«Гэта не нейкая прыхамаць, а вымушаная мера». Гісторыя Алекса і яго шлях транспераходу праз тры краіны

ІнклюзіяАсобыГендар
Транспереход
5
(6)

Можа падацца, што ў пытаннях транспераходу Беларусь досыць ліберальная, бо ў нас аперацыі па трансгендарным пераходзе ўсё яшчэ легальныя і больш за тое — бясплатныя. 

Фармальна гэта так, але на практыцы транспераход суправаджаецца цяжкасцямі і патэнцыйнымі пагрозамі. Паводле маніторынгу беларускай арганізацыі TG House, які адвакатуе правы трансгендарных персон, з 2023 года ў Беларусі рэзка ўзрасла колькасць адмоў у транспераходзе. Калі ў снежні 2022 года камісія ўхваліла 80% заяў пра жаданне здзейсніць транспераход, то ўжо ў верасні 2023 года камісія адмовіла 80% заяўні_ц. Удзельні_цы казалі, што «камісія здавалася фармальнай, як быццам усё ўжо вырашана загадзя». 

Мониторинг работы комиссий по транспереходу в Беларуси
Крыніца: Маніторынг працы камісій па транспераходзе ў Беларусі (2019—2024). TG House

Узрослая колькасць адмоў у транспераходзе звязаная з трансфобіяй і гамафобіяй дзяржавы і з прыняццем у Беларусі законаў, што крыміналізуюць ЛГБТК+. Так, у верасні 2024 года ў Беларусі затрымалі не меней за восем трансперсон. Супраць дзвюх з іх распачалі крымінальныя справы пра распаўсюд парнаграфіі. 

Транслюдзі не пачуваюцца абароненымі ў Беларусі і вымушаны або сядзець ціха, або бегчы ў іншыя краіны, асцерагаючыся пераследу.

Алекс

З чым сутыкаюцца трансперсоны, якія апынуліся ў змушанай міграцыі? Як праходзіць транспераход у Беларусі і чым ён адрозніваецца ад працэсу ў Літве і Расіі?  

Пра гэта мы пагаварылі з трансгендарнай персонай Алексам, які быў вымушаны з’ехаць з Беларусі і Расіі, асцерагаючыся палітычнага пераследу, і зараз спрабуе скончыць транспераход у Літве.

Вы можаце падтрымаць Алекса, каб ён мог сабраць неабходныя сродкі на аперацыю па транспераходзе.

Перад тым як перайсці да гісторыі Алекса, растлумачым некаторыя тэрміны, якія будуць тут згадвацца

1. Трансгендарнасць
️Гэта стан, пры якім гендарная ідэнтычнасць чалавека не адпавядае яго біялагічнаму полу. Трансгендарнасць не лічыцца хваробай ці адхіленнем, а з’яўляецца адной з формаў гендарнай разнастайнасці.
2. Трансгендарны пераход
️Гэта працэс узгаднення фізічнага, сацыяльнага і/ці юрыдычнага аспекту жыцця чалавека з яго гендарнай ідэнтычнасцю. Пераход можа ўключаць розныя этапы, якія вар’іруюцца ў залежнасці ад асабістых пераваг, акалічнасцяў і даступнасці рэсурсаў. Гэта можа быць як змена імя, займеннікаў і знешнасці, так і правядзенне медычных працэдур (гарманальнай тэрапіі і аперацыі) і абнаўленне дакументаў.
3. Гендарная дысфарыя
️Гэта псіхалагічны стан, пры якім чалавек адчувае разыходжанне паміж сваёй гендарнай ідэнтычнасцю і біялагічным полам.
4. Гарманальная тэрапія
️Гэта прыём гармонаў для змены цела ў адпаведнасці з гендарнай ідэнтычнасцю. Трансжанчыны прымаюць эстрагены і антыандрагены, трансмужчыны — тэстастэрон. Тэрапія дапамагае зменшыць гендарную дысфарыю і палепшыць якасць жыцця. Праводзіцца пад назіраннем лекар_кі.

Ну што, з базай разабраліся! Пераходзім да гісторыі Алекса.

Пра спробы транспераходу ў розных краінах

«Я з Беларусі, але шмат гадоў пражыў у Расіі. Транспераход пачынаў у абедзвюх краінах»

Я прайшоў камісію па транспераходзе ў Расіі, але, на жаль, гэта мне нічога не дало — калі мне ўхвалілі пераход, я быў вымушаны з’ехаць.

* У Расіі ў ліпені 2023 года быў прыняты закон пра «забарону змены полу», які цалкам адмяніў трансгендарных людзей. Па-за законам сталі аперацыі і гарманальная тэрапія. Тыя, хто паспеў здзейсніць пераход, больш не змогуць узяць шлюб і ўсынаўляць дзяцей. Ужо зарэгістраваныя шлюбы анулююцца.

Як бы гэта дзіўна ні гучала, у Расіі — да ўсіх падзей*, звязаных з ушчамленнем праў людзей ЛГБТК+, і да вайны — быў самы гуманны працэс пераходу ў Еўропе.

У буйных гарадах існавала па некалькі камісій, якія ставілі дыягназ: у Санкт-Пецярбургу і Маскве было каля дзвюх-трох. То бок нават калі табе адмовілі ў адной камісіі, была магчымасць пайсці ў іншую. У Санкт-Пецярбургу ўвесь працэс пераходу з самага першага прыёму да аперацыі мог заняць усяго каля трох месяцаў. Гэта было хутка.

Таксама ў Расіі было прасцей са зменай імя ў дакументах, таму што для гэтага не трэба было ніякага сур’ёзнага абгрунтавання. Не было цвёрдых крытэраў, якое гэта павінна быць імя. У гэтым плане было лягчэй персонам, якія яшчэ не атрымалі даведкі для змены дакументаў, але ўжо маглі змяніць імя на гендарна-нейтральнае, каб пачувацца больш камфортна. Імя можна было памяняць у ЗАГСе, абгрунтаваўшы гэта творчым псеўданімам. Гэта можна было амаль ніяк не даказваць, бо досыць было паказаць або старонку ў сацсетках, або пісьмо ад блізкіх, што яны да цябе так звяртаюцца.

Для таго каб пачаць працэс пераходу, трэба было знайсці лекар_ку, як_ая працуе ў адной з камісій. Спісы гэтых лекара_к раней можна было знайсці ў чатах для транслюдзей. Звычайна перш_ая спецыяліст_ка — гэта псіхіятар_ка або эндакрын_алагіня. Прыходзіш да я_е на прыём, расказваеш сваю гісторыю, тлумачыш, як ты да гэтага прыйш_ла і чаму хочаш зрабіць транспераход. Цябе адпраўляюць здаць аналізы, а таксама на прыёмы да псіхіятар_кі і эндакрын_алагіні. У Расіі яшчэ трэба было прайсці агляд у гінек_алагіні. 

Псіхіятар_кі даюць прайсці псіхалагічныя тэсты. Ты распавядаеш пра сваё жыццё, каб у спецыяліст_кі была поўная карціна пра тваё дзяцінства і сям’ю. Калі праз некалькі прыёмаў усё ў парадку і па аналізах усё таксама добра, то спецыяліст_ка адпраўляе твой кейс у камісію па транспераходзе. Камісія складаецца з некалькіх розных спецыяліста_к, якія калегіяльна вырашаюць, даваць табе дазвол на транспераход ці не.

У Расіі пасля гэтай камісіі можна было атрымаць дазвол прымаць гармоны, зрабіць аперацыю і змяніць дакументы. Усё гэта за грошы: пачынаючы ад афармлення даведак і сканчаючы аперацыямі. 

З праекта «Спіраль». Аўтар — Алекс, герой нашага інтэрв’ю

«У Расіі я дайшоў да апошняга этапу і чакаў даведку аб тым, што магу рабіць аперацыю. Але потым мне трэба было бегчы — і я з’ехаў у Беларусь»

* Навінкі — неафіцыйная назва адной з найбуйнейшых псіхіятрычных устаноў у Беларусі, якая знаходзіцца ў раёне Навінкі ў Мінску.

Пакуль я рабіў дакументы для эміграцыі ў Літву, пачаў праходзіць камісію ў Беларусі. Паспеў здаць усе абследаванні і схадзіць на два прыёмы ў Навінкі*. Але потым давялося тэрмінова з’язджаць, без магчымасці вярнуцца ў Беларусь — увесь працэс застопарыўся.

У Беларусі транспераход займае вельмі шмат часу, бо гэта немагчыма зрабіць у прыватных клініках. Ты абавязкова павін_на праходзіць камісію ў дзяржаўных медычных установах, і выбару паміж камісіямі, як у Расіі, у цябе няма. Калі табе адмаўляюць, то вялікая верагоднасць, што паспрабаваць ізноў атрымаецца не хутка. У Літве — такая ж праблема.

Ты прыходзіш у дзяржаўны псіхіятрычны шпіталь у Навінках, дзе распавядаеш сваю гісторыю псіхіятар_цы. Яна_ён табе таксама дае прайсці розныя тэсты і ставіць на ўлік. Прыходзіць у шпіталь, здаваць аналізы і УГД, праходзіць гінекалагічныя агляды трэба цягам года. Раз на тры месяцы трэба адзначацца на прыёме, каб пацвярджаць, што ты ўсё яшчэ хочаш зрабіць пераход.

І вось праз год, калі ўсё ў парадку, збіраецца першая камісія, якая дае ці не дае дазвол на змену дакументаў і прыём гармонаў. Потым ты яшчэ на працягу года ходзіш раз на тры месяцы на прыём, каб прайсці яшчэ адну камісію. То бок пасля першай камісіі ты яшчэ цэлы год чакаеш другую, каб ужо асобна атрымаць дазвол на аперацыі.

Яшчэ трэба адляжаць два тыдні ў Навінках. Я сам там не ляжаў, але, наколькі ведаю, там трэба было проста хадзіць да эндакрын_алагіні, каб тая_той адсочва_ла аналізы. Выглядае больш як фармальнасць, чым абследаванне.

У суме транспераход у Беларусі займаў два гады. Было нямала выпадкаў, калі камісія не давала дазволу, і чалавеку даводзілася чакаць цэлы год, каб паспрабаваць яшчэ раз. У выніку ўвесь працэс мог займаць да чатырох гадоў. 

Аднак у Беларусі ўсе працэдуры па транспераходзе бясплатныя. Гэта вялікі плюс, таму што калі транспераход быў магчымым у Расіі, адна мастэктамія* каштавала недзе $1700—2000. Апроч гэтага яшчэ робяць гістэрэктамію — выдаленне ўнутраных палавых органаў з-за рызыкі развіцця раку шыйкі маткі і яечнікаў. Некаторыя робяць фалапластыку**, але да яе прыбягаюць досыць рэдка з-за таго, што вынікі часцей за ўсё не вельмі добрыя і можа быць поўная страта адчувальнасці. Апроч гэтага яшчэ часта робяць скульптуруючую ліпасакцыю***, карэкцыю сківіцы і іншыя пластычныя працэдуры, якія дапамагаюць стварыць больш маскулінны выгляд. То бок калі чалавек хоча зрабіць некалькі аперацый, то гэта ўжо будзе каштаваць каля $6000. Далёка не ўсе маюць столькі грошай — таму людзі або бралі крэдыты, або збіралі шмат гадоў. 

* Мастэктамія —  аперацыя па выдаленні малочнай залозы.

** Фалапластыка — гэта частковае ці поўнае хірургічнае аднаўленне чэлеса.

*** Скульптуруючая ліпасакцыя — гэта аперацыя, скіраваная на мадэляванне цела дзеля дасягнення ідэальных формаў і прапорцый.

А яшчэ тых, хто звяртаецца ў камісію па транспераходзе, у Беларусі ставяць на ўлік. Адпаведна, у дзяржавы ёсць спісы гэтых людзей і гэта ставіць іх пад удар.

«Я даставаў гармоны праз сайты са спартыўнымі бадамі»

Гарманальную тэрапію я пачаў у 18 гадоў пад наглядам лекаркі, якая працавала ў маскоўскай камісіі. Я звярнуўся да яе да пераезду ў Піцер, сказаўшы, што ў мяне пакуль няма магчымасці прайсці камісію з-за нястачы грошай, але я хацеў бы ўжо пачаць гарманальны пераход. 

Лекарка не мела права выпісваць прэпараты, бо ў мяне яшчэ не было афіцыйнага дыягназу. Але я ведаў, дзе дастаць правераныя гарманальныя сродкі і папрасіў яе паглядзець мае аналізы і неяк скіраваць у гэтым працэсе. Я, на жаль, як шматлікія персоны ў Расіі, даставаў гармоны сам, праз сайты са спартыўнымі бадамі. Там можна было знайсці ін’екцыйнае рэчыва, якое звычайна лекар_кі і прапісваюць трансперсонам.

Першы час я прыходзіў да лекаркі раз на два тыдні і раз на месяц прыносіў аналізы, каб мы рэгулявалі дозу прэпаратаў. Да моманту, калі я пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе вырашыў праходзіць камісію, у мяне ўжо адбыліся фізічныя змены праз гарманальную тэрапію.

«Літва недалёка адышла ад Расіі ў пытанні транспераходу»

З усіх краін Балтыі Літва найменш прагрэсіўная ў гэтым плане: у яе мала досведу ў пытаннях транспераходу, мала статыстыкі нават па літоў_ках, не кажучы ўжо аб мігрант_ках, якія хочуць прайсці гэтую працэдуру.

Раней літоў_кам трэба было ехаць у іншую краіну ЕЗ, каб атрымаць дыягназ F64 і дазвол на прыём гармонаў і на аперацыі, бо ў Літве яго не ставілі. Кожнаму асобнаму чалавеку даводзілася абгрунтоўваць праз суд змену дакументаў, спрабуючы патлумачыць, навошта наагул гэта патрэбна і як яна звязаная з дыягназам F64. З 2022 года дзейнічае закон, паводле якога пачаць пераход можна ўжо ў самой Літве. Зараз гэты працэс больш-менш наладжаны, хоць дакументы ўсё яшчэ трэба змяняць праз суд, але пэўны распрацаваны шаблон для гэтага працэсу ўжо існуе.

Калі я прыехаў, то пачаў разбірацца, як гэты працэс праходзіць тут. У мясцовай трансарганізацыі Trans Autonomija мне параілі з’ехаць у іншую еўрапейскую краіну, больш спрыяльную да трансперсонаў, бо яны не ведаюць ніводнага прэцэдэнту, каб замежні_ца прайш_ла транспераход у Літве. Гэта мяне напалохала, але з Літвы нікуды з’ехаць не атрымалася.

Я звяртаўся да розных прыватных псіхіятр_ынь. Ніводн_ая з іх не здоле_ла мне сказаць, куды ісці і што рабіць. На адным прыёме я сказаў эндакрыналагіні, што хачу прайсці транспераход і што я ўжо на гарманальнай тэрапіі. Але яна развяла рукамі і сказала, што не ведае, як мне дапамагчы. Так здаралася не раз. 

Потым я трапіў на прыём да эндакрыналагіні Яланты Бацевічэне, якая ведала, што такое транспераход і як адсочваць гарманальны фон. Я здаў аналізы, яна іх паглядзела і дала накіраванне на паўторны прыём да сябе і да псіхіятр_ыні. Па працэсах — амаль усё тое ж самае, як і ў Расіі.

* У Міжнароднай класіфікацыі хваробаў (МКХ-10) існуе дыягназ F64.0 («транссэксуалізм»). Пасля праходжання камісіі ён дазваляў чалавеку атрымаць доступ да медычных паслугаў, звязаных з транспераходам, такіх як гарманальная тэрапія ці хірургічныя аперацыі.

Потым у Літве сабралася камісія — кансіліум. Там мне паставілі дыягназ F64.0*, які мне ўжо некалі ставілі і ў Расіі, і выдалі дазвол на гарманальную тэрапію і на змену дакументаў. 

У апошняй класіфікацыі хваробаў 11-га перагляду гэты дыягназ перанеслі з раздзела «Псіхічныя разлады» ў раздзел «Станы, звязаныя з сэксуальным здароўем». То бок зараз стан гендарнай дысфарыі больш не прыраўноўваецца да псіхічных захворванняў і называецца «гендарнай неадпаведнасцю».

Увесь працэс у Літве займае шмат часу. Напрыклад, паміж прыёмамі ў псіхіятра ў мяне былі перапынкі па месяцы — не таму, што так патрэбна, а таму, што лекарам выдзяляюць мала часу, каб займацца такімі пытаннямі. Працэс пошуку працэдуры ў Літве заняў недзе паўгода. Потым яшчэ паўгода я чакаў пастановы аб маім дыягназе. То бок сумарна я патраціў год на тое, каб разабрацца з усім і атрымаць дыягназ.

«Аднак у Літве трансгендарныя аперацыі афіцыйна не праводзяцца»

Пасля кансіліуму ў цябе з’яўляецца магчымасць толькі змяніць дакументы і дазвол праходзіць гарманальную тэрапію. У Літве ёсць толькі дзве клінікі, якія праводзяць такія аперацыі. Адна з іх знаходзіцца ў Каўнасе. Галоўным чынам усе ездзяць менавіта туды. Аднак гэта аперацыя ў прыватнай клініцы, і яна каштуе грошай. 

Шмат хто ездзіць у Тайланд дзеля такіх аперацый. Там таксама свае асаблівасці: складана знайсці добрыя клінікі, шмат ашуканства і якасць аперацыі можа быць жудаснай. Яшчэ трэба ўлічваць выдаткі на пералёт і пражыванне.

Усё ўскладняецца яшчэ і тым, што дыягназы, пастаўленыя не ў ЕЗ, у Літве несапраўдныя.

Так, чалавеку, які атрымаў дыягназ F64.0, скажам, у Расіі ці Беларусі, трэба наноў атрымліваць яго ў Літве. Гэта вельмі б’е па ментальным стане. І пакуль у цябе няма гэтага дыягназу, ты не можаш афіцыйна працягваць гарманальную тэрапію — такі рэзкі перапынак згубны для здароўя і ментальна, і фізічна. 

Аўтапартрэт. Аўтар — Алекс, герой нашага інтэрв'ю
Аўтапартрэт. Аўтар — Алекс, герой нашага інтэрв’ю

У Літве некаторыя эндакрын_алагіні выпісваюць пацыент_кам гарманальныя прэпараты неафіцыйна, каб у чалавека была магчымасць працягваць тэрапію да кансіліуму. Гэта вельмі дапамагае тым, у каго няма афіцыйнай страхоўкі, напрыклад, тым, хто чакае статусу ўцякачкі/уцекача.

Зараз у мяне з’явілася новая праблема. Пасля атрымання дыягназу гарманальныя прэпараты ўжо можа выпісваць тва_я семейн_ая лекар_ка. Але калі я прыйшоў да сваёй, яна была ў роспачы. Кажа: «Вой, а я не ведаю, якое дазаванне вам патрэбнае і як яго кантраляваць». Я ёй усё тлумачу, а яна кажа: «Але гэта ж вы расказваеце, а я не магу быць упэўненая».

То бок нават калі чалавек атрымоўвае дыягназ, у яго сямейна_й лекар_кі няма ніякай інфармацыі, што з гэтым рабіць. Лекар_кі проста знаходзяцца ў разгубленасці, нават калі яны не настроеныя негатыўна.

Пра тое, як зрабіць транспераход максімальна гуманным

«Найбольш гуманныя транспераходы ажыццяўляюць у Швецыі, Францыі, Іспаніі, Германіі»

Калі ты легалізаваны ў гэтых краінах ці з’яўляешся грамадзян_кай ЕЗ, то ўсё добра праходзіць. У гэтых краінах патрэбныя для транспераходу аперацыі і гарманальныя прэпараты часцей за ўсё ўключаныя ў страхоўку. Гэта тое, да чаго ўсе краіны павінны імкнуцца.

Для трансперсоны пераход — гэта не нейкая прыхамаць, а вымушаная мера, якую чалавеку трэба прыняць, каб пачувацца камфортна.

Германія — гэта адзіная краіна ў ЕЗ, дзе замежні_цы ў дакументах лёгка памяняць гендарны маркер, імя і прозвішча. Іх можна змяніць падчас падачы на від на жыхарства (ВНЖ). Дадзеныя тваіх пашпартных дакументаў застаюцца ў дзяржаўных службаў, у банках, а ў штодзённым жыцці ты ўжываеш тое імя і той гендарны маркер, якія табе камфортныя. Гэта суперкласная сістэма, але апроч Германіі яе больш нідзе не атрымалася ўвесці.  

З зіна «Адлюстраванне ў аскепках». Аўтар — Алекс, герой нашага інтэрв'ю
З зіна «Адлюстраванне ў аскепках». Аўтар — Алекс, герой нашага інтэрв’ю

З зіна «Адлюстраванне ў аскепках». Аўтар — Алекс, герой нашага інтэрв’ю

Каб транспераход быў максімальна гуманным, патрэбныя:

  • узаконенае права на трансгендарны пераход; 
  • зразумелая сістэма праходжання патрэбных працэдур, лекара_к, камісій; 
  • даступнасць гарманальных прэпаратаў для жадаючых пачаць транспераход;
  • дасведчанасць спецыяліста_к аб тым, што такое трансгендарнасць і як з такімі людзьмі працаваць;
  • уключэнне транспераходу ў абавязковы страхавы поліс, бо гэта неабходнасць для людзей з гендарнай дысфарыяй. Вельмі шмат трансперсон пакутуе ці, на жаль, сканчае жыццё самагубствам праз нястачу грошай і немагчымасць завяршыць пераход;
  • наладжаная сістэма транспераходу для мігранта_к;
  • наяўнасць выбару паміж жаночым, мужчынскім і небінарным гендарным маркерам. Ёсць нават людзі, якія звонку ідэнтыфікуюць сябе як цысперсоны, але адчуваюць сябе ў небінарным спектры. Ім было б камфортней выкарыстоўваць небінарны маркер. 

«Мы стварылі TraM — Transmigrants of Baltic, бо нам хацелася сабраць усю інфармацыю аб працэсе транспераходу ў адным месцы»

Мы хочам, каб людзі разумелі, куды ім ісці, і каб яны не палохаліся невядомасці.

* Маецца на ўвазе закон аб самавызначэнні, паводле якога замежні_цы, якія жывуць у Германіі, змогуць па заяве ў ЗАГСе (Standesamt) змяніць сваё імя і гендарны маркер без медычных заключэнняў і судовага разбору. Гэта тычыцца як грамадзян_ак Германіі, так і замежні_ц са сталым ці часовым дазволам на жыхарства.

У беларускіх мігранта_к часта няма магчымасці прыехаць у Беларусь, каб памяняць пашпарт. Немагчыма памяняць дакументы і ў амбасадзе. Калі ў цябе сканчаецца беларускі пашпарт, ты атрымліваеш пашпарт замежні_цы, але ён прывязаны да твайго старога пашпарта. З гэтым дакументам замежні_цы ты таксама нічога не можаш зрабіць, бо нельга, каб дадзеныя там адрозніваліся ад твайго пашпарта. 

Гэта праблема. Наша арганізацыя хацела б вынесці ў літоўскі парламент на абмеркаванне магчымасць увядзення падобнай працэдуры, як у Германіі*. Гэта важна для таго, каб трансперсоны, якія з’яўляюцца ўцякачкамі/уцекачамі, маглі сябе ў такой сітуацыі адчуваць камфортна. 

Аўтар — Алекс, герой нашага інтэрв’ю
Аўтар — Алекс, герой нашага інтэрв’ю

Пра сям’ю, падтрымку і тое, як усвядоміў сваю гендарную ідэнтычнасць

«Я адчуваў, што прыкідаюся некім іншым»

У пачатковых класах у мяне была кароткая «хлапечая» фрызура і я часта насіў камбінезоны. З-за гэтага настаўні_цы часта прымалі мяне за хлопчыка.

У нейкі момант я адчуў, што мне гэта падабаецца.

Гэта не ўспрымалася асэнсавана, а адчувалася як гульня.

Потым ужо ў падлеткавым узросце, калі цела пачало змяняцца, я адчуў, што мне ў гэтым некамфортна. Мне не падабалася, калі мяне называлі па імені. У такія моманты мяне быццам токам біла. 

Калі з’явіліся сацсеткі, я завёў старонку з выдуманым імем, без фатаграфій. Тады ж я ўпершыню пачаў казаць пра сябе ў мужчынскім родзе. Праз час я зразумеў, што мне ў гэтым суперкамфортна. Чым далей, тым больш я разумеў, што хачу быць там, а не ў рэальным свеце.

Толькі ў інтэрнэце я пачуваўся сабой, а ў жыцці мне даводзілася прыкідацца.

Паступова я пачаў насіць мужчынскае адзенне, па-іншаму стрыгчыся, казаць пра сябе ў мужчынскім родзе і ў жыцці. Калі знаёміўся, то адразу казаў, што мяне клічуць Алекс.

У 16-17 гадоў я пайшоў да псіхатэрапеўта, бо праз ціск вакол засумняваўся ў сваім рашэнні пра транспераход. З псіхіятрам мы вырашылі зладзіць эксперымент — я павінен быў пажыць тыдзень у жаночай гендарнай сацыялізацыі. Я прадстаўляўся сваім пашпартным імем, казаў пра сябе ў жаночым родзе, насіў больш феміннае адзенне.

У першыя дні гэта здавалася гульнёй у пераапрананне. Але пазней я адчуў, што як быццам прыкідаюся некім іншым. У выніку праз чатыры дні ў мяне з’явіліся суіцыдальныя думкі. У мяне пачаўся дэпрэсіўны стан, і ў выніку я вярнуўся да таго, як было. Мы абмеркавалі гэта з тэрапеўтам, і сышліся на тым, што, мяркуючы па ўсім, транспераход мне патрэбны.

«Мне здаецца, быць жанчынай крута»

Шматлікія трансперсоны думаюць, наколькі было б лягчэй, калі б яны маглі прыняць той гендар, які спалучаецца з іх полам.

Наколькі шчаслівыя тыя людзі, якія не адчуваюць гендарнай дысфарыі.

Некаторыя людзі мяркуюць, што ў трансмаскулінных персон ёсць нейкая мізагінія, як быццам бы яны не ўспрымаюць жаночага, таму хочуць ад гэтага абстрагавацца ў нешта мужчынскае. У мяне гэта дакладна не так. Мне здаецца, быць жанчынай крута.

Калі б я пачуваўся жанчынай, то хацеў бы заставацца ёй. Але я не магу — я не пачуваюся жанчынай. 

«Мама шчыра хацела зразумець, што адбываецца і як мне дапамагчы» 

Мама напачатку меркавала, што гэта проста такі перыяд і што ён пройдзе. Калі быў той эксперымент з псіхатэрапеўтам, мама ўзрадавалася. Яна проста не разумела, што са мной адбываецца, і спрабавала знайсці нейкі просты адказ.

Потым, калі ўсё стала відавочна, спярша ёй было складана гэта прыняць. Але нягледзячы на гэта, яна сказала, што падтрымлівае мяне.

Аднойчы мы разам паглядзелі фільм «Дзяўчына з Даніі». Гэтая гісторыя яе настолькі зачапіла, што пад канец фільма яна расплакалася. Пасля гэтага ў яе ў галаве нешта моцна змянілася. Яна пачала чытаць гендарныя даследаванні, набывала кніжкі, каб вывучаць гэтую тэму.

Яна шчыра хацела зразумець, што адбываецца і як мне дапамагчы. Яна моцна мяне падтрымала, калі ў Маскве я пачаў прымаць гарманальную тэрапію, і пазней, калі я праходзіў камісію ў Санкт-Пецярбургу.  

Мама нават стала размаўляць з бацькамі іншых трансперсон, каб дапамагчы ім. Яна тлумачыла ім, як падтрымліваць і прымаць сваё дзіцё. Мяне гэта вельмі ўразіла і дагэтуль уражвае. 

Цяпер мая мама — актывістка за правы трансперсон.

Яна актыўна бярэ ўдзел у імпрэзах нашай арганізацыі і хоча развівацца ў падтрымцы бацькоў персон-ЛГБТК+. Я рады, што мая сітуацыя адкрыла ў маме нешта новае і дазваляе ёй, маючы гэты досвед маці трансперсоны, дапамагаць іншым людзям.

Бацьку мне было вельмі страшна сказаць пра транспераход, хоць ён таксама бачыў усе змены. У выніку яму сказала мама. Ён таксама прыняў, падтрымаў, але сказаў, што яму будзе цяжка прывыкаць. Нейкі час ён яшчэ называў мяне мінулым імем. Але праз год перастроіўся і таксама звяртаецца да мяне ў мужчынскіх займенніках.

Мне вельмі пашчасціла з бацькамі. Я ведаю шмат гісторый, калі бацькі выганялі дзяцей з дому, адмаўляліся ад іх, нават клялі… У мяне адна з самых ідэальных гісторый з усяго майго атачэння. 

На момант рашэння пра транспераход мае сябры і ўсё маё атачэнне ўжо звярталіся да мяне ў патрэбных займенніках і па імені, якім я называю сябе.

У сваіх колах узаемадзеяння я быў цалкам сацыялізаваны так, як я сябе адчуваю. 

«Самым каштоўным было пачуць словы падтрымкі ад бацькоў, што яны мяне любяць любым, незалежна ад таго, як я сябе ідэнтыфікую — бо я іх дзіця»

Гэтыя словы датычаць не толькі гендарнай ідэнтыфікацыі. У цэлым людзям важна адчуваць поўнае прыняцце сябе і сваіх жыццёвых выбараў. Гэтая валідацыя дае багата што, бо ты адчуваеш, што маеш права быць сабой.

Мне таксама дапамагло тое, што мама праявіла шчырую зацікаўленасць у гэтай тэме. Яна пыталася пра розныя тэрміны, што значыць dead name і да таго падобнае. Гэта натхняе, бо ты бачыш, што чалавек не проста хоча цябе прыняць, але і зразумець. 

З серыі One night of freedom (пра квір-клубы). Аўтар — Алекс, герой нашага інтэрв’ю
З серыі One night of freedom (пра квір-клубы). Аўтар — Алекс, герой нашага інтэрв’ю

Пра жыццё ў Літве і навучанне ў ЕГУ

«Я збіраўся з’язджаць з Літвы амаль адразу, як прыехаў сюды і даведаўся пра сітуацыю з пераходам»

Але так склаліся акалічнасці, што юрыдычна я ўжо не мог падацца на ўцякацтва ў іншай краіне ЕЗ. Таму я застаўся ў Літве і занурыўся ў пытанні нашай арганізацыі.

Калі атрымаецца нешта змяніць адносна правоў трансперсон і працэсу транспераходу, то Літва мне цалкам падабаецца. Яна ўтульная. Нягледзячы на тое што люблю вялікія гарады, я ўжо звык да Вільнюса і пачуваюся тут досыць камфортна, каб застацца жыць на доўгі час. 

«У Вільнюсе я пачуваюся бяспечна»

Гэта выяўляецца нават у самых, на першы пагляд, невідавочных рэчах. Напрыклад, сітуацыя з прыбіральнямі. Найчасцей ты не ведаеш, у якую прыбіральню ісці, бо на пачатку пераходу чалавек можа выглядаць андрагінна.

У жаночых прыбіральнях твая прысутнасць можа напружваць. У мужчынскіх — трансперсонам цяжка знаходзіцца праз гамафобію і трансфобію.

У Расіі ў мужчынскіх прыбіральнях я неаднаразова сутыкаўся з абразамі і фізічным гвалтам. У Літве такога не было аніразу.

Тут часцей за ўсё нават не зважаюць, хто заходзіць у прыбіральню. Усе настолькі разняволеныя. Таксама цешыць, што тут ёсць або гендарна-нейтральныя прыбіральні, або пазнакі, што ў гэтую прыбіральню могуць хадзіць не толькі жанчыны і мужчыны, а таксама фемінныя і маскулінныя персоны. Цешыць, што людзі думаюць пра гэта. 

У Літве я часта бачу на вуліцах людзей з не гендарна-стэрэатыпнымі вобразамі — напрыклад, мужчын з макіяжам ці з пафарбаванымі пазногцямі.

Часта бачу ЛГБТК-пары, якія трымаюцца за рукі, цалуюцца, абдымаюцца. Людзі наагул не звяртаюць на гэта ўвагі, і гэта ўспрымаецца як норма. Вядома, у Літве ўсё яшчэ ёсць гамафобныя персанажы, але ў асноўным гэта старэйшае пакаленне. 

У Вільнюсе я пачуваюся бяспечна. Нават вечарам на вуліцы ў мяне няма трывогі, што на мяне могуць напасці праз мой знешні выгляд, як гэта здаралася са мной у Санкт-Пецярбургу і Маскве. 

Аднойчы ў Санкт-Пецярбургу ў маім раёне мужчына расчляніў трансжанчыну. У выніку яго апраўдалі, бо ён заявіў, што гэта была самаабарона.

То бок будучы трансперсонай, ты жывеш у сталым страху, што калі з табой нешта здарыцца, то за гэта нават ніхто не адкажа, бо дзяржава не на тваім баку. 

У Літве, дзякуй богу, такога няма. Тут ты адчуваеш, што закон на тваім баку і што дзяржава за цябе заступіцца. 

«У ЕГУ я сутыкаўся з дыскрымінацыяй»

Мяне гэта засмуціла, бо ЕГУ пазіцыянуе сябе як ліберальны ўніверсітэт. Калі я толькі сюды паступіў, то адразу ж напісаў заяву на імя рэктара, каб замянілі маё імя ў журналах і студэнцкай электроннай пошце. Рэктар яе ўхваліў. Праходзіць два месяцы, навучанне ўжо распачалося, а я ўсё хаджу ў адміністрацыю і пытаю, калі зменяць імя. Яны спачатку марозіліся, а потым заявілі, што не могуць гэта зрабіць з нейкіх юрыдычных прычын.

Нават калі я вучыўся ў Санкт-Пецярбургу, універсітэт пайшоў мне насустрач і пакінуў маё пашпартнае імя толькі ў фінансавых дакументах, а ў журналах мяне запісалі імем, якім я называўся, каб усе адразу да мяне звярталіся слушна. 

У ЕГУ шмат выкладчы_ц, якія не гатовыя ісці насустрач студэнт_кам, але мне пашчасціла: я тлумачыў ім сваю сітуацыю, называў сваё імя і займеннік, і большасць з іх гэта запісвалі і запаміналі.

У майго аднагрупніка з ЕГУ, які таксама з’яўляецца трансперсонай, была жудасная сітуацыя. Адзін з выкладчыкаў да яго звяртаўся, выкарыстоўваючы няслушныя займеннікі, і ніяк не рэагаваў на выпраўленні. Калі гэты аднагрупнік пайшоў у адміністрацыю, яму адказалі, што ніяк не могуць на гэта паўплываць — маўляў, гэта рэгуляванне стасункаў паміж выкладчы_цамі і студэнт_камі не ўпісана ні ў які кодэкс. Таму ЕГУ, вядома, яшчэ вельмі далёка да інклюзіўных універсітэтаў.

Пра стэрэатыпы адносна трансперсон, у тым ліку з боку феміністак і кам’юніці ЛГБТК+

«Часам у кам’юніці ЛГБТК+ літара «Т» як быццам бы адсутнічае»

Нават унутры кам’юніці ёсць людзі, якія часта не разумеюць, што такое трансгендарнасць, і падзяляюць арыентацыю і гендарную ідэнтычнасць: 

«Геяў і лесбіянак я разумею, а вось трансгендарнасць — гэта ўжо нешта ненармальнае». 

Яны звыкліся думаць у плоскасці арыентацыі. Калі ты тлумачыш гетэрачалавеку тое, што адчуваюць гомасэксуальныя людзі, то можна лёгка правесці аналогію, што гэта тыя ж пачуцці кахання ці ваблення, але да чалавека свайго полу, і гэта будзе зразумела. А калі нейкае пачуццё засноўваецца на самаадчуваннях чалавека, то гэта ўжо ім складана зразумець. 

Гендарную дысфарыю вельмі складана адчуць фізічна, таму гэта пачуццё часта прыпісваюць да гендарных стэрэатыпаў. Цыслюдзям складана патлумачыць, што значыць «адчуваць сябе жанчынай/мужчынам», бо яны пра гэта нават не задумваюцца. У дыскусіях на гэтую тэму яны не могуць зразумець, як наагул адбываецца гэтая ідэнтыфікацыя, калі не па палавых прыкметах.

Паводле гендарных даследаванняў, у краінах Еўропы людзі, якія здзейснілі пераход, ідэнтыфікуюць сябе больш як небінарныя персоны.

Трансперсоны не арыентуюцца на пэўныя фемінныя ці маскулінныя стэрэатыпы, а, хутчэй, робяць пераходы для валідацыі і адчування камфорту сябе ў сваёй цялеснасці, а таксама па дакументах і імені. 

Складанасці ўзнікаюць і з радыкальнымі фемактывісткамі, бо яны лічаць, што трансмаскулінны пераход — гэта праз унутраную мізагінію, а трансфемінны пераход — гэта праз тое, што чалавек хоча перайсці з агрэсара ў ахвяру.

Ёсць рыторыка, што трансжанчыны не маюць права хадзіць у жаночыя прыбіральні, хоць насамрэч трансжанчынам у мужчынскіх прыбіральнях пагражае нашмат больш гвалту.   

«На камісіях людзям даводзілася перабольшваць свае фемінныя ці маскулінныя рысы праз страх, што ім не павераць, што яны сапраўды хочуць зрабіць транспераход»

Я думаю, што ў краінах СНД стэрэатып пра жаданне трансперсон адпавядаць традыцыйным мужчынскім і жаночым вобразам умацаваўся яшчэ і праз тое, што на многіх камісіях людзям даводзілася перабольшваць свае фемінныя ці маскулінныя рысы праз страх, што ім не павераць, што яны сапраўды хочуць зрабіць транспераход.

У Беларусі пры падрыхтоўцы да камісіі трансгендарнаму мужчыну казалі, што трэба быць з мужчынскай фрызурай, у кепцы, мехаватым і больш маскулінным адзенні. Людзі прадумвалі гэты вобраз, каб ім дазволілі ажыццявіць транспераход.

У грамадстве, дзе да трансперсонаў ставяцца спакойна, перабольшваць гэтыя рысы не даводзіцца.

У такім асяроддзі мы пачуваемся вальней, не арыентуючыся на гендарныя ролі і стэрэатыпы. Напрыклад, я і шматлікія мае знаёмыя трансмужчыны любім нафарбаваць пазногці, можам надзець спадніцу ці нанесці на твар бліскаўкі. 

«З новай МКХ-11* дакладна будуць змены» 

* У новай міжнароднай класіфікацыі хваробаў трансгендарнасць перанесеная з раздзела «Псіхічныя разлады» ў раздзел «Станы, звязаныя з сэксуальным здароўем». 
* Гендарна-афірмацыйная тэрапія — гэта феномен, пры якім трансперсоны прыбягаюць да прыёму гарманальных прэпаратаў без прызначэння лекар_кі.

Самае першае і відавочнае — гэта зніжэнне стыгмы ў грамадстве наконт трансгендарнасці. Людзі павінны зразумець, што

трансгендарнасць — гэта не нейкая хвароба ці вычварэнства, а стан, што выклікае некаторыя сімптомы, якія можна зняць гендарна-афірмацыйнай тэрапіяй*. 

Я думаю, што змена МКХ дапаможа яшчэ і людзям, у якіх ёсць пэўныя псіхіятрычныя дыягназы. Раней шмат хто з ахвотных здзейсніць транспераход хавалі свае ментальныя праблемы праз страх, што ім у гэтым адмовяць.

Цяпер лекар_кі часцей за ўсё дасведчаныя ў пытанні трансгендарнасці. Калі чалавек назіраецца ў псіхіятар_кі, прымае медыкаментозную тэрапію, то гэта ніяк не звязваецца з гендарнай дысфарыяй. 

Раней шмат якія лекар_кі думалі, што трансгендарнасць — гэта нешта псіхіятрычнае і магло быць выклікана нейкімі дэпрэсіўнымі станамі. Хоць часцей за ўсё наадварот: менавіта гендарная дысфарыя выклікае моцную дэпрэсію і суіцыдальныя думкі. 

Пра творчасць

«Для мяне творчасць заўсёды была спосабам рэфлексіі, вываду эмоцый»

Я працягваю здымаць фотапраекты, якія закранаюць хвалюючыя і балючыя для мяне тэмы. У мяне быў праект пра маё змаганне з дэпрэсіяй і прыняцце сябе пасля пастаноўкі псіхіятрычнага дыягназу. Таксама я рабіў праект пра смерць блізкіх людзей і таксічную праяву кахання ў нашай сям’і, даследуючы тэндэнцыю, што перацякае з аднаго пакалення ў іншае. Яшчэ ў мяне быў праект пра рэфлексію вайны як феномена ў цэлым, бо страшэнна цяжка было ўсё гэта перажываць. У нейкі момант мяне выбіла эмацыйна настолькі, што толькі і рабіў, што хадзіў і здымаў гэты праект. Зараз я пачаў рабіць праект пра свой трансгендарны пераход, пра досвед змагання з дысфарыяй.

Гэтыя праекты заўсёды пра ўразлівыя для мяне тэмы.

З аднаго боку, заўсёды страшна такім дзяліцца, але з іншага боку, я хачу атрымаць водгук ад гледача, які на гэта глядзіць.

Мне суперважна ведаць, што нехта адчувае блізкасць з гэтымі тэмамі, бо гэта дапамагае ўсвядоміць, што я не адзін.

«Гэта мой спосаб адысці ад побытавых праблем і думак»

А яшчэ я граю на ліры. CocoRosie — мая любая група з падлеткавага ўзросту. У гэтым дуэце граюць дзве сястры. Адна з іх грае на арфе. Калісьці мне гэта страшэнна спадабалася. Калі я пераехаў у Санкт-Пецярбург вучыцца ў фотаакадэміі, то магчымасці займацца на арфе не было, я стаў шукаць альтэрнатыву — і знайшоў ліру. Падумаў, што гэта тое ж самае, што і арфа, толькі маленькае. З той пары час ад часу я сядаю і нешта развучваю. Проста перабіраю струны. Гэта мой спосаб адысці ад побытавых праблем і думак. Што арфа, што ліра для мяне гэта нейкія магічныя інструменты: як бы ты ні перабіраў струны, гучанне заўсёды будзе прыемным і меладычным. 


Аўтарка — Ева Л.

Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Подпись для статей RAZAM

Наколькі карысная гэта публікацыя?

Ацані:

Сярэдні рэйтынг 5 / 5. Колькасць галасоў: 6

Пакуль няма адзнак. Будзьце першымі!

Падзяліцца | Поделиться:
Падтрымаць
ВаланцёрстваПадпісацца на рассылкуПадтрымаць
Subscribe
Notify of
0 Comments
Oldest
Newest Most Voted
Inline Feedbacks
View all comments
0
Would love your thoughts, please comment.x
()
x