«Я скраў у жонкі 20 гадоў жыцця»: гісторыя Сяргея, які зрабіў камінг-аўт у 43 гады

Інклюзія
каминг-аут
5
(10)
* Імя героя змененае па яго просьбе

Сяргей* даўно зразумеў, што яму падабаюцца мужчыны, але з усяе сілы спрабаваў жыць «нармальным» жыццём, быў верным мужам і добрым бацькам. Толькі ў 43 гады ён змог адкрыцца сям’і як гей. Як гэта — зрабіць камінг-аўт у сталым узросце? І які кошт такой свабоды? У месяц гонару «ІншыЯ» публікуюць маналог, у якім шмат болю — але і надзеі.

Часам у чалавека ўсё складваецца «як павінна»: сям’я, дом, стабільнасць, слушныя рашэнні. Аднак што рабіць, калі ўсярэдзіне цябе — цішыня, заглушыць якую ніяк не атрымліваецца? Сяргей доўга жыў быццам па напісаным грамадствам сцэнары, але аднойчы адчуў: каб застацца сабой, давядзецца шмат што змяніць і нават страціць. Гэтая гісторыя — не пра сэкс, не пра шлюб, не пра скандал. Яна — пра чалавека, які занадта доўга маўчаў пра галоўнае і, нарэшце, наважыўся гаварыць.

Жыццё «па сцэнары»: «Увесь час адчуваў віну перад жонкай і дзіцем»

каминг-аут
Фота: unsplash.com

— Я заўсёды ведаў, што мне падабаюцца мужчыны, але канчаткова пераканаўся ў 12–13 год. Проста з самага пачатку вырашыў, што не буду «гэтым», вучыўся ігнараваць усё, што адчуваю. У 90-я ў прыгарадзе гомасэксуальнасць нават не абмяркоўвалася, бо тут усе «нармальныя».

Бацькі, школа, тэлевізар, сябры — усё казала мне, што «нармальнае» жыццё мусіць выглядаць пэўным чынам. Сям’я, дзеці, праца. А я вельмі хацеў быць «нармальным». Хацеў, каб мною ганарыліся. Хацеў, каб мае пачуцці змяніліся, і я працягваў пераконваць сябе, што змагу паверыць у што заўгодна, калі прыкладу дастаткова намаганняў.

Я любіў сваю жонку, і цяпер яе люблю. Але не як жанчыну ці партнёра, а як чалавека. Для мяне гэта не была гульня ці хлусня. Яна была маім сябрам, з якім я будаваў жыццё і абяцаў сабе, што хутка абавязкова пакахаю яе так, як яна таго заслугоўвае. Мы былі блізкія, але я ўвесь час адчуваў, што нешта не так. Быццам я ўсё раблю правільна, але для мяне гэта не працуе.

Я адмаўляў гэта шмат гадоў, часам нават угаворваў сябе: «ну і што, ва ўсіх праблемы». Потым пачаў стамляцца, навальвалася адзінота, але я не мог падзяліцца ні з кім, бо ніхто б не зразумеў.

Я не вёў падвойнае жыццё, не спаў ні з кім з боку, не здраджваў ні фізічна, ні эмацыйна. Але ўсё роўна жыў з адчуваннем, што сам сабе не належу, праз што пачаліся панічныя атакі, бессань. Я не мог растлумачыць жонцы, што са мной, бо сам не разумеў, як гэта ўвогуле можна вымавіць услых.

Увесь час адчуваў віну перад жонкай і дзіцём. Агідна жыць з адчуваннем, што я ўсіх падманваю, хаця нічога дрэннага нават не раблю. Перад сабой я адчуў сябе вінаватым толькі праз шмат гадоў.

Кропка незвароту: «Хацелася накінуць пятлю на шыю»

— Праз год псіхатэрапіі я зразумеў, што далей так нельга, што пакутую не толькі я, але і мае блізкія. У мяне быў жудасны перыяд, я паводзіў сябе суперраздражнёна, адчужана, нават агрэсіўна, і гэта моцна адбівалася на дзіцяці. Памятаю, сын нешта расказваў за вячэрай, а я лавіў сябе на тым, як бы хацелася накінуць пятлю на шыю і больш ніколі не прыкідвацца, што мне тут месца.

Я расказаў усё тэрапеўту на першай сесіі. Шмат плакаў, нават прамаўляць услых словы «я гей» было страшна. Як быццам калі я скажу гэта — усё стане рэальным і мне давядзецца ў рэшце рэшт разбірацца з маім бязладдзем.

Тады я адчуў, што дарогі назад больш няма. Псіхолаг сказаў даць сабе абяцанне: з гэтага моманту жыць па-сапраўднаму. А значыць — прыйдзецца плаціць свой кошт.

Я вельмі баяўся ўсё страціць. Але пасля псіхатэрапіі зразумеў, што ўжо губляю шмат — сябе.

Камінг-аўт: «Самае страшнае — не злосць, а цішыня»

— Я цягнуў з прызнаннем цэлы год, спрабаваў выбраць зручны момант, калі жонка не будзе стомленай, калі будзе добрае надвор’е, калі зоркі сыдуцца. Але такіх момантаў не бывае, калі трэба сказаць жудасную праўду. Аднойчы ўвечары мы проста засталіся ўдваіх на кухні, і я сказаў: «Нам трэба пагаварыць. Гэта важна». Зразумела, яна паняцця не мела, пра што я хачу расказаць, але яе першая здагадка была, што я здрадзіў. Потым, калі я расказаў, яна замоўкла. Вельмі надоўга.

Яна не крычала, не плакала. Проста глядзела на мяне, быццам спрабавала скласці ўсё нанова. Гэта было, мусіць, самае страшнае — не злосць, а цішыня. Я чакаў істэрыкі, абвінавачванняў, агрэсіі, але не маўчання. Мы тады не размаўлялі некалькі дзён. Потым яна сама прыйшла і сказала, што гатова пагаварыць.

Я разумеў, што руйную не толькі сваё жыццё — іх таксама. Я так хацеў зберагчы іх абаіх ад болю, але гэта трэба было рабіць да таго, як прапаноўваць ёй шлюб і псаваць ёй дваццаць гадоў жыцця, якія яна магла прабавіць з мужчынам, які б яе кахаў.

Сыну было 15, узрост вельмі складаны. Я баяўся стаць для яго «іншым», чужым. Мы з жонкай вырашылі, што скажам разам, і я дагэтуль удзячны, што ў той момант яна была побач. Я сказаў нешта накшталт: «Я гей, але гэта не мяняе таго, што я твой бацька». Ён здзівіўся, але не паглядзеў на мяне так, нібыта я забіў чалавека. Потым сказаў «акей» і пайшоў у свой пакой. Я вырашыў даць яму час, бо такую ​​навіну не проста пераварыць.

На наступны дзень за сняданкам ён сеў за стол і спытаў: «Ты цяпер будзеш з мужыком сустракацца?» — і з’еў ёгурт. Здаецца, проста ўдакладняў, а не баяўся. Я дагэтуль не ведаю, што ён насамрэч думае. Але ён побач, і гэта галоўнае.

З жонкай мы развяліся. Ціха, без скандалаў. Яна нікому нічога не сказала, не прынізіла мяне перад сваякамі ці сябрамі. Мая былая жонка — неверагодна разумная жанчына, і я вельмі спадзяюся, што яна сустрэне кагосьці, хто зробіць яе шчаслівай. Мы працягваем выхоўваць сына разам. Шчыра, я нават не ўяўляю, якім болем для яе гэта было. Мы абодва страцілі звыклае жыццё, і абодва будуем усё нанова.

Астатнія адрэагавалі па-рознаму. Мама сказала: «Я падазравала, але спадзявалася, што памыляюся». Бацьку паведаміў пазней, яны ў разводзе. Ён маўчаў тыдзень, а потым даслаў SMS: «Ты ўсё роўна мой сын». Я плакаў. Пазней мы сустрэліся, ён сказаў, што не разумее гэтага ўсяго, але ведае, як гэта — быць у шлюбе з чалавекам, якога не кахаеш. Яшчэ папрасіў не расказваць яму пра мае «прыгоды», але я не засмуціўся. Яму патрэбны час.

каминг-аут
Фота: unsplash.com 

Новае жыццё: «Быць шчырым з сабой — гэта выклік і падарунак»

— Свабода не такая лёгкая, як здаецца. З аднаго боку — палёгка, нарэшце можна дыхаць на поўныя грудзі. З іншага — уразлівасць. Я адчуваю сябе горш і лепш адначасова. Напэўна, я ўсё яшчэ адаптуюся.

Цяпер я спрабую будаваць адносіны з чалавекам, які мне вельмі падабаецца. Усё гэта вельмі нязграбна і па-новаму, я не ведаю, як стасавацца з мужчынамі ў гэтым ключы. Але ён ведае маю гісторыю, і я думаю, з цягам часу ў нас усё будзе добра.

Быць шчырым з сабой — гэта выклік і адначасова падарунак. Выклік — таму што чапляюцца старыя звычкі і страхі, і мне спатрэбяцца гады, перш чым я адпушчу сітуацыю і змагу дараваць сабе. Падарунак — таму што зараз я магу будаваць сваё жыццё так, як хачу, а не так, як ад мяне чакаюць. Гэта яшчэ далёка не канец шляху, але я больш не хачу збочваць.

Асэнсаванне: «Праўда — гэта адзінае, што можа вызваліць і цябе, і іншых»

— Шкадую пра тое, што не зрабіў гэтага раней. Але не таму, што хацеў бы змяніць мінулае, а таму, што ведаю, колькі сіл і часу спатрэбілася на барацьбу з сабой. З іншага боку, я разумею, што гэты шлях зрабіў мяне тым, хто я ёсць. Без маіх памылак у мяне не было б майго сына, якога я вельмі люблю. Але я скраў у сваёй жонкі 20 гадоў жыцця, і дагэтуль не магу сабе дараваць.

Напэўна, я падмануў іх — але і сябе таксама. Я рабіў усё, што мог, каб захаваць мір і не разбурыць іхняе жыццё, каб яны былі шчаслівыя. Але ў выніку зразумеў, што праўда — адзінае, што можа вызваліць і цябе, і іншых.

Сабе 20-гадоваму я б сказаў: дазволь сабе быць сабой. Не хавайся і не бойся. Жыццё — занадта кароткае, каб жыць чужой гісторыяй. І ніхто не ведае, як табе будзе лепш. Толькі ты.

А чалавеку ў падобнай сітуацыі сказаў бы: ты не адзін. Такіх людзей шмат, але выбіраць чужое жыццё, каб уцячы ад свайго, — гэта не варыянт. Ідзі да псіхолага, разбярыся з сабой і змяняй сваё жыццё. Ніхто не зробіць гэта за цябе.

Звезды_перебівка

Сяргей прайшоў доўгі і балючы шлях ад маўчання і кампрамісаў да свабоды і шчырасці. Ён страціў шмат, але набыў галоўнае — сябе. «Не бойся быць сабой, — кажа ён, — нават калі гэта здаецца страшным і няправільным. Ты заслугоўваеш жыць сваім жыццём». Яго гісторыя нагадвае: ніхто не павінен хаваць сваё сапраўднае «я» дзеля зручнасці ці чаканняў іншых. Вядома, калі гаворка не ідзе пра бяспеку, бо камінг-аўт магчымы далёка не заўсёды, і выбар рабіць яго ці не — асабістая справа кожна_й.


Аўтарка: Martha K.

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 10

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
Падтрымаць
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x