Кожны дзень — нібы на парахавой бочцы: ніколі не ведаеш, калі зробіш нешта непажаданае ўраду і апынешся за кратамі. Ці ў магіле.

Маленькая Зарасцін з татам і мамай
Маленькая Зарасцін з татам і мамай

«Я прачыналася ад рыданняў мамы»

— 25 лістапада 2021 года на Паміры забілі актывіста Гулбіддзіна Зіёбекава. 

За год да гэтага ён заступіўся за дзяўчыну-памірку, якую дамагаўся памагаты пракурора, этнічны таджык. Гулбіддзін і іншыя памірцы ўтрымлівалі яго і патрабавалі выбачэнняў. За гэта на іх завялі крымінальную справу. Гулбіддзіна выклікалі на допыт у пракуратуру і адпусцілі. Сітуацыя была напружанай, але паступова сыходзіла на нішто — пакуль улады Таджыкістана не прызначылі новага кіраўніка нашага рэгіёна.

Тады ў вёску, дзе жыў Гулбіддзін, прыехалі спецназаўцы. Яны знайшлі яго і наставілі на яго зброю. Гулбіддзін паспрабаваў уцячы: разумеў, што ў выпадку затрымання яму бяды не мінуць. Спецназаўцы адкрылі агонь. Калі Гулбіддзін перабягаў мост, у яго трапіла куля. Ён зваліўся. Спецназаўцы схапілі Гулбіддзіна, абвязалі дротам яго шыю і пацягнулі ў аўтазак. Сведкі сцвярджалі, што на момант затрымання Гулбіддзін быў жывы. Праз гадзіну пасля арышту яго змярцвелае цела прывезлі ў морг Харога.

Урад Таджыкістана звінаваціў ва ўсім самога Гулбіддзіна — нібыта пры сабе ён меў зброю і першым адкрыў агонь. Сведкі кажуць адваротнае — але іх галасы заглушаюць прапагандай. Яна апраўдвае злачынствы рэжыму «барацьбой з тэрарызмам». Пад гэтай эгідай урад пачаў узмацняць жорсткасць кантролю над Памірам яшчэ ў 90-х — пасля грамадзянскай вайны, падчас якой памірцы падтрымлівалі апазіцыю.

Забойства Гулбіддзіна трапіла на відэа. Мая мама глядзела яго па начах, каб я не бачыла, і плакала. Я прачыналася ад яе рыданняў. 

Гэта было жудасна. Але менавіта тады я зразумела, што для маіх бацькоў іх памірская ідэнтычнасць выяўляецца праз безумоўную, бязмежную любоў да свайго народу. Гэта любоў, у якой няма ўмоваў і межаў.

«У адзінстве і ўзаемадапамозе я бачу аснову нашай культуры»

— Сям’я ніколі не навязвала мне памірскай ідэнтычнасці. Не прымушала вучыць мову, не патрабавала прытрымлівацца традыцый. Жывучы ў Душанбэ, я амаль не мела сяброў-памірцаў, у асноўным мела зносіны з таджыкамі. Шмат каго жудасна раздражняла, калі памірцы сябе аддзялялі — і я таксама не разумела, чаму мы гэта рабілі. Але паступова ўсведамленне сябе як паміркі мацнела ўва мне: дзякуючы назіранню за бацькамі, за іх любоўю да народу, за іх змаганнем за правы памірцаў. Пасля пераезду ў Харог гэта ідэнтычнасць канчаткова аформілася. Паўплывалі і сам горад, і яго людзі, і традыцыі.

У нас, памірцаў, свая мова, якая значна адрозніваецца ад таджыкскай, свая культура. Мы вызнаем іншую плынь ісламу: памірцы — ісмаіліты (шыіты), а жыхары астатняй часткі Таджыкістана — суніты.

Памірцы — неверагодна добры і гасцінны народ. Нягледзячы на складаныя ўмовы жыцця, людзі захоўваюць мяккасць і чалавечнасць. На Паміры дзверы дамоў заўсёды адкрытыя, і гэта не проста прыгожы выраз: дзверы ў даслоўным сэнсе застаюцца адкрытымі для кожнага, хто мае патрэбу ў дапамозе ці сховішчы. Людзі дапамагаюць адно аднаму, не чакаючы нічога наўзамен.

Памірцы

Якраз у адзінстве і ўзаемадапамозе я бачу аснову нашай культуры. Балюча ад таго, што апошнім часам гэтага робіцца меней. З-за рэпрэсій людзі пачынаюць баяцца адно аднаго, а часам — нават здраджваць.

Урад Таджыкістана стварае для памірцаў невыносныя ўмовы, і шмат хто, асабліва маладое пакаленне, з’язджае. Удалечыні ад дома захоўваць сваю культуру і традыцыі цяжка, але людзі ўсё адно адзначаюць народныя святы і праводзяць вяселлі па памірскіх традыцыях.

«Быць паміркай — значыць супрацьстаяць»

— Памірская ідэнтычнасць — не толькі ў мове, культуры ці рэлігіі, але і ва ўнутраным адчуванні супраціву, які перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Для мяне быць паміркай — значыць супрацьстаяць. Не пагаджацца са статус-кво, не прымаць дыктатуру і рэпрэсіі. Быць паміркай — значыць захоўваць вернасць сваім каштоўнасцям, а таксама прынцыпам бацькоў і продкаў. Гэта значыць не здраджваць памяці тых, каго бесперапынку забівалі з часоў грамадзянскай вайны, і тых, хто цяпер знаходзіцца ў зняволенні з палітычных прычын.

Ёсць памірцы, для якіх норма — называць сябе таджыкамі. Я не асуджаю такіх людзей, бо для кожнага памірская ідэнтычнасць азначае нешта сваё. Але мне складана называць сябе таджычкай. Таму што менавіта таджыкі забіваюць мой народ, кідаюць памірцаў у турмы. Узнікае пытанне: калі мы ўсе таджыкі, то чаму менавіта жыхароў Паміра забіваюць ужо на працягу 30 гадоў?

Я, вядома, разумею, што не ўсе таджыкі дрэнныя, і ў маім атачэнні шмат выдатных таджыкаў. Але праблема ў тым, што ў Таджыкістане шматлікія тэмы табуяваныя. Гісторыя рэпрэсій памірцаў — у іх ліку. 

Шмат хто нават не спрабуе зразумець, чаму памірцам складана называць сябе таджыкамі. Ёсць уяўленне, быццам мы лічым сябе лепшымі за іншых і аддзяляемся проста таму, што хочам падавацца асаблівымі.

Адгэтуль узнікае непрыязнасць, а потым — нянавісць.

Аслепленыя ёю, людзі апраўдваюць дзеянні ўрада, пры гэтым не ўсведамляючы: рэпрэсіі, якія датыкнуліся памірцаў, у кожны момант могуць закрануць і іншых. Гэта ўжо адбываецца. У 2022 годзе ў Таджыкістане пачаліся масавыя арышты журналістаў, адвакатаў — усіх, хто хоць неяк выказваў сваю думку.

У турме апынуліся і мае бацькі.

Сообщения
Паведамленні, якія Зарасцін адправіла бацькам, калі зразумела, што пасля затрымання іх не адпусцяць

«Звінавацілі ў арганізацыі пратэстаў»

— На падсвядомым узроўні я заўсёды адчувала, што маёй сям’і пагражае небяспека. Па-сапраўднаму страшна стала пасля забойства Гулбіддзіна.

Тады ў Харогу пачаліся мірныя мітынгі. Людзі прынеслі на галоўную плошчу цела Гулбіддзіна і пачалі прасіць справядлівага расследавання. Ва ўсім рэгіёне адразу ж адключылі інтэрнэт, а потым вайскоўцы пачалі страляць па мірных жыхарах. Забілі дваіх мужчын.

Адзін быў зусім хлапчук. Яго мама знаходзілася ў Маскве, і бацька чакаў яе вяртання, каб яны маглі разам пахаваць сына. У той час ён быў у нас дома. Ён не плакаў — проста глядзеў у адну кропку. Мяне гэта моцна напалохала.

Устрывожыліся і бацькі. Тату з таго моманту заўсёды суправаджалі яго сябры і блізкія. Мяне адну нікуды не пускалі. Машыну без нагляду не пакідалі. Уся сям’я жыла ў сталым страху. 

Я тады паехала ў Кыргызстан: сканчала апошні семестр ва ўніверсітэце ў Нарыне. Расслабіцца не магла нават там, таму што перажывала за бацькоў. На жаль, трывогі былі не марныя. У траўні 2022-га, за месяц да майго выпускнога, маму і тату затрымалі. Яе звінавацілі ў арганізацыі пратэстаў, яго — нават не паклапаціліся патлумачыць у чым.

«Некалькі дзён абзвоньвала турмы і моргі»

Напярэдадні арышту бацькоў я гаварыла з імі па відэасувязі. Пра абвінавачанні супраць іх тады ўжо было вядома. Я плакала, а мама мяне суцяшала — маўляў, усё будзе добра, бо яна ні ў чым не вінаватая. Мама заўсёды была наіўнай.

Мама сказала мне тады: што б ні здарылася, я павінна прайсці праз гэта з высока паднятай галавой — бо я наймацнейшы чалавек, якога яна ведае. Мне было смешна, таму што я і блізка не такая моцная, як мама. 

З татам размаўляла ў той жа дзень. Ён таксама спрабаваў мяне супакоіць. Паўтараў, што ўсё будзе добра. Я хацела верыць гэтым словам, але нутром разумела: нашу сям’ю чакае нешта жудаснае.

Маму арыштавалі проста на вачах у маёй сястры і трохгадовай пляменніцы. Мы не ведалі, што з ёй будуць рабіць далей. Тата не выходзіў на сувязь. Толькі пад вечар праз сацыяльныя сеткі мы даведаліся, што яго таксама арыштавалі.

Неўзабаве пачалі паступаць навіны пра тое, што некалькіх памірскіх лідараў забілі, а некаторыя самі паквіталіся з жыццём, каб не трапіць у рукі ўраду. Я асцерагалася самага горшага. Некалькі дзён абзвоньвала турмы і моргі: баялася за тату. Гэта быў самы цяжкі час. На шчасце, бацьку знайшлі жывым.

Я вельмі хацела вярнуцца дамоў, быць бліжэй да сям’і. Але мне пачалі тэлефанаваць з невядомых нумароў — з пагрозамі і абразамі. Стала зразумела, што вяртацца на Памір нельга. Тады я падала заяву на гуманітарную візу ў Швейцарыю. Афармленне заняло пяць месяцаў — гэта быў цяжкі перыяд, поўны страху і трывогі. Я баялася нават выходзіць на вуліцу, а з бацькамі так і не было сувязі.

У дзень ад’езду мяне раптам нагнала ўсведамленне: магчыма, гэта апошні раз, калі я знаходжуся так блізка да свайго дому. Гэта было невыносна цяжка. 

У Швейцарыю мяне вывезлі таемна, пад прыкрыццём. Гэта нагадвала баявік — напружанне, нервы і страх не адпускалі да самага канца.

«Шматлікія людзі, якіх я ведала з дзяцінства, забітыя»

— Сёння ў турмах Таджыкістана сядзяць мае бацькі, стрыечныя браты, дзядзькі. Шматлікія людзі, якіх я ведала з дзяцінства, забітыя. Напрыклад, Мамадбакіраў Мамадбакір — найсумленны чалавек, які быў пакараны смерцю ў Харогу сярод дня, без суда і следства.

Я страціла сваю апору. Я страціла давер. Я страціла спакой.

Мая дзяржава вынішчае мой народ — пачуцці, якія гэта выклікае, немагчыма апісаць словамі. Я люблю Таджыкістан, я люблю Памір. Гэта радзіма, якой мяне пазбавілі, з крывёй выдраўшы з сям’і і дома.

Першыя месяцы я злавалася на грамадства. Мне пісалі ў сацсетках словы падтрымкі. Казалі, што ведаюць: мая сям’я ні ў чым не вінаватая. Але пры гэтым дадавалі, што нічога не могуць зрабіць, таму што баяцца.

Зараз я імкнуся зразумець гэтых людзей і іх страх — але гэта ўсё адно вельмі складана. Прабачыць страх — гэта адно. Прыняць тое, што гэты страх дазваляе чыніць несправядлівасць, — зусім іншае.

«Увесь час думаю: лепш бы я апынулася ў турме замест бацькоў»

— У эміграцыі мне складана. Абсалютна ўсё складана.

Першы час пасля пераезду я не хацела выходзіць на вуліцу. Не магла бачыць, як спакойна тут жывуць людзі.

З-за гэтага ў мяне развілася дэпрэсія. Кожны дзень прымушаю сябе прачынацца і рухацца наперад, хай і малюсенькімі крокамі.

Зараз я працую, вучу мову, рыхтую дакументы на магістратуру. Вучуся наноў жыць. Не ведаю, ці змагу некалі стаць той бесклапотнай Зарай, якой была раней, — і намагаюся прыняць гэта. 

Пачуццё віны цісне. Увесь час думаю, лепш бы я апынулася ў турме замест бацькоў: на волі яны змаглі б больш зрабіць, чым я. Штораз, калі палітвязні захворваюць ці паміраюць у турме, у мяне пачынаецца паніка. У такія моманты ненавіджу ўсё вакол. Даводзіцца браць сябе ў рукі, сталець хутчэй і падладжваць сваё жыццё пад рэаліі. Думкі пра бацькоў трымаюць на плаве. Дзеля іх іду наперад.

«Успаміны пра дом асабліва важныя. Часам здаецца, што вось-вось усё забудуся»

— Я страшэнна ўдзячная Швейцарыі, але не пачуваюся тут як дома. Дом для мяне — гэта Памір, гэта агмень бабулі і дзядулі, вакол якога збіраецца ўся сям’я. 

Успаміны пра гэта зараз для мяне асабліва важныя. Часам здаецца, што вось-вось усё забудуся. Не бачыла бацькоў два гады, але здаецца, быццам прайшла цэлая вечнасць.

Адзін з маіх самых улюбёных успамінаў з дзяцінства — як мама кожны дзень вадзіла мяне ў садок і па дарозе мы ўслых чыталі верш Блока «Дзяўчына спявала ў царкоўным хоры».

Каля нашай хаты тады сядзела пажылая руская бабуля. Мы заўсёды спыняліся каля яе, каб прывітацца. Мама заходзіла ў краму і купляла мне і бабулі булачку з разынкамі. Я, вядома, любіла гэтыя моманты за булачку, але была незадаволеная, што мама дае бабульцы яшчэ некалькі самані ў дадатак. Быўшы дзіцём, не разумела, чаму бабуля атрымоўвае грошы, а я — не. Часам мама ціха шаптала сабе пад нос: «Завошта гэтай бабульцы такое жыццё?» Калі бабуля памерла, мама доўга плакала.

Яна заўсёды дапамагала людзям, і калі бачыла жабракоў, не праходзіла міма. Мы з татам часта казалі ёй: «Мам, бачна ж, што хлусяць». — «Ніхто ад шчаслівага жыцця не пойдзе прасіць грошы», — нязменна адказвала яна. 

Я думала, што ў мамы занадта добрае сэрца, і з-за гэтага мы часта сварыліся. «Мам, ты не можаш выратаваць увесь свет», — паўтарала я ўжо ў соты раз. — «Трэба жыць па сумленні. Як я потым вам у вочы глядзець буду?» — спакойна адказвала мама. Гэта яе правіла назаўжды засталося ў маёй памяці.

А тата быў увасабленнем спакою. Ён імкнуўся навучыць мяне сумленнасці, адвазе і дабрыні. Мы з ім нарадзіліся ў адзін дзень, і самы яскравы ўспамін пра тату якраз звязаны з агульным святам.  

Мне споўнілася пяць гадоў. Мы з бацькамі пайшлі ў краму па прадукты. Каля дома друку былі маленькія шапікі з садавіной. Не ведаю, што на мяне найшло, але я вырашыла ўзяць лімон і схаваць яго ў кішэню. Вярнуўшыся дахаты, ганарліва паказала бацькам гэты лімон у чаканні пахвалы. Але аднаго пагляду таты хапіла, каб зразумець: ён не падзяляе майго запалу. Тата не крычаў, але строга сказаў: «Дзізгата накенен» («Так не робяць»). Потым была доўгая гутарка. Тата патлумачыў, што прадавец корміць сям’ю за кошт сваёй крамы, і я, па сутнасці, украла ў яго грошы. Ён узяў мяне на рукі, уручыў лімон, і мы пайшлі назад у краму. Там тата расказаў прадаўцу, што здарылася, і я працягнула яму лімон. Прадавец усміхнуўся і паспрабаваў угаварыць тату пакінуць лімон мне — але той быў непахісны. Мы вярнуліся дамоў, і я пачувалася сапраўднай гераіняй, таму што вярнула лімон. А тата, смеючыся, сціскаў мае шчокі і казаў: «Ніколі не бяры чужога».

«Я зычу свайму народу свабоды»

— Хачу працягваць справу, якую пачалі мае бацькі, але баюся. Не ведаю, ці змагу некалі цалкам пераадолець гэтае пачуццё. Страшна не за сябе — за родных. Не хачу, каб яны пацярпелі праз мой актывізм. І ўсё ж, я дапамагаю памірцам — хоць здаецца, што гэты свет усё больш імкліва коціцца ўніз, а праблемы з правамі чалавека робяцца ўсё больш сур’ёзнымі. Я імкнуся быць трывалай і даваць надзею тым, хто ўжо адчаяўся, паказваць, што нават у самай складанай сітуацыі трэба працягваць змагацца.

Змаганне можа прымаць розныя формы. Гэта не заўсёды значыць быць актывістам ці праваабаронцам. Часам змаганне — гэта падтрымліваць іншых, усяляць у іх веру, што змены магчымыя, і быць прыкладам таго, што нават у цемры можна знайсці святло. Часам змаганне — гэта проста казаць. І я хачу, каб пра памірцаў казалі.

Важна, каб пра нас і пра тое, што з намі адбываецца, ведалі і памяталі. Важна, каб не заплюшчвалі вочы на «чарговы канфлікт». Таму што сёння пакутуюць памірцы — а заўтра бяда можа закрануць кожнага, хто асмеліцца думаць інакш ці патрабаваць справядлівасці. Маўчанне робіць нас уразлівымі, а адзінства і адвага — даюць шанец на будучыню без страху. Менавіта такой я бачу яе для памірцаў.

Я зычу свайму народу свабоды — выбару, слова, перамяшчэння. Я веру, што ў будучыні нам больш не давядзецца паміраць за гэтыя свабоды, пакідаць дамы дзеля іх ці шукаць іх у іншых месцах. 


Аўтар: Лёша Гуліцкі

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 15

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
Падтрымаць
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x