«Я адчувала сябе біяробатам» — гісторыя Пашы Джэжоры пра досвед лекавання ў псіхіятрычнай бальніцы і траўму пасля гэтага

ІнклюзіяАсобыПравы чалавека
Паша Джежора
4.4
(5)

Паша Джэжора — квір-актывістка і рэжысёрка — нарадзілася ў 2004 годзе ў Бярозе. Ва ўзросце васьмі год у яе ў першыню праявіўся ментальны разлад — астэнічны неўроз. Менавіта такі дыягназ паставіў тады неўролаг. З цягам часу сітуацыя абвастралася, і, калі Пашы было 14, яе бацькі вырашылі звярнуцца ў псіхіятрычны шпіталь. Нягледзячы на рэпутацыю «лепшай клінікі ў краіне», псіхіятрычнае аддзяленне, куды трапіла Паша, толькі пагоршыла яе стан, да якога дадалося посттраўматычнае стрэсавае расстройства. Пагаварылі з Пашай пра наступствы той шпіталізацыі, псіхатэрапію і тое, чаму важна пільна абіраць псіхіятр_ынь і псіхатэрапеўта_к. 

Паша Джежора

Расказвае
Паша Джэжора

Пачатак захворвання. Дыягназ

«Мае бацькі доўгі час не звярталіся па медычную дапамогу для мяне: лічылі, што гэта сорам, што ўсе даведаюцца і будуць іх ганьбіць»

Гэта дастаткова іранічна, бо ў мяне спадчынны неўроз: у маці — звязаны з паранояй, а ў бабулі — з пераўзбудлівасцю. 

У мяне неўроз пачаў праяўляцца, калі мне было восем. Мне тады пачало моцна балець сэрца, і мяне павялі абследавацца да лекара. Ён сказаў, што ў мяне праблемы са шчытападобнай залозай, з сэрцам і што ў мяне астэнічны неўроз*. Бацькі гэта праігнаравалі. 

* Асноўная скарга пры астэнічным неўрозе, як гэта апісана ў Міжнароднай класіфікацыі хвароб 10 перагляду (пад кодам F48.0 — неўрастэнія), — гэта падвышаная стамляльнасць пасля разумовай нагрузкі: знясіленне, рассеянасць, цяжкасці з канцэнтрацыяй увагі.

Пры іншым варыянце гэтага расстройства дамінуе фізічная слабасць, боль у цягліцах і немагчымасць расслабіцца нават пасля мінімальнай фізічнай актыўнасці.

Абодва тыпы суправаджаюцца непрыемнымі фізічнымі адчуваннямі, галавакружэннем, напружаным галаўным болем і агульным адчуваннем нестабільнасці. Акрамя таго, характэрныя раздражняльнасць, страта здольнасці атрымліваць радасць і лёгка выяўленыя сімптомы дэпрэсіі і трывогі.

У МКХ-11 (апублікаваная ў 2018-м, набыла моц у 2022-м) дыягназ «неўрастэнія» цалкам выключаны. Сучасная медыцына лічыць, што межы дыягназу ў МКХ-10 былі занадта размытыя: складана было адрозніць неўрастэнію ад дэпрэсіі, генералізаванага трывожнага расстройства або сіндрому хранічнай стомленасці.

З часам рабілася ўсё горш і горш. Я тады прафесійна займалася конным спортам і пачала задыхацца на кані, страчваць прытомнасць. У мяне банальна не атрымлівалася трымаць цягліцы ў тонусе. Усё стала вельмі дрэнна, калі мне было 11 год: тады ў мяне цалкам прапалі ўсе эмоцыі. 

«Я нічога не адчувала на ўзроўні эмоцый, але адчувала ўсё фізіялагічна»

У мяне нібыта ўсе эмоцыі не праходзілі праз «галаву», а адразу ішлі ў цела. Напрыклад, нянавісць да сябе адчувалася як моцнае напружанне ў цягліцах — звычайна ў руках. Калі была трывожнасць, то балела сэрца. Калі цяжка думала пра штосьці — балелі цягліцы лба. Быў такі боль і напружанне, што іх немагчыма было зняць болесуцішальнымі. Звычайна я пракатвала лоб касцяшкамі пальцаў, каб неяк расціснуць цягліцы, каб мне так моцна не балела. 

Гэта было вельмі страшна. У маіх аднагодкаў — пачатак падлеткавага ўзросту, усё яскрава, а ў мяне — мала таго што ўсё шэрае, дык яшчэ ўсё навокал быццам адной і той жа тэкстуры, з адным і тым жа пахам. Бацькі кажуць, «ты псіхічна нестабільны», а я стабільная як кардыяграма мёртвага чалавека.

«Так я праіснавала да 13 гадоў, пакуль не захварэла на анарэксію»

Мне спадабалася дзяўчына, і я пабачыла ў яе падпісках паблік «Тыповая анарэксічка». Я тады важыла 45 кг пры росце 165, але вырашыла, што мне трэба важыць 38 кг і пачала экстрэмальна худнець. 

Гэта ўсё прывяло да таго, што вясной 2018 года, праз паўгода анарэксіі, у мяне абвастрыўся астэнічны неўроз. Гэта было вельмі страшна, бо я не магла плакаць, а проста сядзела, задыхалася і глядзела ў адну кропку. За адзін тыдзень я скідвала 5 кілаграм, за іншы — набірала. У мяне вельмі моцна расхісталася сэрца. І тады маці вырашыла «здаць» мяне ў псіхіятрычнае аддзяленне 4-й Гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы ў Менску.

Псіхіятрычнае аддзяленне

«Я з Бярозы, але маці праз нейкія сувязі дамовілася, каб мяне паклалі ў Менск»

Ёй сказалі, што гэта добрая клініка: маўляў, «не Навінкі». Але па факце гэтая клініка была значна горшай, чым Навінкі. Я чула шмат дрэнных гісторый пра нейкія раённыя клінікі, але ў большасці з іх прынамсі можна выходзіць на вуліцу.

Нам выходзіць на вуліцу было забаронена. Нас не выводзілі на шпацыры. Забаранялі адчыняць вокны, нават на мікраправетрыванне. Гэта было пекла. 

Выйсці можна было, калі да цябе прыязджаюць бацькі. Аднак гэта быў вельмі абмежаваны час, калі можна выйсці пагуляць. Там было шмат дзяцей з дзіцячых дамоў, і яны ўвогуле на вуліцу не выходзілі. 

Хадзіць па аддзяленні проста так было таксама забаронена. Было адчуванне замкнёнасці. 

А гэта быў першы месяц лета, я ў Менску, за акном — парк, зялёныя дрэвы, сіняе неба. А я сядзела за гэтымі кратамі і не разумела, што гэта за неадэкват, што я не магу выйсці на вуліцу 

У аддзяленні не было раздзялення паводле ўзросту і полу. Там былі як чатырохгадовыя дзяўчаты, так і хлопцы, якім было амаль 18. Усе былі прымушаныя бавіць час разам.

Там былі два класныя кабінеты. Адзін з іх быў адрамантаваны з дапамогай Еўразвяза. Я глядзела на гэтую таблічку са сцягам Еўразвяза і думала: «Калі б яны ведалі, што тут адбываецца, магчыма, яны б нас выратавалі». 

Распарадак быў такі, што мы прачыналіся, былі нейкія «тры капейкі» часу пачысціць зубы і ўмыцца. Пасля мы ішлі есці і заставаліся ў першым кабінеце. Там сядзелі ўсе: і дзеці, і падлеткі. 

Калі нехта буяніў, яго проста прывязвалі да металічнай лаўкі на расцяжку. І было не важна, хто гэта: чатырохгадовы дзіцёнак ці падлетак 

* Аміназін — гэта антыпсіхатычны і седатыўны лекавы сродак, які выкарыстоўваецца для лячэння шызафрэніі, дэпрэсій і іншых псіхічных разладаў. 

Прывязвалі не да ложка, а проста да лаўкі нейкімі жорсткімі плеценымі стужкамі на вузлы. Маглі яшчэ пры гэтым укалоць аміназінам*. 

Бывала, што бачыш, што ў чалавека пад аміназінам апухла і ацякла рука, а ты нічога не можаш зрабіць. Бо калі падыдзеш — усё, трэш, маглі «настучаць» лекарцы, што ты сябе дрэнна паводзіш, а маглі таксама ўкалоць аміназіну. Прычым аміназіну часам калолі такія дозы, што чалавек мог спаць 24 гадзіны. 

Аднойчы аміназінам укалолі дзяўчыну, у якой былі месячныя і не было пракладкі. І яна проста ляжала ў гэтым кабінеце цэлы дзень, а лужа крыві расцякалася па яе шэрых спарціўках. Санітаркам, медсёстрам — усім было абыякава. 

Навошта нас збіралі ў гэтым кабінеце, не зразумела. Ад нас нічога быццам не чакалі. Мы дакладна не мусілі гутарыць на нейкія «няправільныя тэмы» — напрыклад, сэлф-харм, РХП (разлады харчовых паводзінаў. — рэд.) і ўцёкі з дому.

Яшчэ там заўсёды на максімум быў уключаны тэлевізар, дзе ішлі старыя фільмы з монагалосным перакладам. Нам усім давалі высокія дозы таблетак, і ад гэтага моцна хацелася спаць — а там крычаў гэты тэлевізар. Ад гэта ўсяго люта балела галава, але болесуцішальных не давалі. Нават дзяўчатам падчас месячных не давалі ношпу: «толькі аспірын, і ўсё, супакойся». 

У нейкі момант мы ў галоўнай лекаркі адваявалі права не сядзець у гэтым кабінеце, а ляжаць у сваёй палаце. Мне тады падавалася, што калі я яшчэ хоць трохі пасяджу з гэтым тэлевізарам і з гэтымі дзецьмі, то проста разграмлю ўвесь клас, хаця я зусім не агрэсіўны чалавек. Мы неяк здолелі адваяваць гэтае права, бо былі кшталту «эрхапэшнікамі» — то бок, не «буйнымі». Там, дарэчы, нікога не хвалявала, што ў мяне астэнічны неўроз, хаця гэта была мая галоўная скарга. 

Калі я ўпершыню ўвайшла ў гэтае аддзяленне разам з маці, то ўбачыла, як вялізны хлопец прыціскае да сцяны дзяўчыну і лапае яе 

А побач проста праходзяць дзве санітаркі і гутараць паміж сабой пра расаду ці нейкую дачную фігню. Я гляджу вось такімі вачамі на сваю маці і разумею, што ёй похуй на тое, што адбываецца. І я тады зразумела, што гэта будзе поўны піздзец. 

Калі нейкія дзеці з гіперактыўнасцю цябе білі і кусалі, персанал таксама не рэагаваў. Затое яны пачыналі неяк рэагаваць, калі ты ляжаў і спаў у гэтым кабінеце, бо спаць там было нельга. 

З намі аніякай тэрапеўтычнай працы не праводзілася. У гэтай клініцы я бачыла псіхолага два разы: калі паступіла і калі выпісвалася 

Псіхолаг нават не дужа запытваў, якія ў мяне праблемы. Проста даваў гэтыя дурныя тэсты: «Намалюй сонейка. Чаму ў яго такія праменьчыкі? Намалюй чалавечка. Ты думаеш, гэта нармальны чалавечак?» А ты, падлетак, сядзіш і думаеш: а не хочаце са мной пагутарыць пра тое, чаму я не магу есці і хачу забіць сябе? 

З лекаркамі мы амаль не гутарылі, сустракаліся з імі раз на тыдзень. Карціна была такая: прыходзіш, кажаш, што табе дрэнна і нічога не дапамагае, запытваешся, чаму з табой ніхто не працуе. І табе кажуць: «Ну ты ж разумееш, што пакуль табе не стане лепш, цябе адсюль ніхто не выпусціць».

З імі было немагчыма пагутарыць пра свой стан. Яны проста пыталі, ці ў цябе ўсё добра, а калі ты казаў, што не, то табе проста падвышалі дозы таблетак. 

Я зразумела, што лячыць тут ніхто нікога не збіраецца, а ў іх проста ёсць план пакарміць цябе таблеткамі, і трэба, каб гэты час ты не дзейнічаў ім на нервы. Усім давалі плюс-мінус аднолькавыя лекі. Гэта быў рысперыдон (атыповы антыпсіхотык, які прымяняецца для лячэння псіхозаў, якія суправаджаюцца трызненнем і галюцынацыямі. — рэд.), флуваксамін (антыдэпрэсант. — рэд.) і нешта яшчэ. 

Нам давалі па пяць таблетак тры разы на дзень, але не казалі, што гэта. Пасля выпіскі ў мяне ў картцы было напісана, што мне давалі толькі тры прэпараты, хаця я памятаю, што было пяць таблетак і яны ўсе па-рознаму выглядалі. Я спрабавала некаторыя з іх знайсці па знешнім выглядзе, але не атрымалася. 

Я баялася распавесці пра ўсё маці 

Баялася, што калі яна патэлефануе ў аддзяленне, стане толькі горш. Яна адзін раз прыехала, і я ёй наўпрост сказала, што там поўнае пекла. У адказ: «Гэта найлепшая клініка ў Беларусі. Цябе хутка выпішуць, і ўсё будзе нармальна». 

Але насамрэч пасля выпіскі з гэтай клінікі ў мяне толькі зараз, праз 7 гадоў, аднавілася псіхіка. 

З-за таго што гэта клінічная бальніца, нас прымушалі ўзаемадзейнічаць са студэнтамі-медыкамі. І гэта было вельмі трэшова

Ты пад гэтымі прэпаратамі, у цябе агромністыя зрэнкі, тэмпература 34.5, у цябе толькі што ўзялі кроў, і ты проста хочаш легчы і памерці. А цябе ў такім становішчы цягнуць у актавую залу, дзе сядзяць 50 студэнтаў-медыкаў.

Ты стаіш пад гэтым пражэктарам, табе слепіць вочы, і яны пачынаюць задаваць табе кучу пытанняў. Адчуваеш сябе проста падвопытным трусікам. 

Я разумею, што студэнтам трэба вучыцца, але навошта выцягваць пацыентаў у такім стане. Прычым нас прымушалі гэта рабіць — нас не пыталі, ці ты хочаш. 

Анарэксікаў прымушалі есці абсалютна ўсю ежу

Я тады была веганкай і прапанавала, каб ежу мне перадавала хросная, каб я проста дабірала калараж, але яны забаранілі гэта рабіць. Я аджала сабе права не есці прынамсі мяса, але кожны раз за гэта мяне прэсавалі. Аднойчы нам недавезлі ежу, і таму на вячэру былі тварог і сасіскі. Я ем тварог і медсёстры такія: «А калі б тварагу не было, ты б што, увогуле не паела?» Я кажу: «Так». Мне кажуць: «А ты разумееш, што псіхічна здаровы чалавек не можа не паесці?» Я кажу: «Мая маці на сняданак п’е толькі каву, і што, яна з-за гэтага псіхічна хворая?»

Яшчэ медсёстры часта «заціралі» пра рэлігію

Увесь час казалі, што мы грэханароджаныя дзеці, нам мусіць быць сорамна, мы мусім маліцца, і нам трэба ў манастыр. Гэта прывяло да таго, што калі я выйшла з гэтай бальніцы, у мяне пачаліся рэлігійныя абсэсіі. Я пачала хадзіць ва ўсе запар цэрквы і зачытвацца рэлігійнай літаратурай. Мяне адпусціла, толькі калі я са свайго горада паехала ва Украіну і змяніла атмасферу. 

Доктора
Фота: Annie Spratt

Пасля выпіскі

Я праляжала ў гэтым шпіталі пяць тыдняў. Выпісалася і сутыкнулася з тым, што не магу анічога

У мяне былі нулявыя крэатыўныя здольнасці, не было волі — не сілы волі, а проста волі: я не хацела анічога, адчувала сябе біяробатам. Я магла спаць цэлы дзень. Або прачыналася а дзясятай, ела рыс з гароднінай (на антыдэпрэсантах увесь час магла есці толькі яго) і ішла гуляць на 10 гадзін. А Бяроза — горад з насельніцтвам 30 тысяч чалавек, — за 15 хвілін з канца ў канец можна прайсці. Вось я і хадзіла коламі па горадзе гадзінамі. Проста без музыкі, без анічога. 

Пра сацыялізацыю ўвогуле гаворка не вялася: я не магла гутарыць з іншымі людзьмі. Набрала вагу на нейралептыках: не магла нават кантраляваць сваё харчаванне. У мяне былі кампульсіўныя пераяданні, калі я магла з’есці кілаграм рысу і кілаграм адварной гародніны. 

У мяне пачалася наркалепсія

Я пачала засынаць проста in the middle of nowhere. Першы ўрок. Я сяджу… і вось я ўжо сплю. Іду са школы дадому, і вось я ўжо сплю проста па дарозе дадому. Хаця ісці было дзесяць хвілін. 

Я спрабавала займацца нейкай творчасцю, маляваць — не атрымлівалася анічога. Калі пайшлі гэтыя рэлігійныя абсэсіі, я ўвогуле не магла анічога рабіць. З’явілася дзіўная плаксівасць: я рыдала і не магла зразумець, чаму рыдаю. У мяне быў вельмі дзіўны твар: такі маскавідны… Мне падавалася, што гэта ніколі не скончыцца. 

Я зразумела, што больш не магу піць лекі, якія мне выпісалі ў бальніцы. Мая маці не хацела, каб я спыняла іх прыём, але калі я проста не піла іх тыдзень, і ў мяне пачаўся сіндром адмены, яна ўрэшце зразумела, што я іх сур’ёзна не хачу піць. 

Пасля гэтага маці адвезла мяне ў гэтую клініку зноў — на абследаванне

Гэта заняло ўсяго два дні, і я там нават не ночыла, але гэта было пякельна страшна. Я тады зразумела, што гэты страх не проста так.

З моманту выпіскі я думала пра гэтую клініку кожныя дзесяць хвілін — і так апошнія сем гадоў.

Пры любым знаёмстве я заўжды пра яе распавядала. Яна мне ўвесь час снілася, у мяне з’явіўся панічны страх лекараў. 

Была сітуацыя, калі мне была патрэбная адна папера ў бальніцы, два сябры мяне проста зацягвалі туды, і ім было складана гэта зрабіць, хаця гэта два двухметровыя хлопцы. 

Увесь гэты час у мяне быў страх і нянавісць да лекараў і псіхолагаў 

Мне было дыскамфортна сядзець за адным сталом са студэнтамі-медыкамі. Я не магла сябраваць з людзьмі гэтых прафесій. Я не магла з імі ўвогуле знаходзіцца ў адным памяшканні. 

Калі арганізоўвалася нейкая хатняя вечарына, я ўдакладняла, ці будзе там нехта, звязаны з гэтым усім. Часта думалі, што я не сур’ёзна, што калі кажу «мяне трыгерыць» — гэта значыць, што мяне «бесіць». Але праблема ў тым, што мяне гэта рэальна трыгерыла. Калі я даведвалася, што на хатняй вечарыне ёсць такі чалавек, то я ванітавала 30 хвілін ці праз паніку забівалася ў нейкі кут і не магла адтуль вылезці. Толькі тады сябры пачыналі разумець, што я сур’ёзна.

У мяне ўвесь час былі нервовыя цікі, прычым спачатку мне здавалася, што я іх магу кантраляваць, але ў жніўні 2024 года праз іх я цалкам страціла працаздольнасць. Бо калі я хоць крыху напружвала мозг, то проста ляцела з крэсла на падлогу праз раптоўнае скарачэнне цягліц. 

Я зразумела, што калі з гэтага не вылезу, то проста ўскрыюся, бо не было сіл гэта ўсё цярпець

Я звярнулася ў арганізацыю «Фенікс», і яны знайшлі мне псіхатэрапеўтку. Аказалася, у мяне комплексны посттраўматычны стрэсавы разлад (КПТСР)*. 

Мой досвед з гэтай бальніцай стаў глебай для развіцця КПТСР, і для мяне любая траўма пачала асацыявацца з гэтай гісторыяй і трыгерамі.

*КПТСР — комплексны посттраўматычны стрэсавы разлад. Адна з найбольш цяжкіх і працяглых формаў посттраўматычнага стрэсавага разладу, калі чалавек сутыкаецца з працяглым і моцным уплывам некалькіх траўмуючых падзей. Гэта стварае прастору для развіцця «трыгераў» або сітуацый, якія здольны выклікаць моцныя эмацыйныя рэакцыі, звязаныя з траўмамі.

* Somatic Experiencing — гэта тэрапеўтычная тэхніка, якая ўжываецца пры лячэнні посттраўматычнага стрэсавага разладу і базуецца на працы з фізічнымі адчуваннямі пацыент_кі.

Калі я звярнулася да псіхатэрапеўткі, мы працавалі ў тэхніцы Somatic Experiencing*. Гэта тэхніка, калі разбіраюць тое, як ты нешта адчуваеш, і гэта знішчаецца.

Дзе гэтае пачуцце жыве ў целе? На што яно падобнае? А што супрацьлегласць гэтага? А цяпер уяві, што супрацьлегласць гэтага ўздзейнічае на тое, што ты адчуваеш. 

Гэта вельмі добра спрацавала са мной, бо ў мяне ўсё яшчэ не было эмоцый, але былі фізічныя адчуванні. Таксама мы працавалі з розным візуальнымі вобразамі. Вельмі цяжка было разабрацца з гэтай бальніцай, і я з псіхатэрапеўткай уяўляла, што нібыта прыходжу туды, ратую адтуль сябе чатырнаццацігадовую, выводжу яе ў бяспечнае месца, пасля выводжу адтуль усіх пацыентаў і ўзрываю гэтую лякарню. Тады мяне адпусціла. 

Я працавала з псіхатэрапеўткай з кастрычніка да красавіка. Яна вельмі прафесійная, з Марыупаля, і мае вялікі досвед працы з траўмай. З нервовымі цікамі мне ўрэшце дапамог прымітыўны лайфхак: пасля кожнага ціку рабіць тры разы глыбокі ўдых і глыбокі выдых. 

Але ў мяне ўсё яшчэ засталася непрыязнасць да лекараў і псіхолагаў. Калі я хаджу на прыём — мне нармальна, але калі сустракаюся з такім чалавекам у «рэальным жыцці», адчуваю непрыязнасць.

Калі мы з тэрапеўткай пра гэта гутарылі, яна сказала, што непрыязнасці — гэта ўвогуле нармальна. Не трэба залечваць усё да абсалютнага нуля — гэта не зусім здаровы перфекцыянізм.

І я зразумела, што для мяне ў гэтай непрыязнасці таксама ёсць нейкі сэнс: псіхолагі былі ўскосна задзейнічаныя ў вельмі непрыемных падзеях майго жыцця, і я разумею, што калі мяне рэтраўматызуе чалавек з гэтай сферы, то гэта будзе няпроста вылечыць. Таму я абіраю для сябе дыстанцыявацца ад лекараў па-за межамі клінікі. Да лекара я хаджу абсалютна нармальна і спакойна, але

ў «рэальным жыцці» я абіраю не камунікаваць з такімі людзьмі, каб пазбегнуць рызыкаў рэтраўматызацыі.

Магу сказаць, што з сур’ёзнымі псіхалагічнымі і псіхічнымі праблемамі варта звяртацца да лекараў з добрым досведам. Асабліва, калі ў цябе ПТСР. Я б не раіла звяртацца да людзей, якія шукаюць пацыентаў праз сумнеўны псеўдапсіхалагічны кантэнт. Да лекараў з сумнеўнай этыкай. Да раённых лекараў ці проста да лекараў з анлайн-сэрвісаў па падборы псіхолагаў. 

Дакладна магу параіць сэрвіс «Фенікс», які аказвае псіхалагічную дапамогу беларусам і беларускам унутры краіны і па-за яе межамі. Яны дапамагаюць актывістам, актывісткам і людзям, якія сутыкаюцца з рэпрэсіямі. У «Феніксе» ўмеюць працаваць з тэмай траўмы, з тэмай КПТСР, бо гэта вельмі папулярны дыягназ сярод беларусаў. 


Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 4.4 / 5. Колькасць галасоў: 5

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
Падтрымаць
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x